Гістарычны каляндар
5 жніўня 1772 г.

Першы падзел Рэчы Паспалітай 1772 г.

Першы падзел Рэчы Паспалітай 1772 г. Стаў вынікам перапляцення барацьбы за гегемонію ў Еўропе манархаў Аўстрыі, Прусіі і Расіі з барацьбой за ўладу арыстакратычных груповак Рэчы Паспалітай. Групоўка Чартарыйскіх з дапамогай Расіі ў 1764 г. узвяла на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і паспрабавала правесці памяркоўныя рэформы, накіраваныя на ўмацаванне суверэнітэту краіны і ўлады караля.

Каб надзейна кантраляваць падзеі ў Рэчы Паспалітай, Расія дамаглася ўхвалення соймам 1768 г. свайго выключнага права апекі над непарушнасцю дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай пры ўмове захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, нязменнасці кампетэнцыі караля і ўраўнавання дысідэнтаў у правах з католікамі. Праціўнікі караля і расейскай апекі стварылі Барскую канфедэрацыю, якую падтрымалі Турцыя і Францыя.

У акопах Першай сусветнай.
Вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі (1730 - 1800 гг.) перайшоў на бок патрыятычнай Барскай канфедэрацыі.
Беларусы на вайне.
Удзельнік Барскай канфедэрацыі Тадэвуш Рэйтан. Узначалівай змаганне супраць Першага падзелу Рэчы Паспалітай

Каб спыніць прасоўванне Расіі ў ходзе вайны з Турцыяй 1768-1774 г. і ўзбуйніць уласныя тэрыторыі за кошт знясіленай Рэчы Паспалітай, Аўстрыя і Прусія вырашылі шляхам шантажу аказаць ціск на Расію, адказную за тэрытарыяльную цэласнасць Рэчы Паспалітай. У лютым 1769 г. Аўстрыя захапіла стараствы Спіш і Бяскіды, у ліпені 1770 г. - Чарстын, Новы Торг, Сонч і саляныя капальні Вялічка пад Кракавам. З разлікам на дапамогу нейтральных дзяржаў Барская канфедэрацыя 9 красавіка і 9 жніўня 1770 г. абвясціла бескаралеўе. Гэта аблегчыла Прусіі абвясціць прэтэнзіі на Заходнюю (Каралеўскую) Прусію з Торунню і Гданьскам, Памор'е, Вармію, графствы Ансбах, Байройт, біскупства Эрмланд. 7 верасня 1770 г. Прусія і Аўстрыя запатрабавалі ад Расіі вывесці войскі з заваяваных ёю дунайскіх княстваў Малдова і Валахія і ўзяць узамен усходнія абшары ВКЛ. Да канца 1770 г. бакі устанавілі на межах тэрыторый, на якія прэтэндавалі, пагранічныя кардоны пад відам перасцярогі ад маравой язвы і канфедэратаў і пачалі тайныя перагаворы аб раўнавазе набыткаў. У маі 1771 г. Расія заняла спецыяльным корпусам паўночна-ўсходнюю частку ВКЛ на выпадак вайны з Аўстрыяй і вырашыла спачатку дамовіцца з Прусіяй.

Падзелы Рэчы Паспалітай
Тагачасная карыкатура на падзелы Рэчы Паспалітай. Расейская імператрыца Кацярына II правай рукой паказвае на полацк і цягне да сябе беларускія землі.

Замах канфедэратаў на караля 3 лістапада 1771 г. дыскрэдытаваў іх у вачах еўрапейскіх кабінетаў і паскорыў заключэнне падзельнага пагаднення. 6 лютага 1772 г. Расія і Прусія падпісалі дагавор аб падзеле Рэчы Паспалітай з узаемным абавязацельствам адначасова акупіраваць намечаныя абшары ў маі-чэрвені пад выглядам замірэння Польшчы і задавальнення сваіх даўніх правоў і прэтэнзій да яе. Аўстрыя патрабавала саступіць графствы Глац, Клодзь, Люблінскае і Холмскае ваяводствы з Кракавам і Львовам, для чаго заключыла 6 ліпеня 1772 г. дагавор з Турцыяй. Каб пазбегнуць узаемнай вайны і захаваць раўнавагу сіл, Аўстрыя, Прусія і Расія падпісалі траістую канвенцыю аб падзеле Рэчы Паспалітай, дзе дамовіліся захаваць рэшткі краіны ў якасці буфера паміж сабой. Скліканаму для прымірэння сойму 1773 г. яны абяцалі дазволіць самастойна ўладкаваць унутраныя парадкі ацалелай Рэчы Паспалітай. З надзеяй на гэта соймавая дэлегацыя 18 верасня 1773 г. падпісала падзельныя трактаты, якія сойм ратыфікаваў 30 верасня 1773 г. пад пагрозай пашырэння захопаў.

Карта ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Карта ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Блізу 1780 г.

Аўстрыя атрымала Заходнюю Украіну са Львовам, паўднёвую частку Кракаўскага ваяводства (без Кракава) і Сандамірскае ваяводства, усяго 83 тыс. км2 з насельніцтвам 2650 тысяч чалавек. Прусія захапіла Вармію, Памор'е, Куявы, Хэлмскае ваяводства (без Торуні), Заходняе Памор'е (без Гданьска), усяго 36 тыс. км2 з насельніцтвам 530 тысяч чалавек. Расія заняла паўночна-ўсходнія абшары ВКЛ да Дзвіны, Друці і Дняпра, усяго 92 тыс. км2 з насельніцтвам 1300 тысяч чалавек; гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губерні.

Літаратура:

  • Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
  • Sоrei A. Sprawa wschodnia w XVIII wieku. Lwów, 1903;
  • Cegelski Т., Kądzieła Ł. Rozbiory Polski, 1772-1793-1795. Warszawa, 1990;
  • Стегний П.В. Разделы Польши и дипломатия Екатерины II. 1772, 1793, 1795. М., 2002; Носов Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой, 1756-1768 гг. М., 2004.

Яўген Анішчанка.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!