Гістарычны каляндар
29 верасня 1529 г.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., Першы Статут Вялікага княства Літоўскага, звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у Вялікім княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст. Падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясцовага звычаёвага права, пастаноў судовых і дзяржаўных устаноў, Судзебніка 1468 г., прывілеяў. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў складанні і рэдагаванні Статута прымаў удзел Ф.Скарына). Пры распрацоўцы Статута 1529 г. упершыню вырашаны шэраг складаных тэарэтычных і практычных задач: выпрацавана сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыповыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галін права. Складальнікі Статута не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацоўвалі сваю. У яе аснове закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спецыяльныя нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам. Гэтыя нормы былі не выключэннем, а састаўной часткай у сістэме Статута 1529 г., хоць і супярэчылі яго асноўным прынцыпам.

Статут ВКЛ 1529 г.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г. Спіс Замойскіх на беларускай мове.

Статут быў уведзены ў дзеянне Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Пазней у яго ўнесены дапаўненні, у выніку колькасць артыкулаў павялічылася да 283. У 1-3-м раздзелах змешчаны ў асноўным нормы дзяржаўнага права і прынцыповыя палажэнні іншых галін права, у 4-м і 5-м - шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м - судова-працэсуальнае, у 7-м - крымінальнае, у 8-м - зямельнае, у 9-м - лясное і паляўнічае, у 10-м - цывільнае, у 11-13-м - крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае права. У статуце 1529 г. юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, "як убогія, так і багатыя", павінны былі судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вялікі князь абавязаўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясцовых феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Асаблівая ўвага ў Статуце аддавалася судова-працэсуальнаму праву. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката.

Статут ВКЛ 1529 г.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г. Альшэўскі спіс на польскай мове 1550 г. і Лаўрэнцьеўскі спіс на лацінскай мове 1531 г.

Адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот для феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей і захоўвала паўнату правоў толькі для феадалаў. Аднак у перыяд феадалізму нават такое абвяшчэнне ідэі правапарадку было значным крокам наперад. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымінальнага і цывільнага права, выкладзеныя ў Статуце 1529 г. і наступных Статутах. Так, у Статуце 1529 г. (раздзел 1, артыкул 7) абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымінальнае пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. У артыкуле 27 раздзела 7 прадугледжаны тэрмін крымінальнага праследавання: за найбольш цяжкае злачынства - 10 гадоў, менш цяжкае - 3 гады. У артыкуле 7 раздзела 11 зроблена спроба абмежаваць халопства. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен быў аддавацца ў вечную няволю.

У Статуце даволі поўна выкладзены нормы, якія забяспечвалі права ўласнасці феадалаў. Шмат увагі аддавалася шлюбна-сямейнаму праву. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вялікага князя не выдаваць замуж прымусова, а толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў. Статут напісаны на беларускай мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларускага народа, дае магчымасць вывучаць лексіку і стыль, дзяржаўна-прававую тэрміналогію таго часу. Нормы дзяржаўнага права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці складалі своеасаблівую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, замацоўваліся асноўныя правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты. Статут 1529 г. адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Як і Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г., паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Вядомы пераклады Статута 1529 г. на лацінскую (1530) і польскую (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на старабеларускай мове: Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Спуцкі; 2 спісы на лацінскай мове: Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; 1 спіс на польскай мове - Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944). Упершыню Статут 1529 г. надрукаваны ў 1841 у Познані ў "Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529" (лацінскім шрыфтам), у 1854 - кірыліцай у Маскве.

Публікацыі:

  • Старый Литовский Статут 1529 г. // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 18;
  • Статут Великого княжества Литовского 1529 г. Мн., 1960;
  • Лазутка С., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут. [Т.] 1, ч. 1-2, [т.] 2, ч. 1. Вильнюс, 1983-91;
  • Лазутка С., Валиконите И., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут (1529 г.). Вильнюс, 2004.

Літаратура:

  • Барысёнак С. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529 г. // Полымя. 1927. №6-7;
  • Пичета В.И. Литовский Статут 1529 г. и его источники // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV- XVI вв. М., 1961;
  • Крапивин П.Ф., Чeрнецкая Ю.И. О рукописях и изданиях первого Литовского Статута // Славянский архив. М., 1959;
  • Первый Литовский Статут 1529 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1982;
  • Юхо I. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
  • Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Бел. гіст. агляд. 1996. Сш. 1;
  • Лазутка С. Літоўскія статуты (1529,1566,1588), іх стваральнікі і эпоха // Край-kraj. 2001. №1-2.

Язэп Юхо.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!