Гістарычны каляндар
6 кастрычніка 1788 г.

Пачаўся Чатырохгадовы сойм

Чатырохгадовы сойм 1788-1792. Вялікі сойм, заканадаўчы орган Рэчы Паспалітай, што зрабіў спробу рэфармаваць грамадска-палітычны лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння саюзнага дагавора 1764 г. з Расіяй і з надзеяй прагрэсіўных колаў на карэнную змену існуючага ладу без расійскай апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6 кастрычніка 1788 г. у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі - рэферэндар каронны Станіслаў Малахоўскі і генерал артылерыі ВКЛ К.Н.Сапега. Абвясціў сябе канфедэрацыяй, каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29 сакавіка 1790 г. заключыў з ёю абарончы саюз, які гарантаваў тэрытарыяльную цэласнасць і ўзаемадапамогу бакоў. Гэта спарадзіла спадзяванні ў Рэчы Паспалітай на ўласныя сілы ў абставінах занятасці Расіі войнамі з Турцыяй і Швецыяй. Сойм без абмеркавання магчымасцей краіны 20 кастрычніка 1788 г. пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чалавек і падпарадкаваў яго навастворанай Вайсковай камісіі абодвух народаў. 19 студзеня 1789 г. ліквідаваў Пастаянную Раду як сімвал расійскага пратэктарату, 23 снежня 1789 г. стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. На ўтрыманне войска 1 ліпеня 1789 г. увёў добраахвотныя ахвяраванні: 10% з даходаў шляхты, 20% - духавенства, 50% - трымальнікаў старастваў. Утойванні даходаў прымусілі скараціць войска да 87 тыс. чалавек, увесці 6-гадовую службу рэкрутаў з правам замены яе на грошы (4.12.1789), правесці абавязковую люстрацыю землеўладання (6.4.1789). Суцэльная рэвізія (генеральнае межаванне) землеўладання ВКЛ планавалася на 1792-1797 гг.

Станіслаў Малахоўскі
Маршалак сойма Станіслаў Малахоўскі.

7 верасня 1789 г. сойм стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.Красінскага. 17 снежня 1789 г. камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэрыторыі дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вето, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы (інструкцыі). 24 лістапада 1789 г. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада патрабавалі грамадзянскага раўнапраўя мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм забраў усю паўнату ўлады, дзеля чаго стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14 чэрвеня 1790 г. пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў. Разам з шырокімі сацыяльнымі пераўтварэннямі канстытуцыйная камісія прапанавала ўвесці спадчыннасць каралеўскага трона, што выклікала барацьбу партый адносна шляху прыняцця такога рашэння (соймам або агульнашляхецкім рэферэндумам). Для галасавання на 16 лістапада 1790 г. былі прызначаны пазачарговыя соймікі з адначасовым выбарам на іх дадатковых паслоў на сойм. Соймікі выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу, таму прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю "тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам". Для гэтага быў утвораны Клуб сяброў канстытуцыі.

16 снежня 1790 г. сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, якія пад прысягай абавязаліся не браць хабару і не дзейнічаць на карысць замежных дзяржаў. 24 сакавіка 1791 г. прынята "Устава аб сойміках", дзе акрэслены іх тэрміны, месца, працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку з карыстання чужой маёмасці. Да ўдзелу ў сойміках не дапускаліся зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры, татары, асобы да 18 гадоў, тыя, хто не адбыў 2-гадовай ваеннай або цывільнай службы, асобы без шляхецкіх прэрагатываў. Цэнзавая шляхта (з правам удзелу ў выбарах) запісвалася ў зямянскія кнігі. ВКЛ падзелена на 34 паветы, створаны Завілейскі, Запінскі, Мерацкі, Пільтэнскі, Случарэцкі, Эйшышкскі паветы. 18 красавіка 1791 г. прыняты законы аб гарадах пад дзяржаўнай юрысдыкцыяй (у іх лік уваходзілі Берасце, Вільня, Гародня, Менск, Новагародак, Пінск). Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзяржаўнай, ваеннай і царкоўнай службе. У іншых гарадах прадугледжвалася на працягу 2 гадоў урэгуляваць спрэчкі з землеўласнікамі, што справакавала жыхароў мястэчак на барацьбу за вызваленне з-пад прыватнай залежнасці. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791 г., якой абавязаў прысягнуць войска і ўсіх мясцовых ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком.

Медаль, чатырохгадовы сойм
Медаль, выбіты ў гонар пастановы сойма пра павелічэнне войска. Медальер Д.Лоас. 1789.

У чэрвені 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29 чэрвеня 1791 г. дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ - мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтральных органах улады (Адукацыйнай каміссі, наваствораных Вайсковай камісіі абодвух народаў, Скарбовай камісіі абодвух народаў, Камісіі паліцыі абодвух народаў) і захавання федэратыўнага дуалізму Рэчы Паспалітай (закон "Узаемнае заручэнне абодвух народаў" ад 20.10.1791). Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян сойм 19 снежня 1791 г. пастанавіў распрадаць дзяржаўныя стараствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сялянскіх павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу дзяржаўных сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2 жніўня 1791 г. загадаў падаўляць хваляванні ўзброенай сілай.

11 ліпеня 1789 г. сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкую цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзяржаўнае ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15 сакавіка 1790 г. абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, знявоіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) Віктара Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы праваслаўную іерархію са сваім Сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791 г.

3 студзеня 1792 г. сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясцовымі соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24 лютага 1792 г. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што скарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепалітычнай ізаляцыі і інтэрвенцыі Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чалавек уласнага войска. 29 мая 1792 г. ён прыпыніў сваю дзейнасць да перамогі, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Літаратура:

  • Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1896;
  • Materiały do dziejów Sejmu Czteroletniego. T. I-6. Wrocław, 1955-69:
  • Ratajczyk L. Wojsko i obronność Rzeczypospolitej, 1788-1792. Warszawa, 1975;
  • Kalinka W. Sejm czteroletni. T. 1-2.4 wyd. Warszawa, 1991;
  • Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów. Warszawa. 1991;
  • Zielińska Z. "O sukcesyi tronu w Polszczę", 1787-1790. Warszawa, 1991.

Яўген Анішчанка

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!