Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Якуб Ясінскі
Якуб Ясінскі - ваенны і палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 г., інжынер, паэт. Паходзіў са шляхты. Скончыў Корпус кадэтаў (Рыцарскую школу) у Варшаве, з 1783 г. стаў у ім афіцэрам. У пачатку 1789 г. сфарміраваў корпус інжынераў войска ВКЛ (інжынерная служба арміі, 42 афіцэры і жаўнеры, у т.л. 20 мінёраў), прызначаны яго камандзірам у рангу падпалкоўніка; з 13 студзеня 1792 г. палкоўнік.
Удзельнічаў у ваенных дзеяннях войска ВКЛ у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 г. Летам 1793 г. увайшоў у канспіратыўныя групы ў Літве і Беларусі, якія рыхтавалі паўстанне. Належаў да радыкальнай групоўкі "віленскіх якабінцаў", узначаліў падрыхтоўку паўстання ў Вільні. "Віленскія якабінцы" на чале з Ясінскім заклікалі выкарыстаць вопыт французскай рэвалюцыі, выступалі за адмену прыгону і аднаўленне федэратыўнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

16 красавіка 1794 г. Якуб Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў ВКЛ. 24 красавіка 1794 г. Вільня была вызвалена ад расійскіх войск, Ясінскі ўвайшоў у створаную Найвышэйшую літоўскую раду. 3 мая 1794 г. ён быў прызначаны ёю камандуючым узброенымі сіламі ВКЛ, кіраваў арганізацыяй новай арміі, набіраючы шляхту, мяшчан і сялян у войска. Пісаў вершаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове. 11 мая 1794 атрымаў ранг генерал-лейтэнанта. У маі 1794 прадухіліў пагрозу заняцця Вільні расійскімі войскамі, якія 7 мая 1794 г. пацярпелі паражэнне ад яго дывізіі каля вёскі Паляны ў Ашмянскім павеце. Большую частку яго дывізіі складалі сяляне. У 2-й палове мая дывізія Якуба Ясінскага ўдзельнічала ў бітве пад Ліпнішкамі (каля Іўя). Ясінскі арганізоўваў партызанскія экспедыцыі на тэрыторыю Мінскай губерні.
4 чэрвеня 1794 г. Тадэвуш Касцюшка пад націскам кансерватыўных сіл адхіліў Ясінскага ад кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі як радыкала. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літоўская рада 10 чэрвеня 1794 г. была распушчана і заменена Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага з больш памяркоўных элементаў. Ясінскі працягваў камандаваць дывізіяй, якая пасля бітвы пад мястэчкам Солы (26.6.1794) арганізавана адступіла. Ясінскі выехаў у Варшаву, 15 чэрвеня 1794 г. ён быў прызначаны камандуючым войскам на мяжы з Жамойцю і над ракой Нараў на Беласточчыне. 29 верасня 1794 г. быў узнагароджаны Касцюшкам у Гародні пярсцёнкам "Айчына свайму абаронцу" і прызначаны камандзірам дывізіі ў войску ВКЛ. З 20 кастрычніка 1794 г. у Варшаве. Загінуў пры абароне Прагі (прадмесце Варшавы).
Якуб Ясінскі меў выдатныя паэтычныя здольнасці. Яго творчасць напачатку развівалася пад уплывам сентыменталізму. У сярэдзіне 1780-х г. ён звярнуўся да сацыяльнай тэматыкі і яго творы набылі палітычны характар. Ён быў аўтарам іроікамічнай паэмы "Спрэчкі" (1788-1792), паэмы "Цянця" (абедзве часткова апублікаваны ў газеце "Tygodnik Wileński" ў 1819 г.). Верш Ясінскага "Аб сталасці: Да польскіх выгнаннікаў" быў выдадзены асобна ў Гародні ў 1793 г.. Творы Ясінскага выдадзены ў Кракаве (1869). А.Міцкевіч прысвяціў яму драму "Якуб Яанскі".
Літаратура:
- Bartoszewicz К. Dzieje insurekcji kościuszkowskiej. Wiedeń, 1909;
- Mościcki H. Generał Jasiński i powstanie kościuszkowskie. Warszawa etc., 1917;
- Keler J. Poezja Jakuba Jasińskiego. Wrocław, 1952;
- Leśn od orski B. Polscy jakobini. Warszawa, 1960;
- Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часопіс. 1994. № 1;
- Юхо Я., Емяльянчык У."Нарадзіўся я ліцьвінам...": Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1994.
- Я. Анішчанка. Другі падзел Рэчы Паспалітай 1793 г. | Гістарычны каляндар
- Я. Анішчанка. Трэці падзел Рэчы Паспалітай 1795 г. | Гістарычны каляндар
- У. Емельянчык. Паўстанне 1794 г. у Беларусі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай | Гісторыя Беларусі. Рэч Паспалітая