Гістарычны каляндар
1 сакавіка 1581 г.

Утвораны Галоўны трыбунал ВКЛ

Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, Галоўны Літоўскі Трыбунал, Галоўны суд, вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ. Створаны паводле закона 1 сакавіка 1581 г. па загаду караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя. "Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага", пачаў дзейнічаць з 1582 г. Складаўся з суддзяў, якія штогод выбіраліся шляхтай на дэпутацкіх сойміках (па 2 суддзі-дэпутаты ад павета або ваяводства, калі яно не падзялялася на паветы). Выбранымі маглі быць толькі ўраджэнцы ВКЛ, шляхціцы, якія мелі ўласныя маёнткі, дасведчаныя ў праве і мясцовых звычаях. Суддзі выбіралі маршалка (старшыню) Трыбунала. Абавязкі пісараў выконвалі пісары земскага суда таго горада, дзе адбываўся Трыбунал.

Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага
Статут Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Тытульны ліст. Вільня, 1586 г.

Сесіі Трыбунала - кадэнцыі - напачатку праводзіліся ў Вільні і Троках (для тэрыторыі Віленскага, Троцкага ваяводства, Жамойці), Новагародку і Менску (для астатняй тэрыторыі ВКЛ), з 1588 г. - штогод у Вільні і папераменна праз год у Новагародку і Менску, з 1755 г. - штогод у Вільні і Гродне. Кадэнцыя магла працягвацца, як правіла, не больш за 12 тыдняў, пасля чаго суддзі пераязджалі ў чарговы горад. Справы ў Трыбунале разглядаліся калегіяй з 2-7 суддзяў. Калі справа была больш важнай, Трыбунал засядаў у поўным складзе, за выключэннем суддзяў з тых паветаў, з якіх былі ісцец і адказчык. Для разгляду спраў аб царкоўнай маёмасці ўтваралася калегія з 3 трыбунальскіх суддзяў і 3 духоўных асоб, якіх вызначаў епіскап, а калі яны не прыходзілі да згоды, то справу вырашаў каралеўскі суд. Трыбуналу былі падсудны апеляцыйныя скаргі на выракі і дэкрэты (пастановы) земскіх судоў, замкавых судоў (гродскіх), падкаморскіх судоў, а таксама панскіх судоў у адносінах да служылых у паноў шляхціцаў, прыгавораных да пакарання смерцю, цяжкага турэмнага зняволення або вялікага грашовага пакарання. Па 1-й інстанцыі Трыбуналу былі падсудны "вси справы прошлые, которых мы господар и продки наши не отсудили есмо, и вси справы пришлые, которые кольвек на суд наш господарский припадати бы мели" (г. зн. былога гаспадарскага суда), за выключэннем спраў "столу и скарбу нашому господарскому належачые и добр наших, которые судови нашому господарскому зоставуем подле Статуту".

Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага
Дыярыуш Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. 1782 г.

Асобную катэгорыю спраў у Трыбунале складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых службовых асоб і суддзяў. Трыбунал меў права судзіць асоб, якія зневажалі трыбунальскіх суддзяў. Справы ў Трыбунале разглядаліся адкрыта з удзелам бакоў, іх адвакатаў (пракуратараў), кожнаму ўдзельніку працэсу дазвалялася мець пры сабе не больш як 2 сваіх прыяцеляў. Забаранялася прыходзіць у суд са зброяй, акрамя шаблі, мяча і шпагі. Судовыя пастановы (дэкрэты) прымаліся большасцю галасоў суддзяў, якія разглядалі справу, у дарадчым пакоі. Рашэнні Трыбунала выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў Трыбунал выконваў натарыяльныя абавязкі: завяраў завяшчанні, сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.

Літаратура:

  • Акты, издаваемые Виленской археографичской комиссией. Т. 11,12,15. Вильна, 1880-88;
  • Временник императорского Московского общества истории и древностей российских. Кн. 25. М., 1857;
  • Леонтович Ф. Центральные судебные учреждения в Великом княжестве Литовском до и после унии // Журн. Мин-ва юстиции. 1910. №2;
  • Брэгер Г. Матэрыялы Мінскай кадэнцыі Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў вільнюскім архіве: (супастаўленне двух вопісаў) // Выяўленне, сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцей, якія захоўваюцца ў замежных краінах. Мн., 1999. (Вяртанне; Вып. 6);
  • Raudeliuas V., Wisner H. Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego // Kwartalnik Historyczny. 1986. № 2.

Язэп Юхо.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!