Гістарычны каляндар
7 чэрвеня 1563 г.

Выдадзены Віленскі прывілей 1563 г.

Віленскі прывілей 1563 г., заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў палітычных правах праваслаўныя феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на беларускай мове Жыгімонтам II Аўгустам . на Віленскім сойме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г. У прывілеі сцвярджалася, што "...иж от того часу не только тые панове, шляхта и бояре, або потомкове их, всих земль наших того всего паньства нашого, дарованья привильев и наданья всих вольностей и прав земских уживати и с них ся веселити мають, которые суть поддани костелу римскому и которых те жъ предкове клейноты и гербы в Коруне Польской приймовали, але те жъ и вси иные стану рыцерского и шляхетского, яко литовского, так и руского народу, одно бы были веры хрестиянское, и те жъ которых предкове клейнотов альбо гербов с Коруны Польское не брали, одинако и заровно того всего вечными часы уживати и с тых вольностей веселитися мають, яко перед тым, здавна и до того часу, тых всих вольностей стан рыцерский шляхетский обоего народу, так литовского, яко и руского, уживали и с того ся веселили".

Далей у прывілеі запісана, што праваслаўныя шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзяржаўныя пасады. Прывілей засведчыў, што дыскрымінацыйныя адносна праваслаўнай шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 г. фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 г. і прывілея 1447 г.). Таму Віленскі прывілей 1563 г. меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае і быў выдадзены з мэтай палітычнай кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Інфлянцкай вайне у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569 г.

Літаратура:

  • Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. [М.], 1915;
  • Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1959. Т. 1. С. 141-143;
  • Юхо I. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991. С. 192.

Язэп Юхо.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!