Гістарычны каляндар
30 снежня 1565 г.

Выдадзены Віленскі прывілей 1565 г.

Віленскі прывілей 1565 г., нарматыўны прававы акт, які стварыў інстытут перадсоймавых соймікаў. Выдадзены вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам на Віленскім сойме 1565- 1566 гг. па просьбе шляхты. Соймікі павінны былі збірацца ў ваяводствах і паветах перад вальным соймам, мелі права абмяркоўваць справы соймаў, выбіраць павятовых паслоў і даваць ім інструкцыі. Разам з артыкулам 5,6 і 12 раздзела 3 Статута ВКЛ 1566 г. прывілей аформіў дэ-юрэ інстытут вальнага сойма з вызначанай сістэмай прадстаўніцтва. У тэксце прывілея яшчэ не сустракаецца тэрмін "соймік", замест яго ўжываюцца словазлучэнні "соймы малые", "соймы поветовые", "съезды поветовые", хоць у просьбе шляхты ўжыты менавіта тэрмін "соймік". Прывілей не вызначаў пэўную арганізацыю сойміка і абмежаваўся сцвярджэннем, што соймікі маюць адбывацца "тым же прикладом и порядком, яко на таких соймех поветовых справа, поступок и обычай заховывается в панстве нашом Коруне Польской". Вызначалася, аднак, што соймікі павінны збірацца "в тых же поветех на местцах головнейших".

У Статуце ВКЛ 1566 г. адзначалася, што элекцыйныя з'езды павінны адбывацца ў замку ці гаспадарскім двары, "которий на посродку того повету будеть" (з чаго вынікае, што гэты замак ці двор не абавязкова павінен быць адміністрацыйным цэнтрам павета ці ваяводства). Прывілей даў права ўдзелу ў сойміках "всим обывателем... всим паном радам нашим, князем, паном врядником земским и дворным, и всим станом народу шляхетского и стану рыцерского, где хто в котором повете оселость мает", аднак дакладна не вызначыў поўны склад удзельнікаў сойміка. Як адзначаецца ў навуковай літаратуры, удзельнічаць у працы сойміка мелі права асобы хрысціянскага веравызнання,якія карысталіся суверэннымі правамі на сваіх землях пад сюзерэнітэтам вялікага князя.

Публікацыі:

  • Акты, относящиеся к истории Западной России. СПб., 1848. Т. 3. С. 138-139. /7/т.: Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1903. № 4;
  • Лаппо И.И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;
  • Zakrzewski А.В. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000;
  • Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002.

Андрэй Радаман

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!