Гістарычны каляндар
6 жніўня 1492 г.

Выдадзены Аляксандраў прывілей 1492 г.

Агульназемскі прывілей 1492 г., Аляксандраў прывiлей, агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вялікім князем Аляксандрам у Вільні пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феадальнай канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзяржаўнага і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў - паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. У першых 12 артыкулах пацвярджаліся з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вялікімі князямі. У артыкуле 13 (як і ў прывілеі 1447 г.) замацаваны асноўны прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы: захаванне незалежнасці, добрасуседскія адносіны з іншымі дзяржавамі, захаванне папярэдніх саюзаў і пагадненняў.

Важнай уступкай буйным феадалам было юрыдычнае афармленне вялікіх паўнамоцтваў Рады Вялінага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вялікага князя. Прывілей устанавіў, што вялікі князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вялікім князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вялікага князя, але ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзяржаўнага значэння. Прывілей вызначыў асновы адміністрацыйнага, цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. У артыкулах 16-20 прывілея акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзяржаўных пасад, ніхто не мог быць пазбаўлены пасады без віны, даказанай у працэсе публічнага разгляду.

Прывілей пацвердзіў абавязковы характар мясцовых прававых звычаяў. Дзяржаўныя пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У прывілеі абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб'ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лацінскай мове.

Публікацыі:

  • Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. [М.], 1915. С. 328-334;
  • Гісторыя Беларусі ў дакументах i матэрыялах. Мн., 1936. Т. 1. С. 220-225.

Літаратура:

  • Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Анатоль Грьіцкевіч.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!