Гістарычны каляндар
23 чэрвеня 1767 г.

Радамская канфедэрацыя 1767 г.

Радамская канфедэрацыя, саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 г. супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтральную ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Радамскай канфедэрацыі ў рашэннях сойма 1766 г., які адхіліў планы рэформ, у тым ліку аб прадастаўленні палітычных і грамадзянскіх правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сакавіку 1767 г. стварылі дысідэнцкія Торуньскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю. Аднак яны былі малалікія і неўплывовыя. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства сталі злучацца ў мясцовыя канфедэрацыі для забеспячэння панавання каталіцкай рэлігіі, захавання рэспубліканскіх свабод з правам вольнага абрання караля без саюзу з Расіяй і каб дэтранізаваць навязанага звонку Панятоўскага. У ВКЛ каталіцкія канфедэраты абралі маршалкам быстрыцкага старасту С.Бжастоўскага, у Кароне Польскай - віленскага ваяводу К.С.Радзівіла Пане Каханку, якім апекавалася Прусія. Гэта пагражала Расіі стратай выключнага уплыву ў краіне. Каб пашырыць кола сваіх прыхільнікаў, яна вырашыла заключыць саюз з каталіцкімі канфедэрацыямі. Радзівілу вярнулі канфіскаваныя ў 1764-1766 гг. маёнткі, і ён стаў маршалкам генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, якая аб'яднала дысідэнтаў і католікаў.

у г. Радам (Люблінскае ваяводства, Польшча) з'ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літоўскай канфедэрацый, якія 14 жніўня 1767 г. абралі Радзівіла маршалкам Радамскай канфедэрацыі - аб'яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак расійскі пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзяржаўны лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане адобрылі гэтыя патрабаванні, якія ўвайшлі ў праекты "вечнага" дагавору з Расіяй і акта Кардынальных правоў. Яны былі ўзаконены скліканым надзвычайным соймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны. Гэтыя падзеі выклікалі стварэнне ў 1768 г. Барскай канфедэрацыі і грамадзянскую вайну ў краіне.

Літаратура:

  • Szujski J. Dzieje Polski podług ostatnich badań. T. 4. Lwów, 1866;
  • Zelińska Z. Ostatnie lata Pierwszej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1886;
  • Грабеньский В. История польского народа: Пер. с пол. СПб., 1910.

Яўген Анішчанка.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!