Гістарычны каляндар
23 студзеня 1793 г.

Другі падзел Рэчы Паспалітай 1793 г.

Другі падзел Рэчы Паспалітай 1793 г. Ажыццёўлены Расійскай імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай прадажнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай паводле Пецярбургскай канвенцыі

Срэбны медаль у гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г.
Срэбны медаль у гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 г.

Падрыхтоўка падзелу непасрэдна звязана са спробамі Чатырохгадовага сойма 1788-1792 гг. скасаваць прывілеяванае становішча шляхты і пашырыць яе вольнасці на іншыя саслоўі, што было ўвасоблена ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Канстытуцыя абяцала асабістую свабоду кожнаму, "хто толькі адной нагой ступіць на польскую зямлю", што, як разлічвалі рэфарматары ў сойме, прыцягне з Расійскай імперыі сялян у запланаванае 100-тысячнае войска. Гэта выклікала вялікую занепакоенасць Пецярбурга. Рэформы сустрэлі процідзеянне прыхільнікаў нязменнасці саслоўнага ладу Рэчы Паспалітай. Частка кіруючых колаў разам з каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім імкнулася ажыццявіць рэформы пры апоры на Прусію, скарыстаўшы занятасць Расіі войнамі са Швецыяй (1788-1790 гг.) і Турцыяй (1787-1791 гг.). Кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм II, заняты барацьбой з рэвалюцыйнай Францыяй, узамен патрабаваў г. Гданьск, Торунь і іншыя землі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Мастак Юзаф Ксавер Гескі, 1783 г.

Акружэнне Станіслава Аўгуста Панятоўскага пераарыентавалася на заключэнне саюзу з расійскай імператрыцай Кацярынай II. Аднак Пецярбург і Берлін правялі тайныя перагаворы аб расчляненні Рэчы Паспалітай для пакрыцця расходаў у войнах. Сойм Рэчы Паспалітай у 1790 г.прыняў закон аб непадзельнасці і неадчужальнасці тэрыторыі дзяржавы і ўвёў пакаранне за хабар і дзеянні на карысць замежных дзяржаў. Апазіцыя ў адказ стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю 1792 г. і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсоймавую сістэму кардынальных правоў, гарантам якіх царыца была паводле соймавых канстытуцый 1768 г. і 1775 г. 11 мая 1792 г. Кацярына II увяла 64-тысячнае войска на чале з генералам-аншэфам М.М.Крачэтнікавым, якому даручалася "заняць як мага хутчэй і больш княства Літоўскага", каб не дапусціць у імперыю абвешчаную соймам "вольнасць паміж сялянамі". Загадзя падрыхтаваныя ў ВКЛ канфедэрацыі шляхты імкнуліся юрыдычна надаць захопніцкаму паходу характар вызваленчай місіі. Але яны аказаліся малалікія і не змаглі ўзаконіць палітычную гегемонію царызму над усёй Рэччу Паспалітай. Па гэтай прычыне Кацярына II адхіліла планы адасаблення ВКЛ ад Польшчы (Кароны) шляхам дынастычнай уніі княства з Расійскай імперыяй. Таргавічане пабаяліся склікаць сойм Рэчы Паспалітай з-за пагрозы адказнасці за расчляненне дзяржавы і 15 чэрвеня 1792 г. утварылі Генеральную вольную канфедэрацыю ВКЛ на чале з канцлерам А.Сапегам (з 8 жніўня 1792 г. - лоўчым ВКЛ Ю.Забелам), якая 8 верасня 1792 г. злучылася ў Берасці з Кароннай канфедэрацыяй (на чале з Шчэнсным Патоцкім).

Карта ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Карта ВКЛ пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай.

23 студзеня 1793 г. Расія і Прусія заключылі тайную Пецярбургскую канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і аб супольных дзеяннях на выпадак узброенага супраціўлення анексіі тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 27 сакавіка 1793 г. яны абвясцілі акты аб акупацыі вызначаных доляў (разам 308 тыс. км2). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскага ваяводства, амаль усю Вялікую Польшчу, гарады Гданьск, Торунь. Расія заняла Правабярэжную Украіну, а таксама часткі Полацкага, Віцебскага, Менскага ваяводстваў, якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Новагародскага, Берасцейскага і Віленскага ваяводстваў (да лініі Друя-Пінск з г. Барысаў, Менск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс. км2 з 13 млн. жыхароў). Станіслава Аўгуста Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гарадзенскі сойм 1793 г., які ратыфікаваў падзельныя трактаты з Расіяй і Прусіяй і 25 верасня 1793 г. саступіў анексіраваную частку ВКЛ на вечныя часы Расійскай імперыі. На гэтых тэрыторыях былі ўтвораны Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская губерні пад намесніцтвам Крачэтнікава.

Літаратура:

  • Szujski J. Dzieje Polski podług ostatnich badań. T. 4. Lwów, 1866;
  • Иловайский Д. Гродненский сейм 1793 года: Последний сейм Речи Посполитой. М., 1870;
  • Костомаров Н.И. Последние годы Речи Посполитой. T. 1- 2. 3 изд. СПб., 1886;
  • Тимощук В.В. Польская конституция 3-го мая 1791 г. и отношение к ней России // Русская старина. 1904. № 4;
  • Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa, 1984;
  • Zielińska Z. Ostatnie lata Pierwszej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1986;
  • Cegielski Т., Кądziela Z. Rozbióry polskie 1772-1793- 1795 r. Warszawa, 1990.

Яўген Анішчанка.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!