Гістарычны каляндар
14 мая 1792

Абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі

Таргавіцкая канфедэрацыя, саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788-1792 гг., які выкарыстала Расійская імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзяржаўнага ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі падпісаны ў Санкт-Пецярбургу 27 красавіка 1792 г., фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792, праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расіі ў Рэч Паспалітую. Маршалкам канфедэрацыі стаў С.Ш.Патоцкі. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі называў расійскія войскі сяброўскімі, скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сойма, у тым ліку Канстытуцыю 3 мая 1791 г., заклікаў шляхту злучыцца для "абароны рэспубліканскіх свабод" і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.

Пячатка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ.
Пячатка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ.

У ВКЛ адпаведныя канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах ствараліся пры падтрымцы царскіх войск; у іх кіраўніцтва ўваходзілі маршалкі і па 6 канцылярыстаў, з якіх 2 дэлегаваліся ў Генеральную канфедэрацыю ВКЛ (Генеральнасць). Апошнімі былі створаны канфедэрацыі Віцебскага ваяводства, (акт абвешчаны 16 кастрычніка 1792 г. у мястэчку Чарэя, маршалак В.Гласко) і Мазырскага павета (27 кастрычніка 1792 г., маршалак М.К.Аскерка). Удзельнікі канфедэрацый прысягалі змагацца супраць Канстытуцыі 3 мая 1791 г., прынцыпу спадчыннасці каралеўскага трона, абавязваліся ўмацоўваць панаванне каталіцтва, агульнашляхецкую роўнасць, непадзельнасць дзяржавы і захаванне уніі ВКЛ з Польшчай. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвешчана ў Вільні 14(25).6.1792 г. у складзе 12 радцаў (Ю.Касакоўскі, П.Касакоўскі, С.Мануцы, А.Ромер, К.Рамановіч, Г.Швыкоўскі, М.Гедройц, Ю.Нарбут, М.Ю.Данкевіч, І.Штэйн, А.Снарскі, Ф.Контрым); маршалак- А.М.Сапега. Канфедэрацыю падтрымалі каля 40 тыс. шляхціцаў ВКЛ. Паводле ўказа Кацярыны II ад 25.6(6.7).1792 г. у паветах ствараліся канфедэрацкія суды. Генеральнасць 1 чэрвеня 1792 г. патрабавала, каб на працягу 2 тыдняў усе грамадзяне прысягнулі на вернасць ёй, 24 чэрвеня 1792 г. забараніла секвестр і экзекуцыю шляхецкіх уладанняў, 7 жніўня 1792 г. увяла цэнзуру і пашпартную сістэму рэгістрацыі пераходаў, 14 жніўня 1792 г. пазбавіла пасад і права голасу шляхціцаў, якія запісаліся ў мяшчанства і "падазроныя клубы", 15 верасня 1792 г. вызваліла з-пад арышту епіскапа Віктара Садкоўскага.

Пячатка Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ.
Таргавіцкай канфедэрацыя. Ордэнскі Талер 1793 г. Гародня.

Генеральная канфедэрацыя ВКЛ пагадзілася злучыцца з Генеральнай кароннай канфедэрацыяй пры ўмове захавання ранейшай уніі ВКЛ з Польшчай, самастойнага судаводства і правядзення соймаў у Гародні, для чаго 14.8-22.9.1792 г. правяла новую прысягу мясцовых ураднікаў і войска. Канфедэрацыі Кароны і ВКЛ злучыліся ў Генеральную канфедэрацыю абодвух народаў у Берасці 11 верасня 1792 г. 24 верасня 1792 г. Генеральнасць пераехала ў Гародню для падрыхтоўкі там вальнага сойма пад наглядам расійскага пасла Я.Я.Сіверса. 30 жніўня 1792 г. яна падпарадкавала сабе збор дзяржаўных падаткаў, аднак з-за скаргаў на ўціск паборцаў пры збіранні правіянту і фуражу для расійскіх войск 22 верасня 1792 г. перадала збор падаткаў мясцовым канфедэрацыям і трымальнікам маёнткаў. Прусія ўвяла войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а Расія абвясціла ноту аб падрыхтоўцы другого падзелу Рэчы Паспалітай і не дазволіла шляхце сабрацца ў лютым 1793 г. на выбарчыя соймікі, Генеральнасць для абароны краіны 11 лютага 1793 г. загадала мясцовым канфедэрацыям склікаць паспалітае рушэнне і абраць ротмістраў. У сувязі з гэтым 10 сакавіка 1793 г. Сіверс прадставіў павятовым маршалкам ранг ваявод і 6 мая 1793 г. дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гарадзенскі сойм 1793 г. 27 мая 1793 г. зачынены канфедэрацкія суды і адноўлены земскія. Ухваленнем на сойме 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Таргавіцкая канфедэрацыя канчаткова скампраметавала сябе і 15 верасня 1793 г. была распушчана.

Літаратура:

  • Костомаров Н.И. Последние годы Речи Посполитой. Т.1-2. 3 изд. СПб., 1886;
  • Korwin S. Trzeci maj i Targowica. Kraków, 1890;
  • Smoleński W. Konfederacya Targowicka. Kraków, 1903;
  • Тимощук B.B. Тарговицкая конфедерация// Рус. старина. 1904. № 9-10; 1905 № 1- 2;
  • Kicka N. Pamiętniki. Warszawa, 1972;
  • Kocój H. Zaborcy wobec Konstytucji 3 maja. Katowice, 1991;
  • Kądzielat. Między zdradą a służbą Rzeczypospolitej. Warszawa, 1993;
  • Анішчанка Я. Просім, пан генэрал // Наша ніва. 1994. №7;
  • Никитин М.Г. К вопросу о добровольности присоединения белорусской шляхты к Тарговицкой конфедерации // Весн. БДУ. Сер. 3. 1995. № 1;
  • Šmigelskytė-Stukienė R. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės konfederacijos susidarymas ir veikla 1792- 1793 metais. Vilnius, 2003.

Яўген Анішчанка

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!