Гістарычны каляндар
24 кастрычніка 1795 г.

Трэці падзел Рэчы Паспалітай 1795 г.

Трэці падзел Рэчы Паспалітай 1795 г. Ажыццёўлены ў 1795 г. Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. Расія планавала адзінаўладна распарадзіцца лёсам Рэчы Паспалітай, зыходзячы з занятасці Пруcii вайной супраць Францыі і нейтралітэту Аўстрыі. Аднак Прусія 10 мая 1794 г. адвяла свае войскі з французскага тэатра ваенных дзеянняў і 3 чэрвеня 1794 г. акупіравала г. Кракаў з ваяводствам, на што прэтэндавала Аўстрыя. Апошняя ў адказ 15-30 чэрвеня 1794 г. захапіла Сандамірскае ваяводства і Холмскую зямлю, што прывяло да тэрытарыяльных спрэчак і сварак вакол пасады галоўнакамандуючага саюзнымі карнымі войскамі. Захоп А.В.Суворавым Т.Касцюшкі і Варшавы 4 кастрычніка 1794 г. дазволіў Расіі дыктаваць уласныя ўмовы падзелу. 10 студзеня 1795 г. расійская імператрыца Кацярына II выступіла пасрэднікам уладкавання спрэчных долей Прусіі і Аўстрыі праз Суворава і М.В.Рапніна, якім, аднак, загадала таемна заняць Беластоцкую акругу да лініі р. Буг-вусце р. Нараў-г. Гародня і не саступаць яе Пруcii.

3 студзеня 1795 г. Расія і Аўстрыя размежавалі сферы сваіх інтарэсаў у Валынскім і Берасцейскім ваяводствах да р. Буг, але без указання расійска-прускай мяжы паміж Бугам і Гародняй. Каб сутыкненне тут расійскіх і прускіх войск не перарасло ў вайну, бакі пайшлі на кампраміс: Прусія саступіла Кракаў Аўстрыі, Расія аддала Варшаву Прусіі. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі ў Пецярбургу , 24 лістапада 1795 г. пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у тым ліку адносна даўгоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25 лістапада 1795 г. адрокся ад трона. 16 студзеня 1796 г. Расія вывела свае войскі з Беласточчыны і размясціла іх па лініі: вусце р. Нараўка- мяст. Гарадок-мяст. Кузніца-р. Ласосна-р. Нёман і далей да мяст. Паланга. Сумесная камісія 3 жніўня 1796 г. зацвердзіла гэтую мяжу і 30 верасня 1796 г. дэмаркавала яе. Канчаткова тэрытарыяльныя долі падзелу трохбаковая камісія зацвердзіла 21 лістапада 1796 г.

Прусія атрымала большую частку Мазавецкага ваяводства з Варшавай, часткі Падляшскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяводства і Жамойці (48 тыс. км2), Аўстрыя - Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага Берасцейскага і Падляшскага ваяв. (47 тыс. км2), Расія - Валынскае, Новагародскае, Віленскае, часткі Берасцейскага, Гарадзенскага, Троцкага ваяводстваў і Жамойці з гарадамі Берасце, Новагародак, Гародня, Вільня, Коўна (120 тыс. км2). 26 студзеня 1797 г. бакі падзялілі даўгі былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і абавязаліся не ўжываць у сваіх тытулах назвы Польскага каралеўства і падзел стаў чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі манархій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія выкарысталі знясіленасць Рэчы Паспалітай для канчатковага знішчэння яе палітычнага існавання і паслядоўнага захопу яе зямель. Далучаныя да Расійскай імперыі тэрыторыі былі арганізаваны ў Віленскую і Слонімскую губерні.

Літаратура:

  • Rolle J. Stanisław August w Grodnie. Lwów, 1887;
  • Historia dyplomacji polskiej. T. 2. Warszawa, 1982;
  • Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa, 1984;
  • Cegielski T., Кąziela Ł. Rozbiory Polski 1772-1793-1795. Warszawa, 1990; Zamojski A. Ostatni król Polski. Warszawa, 1994.

Яўген Анішчанка.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!