Гістарычны каляндар
28 студзеня 1588 г.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., Трэці статут Вялікага княства Літоўскага, звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589 г., а пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі - у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 г., у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях да 1840 г. Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г., кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Берасцейскім сойме 1566 г. было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569 г. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 - Статуты ВКЛ 1529 г. і 1566 г., соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584 гг., прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 г. работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінснай уніі 1569 г., прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем

Статут ВКЛ 1588 г.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.
Трэцяе выданне. Вільня, друкарня Мамонічаў, 1588 г.

Статут 1588 г. падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна- прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Статут 1588 г. мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1-4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5-10-м і часткова ў 13-м - шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11-12, 14-м і часткова ў 13-м - крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкуле 3-м раздзела 3-га, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскім веравызнанні (акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г.). Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага, цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569 г., але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй "чужаземцаў і загранічнікаў", у тым ліку і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ. Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, названы ў Статуце "господарем". Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Статут замацаваў феадальны грамадскі лад, наяўнасць асноўных класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30).

Трэці Статут ВКЛ 1588 г.
III Статут ВКЛ, выдадзены ў друкарні Мамонічаў у перакладзе на польскую мову. 1614 г. Тытульны аркуш.
Трэці Статут ВКЛ 1588 г.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Выданне Віленскай друкарні Мамонічаў.

Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздзел 3, артыкул 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі. Статут 1588 г. закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Гэта выдатны помнік бел. мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі.

Трэці Статут ВКЛ 1588 г.
Старонка Статута Вялікага княства 1588 г.
Трэці Статут ВКЛ 1588 г.
Старонка польскамоўнага выдання III Статута ВКЛ.

Статут ВКЛ 1588 г. выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расіі, афіцыйна не зацверджаных украінскіх зборнікаў "Права, за якими судится малороссийский народ" (2-я чвэрць 18 ст.), "Суд и розправка в правах малороссийских" (1750-1758 гг.). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588 г., пераважна ў рэдакцыі 1614 г., быў галоўным пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губерні дзейнічаў да 1840 г.). У 17-19 ст. перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.

Трэці Статут ВКЛ
Герб Льва Сапегі на старонцы III Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.
Трэці Статут ВКЛ 1588 г.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Переклад на польскую мову.

Статут упершыню надрукаваны на старабеларускай мове ў 1588 г. у Віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592-1593 і каля 1600 гг.) з выхадной датай "1588". У 1614, 1619 і каля 1623 гг. (з датай "1619") Л.Мамоніч выдаў Статут на польскай мове. У 1648 г. Статут на польскай мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Віленскай акадэмічнай друкарні ў 1693, 1744, 1786 гг. і ў друкарні А.Марціноўскага ў Вільні ў 1819 г. У 1811 г. Статут у перакладзе на польскую і рускую мовы выдадзены ў Санкт-Пецярбургу, у 1854 г. - у Маскве і ў 1938 г. у Каўнасе на старабеларускай мове.

Публікацыі:

  • Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;
  • Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
  • Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 / Пераклад на сучасную бел. мову А.С.Шагун. Мн., 2002 (2 выд. 2005).

Літаратура:

  • Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;
  • Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;
  • Бершадский С.А.Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;
  • Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1-2. Каунас, 1934-38;
  • Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;
  • Бардах Ю. Литовские статуты - памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;
  • Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;
  • Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;
  • Лабынцев Ю.А. "Статут Великого княжества Литовского" 1588 г. - памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. № 5;
  • Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;
  • Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. № 2.

Язэп Юхо.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!