Гістарычны каляндар
3 сакавіка 1067 г.

Бітва на Нямізе

Два першыя дзесяцігоддзі княжання князь Усяслаў Чарадзей жыў з суседнімі княствамі ў згодзе, але ў сярэдзіне 60-х гадоў XI ст. мірнае жыццё княства скончылася. Усяслаў зрабіў імклівы паход на Ноўгарад і вярнуўся пераможцам, прывёзшы з сабою сярод астатняй здабычы і званы, знятыя з ноўгарадскай Сафіі. Праз колькі месяцаў полацкая дружына здзейсніла яшчэ адзін паспяховы паход на горад Новагародак (цяперашні Наваградак), які належаў тады Кіеву.

Паход Усяслава Чарадзея на Ноўгарад
Паход Усяслава Чарадзея на Ноўгарад

Другая важная перамога запар устрывожыла трох сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам. Злучыўшы свае сілы, яны рушылі на Полацкае княства. Бітва Усяслава з варожым войскам адбылася паблізу Менска на рацэ Нямізе 3 сакавіка 1067 г. "На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными, на тоцѣ животъ кладутъ, вѣютъ душу отъ тѣла. Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ.", - занатаваў летапісец. Усяслаў спяшаўся на дапамогу, але спазніўся. Менск быў спалены, а яго абаронцаў напаткала лютая расправа: усіх мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей забралі ў палон. З гэтымі трагічнымі падзеямі і звязаныя першыя летапісныя звесткі пра сённяшнюю сталіцу Беларусі.

Бітва на рацэ Нямізе
Бітва на рацэ Нямізе

Неўзабаве кіеўскія князі запрасілі Усяслава на перамовы. Пацалаваўшы крыж, яны прысягнулі, што не ўчыняць" яму ліхога. Але клятва была парушаная: Чарадзея разам са старэйшымі сынамі захапілі ў палон і адвезлі ў Кіеў.

Захоп Менска
Войска ўкраінскіх князёў захоплівае Менск і бярэ ягоных жыхароў у палон

Полацкага князя трымалі ў страшнай земляной турме, але ў 1068 г. у Кіеве пачалося паўстанне і кіеўскі князь уцёк. Паўстанцы вызвалілі Усяслава Чарадзея і абвясцілі яго вялікім князем кіеўскім. Аднак праз сем месяцаў ён вярнуўся на радзіму і пасля зацятага змагання цалкам вызваліў Полацкае княства.

Князь Усяслаў з сынамі
Князь Усяслаў з сынамі перапраўляецца праз дняпро і трапляе ў кіеўскую вязніцу

Паўстанне 1068 г. у Кіеве
Паўстанне 1068 г. у Кіеве

У 1078 г. палачане атрымалі надзвычай важную перамогу над аб'яднанымі войскамі паўднёвых княстваў, ноўгарадцаў і полаўцаў, якія вёў на Полацкую зямлю Уладзімір Манамах.

Вызваленне Усяслава
Кіяне вызваляюць Усяслава Брачыслававіча з вязніцы

Паводле У. Арлоў "Краіна Беларусь"
Ілюстрацыі з Радзівілаўскага летапісу

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!