Гістарычны каляндар
31 студзеня 1929

Нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч

Анатоль ГрыцкевичАнатоль Пятровіч Грыцкевіч, беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950), Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (завочна, 1958]. Некалькі гадоў працаваў лекарам на Беларускай чыгунцы. У 1959-1975 гг. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, з 1975 г. працуе ў Мінскім інстытуце культуры (з 1992 г. - Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1975-2006 гг. загадваў кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства, з 2006 г. - прафесар кафедры. У 1996-2000 гг. узначальваў недзяржаўны Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (да яго закрыцця ўладамі).

Доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987), правадзейны сябар Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровы сябар МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў сябар Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства (з 1990), ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровы сябар культурна-асветніцкага клуба "Спадчына".

Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (19 кастрычніка 1988 г.) і Таварыства беларускай мовы (1989). Прэзідэнт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў 2001-2005 гг.

Даследчык гісторыі Беларусі феадальнага перыяду, прыватнаўладальніцкіх гарадоў на Беларусі і Літве, гістарыяграфіі Беларусі. Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі беларускай шляхты (у т. л. Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі) і ўласнага радаводу. Даследаваў (яшчэ з савецкіх часоў) гісторыю праваслаўнай, каталіцкай і уніяцкай цэркваў, пратэстантызму - упершыню ў беларускай гістарыяграфіі.

Даследуе гісторыю нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народа ў 1918-1920 гг. Упершыню ў гістарыяграфіі Беларусі навукова даследаваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну і паходу генерала С. Н. Булак-Балаховіча на Палессе. Аўтар гістарычных нарысаў па гісторыі Слуцка і Случчыны, адкуль паходзіць яго род.

Даследуе гісторыю расійска-польскай вайны 1919-1920 гг.

Аўтар 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях.

У 2008 г. узнагароджаны дыпломам "Пшэглёнду Всходнего" імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступае на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!