Гістарычны каляндар
7 лютага 1892

Нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі

Антон Сокал-КутылоўскіАнтон Сокал-Кутылоўскі (1892-1983), беларускі нацыянальны дзяяч, вайсковец. Ураджэнец хутару Красная Горка Лунінецкага павету. Паходзіць са зьбяднелай беларускай шляхты. Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт (1914). Удзельнік Першае сусьветнае вайны. 3 жніўня 1918 г. у белагвардзейскім войску ген. А. Дзянікіна. У сакавіку 1919 г. з-за хваробы вярнуўся на радзіму, у красавіку накіраваўся ў Эстонію ў Пскоўскую добраахвотную белую армію Юдзеніча, дзе ваяваў супраць чырвоных да ліпеня 1920 г. Пасьля чарговага вяртаньня на бацькаўшчыну далучыўся да слуцкіх паўстанцаў. Спачатку камандаваў 2-м батальёнам у 1-м Слуцкім палку, 2 сьнежня 1920 г. прызначаны камандзірам 1-е Слуцкае брыгады з прадастаўленьнем яму "часова дыктатарскіх паўнамоцтваў". Пасьля ліквідацыі збройнага чыну жыў у Заходняй Беларусі. У канцы 1921 г. быў высьвечаны Наваградзкім япіскапам на праваслаўнага сьвятара, выкладаў у школах, пазьней працаваў інжынэрам-будаўніком.

3 прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войскаў працаваў будаўніком у Баранавічах. 19 чэрвеня 1941 г. быў арыштаваны НКВД, але з пачаткам вайны зь Нямеччынай і хуткім наступленьнем нямецкіх войскаў пазьбег расстрэлу ды вызваліўся зь вязьніцы. Падчас нямецкае акупацыі 1941-1944 гг. працаваў інспэктарам беларускіх школаў у Ганцавічах. Пасьля эвакуацыі ў Нямеччыну далучыўся да збройных частак Беларускае Краёвае Абароны. Разам з дывізіяй "Беларусь" на заходнім фронце здаўся амэрыканцам. Знаходзіўся ў лягеры для рэпатрыяваных асобаў. 30 красавіка 1945 г. затрыманы і арыштаваны савецкаю контарвыведкаю "СМЕРШ", пасьля чаго быў вывезены ў СССР. 20 красавіка 1948 г. Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах. Амніставаны ў лістападзе 1957 г. паводле пастановы Вярхоўнага Савету СССР. Пераехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін (Польшча) да дачкі, дзе і памёр.

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!