Гістарычны каляндар
29 красавіка 1921

Нарадзіўся Мікола Ермаловіч

Мікола ЕрмаловічЯго кнігі і артыкулы, апублікаваныя ў апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя, сталі адкрыццём старажытнай Беларусі. Сапраўдным адкрыццём, якога - без перабольшання! - чакала не адно пакаленне беларусаў. Бо было тое адкрыццё такой жа, сапраўднай, Беларусі!

Свае кнігі і артыкулы, як потым высветлілася, Мікалай Іванавіч Ермаловіч пісаў не адно дзесяцігоддзе. Ён пісаў іх усё сваё свядомае жыццё. Тое жыццё, якое ён - праведнік і пакутнік - пражыў шчыра і сумленна, з найвялікшай карысцю для Бацькаўшчыны.

Мікола Ермаловіч (1921-2000) нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі цяперашняга Дзяржынскага раёна. Скончыў мясцовую школу, потым- Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў загадчыкам Шаркоўшчынскага раённага педагагічнага кабінета, настаўнікам у Мардовіі, інспектарам Суражскага раённага аддзела народнай асветы, завучам у Дзяржынску. У 1948-1955 гадах - старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, наступныя два гады - загадчык метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У выніку практычна поўнай адсутнасці зроку - (- 27) - выйшаў на пенсію...

...Яму было 16 гадоў, калі без звестак знік бацька. Селянін Іван Ермаловіч жыў на савецкай тэрыторыі, а яго родны брат - праз мяжу, на польскай зямлі. Выпала на неадукаванага вяскоўца падазрэнне ў сувязях з замежжам, яго забралі і знішчылі... У тым жа 1937-м "папаўся" і сам Мікола. Восенню, ідучы са школы, вырашыў вывучыць, як было наказана настаўнікамі, "Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну". Зачытаўся, спатыкнуўся, і ўпаў разам з ім у лужыну. Той ліст трэба было вярнуць настаўніку, аднак быў ён і скамечаным, і брудным...

Са школы юнага Ермаловіча выключылі неадкладна ж!

...А намнога раней- у год нараджэння- ён практычна поўнасцю страціў зрок. Маці жала жыта, а Міколка, толькі што народжаны, ляжаў пад збожжавай "бабкай", і сонца прыпякло немаўлятку вочкі...

I, тым не менш, жыццёвыя нягоды не спынілі яго пры дасягненні мэт, задум і памкненняў. Пасталеўшы, прайшоўшы не адну жыццёвую школу, Мікалай Іванавіч пакінуў пасля сябе бессмяротны след! Ён пісаў вершы, літаратуразнаўчыя творы, аднак найболыную вядомасць набыў як даследчык гісторыі роднай Бацькаўшчыны.

Рамантычны гісторык

Больш чым чатыры дзесяцігодцзі- з 1957-га па 2000-ы - Мікола Ермаловіч даследаваў і вывучаў старажытныя беларускія летапісы, творы, іншыя гістарычныя крыніцы. Вынікам гэтага сталі яго асабістыя кнігі: "Дарагое беларусам імя" (1970 г), "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды" (1990 г), "Па слядах аднаго міфа" (1989 і 1991 гады выданняў), "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд" (1994 г.), і асабліва - "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" (1999 г). Яны прымусілі ўсіх нас па-новаму паглядзець на шматлікія падзеі і даты ў айчыннай гісторыі, перагледзець ацэнкі асоб многіх дзяржаўных дзеячаў старажытнай і сярэднявечнай Беларусі.

Мікола Ермаловіч першым з айчынных даследчыкаў аргументавана і доказна правёў размежаванне ў разуменні паняццяў "старажытная (летапісная) Літва" і "Літва цяперашняя (геаграфічная)". Старажытная месцілася ў Верхнім Панямонні на тэрыторыі Беларусі - ад Менска да Наваградка з усходу на захад і ад Маладзечна да Слоніма з поўначы на поўдзень. Межы ж цяперашняй Літвы вядомыя ўсім і кожнаму з нас...

Гісторыю старажытнай Беларусі Мікалай Іванавіч падзяляў на тры перыяды: Полацкі (IX - сярэдзіна XIII стагоддзя), Новагародскі (сярэдзіна XIII - пачатак XIV стагоддзя) і Віленскі (1316-1385 гады). Менавіта Полацкая зямля, на яго думку, стала ядром фарміравання тэрыторыі Беларусі. Эканамічна ўмацаваўшыся і абагнаўшы ў сваім развіцці іншыя землі Кіеўскай Русі, яна ўжо тады мела і багатую арыгінальную кулыуру.

Напрыканцы ж XII - пачатку XIII стагоддзя па сваім сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці на першае месца сярод іншых беларускіх земляў выйшла Новагародчына, якую многія даследчыкі неправамерна называлі і называюць зараз Чорнай Руссю... З сярэдзіны XIII стагоддзя пачынаецца яе эканамічны і кулыуры росквіт. "Такім чынам, - зрабіў М. Ермаловіч выснову, - не ўтварэнне ВКЛ было перадумовай фарміравання тэрыторыі Беларусі і беларускай народнасці, а, наадварот, працэс фарміравання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і культуры, які праходзіў на грунце эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку, быў перадумовай утварэння ВКЛ..."

Мікола Ермаловіч сцвярджаў, што славянскія плямёны далі пачатак фарміраванню беларускай, вялікарускай і ўкраінскай народнасцей пасля іх перасялення ва Усходнюю Еўропу. Даследчык быў перакананы, што беларусы - не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты. Даследаваўшы шматлікія крыніцы, ён падрабязна і дакладна прасачыў шлях асіміляцыі балтаў на працягу вялікага адрэзку часу - ажно да нашых дзён. Палачане ж сталі першым вынікам дрыгавіцка-крывіцка-радзіміцкага зрашчэння, што з'явілася грунтам, на якім і ўзніклі Беларусь і беларусы. А Вялікае княства Літоўскае гісторык справядліва лічыў беларускай дзяржавай.

За вялікую даследчыцкую і падзвіжніцкую дзейнасць, аб'ектыўнае вывучэнне гісторыі нашай Бацькаўшчыны ў 1992 годзе Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь - адным з першых у маладой суверэннай незалежнай дзяржаве.

Мікола Ермаловіч трагічна загінуў 4 сакавіка 2000 года, трапіўшы ў Мінску пад колы машыны.

А яшчэ, як потым высветлілася, ён пісаў вершы. У адным са сваіх нешматлікіх вершаваных твораў Мікалай Іванавіч пісаў:

Незайздросную хоць долю маю,
Ды на лёс не наракаю я,
Бо найбольшую ў тым радасць маю,
Што жывеш ты, Беларусь мая.
Незайздросную хоць долю маю,
Ды на лёс не наракаю я,
Бо найбольшае ў тым шчасце маю,
Што жыць будзеш, Беларусь мая!

Шчырыя радкі: праўдзівыя, рамантычныя, аптымістычныя... Ён і гісторык быў такі ж - рамантычны!

Крыніца: Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Литература и Искусство, 2009. - 344 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!