Гістарычны каляндар
12 снежня 1629

Нарадзіўся Сімяон Полацкі

Сімяон Полацкі - найзнакаміцейшы з беларускіх перасяленцаў у Расею, які застаўся ў гісторыі як выдатны асветнік, пісьменнік, педагог і грамадскі дзяяч. Сапраўднае імя славутага палачаніна - Самойла Пятроўскі-Сітняновіч.

Свой шлях у навуку ён пачаў з брацкай школы полацкага Богаяўленскага манастыра, а працягваў у Кіева-Магілянскай калегіі, якую праваслаўныя лічылі найлепшай навучальнай установаю Рэчы Паспалітай. Прага ведаў прывяла Самуся ў Віленскую акадэмію. На той час апрача роднай беларускай ён ужо настолькі дасканала авалодаў лацінаю, царкоўнаславянскай і польскай мовамі, што пісаў на ўсіх чатырох вершы.

Сімяон Полацкі
Асветнік, пісьменнік і педагог Сімяон Полацкі

Вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай недазволіла давучыцца. З разрабаванай і спустошанай царскімі войскамі Вільні Самойла вярнуўся ў Полацак і пад імём Сімяона пастрыгся ў Богаяўленскі манастыр. Пад час прыезду цара Аляксея Міхайлавіча ў Беларусь Сімяон прадэманстраваў яму свой літаратурны дар. Паэт шукаў мецэната, пад абаронаю якога ў тую жорсткую эпоху мог бы спакойна служыць сваёй музе.

Шмат якія Сімяонавы славаслоўныя вершы былі рызыкоўна іранічныя. За адзін з іх полацкі епіскап Каліст, пастаўлены Масквой у абыход царкоўных законаў, аддзячыў Сімяону тым, што спачатку прызначыў яму ганебнае пакаранне працаю ў манастырскім хляве, а потым загадаў кінуць у асгрог і закаваць у кайданы. Магчыма, якраз гэтая падзея і была штуршком да выезду паэта ўвесну 1664 г. у Маскву.

Сімяона прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Ён асабіста вучыў спадкаемцаў трона царэвічаў Аляксея ды Фёдара і царэўну Соф'ю, а таксама даглядаў за выхаваннем царэвіча Пятра.

Вертоград многоцветный
"Вертоград многоцветный" з размешчанымі ў алфавітным парадку вершамі быў своеасаблівай тагачаснай энцыклапедыяй
Аповесць пра Варлама і Іосіфа
Старонка "Аповесці пра Варлама і Іосіфа", Масква, 1680 г.

Сімяон адчыніў сваю, незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню. Пра значнасць гэтай падзеі сведчыць той факт, што колькасць друкарняў у Расеі адразу падвоілася (замест адной стала дзве). Тым часам у Рэчы Паспалітай дзейнічалі 134 друкарні.

Вялікую славу прынёс Сімяону вершаваны пераклад Псалтыра. Большасць сваіх вершаў паэт сабраў у кнігі "Рифмологион, или Стихослов" і "Вертоград многоцветный". "Вертоград" быў своеасаблівай энныклапедыяй, адкуль чытач мог атрымаць звесткі з гісторыі, геаграфіі, заалогіі.

Праваслаўная царква абвясціла Сімяонавым творам анафему і забараніла згадваць іх як ерэтычныя. Велізарны ўклад Сімяона Полацкага ў расейскую культуру быў ацэнены толькі праз сгагоддзі.

Крыніца: У. Арлоў "Краіна Беларусь"

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!