Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Уладзімір Пічэта
Выраз, што належыць яму, стаў ледзь ці не крылатым: маўляў, я працаваў "не за страх, а за сумленне і сваёй працай падтрымліваў і ўмацоўваў свой аўтарытэт"...
Простыя словы? Так. Але ж - і шчырыя, праведныя, калі ўлічыць, што сказаны яны ў 1928-м...
У тагачасным грамадска-палітычным жыцці быў нібыта і спакой, а творчая праца - заахвочвалася і не выклікала пярэчанняў... I творцы працавалі, аддаючы справе таленты, сілы, веды, вопыт. На ніве ж беларускага нацыянальнага адраджэння, не ведаючы стомы, сярод іншых праведнікаў і сапраўдных талентаў, шчыраваў і ён, Уладзімір Іванавіч Пічэта.
Серб, даследчык нашай гісторыі
Уладзімір Пічэта (1878-1947) нарадзіўся у Палтаве, у сям'і серба. Яго бацька Йован (Іван) у свой час з'яўляўся выкладчыкам, а потым і рэктарам Віцебскай духоўнай семінарыі. Йован Пічэта любіў і паважаў гістарычныя навукі, што, натуральна ж, не магло не перадацца і сыну... Скончыўшы Палтаўскую класічную гімназію, Уладзімір у 1897 годзе і стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага універсітэта. Менавіта там пад кіраўніцтвам слыннага даследчыка расійскай гісторыі Ул. Ключэўскага ён і пачаў рабіць першыя самастойныя крокі ў навуковых пошуках і высновах.
Стаўшы на самастойны працоўны шлях, Уладзімір Пічэта працаваў у вельмі многіх навучальных установах. Ён выкладаў гісторыю, мову і літаратуру ў семінарыях, вучылішчах, гімназіях і школах Сімферопаля і Самары, Пензы і Варонежа, Бранска і Тамбова, Кіеўскай і Курскай губерняў, у Маскоўскім універсітэце і вышэйшых навучальных установах іншых гарадоў. Дарэчы, тады ж, літаральна адразу пасля заканчэння вучобы ў Маскоўскім універсітэце, а калі дакладней - з 1903 года, яго навуковыя працы пачалі друкаваць на сваіх старонках самыя аўтарытэтныя і прызнаныя ў навуковым свеце выданні. Гэта, уласна кажучы, і прадвызначыла будучыню Уладзіміра Іванавіча...
Рэвалюцыю 1917-га выкладчык Вышэйшых жаночых курсаў і Практычнай акадэміі камерцыйных навук Уладзімір Пічэта прыняў у цэлым прыхільна. I ўжо менш чым праз год - у 1918-м - за манаграфію "Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве" Уладзіміру Іванавічу былі прысуджаны вучоныя ступені магістра і доктара навук.
Як гісторыка і даследчыка, Уладзіміра Пічэту цікавілі праблемы палітычнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага - ад моманту яго ўтварэння і да стасункаў з Маскоўскай дзяржавай, Тэўтонскім ордэнам і Польшчай. Перыяд складаны, на той час - не вывучаны і не даследаваны. Дарэчы, па працах гэтага выдатнага вучонага па-свойму цікава прасочваецца трансфармацыя яго поглядаў на назву старажытнай беларускай дзяржавы: ад Літоўска-Рускай - да Літоўска-Беларускай і, нарэшце, да Вялікага княства Літоўскага... Крок за крокам вывучаючы дакументы, спасцігаючы да драбніц неадназначную і супярэчлівую сітуацыю на нашай Бацькаўшчыне ў тыя складаныя часы, Уладзімір Іванавіч, як і належыць сапраўды вялікаму вучонаму і даследчыку, прыйшоў-такі да ісціны з назвай дзяржавы. I гэта, што называецца, залічана яму навечна!
Беларусы высока цанілі і паважалі Пічэту. Калі ў 1918 годзе ў Маскве ўзнікла Беларускае навукова-культурнае таварыства, яго запрасілі на грамадскую пасаду старшыні. Тады ж, у Маскве, ён пачаў чытаць курс лекцый па гісторыі нашай Бацькаўшчыны ў Беларускім народным універсітэце. А ў кастрычніку 1920 года, ужо з'яўляючыся членам калегіі Галоўнага архіўнага ўпраўлення і прафесарам Маскоўскага універсітэта, па прапанове беларускага ўрада Уладзімір Іванавіч узначаліў камісію па стварэнню Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
8 ліпеня 1921 года народны камісар асветы Беларусі Усевалад Ігнатоўскі падпісаў загад аб прызначэнні Упадзіміра Пічэты рэктарам БДУ Па асабістай, надзвычай настойлівай, просьбе Уладзіміра Іванавіча чытаць лекцыі ва універсітэце пагадзіліся Якуб Колас і Максім Гарэцкі, Васіль Дружчыц і Аркадзь Смоліч, Мікалай Шчакаціхін і нават кіраўнік Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Вільгельм Кнорынын... Меў дачыненне рэктар і да таго, што на працягу пяці гадоў - з 1926 па 1931-ы- ваенную падрыхтоўку ў Белдзяржуніверсітэце выкладаў будучы славуты военачальнік Георгій Жукаў...
Усё гэта сведчыла аб вялікім і неаспрэчным аўтарытэце гісторыка Пічэты як у навуковых, так і ў грамадска-палітычных колах.
Аднак, нават будучы настолькі занятым арганізацыйна-выкладчыцкай справай, Уладзімір Іванавіч знаходзіў час для ўласнай творчасці і даследчыцкай працы, для напісання асабістых навуковых прац.
I вось вынікі. Усяго на асабістым рахунку гісторыка Уладзіміра Пічэты значыцца амаль што 500 навуковых даследаванняў Каля чвэрці з іх напісана падчас знаходжання на рэктарскай пасадзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. I яшчэ адзін адметны, на маю думку, факт: пераважная большасць яго прац прысвечана гісторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Украіны і іншых славянскіх краін, іх няпростым і вельмі часта супярэчлівым і неадназначным стасункам і ўзаемаадносінам паміж сабой.
Будучы рэктарам БДУ, Упадзімір Пічэта па-ранейшаму не цураўся грамадскай працы. Разам з Яўхімам Карскім і Язэпам Дылам яны распрацавалі праект стварэння Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), які пазней перарос у Беларускую акадэмію навук. Дарэчы, тады ж, у 1928 годзе, Уладзімір Іванавіч стаў акадэмікам БАН БССР.
Аднак...
Напрыканцы 1930 года на адрас бюро ЦК КП(б) Беларусі пад грыфам "Совершенно секретно" паступіў "Список академиков БАН с указанием имеюшихся на них компрометирующих материалов". На спіс неадкладна адрэагаваў Савет Народных Камісараў БССР, які прыняў проста кашчуннае рашэнне: у снежні 1930-га спецыяльнай пастановай пазбавіў звання акадэміка групу вучоных: Г. Гарэцкага, А. Дубаха, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Ул. Пічэту...
... Дзякуй Богу, лёс паспрыяў Уладзіміру Пічэту пазбегнуць больш жорсткага і зусім незаслужанага суровага пакарання. Адбыўшы пяць гадоў (1931-1935) у ссылцы ў Вятцы і Варонежы, Уладзімір Іванавіч вярнуўся ў Маскву, пачаў працаваць спачатку ў... Інстытуце хлебапякарнай прамысловасці, а потым - старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР Потым у родным для яго Маскоўскім дзяржаўным універсітэце Пічэта стварыў і ўзначаліў кафедру гісторыі паўднёвых і заходніх славян. Дзякуй Богу, ісціна і справядлівасць усё ж такі віталі над жыццём: у 1939 годзе яго абралі членам-карэспандэнтам, а ў 1946-м - акадэмікам Акадэміі навук Саюза ССР.
Дарэчы, ёсць факт, некалькі "незвычайны" і для тагачаснай беларускай рэчаіснасці: яшчэ да вайны - у 1940 годзе, Уладзімір Пічэта спецыяльнай пастановай Савета Народных Камісараў Беларусі быў адноўлены ў званні акадэміка АН БССР...
I да таго часу, і асабліва - пазней, ужо ў пасляваенныя гады, ён не адмаўляў просьбам з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі аб правядзенні для нашых навукоўцаў кансультацый па самых складаных пытаннях беларускай нацыянальнай гісторыі, падрыхтоўцы аспірантаў. Яго навуковая энцыклапедычнасць і незвычайная кампетэнтнасць, аўтарытэт і грунтоўнасць былі агульнапрызнанымі і запатрабаванымі, нягледзячы на жорсткасць часу і ўмоў працы, адыёзнасць тагачаснага кіраўніцтва рэспублікі. Вучоны з вялікай літары, Уладзімір Пічэта па-ранейшаму не баяўся адкрытых навуковых дыскусій і спрэчак, у якіх, зазвычай, перамагалі, бралі верх яго пазіцыі, аргументы і довады. Акадэмік ахвотна і шчодра дзяліўся з маладзейшымі калегамі (у тым ліку і беларускімі) сваімі ведамі і высновамі, заключэннямі і разважаннямі.
...Намеснік дырэктара Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук СССР Уладзімір Іванавіч Пічэта памёр 23 чэрвеня 1947 года.