Гістарычны каляндар
19 красавіка 1881

Нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі

Усевалад ІгнатоўскіУ шарэнзе асоб, якія жылі, працавалі, змагаліся і... гінулі ў 10-я-30-я гады XX стагоддзя, яго постаць - адна з найбольш яркіх, прыкметных, знакавых і... загадкавых. Аб гэтым найперш сведчыць хоць бы той факт, што імя і справы, набыткі і памкненні Усевалада Ігнатоўскага роўна 60 гадоў (!) былі схаваны за жорсткім і халодным грыфам "Совершенно секретно". Яго, Чалавека з вялікай літары, які займаў пасады народнага камісара земляробства (1920 г), народнага камісара асветы (1920-1926 гг.), старшыні Інстытута беларускай культуры (1926-1928 гг.), нарэшце- прэзідэнта Беларускай акадэміі навук (1929-1931 гг.)... Больш таго, да кожнай з гэтых пасад трэба абавязкова дадаць тлумачэнне: і народным камісарам, і старшынёй, і прэзідэнтам Усевалад Макаравіч быў першым у гісторыі савецкай Беларусі!

Ярлык нацдэма да яго таксама "прышылі" адным з першых...

I знішчылі яго - таксама першым...

Жыццё, загубленае часам

Сёння мы, на вялікі жаль, зноў пачалі мала гаварыць і клапаціцца аб вяртанні з нябыту тых людзей, якія пакінулі ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны глыбокі і надзвычай важкі след. Гісторык і грамадскі дзеяч Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі сярод іх займае першае месца.

Цяжка зразумець нам цяпер, чаму і за што гэтаму цудоўнаму чалавеку выпаў такі гаротны лёс. Ён нічым не быў вінаваты ні перад часам, ні перад Кастрычніцкім пераваротам, ні перад партыяй бальшавікоў-камуністаў, ні, тым больш, - перад беларускім народам... Наадварот: даволі хутка разабраўшыся; ў імклівых супярэчнасцях часу, ён усёй душой прыняў і прызнаў т. зв. Вялікі Кастрычнік, верай і праўдай служыў Камуністычнай партыі, не пакладаючы рук працаваў на карысць беларусаў...

I паплаціўся за гэта сваім жыццём...

Светапогляд, жыццёвыя прынцыпы і пазіцыі Усевалада Ігнатоўскага складваліся і фарміраваліся ў няпросты, неадназначны час. Тры рэвалюцыйныя перавароты, узнікненне і дзейнасць шматлікіх палітычных партый, арганізацый, груповак і ўхілаў блыталі становішча ў царскай імперыі, а потым - і ў савецкай Расіі, уносілі ў сэрцы і душы людзей, асабліва - маладых, нявопытных - сумятню, хістанні і няпэўнасць. I ўсё ж у жыцці трэба было вызначаць сваё месца, выказваць свае асабістыя адносіны да таго, што адбывалася навокал...

Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931) нарадзіўся ў вёсцы Токары Брэсцкага павета ў сям'і настаўніка. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, потым - у Магілёўскай семінарыі. У 1902 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюджванні пракламацый двойчы высылаўся з царскай сталіцы: спачатку дадому, потым - у Аланецкую (Архангельскую) губерню.

У 1908 годзе, калі аслабла хваля рэвалюцыйнага ўздыму, здабыўшы фальшывую даведку аб сваёй "палітычнай надзейнасці і вернасці рэжыму", Усевалад паступіў у Юр'еўскі (Тартускі) універсітэт, у якім, нарэшце, і змог атрымаць такія жаданыя і патрэбныя яго цікаўнай і дапытлівай душы грунтоўныя і багатыя веды. Паспяхова скончыўшы вучобу, працаваў у Вільні ў адной з прыватных гімназій.

З 1914-га Усевалад Макаравіч - выкладчык, а неўзабаве і старшыня педагагічнага савета (па сутнасці - рэктар) Мінскага настаўніцкага інстытута, які да лета 1918-га працаваў у эвакуацыі ў горадзе Яраслаўлі. Яшчэ раней - у 1901 -м - ён уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і заставаўся ў ёй да кастрычніка 1917 года. Падчас белапольскай акупацыі Беларусі У Ігнатоўскі змагаўся ў адной з падпольных арганізацый...

У жніўні 1920 года, у першым сацыялістычным урадзе Беларусі, Усевалада Ігнатоўскага прызначылі народным камісарам... земляробства. Земляробства дык земляробства - ён асабліва і не пярэчыў, не "мітынгаваў", а закасаўшы рукавы ўзяўся за справу... Праўда, неўзабаве Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі, якія ўжо добра ведалі магчымасці і схільнасці Усевалада Макаравіча, зразумелі дапушчаную недарэчнасць: прамашка новай улады была выпраўлена, і ў снежні таго ж, 1920-га, ён становіцца народным камісарам асветы рэспублікі. Той сферы, якую ён ведаў, якой даражыў, дзе насамрэч быў патрэбны...

Перад энергічным і кампетэнтным арганізатарам справы адкрыўся зусім неабжыты ўчастак работы. Для дзеянняў - як маштабных і адказных, так і тэрміновых, неадкладных - адкрыўся па-сапраўднаму вялікі прастор. Нягледзячы на бядотнае становішча эканомікі, сацыяльнай сферы, адукацыі і культуры аддаваліся прыярытэты: іх неабходна было ствараць, што называецца, на голым месцы. I гэта выразна разумелі кіраўнікі тагачаснай Беларусі: адзін толькі пералік тых набыткаў варты ўвагі і павагі.

11 ліпеня 1921 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Групе выбітных навукоўцаў, якія паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе ў самых розных галінах дзейнасці маладой рэспублікі Саветаў, было нададзена пашанотнае званне "прафесара". Сярод іх быў і Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі.

Пры яго самым актыўным і непасрэдным удзеле ў лютым 1922 года ў Мінску адбылася яшчэ адна надзвычай важная і вялікая падзея: адкрыццё Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). Спачатку яго ўзначальваў Сцяпан Некрашэвіч, а з 1926 года старшынёй інстытута стаў Усевалад Ігнатоўскі. I адразу ж па яго ініцыятыве структура інстытута была зменена: выпрацоўваліся падыходы да пераўтварэння яго ў Акадэмію навук Беларусі.

Афіцыйна стварэнне Беларускай акадэміі навук было абвешчана ў дзесятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР - у студзені 1929 года. Першым жа прэзідэнтам галоўнай навуковай установы рэспублікі стаў ён - Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі.

На пасадзе прэзідэнта БАН ён папрацаваў менш за два гады. Ужо напрыканцы 1930-га Усевалада Макаравіча вызвалілі з пасады прэзідэнта, а ў студзені 1931 года выключылі і з радоў Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

...Якраз тады органы АДПУ пачалі фабрыкаваць "контррэвалюцыйную нацыянал-дэмакратычную арганізацыю" пад назвай "Саюз вызвалення Беларусі". Па ёй, як "ворагі народа", і праходзілі народныя камісары асветы і земляробства Антон Баліцкі і Зміцер Прышчэпаў, прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, іншыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння. А кіраўніцтва "Саюзам вызвалення..." спецорганы, па чарзе, спрабавалі "прыпісаць" Язэпу Лёсіку Сцяпану Некрашэвічу, Вацлаву Ластоўскаму Усеваладу Ігнатоўскаму і нават... Янку Купалу.

...4 лютага 1931 года, не вытрымаўшы здзекаў і зняваг, Усевалад Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам: ён застрэліўся ў хатнім рабочым кабінеце.

Гістарычная спадчына Ігнатоўскага-навукоўца, на першы погляд, не такая ўжо і багатая: звыш 30 манаграфій, кніг, брашур і артыкулаў Але не ў колькасці ў гэтай сітуацыі справа. Яго працы - і найперш манаграфіі "Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі", "Вялікі Кастрычнік на Беларусі", "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", "Беларусь", "Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецця", "Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота" - вызначаюцца новымі, грунтоўнымі і абгрунтаванымі, думкамі і высновамі, ацэнкамі тых падзей, якія, дарэчы, да Ігнатоўскага альбо зусім не рабіліся, альбо падносіліся скажона, тэндэнцыйна.

Таму і маем мы поўнае права сказаць: Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі быў першым нацыянальным гісторыкам-беларусам!

А яшчэ ж у яго жыцці была і шматгранная партыйная і грамадская работа... Былі шматлікія даручэнні яму як члену Бюро ЦК КП(б) Беларусі, якімі Усевалад Макаравіч таксама даражыў і ганарыўся і якія заўсёды выконваў своечасова і акуратна...

Даручэнні той партыі, якая на самым пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя так бязлітасна і жорстка абышлася з ім самім... I гэта пры тым, што "пытанняў", як любілі адзначаць бальшавікі, да яго не было аніякіх, аб чым яскрава сведчыць факт: т. зв. партыйныя чысткі, што практыкаваліся ў той час на прадмет адданасці і вернасці трымальнікам улады, ён паспяхова і без "пытанняў" прайшоў двойчы: і ў 1924-м, і ў 1929-м гадах...

Аднак нават такія людзі "той" уладзе проста былі не патрэбныя...

Крыніца: Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Литература и Искусство, 2009. - 344 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!