Гістарычны каляндар
9 лістапада 1896

Нарадзіўся Дзмітрый Прышчэпаў

Столькі ярлыкоў, здаецца, не вешалі ні на каго ў нашай шматпакутнай і супярэчлівай гісторыі. "Правы апартуніст", "сабатажнік", "агент кулацтва ў партыі бальшавікоў", "шкоднік калгасна-саўгаснага ладу", "нацдэм", "контррэвалюцыянер", "шпіён", "вораг народа"... А яшчэ - хросны бацька "прышчэпаўшчыны" - спробы хутарызацыі рэспублікі... I ўсё гэта - афіцыйна: на пленумах ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і партыйных з'ездах, у прэсе і пракуратуры, на судовых пасяджэннях. I ўсё - супраць дзяржаўнага мужа, народнага камісара і члена ўрада, разумнага і эрудзіраванага чалавека, які ўсяго сябе аддаў справе служэння Бацькаўшчыне і яе народу...

"Чырвоны" Сталыпін з Беларусі

Дзмітрый ПрышчэпаўДзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў (1896-1940) нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Калодніца цяперашняга Крупскага раёна. Вучыўся ў школе, потым экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка. У 1915-м быў мабілізаваны на вайсковую службу ў царскую армію. Прайшоўшы паскораны курс навучання ў Віленскім вайсковым вучылішчы, быў прапаршчыкам, потым - камандзірам роты 698-га Шыргародскага палка, а к моманту Кастрычніцкай рэвалюцыі салдаты абралі Дзмітрыя сваім палкавым камандзірам. Яму было тады ўсяго толькі дваццаць!

Дэмабілізаваны са службы напрыканцы 1917 года, Дзмітрый Прышчэпаў накіраваўся на малую радзіму. Але ўжо на пачатку 1918-га яго выклікалі ў павятовы Савет і прызначылі... камандзірам атрада Чырвонай гвардыі. Потым яму даручаюць камандаванне палком, выбіраюць старшынёй Сенненскага павятовага выканкама і рэўкама, прызначаюць на чале Камісіі па барацьбе з бандытызмам. А з прыходам на беларускую зямлю доўгачаканага міру Дзмітрыя Філімонавіча накіроўваюць на пасаду намесніка старшыні Віцебскага губвыканкама...

Што гэта было: кар'ера ці службовы "рух" - ён, безумоўна ж, так і не зразумеў. I не асэнсаваў, інакш у наступных варунках жыццёвых перыпетый так сябе наўрад ці бы павёў...

Толькі не будзем "аб гэтым"...

У сакавіку 1924 года яго выклікалі ў Мінск. Маладому, поўнаму сіл, ведаў і вопыту гаспадарніку, прапанавалі пост намесніка народнага камісара земляробства. Дзмітрый Прышчэпаў пагадзіўся. Арганізатарскія здольнасці Дзмітрыя Філімонавіча, уменне працаваць з людзьмі, бачыць і разумець іхнія запатрабаванні і памкненні адразу ж спадабаліся яго вышэйстаячаму кіраўніцтву - старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларусі Аляксандру Чарвякову і старшыні Савета Народных Камісараў Язэпу Адамовічу. Далей, што называецца, болей: у снежні таго ж 1924-га Прышчэпаў прызначаецца народным камісарам земляробства.

...Наўрад ці быў у нашай рэспубліцы куток, куды б не наведваўся Дзмітрый Філімонавіч, дзе б не сустракаўся з людзьмі. Ён працаваў так, як падказвала сумленне, разважлівы сялянскі розум. Чатыры з невялікім гады на гэтай пасадзе праляцелі ў яго жыцці хуткакрылай, непрыкметнай птушкай!

Толькі ці такой ужо "непрыкметнай"?..

Калі верыць афіцыйнай гістарычнай навуцы і крыніцазнаўству, на працягу яго, прышчэпаўскай, наркамаўскай дзейнасці, "вынікам паслядоўнага ажыццяўлення палітыкі Савецкай дзяржавы, накіраванай на абарону інтарэсаў працоўнага сялянства і абмежавання кулацтва (падкрэслена мной. - А.М.) з'явілася тое, што вядучае становішча ў сельскай гаспадарцы заняў серадняк...". Аспрэчваць гэты "довад" можна і трэба, але ж... няварта. Бо ў выніку азнаямлення з тагачаснай рэальнай сітуацыяй, яе высновамі, наступствамі для жыццядзейнасці Беларусі ў цэлым, нарэшце - лёсам самога Прышчэпава і дакументамі, што тычацца яго асобы, удалося ўстанавіць іншае: кулацтва як клас для наркама земляробства проста не... існавала. Бо яго насамрэч не было! Сялян жа Дзмітрый Прышчэпаў дзяліў на моцных, сераднякоў і бядноту... I ўсяляк імкнуўся падтрымаць іх.

А тым часам па рэспубліцы ўзнялася самая сапраўдная "шалёная" хваля "праяўлення правага ўхілу ў тэорыі і на практыцы", названая (якое кашчунства! - заўвага А.М.) імем Прышчэпава... Нібыта група кіруючых работнікаў на чале з ім "зрывала наступ на кулака, надзяляла кулацкія гаспадаркі вялікімі зямельнымі ўчасткамі, давала іх пад заклад...", прадстаўляла "льготы па падатках, узмоцнена рассяляла сялян па хутарах...".

Заказ энкэвэдэшнікаў быў выкананы спаўна, і ўжо на XIII з'ездзе Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі ў 1930 годзе "ўхілістам", "адступнікам" і нацдэмам даў "рашучы і бескампрамісны бой" толькі што прысланы для барацьбы з "мясцовым нацыяналізмам" першы сакратар беларускіх бальшавікоў-камуністаў Канстанцін Гей. "Канчатковаму разгрому прышчэпаўшчыны" ён прысвяціў цэлы раздзел свайго палітычнага даклада-словаблудства. Тады ж неадкладна паследавалі і высновы...

I ніхто на Бацькаўшчыне не задумаўся над тым, што, услед за М. Бухарыным, А. Рыкавым, М. Томскім, беларускія сапраўдныя спецыялісты Д. Прышчэпаў, Я. Лабаноўскі, Г. Гарэцкі, А. Смоліч, I. Кіслякоў і іншыя заклікалі не да рэстаўрацыі капіталізму, а да заможнага жыцця. Але... Занесеныя ў шарэнгі правых ухілістаў, надзеленыя сваёй, мясцовай "назвай" - "прышчэпаўшчына", Дзмітрый Філімонавіч і яго аднадумцы трапілі пад агонь вострай, зусім не абгрунтаванай крытыкі.

Крытыкі і знішчэння: спачатку - маральнага, а потым - і фізічнага...

У верасні 1929-га Д. Прышчэпаў быў зняты з пасады народнага камісара земляробства, у наступным годзе разам з групай беларускіх нацыянальных дзеячаў органы ДПУ арыштавалі і яго. Абвінавачаныя ў прыналежнасці да неіснуючай контррэвалюцыйнай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі", большасць з іх былі фізічна знішчаны. У 1931 годзе Дзмітрый Прышчэпаў прыгавораны да 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў, у 1939-м асуджаны паўторна і прыгавораны да расстрэлу. Як сведчаць зусім не пацверджаныя дакументы, прысуд над ім у выкананне не прыводзіўся: 31 студзеня 1940 года былы народны камісар земляробства Беларусі памёр у турме...

Крыніца: Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Литература и Искусство, 2009. - 344 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!