Гістарычны каляндар
29лютага 1468

Судзебнік Казіміра 1468 г.

Судзебнік Казіміра 1468 г., Статут Казіміра, першы кодэкс крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права ВКЛ. Выдадзены вялікім князем Казімірам на сойме 29 лютага 1468 г.. Складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі. Складаецца з 25 артыкулаў. Устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы віды пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, абмяжоўваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа і бацькі. У судзебніку развіта ідэя індывідуалізацыі пакарання. Гэта было накіравана на захаванне гаспадаркі ўсёй сям'і як феадальнай падатковай адзінкі, што было ў інтарэсах феадала. У выпадку, калі жонка і дзеці злодзея карысталіся крадзеным, дзейнічала норма старога звычаёвага права. Калі не было чым плаціць судовы штраф і кампенсаваць прычыненыя злачынствам страты, маглі перадаць у рабства таму, хто пацярпеў, жонку і старэйшых за 7 гадоў дзяцей асуджанага. Гэта першае ў законе вызначэнне ўзросту, з якога дзеці маглі несці адказнасць за віну бацькоў. Новым было і вызначэнне злачынства як проціпраўнага дзеяння: злачынца "ис права выступаеть", "над право сягнул". У судзебніку ўпершыню змешчаны артыкул, які прадугледжваў аналогію закона. Так, паводле арт. 23-га за ўтойванне знаходкі вінаватага каралі, як за крадзеж. Узмацненне феадальнага прыгнёту і пазбаўленне залежных сялян права свабоднага адыходу ад феадала было замацавана ў арт. 24-м, які прадугледжваў суровае пакаранне асоб, што садзейнічалі ўцёкам чэлядзі нявольнай і феадальна-залежных сялян.

У судзебніку выявіўся і новы погляд на мэты пакарання. У звычаёвым праве галоўнай мэтай пакарання была кампенсацыя пацярпеламу прычыненай шкоды і спыненне злачыннай дзейнасці. Мэта пакарання, паводле судзебніка, - застрашванне, хоць не выключаліся і маёмасныя кампенсацыі. Цялесныя пакаранні і смяротная кара прадугледжваліся нават за такія злачынствы, як крадзеж на суму "выше полукопья", г.зн. больш за 30 грошаў. У старажытным праве злачынец, прыгавораны да смяротнай кары, мог ад яе адкупіцца, яго маглі таксама перадаць у няволю пацярпеламу ці яго блізкім. Паводле судзебніка забаранялася вызваляць злачынцу ад кары. У судзебніку адлюстраваны таксама захоп чужых зямель феадаламі, іх міжусобіцы і зямельныя спрэчкі. Бакам у такіх выпадках прадпісвалася не рабіць самачынных нападаў і захопаў, а звяртацца ў суд. Калі ж феадал нападаў на другога феадала, то вінаватага належала разглядаць як парушальніка закону і караць. Але ў судзебніку не ўказвалася, якое пакаранне трэба ўжываць да злачынца, бо такі прыгавор павінен быў выносіцца вялікім князем з панамі-радай. У канцы судзебнік 1468 г. абавязваў усіх жыхароў трымаць у належным стане дарогі і масты. За парушэнне гэтай павіннасці ўстанаўліваўся штраф 10 рублёў.

Судзебнік 1468 г. даў пачатак новаму этапу ў развіцці прававой тэорыі, практыкі заканадаўчай дзейнасці і кадыфікацыі феадальнага права, які завершаны выданнем Статута ВКЛ 1529 г., Статута ВКЛ 1566 г. і Статута ВКЛ 1588 г. Судзебнік напісаны на старабеларускай мове. Захаваўся ў 3 спісах канца 15-пач. 16 ст. Упершыню апублікаваны (лацінскімі літарамі) І.Даніловічам у 1826 г. у Вільні.

Літаратура:

  • Лаппо И.И. "Судебник" Казимира Ягайловича // Зап. Рус. науч. ин-та в Белграде. Белград, 1939. Вып. 17;
  • Подозерская-Уткина Г.Ф. Судебник Казимира Ягеллона // Науч. бюл. ЛГУ. 1946. № 7;
  • Старостина И.П. Судебник Казимира 1468 г.//Древнейшие государства на территории СССР: Материалы и исслед., 1988-1989 гг. М., 1991;
  • Круталевіч В.А., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917-1945 гг.). 2 выд. Мн., 2000.

Язэп Юхо.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!