Гістарычны каляндар
18 лютага 1979

Памёрла Надзея Абрамава

Надзея АбрамаваАбрамава Надзея (пасля 1945 г. - Тэадаровіч), нарадзілася ў 1907 г. на Міншчыне. Вучылася на вечаровых курсах Мінскага педагагічнага інстытута, скончыла Мінскі медыцынскі інстытут, працавала ва універсітэцкай псіхіятрычнай клініцы.

Падчас нямецкай акупацыі спалучала лекарскую практыку з грамадскай дзейнасцю, з сярэдзіны 1942 г. узначальвала рэферат апекі над деецьмі ў Беларускай народнай самапомачы. 22 чэрвеня 1943 г. прызначана галоўнай кіраўнічкай юначак СБМ, арганізоўвала курсы для кандыдатак на кіраўнічак юначак, на якіх выступала з дакладамі аб ахове здароўя, прынцыпах маралі, арганізацыйных задачах. Была пастаянным супрацоўнікам рэдакцыі часопіса "Жыве Беларусь!". У лінені 1943 г. прызначана сябрам Рады даверу. Удзельніца Другога Усебеларускага кангрэсу (27 чэрвеня 1944 г.).

Летам 1944 г. эвакуавалася ў Нямеччыну, працавала ў адноўленым Кіраўнічым штабе СБМ у г. Тропаў (сёння Опава, Чэхія). Выдавала бюлетэнь "Вучэбны лісток", наглядала за працай кіраўнічак у дзявочых лагерах. 15 верасня 1944 г. кааптаваная ў склад БЦР у Берліне.

Пасля вайны некаторы час канспіравалася (хавалася ў манастыры), пазней працавала ў Мюнхенскім інстытуце вывучэння СССР, займалася пытаннямі рэлігіі і атэізму (бібліяграфія ейных працаў, апублікаваных у 1958-1967 гг., змешчаная ў кнізе Лявона Юрэвіча "Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюза Беларускай Моладзі"). Актыўнага ўдзелу ў беларускім грамадскім жыцці. на эміграцыі не брала, хоць і лічылася сяброўкай БЦР і абіралася дэлегаткай ейных пленумаў. Успамінаў пра сваю дзейнасць у СБМ не пакінула. Памерла 18 лютага 1979 г. у Мюнхене.

Крыніца: Юры Туронак. Людзі СБМ

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!