Гістарычны каляндар
5 студзеня 1104

Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая

Еўфрасіння Полацкая (у міру Прадслава), нарадзілася каля 1104 г. у Полацку ў князеўскай сям'і. Яе бацькам быў малодшы сын Усяслава Чарадзея Святаслаў-Георгі. Усяславава ўнучка з ранніх гадоў уражвала ўсіх сваёй прыгажосцю і здольнасцямі да навукі. У тым часе дзяцінства было кароткае: у дванаццаць гадоў князёўна ўжо лічылася нявестай. Бацькі збіраліся аддаць Прадславу замуж за каго-небудзь з князевічаў, якія прысылалі ў Полацак сватоў, але яна абрала іншы шлях. Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

"Святым духам напоўніўся розум яе,- апавядае "Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай" , напісаны яе сучаснікам, - і сказала сабе "Што ж паспелі роды нашы, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах... Затое жанчыны, што мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды – тых памятаюць на зямлі..."

Святая Еўфрасіння Полацкая
Святая Еўфрасіння. Абраз з Полацкага Богаяўленскага сабора.
Найпадобнейшая Еўфрасіння Полацкая
Найпадобнейшая Еўфрасіння, ігумення полацкая. Гравюра XIX ст. паводле старажытнага абраза.

За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфода. Князёўна вывучала Нестараву "Аповесць мінулых гадоў" і візантыйскія хронікі, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі філасофскія трактаты, у тым ліку, як лічаць гісторыкі, і працы Арыстоцеля і Платона.

Фрэска партрэт Еўфрасінні
Фрэска XII ст. з Спасаўскай царквы ў Полацку. Верагодны партрэт Еўфрасінні.
Маці Божая Адзігітрыя
Маці Божая Адзігітрыя Полацкая, XII ст. Абраз зрабіў вялікі ўплыў на мастацкія традыцыі беларускай іканапіснай школы.

Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння надала, заснаваўшы у Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыюмы. У створаных ігуменняй школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны. З найбольш здольнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы і рыторыцы. Значная ўвага аддавалася гісторыі.


"Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай". Рукапіс XVI ст.

Праз некалькі гадоў полацкі епіскап дазволіў князёўне пасяліцца ў келлі Сафійскага сабора, дзе, як паведамляе "Жыццяпіс", яна "пачала кнігі пісаць сваімі рукамі". Праца перапісчыка была настолькі фізічна цяжкая, што ёю тады займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а таксама перакладала з грэцкай і лацінскай моваў.

Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першаю мецэнаткай. На яе замову полацкі дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ ст. збудаваў за 30 тыдняў храм Спаса - найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы, які захаваўся да нашых дзён. Полацкая князёўна-ігумення была замоўніцай унікальных фрэсак Спасаўскай царквы і створанага полацкім майстрам Лазарам Богшам знакамітага Крыжа, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі. З імем Еўфрасінні звязанае з'яўленне на нашай зямлі прывезенага з Візантыі неацэннага абраза Маці Божай Адзігітрыі, які, паводле царкоўнага падання, быў намаляваны самім апосталам Лукой.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр
Полацак. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Паштоўка пачатку XX ст.

Міратворчыя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваныя ў царкоўных спевах, створаных у гонар асветніцы ў XII ст.: "Князем сродником друг на друга дерзающе подняти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро...".

На схіле жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Святую зямлю. Там у 1167 г. і завяршыўся яе зямны шлях. Асветніца была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы. Праз дваццаць гадоў яе мошчы перанеслі ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 г. яны былі ўрачыста вернутыя ў заснаваны асветніцай Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе захоўваюцца і цяпер.

Хросны ход у Полацку
Пачатак хроснага ходу з мошчамі Еўфрасінні з Мікалаеўскага сабора ў Спасаўскі манастыр. Полацк. Травень 1910 г.

Еўфрасіння стала першай усходне-славянскай жанчынаю, якую праваслаўная царква абвясціла святой. Полацкую ігуменню паводле даўняй традыцыі прызнае святой і каталіцкая царква. Еуфрасіння шануецца як нябесная заступніца Беларускай зямлі. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня (паводле новага стылю).

Паводле У. Арлоў "Краіна Беларусь"

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!