Гістарычны каляндар
19 студзеня

Народнае свята Вадохрышча — апошняе свята каляднага цыклю

Вадохрышча, Хрышчэнне, Кшчэнне, Богаяўлённе, зімовае свята народнага календара, дзень завяршэння Калядаў (19 студзеня н. ст.). У каталікоў пярэдадзень Вадохрышча (6 студзеня) мае назву "Тры каралі". Найбольш яскрава ўвасобіла культ вады. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдані са з'яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы. На Вадохрышча ў храмах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшай рэчкі (у гэты дзень усе вадасвятныя месцы называліся "Ярданямі"), прасякаючы на лёдзе вялікі крыж і фарбуючы яго бураковым сокам у ружовы колер. Пры асвячэнні вады на Усходнім Палессі ставілі кругом маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, а іх галінкі потым падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун. Ліхіх духаў на "Ярдані" адпужвалі таксама стральбою з ружжаў. Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц асвечанай вады, захоўваючы ў доме, як і асвечаныя купальскія зёлкі: яе давалі выпіць хвораму; апырсквалі свойскую жывёлу адразу пасля ацёлу і перад першым выпасам; садовыя дрэвы, калі яны не давалі пладоў; поле перад сяўбою дзеля ўрадлівасці і каб вывесці асот; новую хату перад засяленнем і гаспадарчыя пабудовы; пчальнікі і вуллі; труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка, і выкапаны дол на могілках. Найбольш уздзейнай лічылася вада, узятая з трох, а яшчэ лепей з сямі "Ярданяў", дзеля чаго пасылалі людзей ў розныя месцы. Казалі, хто першы зачэрпне святой вады і вернецца дамоў, той першы збярэ з поля сваю збажыну. Разабраўшы ваду, неслі яе дадому, а потым паілі з палонкі коней. Смельчакі купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Пры адсутнасці рэк ці азёраў бралі ваду з калодзежаў, апусціўшы туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад малочных ведзьмаў. Пяклі крыжыкі з цеста і елі іх. Напярэдадні Вадохрышча сяляне пераварочвалі вазкі і сані, бо ў гэты час нібыта павінны прыходзіць вадзянікі, каб за ўвесь наступны дзень, пакуль асвечаную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. З асвечанай вады ўцякае і чорт, перасяляючыся на вярбу аж да яе асвячэння на Вербніцу.

На Вадохрышча выконвалі розныя магічныя дзеянні і варажылі на гаспадарчыя справы: часалі лён, каб такімі ж гладкімі былі цяляты; лавілі шапкамі і хвартухамі падкінутую жменю гароху і па злоўленых гарошынах разлічвалі на колькасць ягнятаў, што народзяцца сёлета; па дыме ад запаленай лучыны меркавалі, адкуль на весну трэба чакаць прылёту пчаліных раёў і, адпаведна, у які бок разварочваць вуллі; раскідвалі перад вадзяной куццёю па чатырох баках хаты жытнёвае зерне на багаты ўраджай. Варожачы на суджанага, пералічвалі калы ў плоце ("кол, каліца..."); з куццёю ў роце беглі на вуліцу і пыталіся ў першага стрэчнага імя. Існавала шмат прадказанняў будучага надвор'я і ўраджаю. Калі на Вадохрышча сцюдзёна - у жніво будзе вельмі горача; хрышчэнскі снег абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. Калі на В. было цёпла, спадзяваліся, што густа ўзыдзе збажына. Воблачнае Вадохрышча прадказвала добры год, а калі на небе чыста, то і ў засеках будзе чыста. Малады снег, што выпаў у хрышчэнскую раніцу, лічыўся добрым сродкам адбельвання палатна і лямцавання сукна. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета: "Трэшчы - не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!"

    Літаратура:

  1. Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Мн., 1998. С. 372-380
  2. Толстая С. М. Полесский народный календарь: Материалы к этнодиалектному словарю: К-П // Славянский и балканский фольклор. 1986.
  3. Духовная культура Полесья на общеславянском фоне. М., 1986. С. 179-196.

Уладзімір Васілевіч
Крыніца:Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік./ С.Санько [і інш]; склад. І.Клімковіч. - 2-е выд., дап. - Мн.: Беларусь, 2006. - 599с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!