Нарадзіўся Сяргей Бусел
Бусел Сяргей Нічыпараў (1901-пасьля 1939), беларускі нацьюнальны дзяяч. Ураджэнец в. Сухаўшчына Быстрыцкай вол. Слуцкага пав.
![]() |
| Сябра Беларускае Рады Случчыны Сяргей Бусел 1920-я гг. |
Пасьля сканчэньня Раманаўскай вышэйшай пачатковай вучэльні (1916) у жніўні 1917 г. паступіў у Слуцкую агульную земскую (беларускую) гімназію. Адзін зь лідэраў таварыства "Папараць-Кветка", актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацьюнальным руху. 3 1918 г. у складзе БПСР, уваходзіць у склад яе Слуцкага павятовага камітэту. Падчас польска-савецкай вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Часовага Беларускага нацьюнальнага камітэту Случчыны. Удзельнік партыйных зьездаў БПСР у сакавіку і кастрычніку 1920 г. у Смаленску і Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага зьезду Случчыны 14-15 лістапада 1920 г. Падчас антыбальшавіцкага збройнага чыну на даручэньне старшыні Беларускай Рады Случчыны Ўл. Пракулевіча прымаў чынны ўдзел у фармаваньні Першай Слуцкай брыгады войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў м. Семежава. Пасьля зьліквідаваньня збройнага чыну - у складзе аднаго з аддзелаў БВК, пад прыкрыцьцём мандату рэвідэнта БВК па культурна- асьветных справах праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод беларускіх сялянаў Гарадзеншчыны і жаўнераў беларускага батальёну ў Лодзі. Пасьля скасаваньня палякамі БВК у 1921 г. пераяжджае ў Вільню, дзе знаходзіцца на паўлегальным становішчы, выконваючы заданьні Загранічнага бюро БПСР. Пазьней, каб пазьбегнуць арышту, перабіраецца ў Коўна (Літва), нейкі час працуе ўтамтэйшым Прадстаўніцтве БНР і Міністэрстве беларускіх справаў. У 1922 г., па рэкамэндацыі Ўраду БНР і пэрсанальна Вацлава Ластоўскага едзе вучыцца ў Прагу-Чэскую, у Вышэйшую тэхнічную школу. Падчас навучаньня на агранамічным факультэце актыўна ўдзельнічае ў нацыянальным жыцьці беларускай эміграцыі: блізка сыходзіцца з Т. Грыбам, Я. Мамонькам, П. Бадуновай, М. Чарнецкім, уваходзіць у Загранічнае бюро БПСР, актывіст эсэраўскай студэнцкай арганізацыі "Вольная Грамада". У 1929 г. пасьля заканчэньня навучаньня ды атрыманьня дыплёму агранома вяртаецца ў Вільню, намагаецца ўзнавіць мясцовую суполку беларускіх эсэраў, адзін час блякуецца з Цэнтрабелсаюзам А. Луцкевіча і Р. Астроўскага, потым перапыняе з гэтаю групоўкаю кантакты, выяўляючы сваю рэзкую пазыцыю да палітыкі польскіх уладаў, у прыватнасьці, да прыхільнікаў палітычнага рэжыму Ю. Пілсудзкага. Удзельнічаў у працы Белнацкаму ў Вільні, супрацоўнічаў з часопісам "Золак". У кастрычніку 1939 г., з прыходам у Вільню бальшавікоў, разам з А. Луцкевічам, Я. Пазьняком, Ул. Самойлам, А. Нэканда-Трэпкам, В. Багдановічам ды інш. быў арыштаваны НКВД і пазьней вывезены ў СССР. У лютым 1940 г. прыгавораны да 15 гадоў канцлягераў. Іншых зьвестак ня выяўлена.
Жыве Беларусь
Дэўлінскае перамір'е паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, паводле якога да Вялікага княства Літоўскага адышло 29 гарадоў, у тым ліку землі Смаленшчыны з гарадамі Белы, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб, Трубчэўск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў і інш.…
Пачалася эксплуатацыя першай чыгункі на тэрыторыі Беларусі, яна звязала Гродна з Парэччам і была часткаю Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі…
Гісторыя - настаўніца жыцьця
Historia magistra vitae
(Марк Тулій)
Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць
(Напалеон Банапарт)
