Нарадзіўся Васіль Русак
Русак Васіль Максімаў (1896- пасьля 1946), беларускі нацыянальны дзяяч, прадпрымальнік, ураджэнец в.Ячава Слуцкае воласьці. Удзельнік Першае сусьветнае вайны з жніўня 1915 г., ваяваў на Паўночным фронце.
![]() |
| Васіль Русак. Прага, канец 1930-х гг. |
Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. увайшоў у Беларускую сацыялістычную грамаду, адзін зь лідэраў Беларускае рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага зьезду ў Віцебску ды Ўсебеларускага зьезду ў Менску ў сьнежні 1917 г. У пачатку 1918 г. працуе ў Беларускім камітэце Воршы, пазьней вяртаецца на радзіму, уключаецца ў дзейнасьць культурніцкай арганізацыі "Папараць-Кветка". 3 траўня 1918 г. у БПСР, уваходзіць у ейны ЦК. Увосень таго ж году арыштаваны немцамі як "беларускі сацыяліст" і кінуты ў вастрог, пасьля вызваленьня ў сьнежні - адзін з арганізатараў "Саюзу абароны краю". 3 прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павету як выбраны ад сялянства, адначасова ня кідаючы нацыянальна-культурнай працы. У сакавіку 1919 г. арыштаваны бальшавікамі, але празь месяц без выстаўленьня абвінавачаньня выпушчаны зь вязьніцы пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Атрымаўшы волю, усё лета хаваўся ад "чрэзвычайкі" па сялянскіх хатах. Пад-час польска-савецкай вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту, кіраваў беларускім хорам "Папараць-Кветкі", разам зь ейнаю драматычнаю дружынаю езьдзіў па павеце са спэктаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псэўданімам Базыль Карусь. У ліпені 1920 г., з чарговым вяртаньнем бальшавікоў, мабілізаваны ў чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920 г. падчас зьезду Случчыны абраны ягоным старшынём, увайшоў у склад прэзыдыюму Беларускае рады Случчыны. Пасьля ліквідацыі Слуцкага паўстаньня быў прызначаны лектарам Беларускае вайсковае камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёну БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павету. Ратуючыся ад польскае дэфэнзывы, у траўні 1922 г. пераехаў у Коўна (Літва), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, зьвязаны зь літоўскімі стралецкімі арганізацьшмі. У канцы 1922 г. з рэкамэндацыі прадстаўніцтва Беларускай Незалежнай Рэспублікі у Коўне выяжджае на вучобу ў Чэха-Славаччыну, дзе ўвосень 1923 г. паступае ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. Падчас вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускай эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб'яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асьветным таварыстве імя Ф.Скарыны, супрацоўнічае з часапісам "Перавясла" ды інш. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі застаецца жыць у Празе, узяўшы шлюб з чэскаю дзяўчынай, пасьпяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 г. узначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы на францускай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народу. У 1934 г. выдаў на лацінцы "Bielaruski spieunik", фундаваў выданьне часапісу "Iskry Skaryny". У 1936 г. разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-украінскі фэст народнае песьні. Улетку 1939 г. выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру "Bielarus - Weissruthenien" з этнаграфічнаю мапаю Беларусі. У 1941 г. паводле асабістага праекту з дапамогаю А. Жука выдаў паштоўкі з Пагоняю, які спалучаў беларускага "вершніка" й імянны знак Ф.Скарыны (сонца з маладзіком). Падчас фашыстоўскай акупацыі ў Празе хаваў у сябе дзьве жыдоўскія сям'і. Вышуканы і арыштаваны савецкаю контарвыведкаю "СМЕРШ" 2 чэрвеня 1945 г. "у сувязі з тым, што падчас знаходжаньня ў эміграцыі падазраваўся ў правядзеньні варожай Савецкаму Саюзу дзейнасьці". Асуджаны 29 ліпеня 1946 г. Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускай вайсковай акругі на 10 гадоў канцлягеру. Іншых зьвестак ня выяўлена.
Жыве Беларусь
Менск (Мінск) — сталіца Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласці і Менскага раёну. Горад зьяўляецца палітычным, эканамічным, сацыяльным, транспартным, культурным і навуковым цэнтрам рэспублікі.…
Гісторыя - настаўніца жыцьця
Historia magistra vitae
(Марк Тулій)
Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць
(Напалеон Банапарт)
