Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Расстраляны Андрэй Бараноўскі
Бараноўскі Андрэй Юльянаў (1895-1938), дзяяч беларускага нацыянальнага руху. Ураджэнец засьценку Вялікія Машыцы Слуцкага павету. Паходзіў з дробнае вясковае шляхты. Скончыў Слуцкую праваслаўную духоўную вучэльню (1913), у 1914 г. здаў экстэрнам іспыт на званьне настаўніка. У траўні 1915 г. мабілізаваны ў расейскае войска, служыў пісарам, потым справаводам. Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. вярнуўся ў родную вёску. У 1918 г., падчас нямецкае акупацыі, працаваў на гаспадарцы. 3 прыходам бальшавікоў у 1919 г. працаваў у Слуцкім ваенным камісарыяце справаводам. 3 пачаткам польска-савецкае вайны, вясною 1919 г., разам з павятовым ваенным камісарыятам эвакуяваўся ў г. Рослаўль Смаленскай губэрні, там пазнаёміўся з Палутай Бадуновай, якая як прадстаўніца беларускіх эсэраў накіроўвалася ў Маскву на перамовы з бальшавікамі. Пад яе ўплывам уступае ў БПСР і разам зь ёю едзе ў Маскву. Пазьней на заданьне партыі вяртаецца на Случчыну, дзе актыўна ўключыўся ў беларускую нацыянальную працу, адзін з ініцыятараў узнаўленьня Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту. Пасьля сканчэньня Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў (1920) выкладаў беларусазнаўства ў слуцкіх школах, як інструктар (рэвідэнт) нацьшнальна-арганізацыйнай і культурна-асьветнай справы Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску па Слуцкім павеце ствараў беларускія школы, культурніцкія арганізацыі і каапэратывы. Адзін з кіраўнікоў таварыства "Папараць-Кветка", узначальваў працу яго драматычнай дружыны, рэдагаваў газэту "Наша Каляіна". Быў прыхільнікам супрацоўніцтва з бальшавікамі. Пасьля ўзнаўленьня ў павеце савецкай улады ў ліпені 1920 г. загадвае школьным аддзелам Слуцкага рэўкаму. У канцы 1921 г. у ліку іншых сяброў БПСР арыштаваны ГПУ і амаль месяц знаходзіўся ў вязьніцы. У пачатку 1922 г. зноў арыштаваны па справе беларускіх эсэраў. У першай палове 1920-х гг. жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам беларусазнаўства, інспэктарам акруговага аддзелу народнай адукацыі, кіраўніком драматычнае сэкцыі. Разам зь Міколам Касьпяровічам ды Алесем Акулікам у 1923 г. арганізаваў у горадзе першую канфэрэнцыю па беларусазнаўстве, а ў ліпені - агульнаадукацыйныя курсы, на якіх выкладалі Якуб Колас, Юрка Лістапад ды інш. Пасьля сканчэньня Менскіх вышэйшых курсаў беларусазнаўства (1924) накіраваны выкладаць у Аб'яднаную Беларускую вайсковую школу (АБВШ) у Менску, адначасова працуе ў ваеннай камісіі Інбелкульту па складаньні беларускае вайсковае тэрміналёгіі, статутаў ды іншае літаратуры. Адзін з удзельнікаў ліквідацыйнага зьезду партыі беларускіх эсэраў у 1924 г. У 1930 г. пазбаўлены працы ў АБВІМ. Вясною 1932 г. цяжка захварэў. У 1933 г. - тэхнік па эксплюатацыі ў Белдзяржтрансе, выкладаў у "Аўтадоры", з 1934 па 1938 гг. - мэханік у геадэзічнай майстроўні Наркамату земляробства. Арыштаваны 26 студзеня 1938 г. па інкрымінаванай справе ў контаррэвалюцыйнай ды антысавецкай працы на Случчыне і ў Менску ў 1920-я гг. Асуджаны камісіяй НКВД ды Пракуратуры СССР да найвышэйшае меры пакараньня. Расстраляны 1 верасьня 1938 г. у Менску, магчыма, у Курапатах. Рэабілітаваны 4 лютага 1960 г. "з-за адсутнасьці складу злачынства". Заяву аб рэабілітацыі падавала ягоная жонка Янчук Аляксандра Іванаўна, былая акторка-аматарка драматычнае дружыны "Папараць-Кветкі". Яна прасіла таксама вярнуць ёй некаторыя рэчы, забраныя пры арышце. Сярод іх: фотаапарат (А. Бараноўскі быў вялікім аматарам фотасправы), выданьне "Малой Советской Энциклопедии".