Гістарычны каляндар
2 лютага 1838 г.

Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі (1838 - 1864) - першы беларускі рэвалюцыйны дэмакрат, мысліцель, паэт, публіцыст, кіраўнік паўстання 1863 - 1864 гг. на Беларусі і ў Літве. Нарадзіўся ў сям'і беззямельнага шляхціца, уласніка невялікай ткацкай фабрыкі. Ён вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, з якой выйшлі многія знакамітыя вучоныя і дзеячы культуры, вядомыя далёка за межамі Беларусі. Пасля дадатковай самападрыхтоўкі юнак накіраваўся ў Маскву з мэтай стаць студэнтам універсітэта, дзе ўжо вучыўся яго старэйшы брат Віктар. У 1856 г. браты пераехалі ў Пецярбург, дзе Канстанцін вытрымаў уступныя экзамены і быў залічаны студэнтам юрыдычнага факультэта Пецярбургскага універсітэта. У гады вучобы ён пазнаёміўся з рэвалюцыйнай публіцыстыкай "Колокола" і "Современніка", актыўна ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў членам рэвалюцыйнага гуртка Серакоўскага. Дыплом кандыдата права Канстанцін Каліноўскі атрымаў у 1861 г., якраз калі быў падпісаны закон аб адмене прыгоннага права. Грабежніцкі характар рэформы 1861 г. выклікаў хвалю сялянскіх выступленняў. У такіх умовах Каліноўскі вяртаецца на радзіму, дзе ўключаецца ў падрыхтоўку паўстання.

К лету 1862 г. Кастусь Каліноўскі разам з В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім пачалі выдаваць першую ў краіне рэвалюцыйна-дэмакратычную газету "Мужыцкая праўда", адрасаваную непасрэдна сялянству. Выходзіла яна на беларускай мове ад імя "Яські, гаспадара з-пад Вільні". Усяго ў свет выйшла сем нумароў.

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі
Фота А. Банольдзі 1862 г.

У нацыянальна-вызваленчым руху супраць царызму напярэдадні і ў час паўстання 1863 - 1864 гг. у Польшчы, на Беларусі і ў Літве існавалі дзве плыні: буржуазна-памешчыцкая і дэмакратычная.

"Белыя" (буржуазна-памешчыцкая плынь) складаліся: ў Польшчы з буйной і сярэдняй шляхты, гандлёва-фінансавай буржуазіі, на Беларусі і ў Літве - пераважна з памешчыкаў. Выступалі супраць узброенага паўстання, не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне беларусаў, украінцаў, літоўцаў, патрабавалі аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і ў сваёй дзейнасці арыентаваліся на Захад.

Склад "чырвоных" (дэмакратычная плынь) быў вельмі неаднародны. Сюды ўваходзілі мала- і беззямельная шляхта, афіцэры, студэнты, ремеснікі, дробрыя чыноўнікі, разначынная інтэлігенцыя. Па сваіх палітычных поглядах "чырвоныя" падзяляліся на два крылы: правае (памяркоўныя "чырвоныя"), якія не патрабавалі радыкальнага вырашэння аграрнага пытання і выказваліся за кампенсацыю памешчыкам за зямлю, калі тая пяройдзе да сялян, хісталіся паміж прызнаннем правоў беларускага, украінскага, літоўскага народаў на самастойнае развіццё і імкненнем да аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., і левае (рэвалюцыянеры-дэмакраты), якія выступалі за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, права народаў на самавызначэнне, саюз народаў у барацьбе з самадзяржаўем.

Падрыхтоўку і кіраўніцтва ўзброеным паўстаннем на Беларусі і ў Літве ўзначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт. Ён быў створаны летам 1862 г. у Вільні. Актыўны ўдзел у яго арганізацыі прынялі Звяждоўскі, Каліноўскі, Вярыга, Длускі, Чаховіч. 3 пачаткам паўстання ў Польшчы Літоўскі правінцыяльны камітэт 1 лютага 1863 г. абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і звярнуўся да насельніцтва з адозвай падтрымаць паўстанне ў Польшчы. 3 першых дзён існавання Часовы ўрад, у якім кіруючая роля належала Каліноўскаму, узяў курс на аграрную рэвалюцыю, што выклікала процідзеянне "белых", якія ў хуткім часе захапілі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі. Часовы правінцыяльны ўрад быў распушчаны, а замест яго ўтвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Няўдачы паўстанцаў, жорсткія ўрадавыя рэпрэсіі, адсутнасць дапамогі з Захаду, на якую разлічвалі кіраўнікі руху, поўнасцю дэмаралізавалі Аддзел кіраўніцтва, паказалі яго бездапаможнасць. У жніўні 1863 г. яго кіраўнікі былі арыштаваны.На чале паўстання ў другі раз стаў Кастусь Каліноўскі. Былі зроблены захады ажывіць паўстанне, ператварыць яго ва ўсенародны рух з апорай на сялянства. Аднак дасягнуць гэтай мэты не ўдалося.

Буйную перамогу над царскім войскам беларускія паўстанцы атрымалі ў бітве пад Мілавідамі (Гродзенская губерня), у якой удзельнічала каля 800 паўстанцаў. Супраць іх было накіравана пяць рот салдат. Паўстанцам удалося атрымаць перамогу, але замацаваць поспех яны не змаглі і непрыкметна пакінулі лагер.

Падаўленнем паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы кіраваў новы віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Царскі урад рукамі Мураўёва, які атрымаў прозвішча "вешальніка", жорстка расправіўся з удзельнікамі паўстання.

Паводле афіцыйных даных, на Беларусі і ў Літве было пакарана смерцю 128 паўстанцаў, каля 12 тыс.чалавек высланы за межы радзімы на катаргу і пасяленне ў Сібір. Кіраўнік паўстання пражыў кароткае жыццё, усяго 26 гадоў.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!