Гістарычны каляндар
16 лютага 1895 г.

Нарадзіўся Францішак Кушаль

Кушаль Францішак Вінцэнтавіч (16 лютага 1895 г., вёска Пяршаі Мінскага павета, цяпер Валожынскі раён - май 1968 г.), дзеяч беларускага нацыянальнага руху, вайсковец. Скончыў Віленскае пяхотнае вучылішча (1916 г.). У Першую сусветную вайну ваяваў на Заходнім фронце, быў камандзірам узвода, роты, штабс-капітанам. За распаўсюджанне беларускіх лістовак і літаратуры у 1919 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі. У 1919-1921 гг. уваходзіў у Беларускую вайсковую камісію. З 1922 г. на службе ў польскім войску.

У пачатку Другой сусветнай вайны Францішак Кушаль ўдзельнічаў у баях супраць гітлераўцаў у раёне Львова, камандзір батальёна. 22 верасня 1939 г. быў інтэрніраваны ў СССР, знаходзіўся ў Старабельскім лагеры ваеннапалонных (Варашылаўградская, цяпер Луганская вобл.), потым у Бутырскай турме ў Маскве. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, са снежня 1941 г. быў начальнікам падафіцэрскай беларускай школы паліцыі ў Мінску. З ліпеня 1942 г. у Беларускай самаахове, кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, галоўны вайсковы рэферэнт. У снежні 1943 г. Кушаль уведзены ў склад Беларускай цэнтральнай рады і прызначаны начальнікам аддзела вайсковых спраў. З сакавіка 1944 г. шэф галоўнага камандавання Беларускай краёвай абароны, маёр. Удзельнічаў у выданні часопіса "Беларус на варце".

Пасля вайны Францішак Кушаль жыў у эміграцыі ў Германіі і ЗША. У Германіі ўдзельнічаў у стварэнні брыгады "Беларусь" (1945 г.), заснаваў Аб’яднанне беларускіх ветэранаў (1947 г.). У 1952-1954 гг. узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне, удзельнічаў у выданні яго газеты "Беларус". Стаў адным з заснавальнікаў эміграцыйнай газеты "Бацькаўшчына". Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях ваеннай гісторыі Беларусі.

Творы:

  • Няздзейсненыя спадзяванні // Бел. моладзь. 1964. № 21;
  • Падрэзаныя крылы // Тамсама. № 22;
  • Сорак два гады таму: (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну) // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі. Мн., 1994.

Аляксей Літвін.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!