Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Леў Сапега
Леў Сапега (4 красавіка 1557 - 7 ліпеня 1633) - палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат і мысляр. У розны час займаў пасады каралеўскага сакратара, пiсара вялікага літоўскага, падканцлера, а потым і канцлера ВКЛ, віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага.

Канцлер Леў Сапега. Алейны партрэт XVII ст.
Леў Сапега паходзіў з старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога былі на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер нашай дзяржавы нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. у вёсцы Астроўна (цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці). Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны. Тым часам Нясвіж быў адным з культурных цэнтраў Княства. Высокім узроўнем адукацыі славілася адчыненая Радзівіламі школа. Якраз тады ў тамтэйшай друкарні філосаф і асветнік Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Мікалай Ралзівіл Чорны вызнаваў кальвінізм, але пры ягоным двары панавала талеранцыя, што назаўсёды заклала ў душу і розум Сапегі непрыняцце рэлігійнага фанатызму.
Схільнасць да навук, выдатныя здольнасці і вольнае валоданне некалькімі мовамі спрыялі таму, што князь Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам са сваімі сынамі вучыцца ў Ляйпцыгскі універсітэт. Там Сапега вывучаў гісторыю, філасофію і права. Са сцен альма-матэр ён выйшаў ужо добра і ўсебакова падрыхтаваным да палітычнай дзейнасці. Адукаванасцю і бліскучым веданнем лацінскае мовы Сапега ўразіў вялікага князя і караля Сцяпана Батуру. З парады сваіх апекуноў Радзівілаў малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага Княства, якое пасля Люблінскай вуніі 1569 г. вымушанае было пайсці на небяспечнае збліжэнне з Польшчай.

Ружаны. Фамільная маёмасць князёў Сапегаў. Малюнак Напалеона Орды XIX ст.
У няпоўныя дваццаць тры гады ён ужо займаў пасаду сакратара Княства. Адданы патрыёт, Сапега вёў паспяховую палітыку, накіраваную супроць імкнення Кароны да поўнай гегемоніі над Вялікім Княствам. Умацаванню становішча Сапегі паспрыяў ягоны ўдзел у Лівонскай вайне. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову.
Пасля вайны Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову, паводле якой цар мусіў вярнуць Полаччыну і Інфлянты. Гэта была вялікая дыпламатычная ўдача. На радзіме кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і канцлерам - другім чалавекам у дзяржаве, які выконваў функцыі міністра ўнутраных і замежных спраў. У 1600 зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе з расейскім царом Барысам Гадуновым было падпісана чарговае мірнае пагадненне на 20 гадоў.
Леў Сапега кіраваў падрыхтоўкаю III Статута нашай дзяржавы. Прыняцце ў 1588 г. гэтага самага прагрэсіўнага на той час у Еўропе збору феадальнага права было бліскучай палітычнай перамогаю Сапегі. Статут аніяк не спрыяў зліццю Вялікага Княства з Каронай, бо меў артыкулы пра самастойнасць Княства ў складзе Рэчы Паспалітай і забараняў палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Новы збор законаў быў выдадзены пад асабістым наглядам Сапегі, з яго прадмовамі і ягоным коштам.
![]() Кодэкс, паводле якога дзейнічаў Трыбунал Вялікага Княства. Тытульны аркуш. Вільня 1586 г. |
![]() Герб Льва Сапегі на старонцы III Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. |
Канцлер, хоць і вызнаваў каталіцтва, быў прыхільнікам вуніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, якая, на ягоную думку, закліканая была ўмацаваць дзяржаву. У сваіх лістах да полацкага вуніяцкага арцыбіскупа (архіепіскапа) Язафата Кунцэвіча Сапега ня раз перасцерагаў уладыку ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да праціўнікаў вуніяцтва.
Пад канец жыцця Леў Сапега некалькі гадоў быў вялікім гетманам. I тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым военачальнікам, але і чалавекам, які інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсе іншыя. Калі на Княства напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.
Значныя заслугі Сапега мае і як мецэнат, што дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Рупнасцю Сапегі былі спарадкаваныя і перапісаныя некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі - архіва дзяржавы, які ёсць неацэннай гістарычнай крыніцай. Перад сконам, які падышоў у 1633 г., наш выдатны суайчыннік шчодра адарыў зафундаваныя родам Сапегаў храмы і быў пахаваны ў адным з іх - віленскім касцёле Святога Міхала.






