Гістарычны каляндар
8 верасня 1514 г.

Бітва пад Воршай

Пачатак шаснаццатага стагоддзя быў асабліва цяжкі для нашай дзяржавы. Яна ўжо каля двух дзесяткаў гадоў знаходзілася ў стане вайны з Масквой. Да гэтага часу былі страчаныя многія землі на Браншчыне і ўсходняй Гомелыпчыне. А ў ліпені 1514 года капітуляваў Смаленск.

Каб замацаваць свой поспех, маскоўскі валадар Васіль III паслаў вялізнае войска ўглыб Беларусі - на Амсціслаў, Менск. Аднак насустрач яму ўжо рухалася наша армія і дапаможны польскі корпус. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары быў пры сваім войску. Праўда, валадар дзяржавы не імкнуўся кіраваць ваеннымі дзеяннямі. Як чалавек разважлівы, ён выправіў наперад трыццаць тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам найвышэйшага гетмана Кастуся Астрожскага.

Канстанцин Астрожски
Найвышэйшы гетман Кастусь Астрожскі.

27 жніўня 1514 года Астрожскі барысаўскім шляхам падышоў да Бярэзіны і сустрэў на яе левым беразе пешыя маскоўскія палкі, што ішлі ў бок Менска. Пад прыкрыццём гармат і рушніцаў нашы ваяры пераправіліся цераз раку і адразу ўступілі ў бітву, а затым і разграмілі ворага. На наступны ж дзень авангард Астрожскага разбіў маскоўскую старожу на берагах Бабра, а 1 верасня - на Друці.

Ваяводы Васіля III, не ведаючы напачатку сапраўднай колькасці нашых войскаў, адвялі свае сілы за Дняпро, каб даць генеральную бітву на зручным для сябе месцы. Восемдзесят тысяч маскоўскіх ратнікаў занялі пазіцыю на ўзгорках непадалёку Воршы, на захад ад рэчкі Крапіўны, паміж вёскамі Шугай лава і Рукліна. Галоўны ваявода Іван Чаляднін размясціў свае палкі трыма выцягнутымі лініямі, пакінуўшы наперадзе прастору для Астрожскага. Гэта была ідэальная пастка для праціўніка, які рызыкне пераправіцца цераз Дняпро - за спіной і на флангах лука ракі, а па фронце ўзвышалася сцяна маскоўскіх ратнікаў.

7 верасня нашыя войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу навідавоку, пад лучным боем, не выпадала. Былі б вялікія страты, да таго ж маскоўскія ваяводы зразумелі б, што людзей у Астрожскага амаль утрая меней.

Каб заблытаць праціўніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замка. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і пачалі перапраўляцца цераз раку па ўзведзеным наплыўным мосце каля вёскі Пашына. Вядома, на світанку рух палкоў-харугваў быў заўважаны, але Чаляднін не пачынаў атакі. Ён чакаў, калі наша войска пераправіцца цалкам, каб адным разам знішчыць яго і гэтым пераможна скончыць вайну. "Пачакаем, пакуль пераправяцца ўсе, - заявіў саманадзейны масковец, - бо нашы сілы нагэтулькі вялікія, што мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як жывёлу, да самой Масквы".

А тым часам Кастусь Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнявой зброяй. Вершнікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымалі палкі конніцы з лягчэйшым узбраеннем. Аднак менавіта на правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад аслонай пяхоты артылерыю.

Бітва пад Оршай
Кастусь Астрожскі ў Аршанскай бітве. Фрагмент тагачаснай карціны

Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі вольна рушыў шыхты вершнікаў, быццам правакуючы праціўніка. Гэта падзейнічала на маскоўцаў, і яны пайшлі ўперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым краі. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход змагання на гэтым участку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі ды цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых адказных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы ваяроў прыкладам і словам: "Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!". Выдатна праявілі сябе і іншыя камандзіры - Юрай Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі.

Аршанская бітва
Схема Аршанскай бітвы 1514 года

Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя сечай каля Шугайлава, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Войска Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачало адступаць да лесу. Вось ён, жаданы час перамогі! - думалі маскоўцы. Але нечакана "ўцекачы" расступіліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор рабілі ў іх шчыльных шэрагах жахлівыя спусташэнні. Быццам віхор клаў лес. I маскоўскае войска паказала спіны, ратуючыся роспачнымі ўцёкамі. А за ўцекачамі, секучы, колючы, дратуючы, рушыла наша імклівая конніца. Асабліва лютая сеча была на Крапіўне. Як сцвярджалі тагачаснікі, скрываўленая рэчка запаволіла свой бег ад мноства целаў чужынцаў.

Беларускія жаўнеры
Пераправа беларускай артылерыі цераз Дняпро на Аршанскае пабаявішча

"И бысть неспособие Божие москвичам" - бедаваў потым маскоўскі летапісец. Ды такое "неспособие", што каля паловы войска Васіля III лягло на аршанскіх палях, патапілася ў Дняпры і Крапіўне. Нашы ж страты налічвалі меней за паўтысячы забітымі. У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, агняпальная зброя, усе баявыя сцягі. 20 тысяч захопленых коней і палову абозу Астрожскі загадаў раздаць сваім ваярам. Сярод больш як пяці тысяч палонных былі і амаль усе ваяводы, у тым ліку сам Іван Чаляднін.

Аршанская перамога тым разам не вярнула Вялікаму Княству Літоўскаму захопленага Смаленска. Але яна стала яскравай старонкай беларускай ваеннай гісторыі. Заняла адно з першых месцаў у шэрагу бліскучых трыумфаў нашай зброі.

Больш як у 60 бітвах перамагаў Кастусь Астрожскі, але Ворша была найслаўнейшай. Тут найболып праявіўся яго палкаводчы геній. Тут напоўніцу было скарыстанае ўменне адпаведна сілам праціўніка паставіць уласныя шыхты, нанесці ўдары ў патрэбным кірунку, навязаць ворагу сваю тактыку. Гетман ужыў фактар нечаканасці, максімальна выкарыстаў моц агняпальнай зброі ў вырашальны момант і асабістай мужнасцю натхняў ваяроў на гераічны чын.

Вестка пра Аршанскую перамогу разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна трапіла на старонкі многіх хронік і летапісаў. У двары тамтэйшых валадароў павезлі вяльможных палонных маскавітаў. Амаль адразу пасля падзеяў пад Воршай невядомы мастак намаляваў каляровую карціну. Мяркуючы па незвычайнай падрабязнасці выканання, ён быў на той бітве, ці карыстаўся кансультацыямі яе ўдзельнікаў. На вялікім палатне адначасова паказаны розныя эпізоды бітвы - ад яе пачатку да ўцёкаў маскоўцаў. Кастусь Астрожскі таксама змешчаны ў трох ключавых месцах пабаявішча. А над нашымі войскамі трапечуцца бел-чырвона-белыя сцяжкі-прапары.

Пазней, пасля таго як наша краіна страціла незалежнасць, акупанты 200 гадоў рабілі ўсё магчымае, каб народ забыўся на Воршу. А народ памятаў і спяваў:

Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Селецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае нарады зазываюць.
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
Ані з поля, ані з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзелю параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы.
Гучаць разам з самапалаў,
3 сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці,
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
"Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала.
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету".
Слава Воршы ўжо ня горша.
Слаўся, пан Астрожскі!

Чарняўскі М.
Дзесяць бітваў. - Вільня: Наша Будучыня, 2004. - 64с

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!