Гістарычны каляндар
3 лістапада 1661

Перамога ў бітве пад Кулішкамі

З прыходам падмацаваняў пад Кушлікі Жаромскі ды Чарнецкі з палкоўнікамі правялі вайсковую нараду і пастанавілі першую ж ноч граміць Хаванскага. Планавалася, што за дзве гадзіны да світання ўся конніца і пяхота правага крыла на чале з маршалкам Жаромскім заатакуе маскоўскі абоз з фронту, а Чарнецкі са сваёй пяхотай і конніцай левага крыла наляціць з тылу. Аднак уначы з 3 на 4 лістапада атаку давялося на якую гадзіну адкласці, бо пяхота Чарнецкага была яшчэ не гатовая да бою. Калі ўжо пачынала развіднець, высветлілася, што маскоўскае войска выходзіць са свайго абозу, каб адступіць да Полацка. Тады маршалак Жаромскі адразу ж загадаў атакаваць. Конніца імкліва панеслася да апусцелага абозу непрыяцеля і праз густы туман не адразу прыкмеціла небяспеку, пакуль па ёй проста ва ўпор не адкрылі страляніны, прыладзіўшыся да рагацінаў, маскоўскія пяхотнікі. Каб адагнаць іх, спатрэбіўся агонь сваёй пяхоты. Магутным націскам харугвы канфедэратаў і Чарнецкага двойчы спынялі рух усёй групоўкі Хаванскага і прымушалі яе адбівацца, а на трэці раз абарона маскоўскага войска была канчаткова зламана. Паводле словаў удзельніка той сечы Яна Пачабута-Адляніцкага, "нашы без разбору накінуліся на іх, змяшалі і ...разарвалі іх шэрагі ды, на шаблі ўзяўшы, гналі іх, сякучы і забіваючы, да самага Полацка" [23, s.164]. Сам Хаванскі дабег да Полацка і стаў за Палатою "с небольшими людми". Адзін рэйтар прыімчаўся ў Невель, дзе распавёў царскаму ваяводу пра ўсё, што здарылася, а два чалавекі на пяты дзень з'явіліся ажно ў Вялікіх Луках, дзе таксама паведамілі, што над Кушлікамі царскіх "служилых людей иных посекли и поранили, и... казну, порох и свинец, и наряд взяли и обоз весь разорили" [5, т.3, с.455].

Гэта быў поўны разгром арміі Хаванскага. У рукі пераможцаў трапіла больш за сотню баявых штандараў непрыяцеля, 5 татарскіх бунчукоў, мноства гарматаў і нават славуты абраз Багародзіцы, які быў пры ваяводу Нашчокіну. Сам Нашчокін, паранены, выйшаў праз лясы да Полацка праз чатыры дні пасля бітвы. Сын жа баярына і ваяводы Пётра Хаванскі патрапіў у палон. Сярод палонных было яшчэ 8 палкоўнікаў, больш дзесяці ротмістраў, многа іншых афіцэраў - агулам блізу 400 чалавек

Крыніца: Г. Сагановіч - "Невядомая вайна: 1654-1667"

Увесь спіс падзей