Гістарычны каляндар
4 лістапада 1887

Нарадзіўся Цішка Гартны

Цішка Гартны, сапраўднае імя Жылуновіч Зміцер Хвёдаравіч, дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, дзяржаўны дзеяч БССР, гісторык, пісьменнік, публіцыст.

Цішка ГартныНарадзіўся 4 лістапада 1887 года ў мястэчку Капыль, пад Менскам у сялянскай сям'і. Там жа скончыў пачатковую школу і працаваў у гарбарнай майстэрні. Займаўся рэвалюцыйнай і палітычнай дзейнасцю, удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг., працаваў у мясцовай арганізацыі РСДРП. Удзельнічаў у стварэнні Беларускай ССР, з’яўляецца аўтарам маніфесту аб яе абвяшчэнні. Праводзіў прапагандысцкую дзейнасць сярод беларусаў-бежанцаў у Расеі, працаваў палітрабтнікам у штабе арміі. Пасля кастрычніцкага перавароту стаў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР.

Акрамя таго актыўна займаўся гістарычнай і публіцыстычнай дзейнасцю, праявіў сябе як пісьменнік. Некаторы час з’яўляўся галоўным сакратаром, загадчыкам выдавецкага адзела Белнацкама. Рэдактар першай савецкай газеты на беларускай мове "Дзянніца" (1918). Працаваў рэдактарам і сакратаром газеты "Красная заря" у Харкаве, рэдактарам газеты "Савецкая Беларусь", часопіса "Полымя", дырэктарам Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. З 1934 г. член Саюза пісьменнікаў БССР і прэзідыума Інбелкульта.

Займаўся навуковай і гістарычнай дзейнасцю. Ў 1928 г. абраны акадэмікам Акадэміі Навук БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР.

Быў выключаны з партыі у 1931г. ў сувязі з абвінавачваннямі ў "нацыянал-дэмакратызме", і арыштаваны у 1936 годзе. У турме праз катаванні страціў здароўе , быў абвешчаны псіхічна хворым, і пераведзены ў Магілёў, у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе неўзабаве памер ад гангрэны легкіх (па некаторых звестках – скончыў жыццё самагубствам).

15 кастрычніка 1955 г. пастановай Пракуратуры БССР за недаказанасцю складу злачынства была спынена крымінальная справа па абвінавачванню Жылуновіча, ён быў рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах.

Поўная палітычная рэабілітацыя адбылася 10 верасня 1987 г.

Увесь спіс падзей