Гістарычны каляндар
14 жніўня 1385

Падпісана Крэўская унія

Вянчанне Ягайлы Вянчанне Ягайлы з Ядвігаю ў Кракаве. Гравюра XIX стагоддзе.

Пасля смерці Альгерда вялікакняскі пасад заняў ягоны малодшы сын Ягайла. Баючыся суперніцтва свайго дзядзькі - князя Кейстута, ён зняволіў яго ў вежы Крэўскага замка, а потым загадаў задушыць. Ягайла захаваў уладу, але яе не прызналі ні сын Кейстута князь Вітаўт, ні полацкі князь Андрэй Альгердавіч. У гэты час суседняе з нашай дзяржавай Польскае каралеўства (карона) перажывала вельмі цяжкі перыяд сваёй гісторыі. Краіна засталася без уладара, а каралеве Ядвізе было ўсяго трынаццаць гадоў. Польшчы пагражала заваёва немцамі і страта незалежнасці. У такіх умовах шмат хто з буйных польскіх феадалаў бачыў выйсце ў альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Тым больш што гэты хаўрус забяспечыў бы палякам спакой і на межах з Княствам, войска якога толькі за адзін пераможны паход 1376 г. вывела з Польшчы 23 тыс. палонных. Паводле акта уніі, падпісанай 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку, Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралевай Ядвігай і стаць каралём Польшчы.

Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, якія вызнавалі паганства, заплаціць вялізную суму грошай (ажно 200 тыс. фларынаў) за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядвігі з Вільгельмам Габсбургам, а таксама вызваліць палонных хрысціян-палякаў. Але галоўнае тое, што Ягайла мусіў навекі далучыць землі Вялікага Княства Літоўскага да Кароны Польскай. Тэкст, які палякі называюць арыгіналам акта Крэўскай уніі, змяшчае нагэтулькі нявыгадныя для Вялікага Княства ўмовы, што нагадвае акт капітуляцыі. Нашы дзяржаўныя дзеячы здаўна лічылі яго падробкай, палякі ж няраз выкарыстоўвалі як падставу для сваіх прэтэнзіяў на беларускія землі.

У наступным, 1386 г. Ягайла хрысціўся ў Кракаве паводле каталіцкага абраду, узяў шлюб з Ядвігаю і быў каранаваны пал імем Уладзіслава II, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (па-польску Ягелонаў). Яшчэ праз год у каталіцтва было ахрышчанае паганскае насельніцтва Вялікага Княства. Ягайла выдаў прывілей, які даваў шляхце (баярству) дадатковыя вольнасці і правы пры ўмове прыняцця каталіцкай веры.

Замак у Крэве
Крэва. Руіны знакамітага замка. Мастак Напалеон Орда.

З юрыдычнага боку акт Крэўскай уніі (дарэчы, некаторыя даследнікі лічаць гэты дакумент пазнейшай фальсіфікацыяй, бо ён быў невядомы пры жыцці Ягайлы і пра яго няма згадак у беларускіх летапісах) азначаў уключэнне Вялікага Княства у склад Польшчы. Аднак на практыцы далучыць такую моцную дзяржаву было немагчыма. Дзякуючы цвёрдай пазіцыі прыхільнікаў суверэнітэту нашай дзяржавы, гэтыя планы палякаў не здзейсніліся.

Крыніца: У. Арлоў "Краіна Беларусь"

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал