Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Падпісана Люблінская унія
Цяжкае становішча Вялікага Княства Літоўскага ў гады Лівонскай вайны штурхала нашу дзяржаву да шчыльнага альянсу з суседнім Польскім Каралеўствам. Іначай нельга было перамагчы ўсходніх інтэрвентаў і вызваліць акупаваную царскімі войскамі Полаччыну.
Умовы аб'яднання дзяржаваў пачалі афіцыйна абмяркоўвацца ў 1563 г. на Варшаўскім сойме, у паседжаннях якога ўдзельнічала дэлегацыя Вялікага Княства. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, патрабаваў поўнай інкарпарацыі Княства, г. зн. улучэння яго ў склад Польшчы. Нашы паслы, лічачы тыя дакументы фальшывымі, настойвалі на раўнапраўным альянсе.

Сойм у Варшаве, 1563 г. Тагачасная гравюра
Спрэчкі доўжыліся не адзін год, а тым часам ваенныя падзеі ўсё вастрэй патрабавалі падтрымкі збоку Польшчы. Шляхта, што найбольш пацярпела ад захопнікаў, ужо згаджалася на польскія ўмовы. Яе прываблівалі таксама і шырокія вольнасці, якімі карыстаўся шляхоцкі стан Польскага Каралеўства.
Для разгляду справы уніі ў студзені 1569 г. у Любліне сабраўся супольны Сойм Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. Адразу выявілася прынцыповая розніца ў пазіцыях дэлегацый. Сенатары і паслы Княства свае нарады праводзілі асобна ад палякаў. У адказ тыя звярнуліся да караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, каб ён сваёй уладаю прымусіў ліцвіноў прыняць невыгодныя ўмовы. Абураная дэлегацыя Княства пакінула Люблін. Скарыстаўшы момант, палякі дамагліся ад манарха ўказаў пра далучэнне да Кароны вялізных і багатых тэрыторый Вялікага Княства - Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўскага ваяводства.

Урачыстае абвяшчэнне аб'яднання Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага на аснове Люблінскай уніі. Тагачасная гравюра.
У Вільні ўжо разглядалі магчымасць вайны з Польшчай, але змаганне на два фронты немінуча прывяло б краіну да гібелі. Не заставалася нічога іншага, як зноў прыслаць дэлегацыю на Люблінскі сойм. Магнаты Вялікага Княства рабілі ўсё магчымае, каб захаваць самастойнасць сваёй дзяржавы. Урэшце ўдалося дасягнуць кампрамісу, 1 ліпеня 1569 года акт дзяржаўнай уніі быў падпісаны.
Згодна з Люблінскай уніяй, Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства аб'ядноўваліся ў "адну агульную Рэч Паспалітую" з адным соймам і манархам (польскі кароль быў адначасова і вялікім князем літоўскім). На тэрыторыі ўсёй дзяржавы дэклараваліся аднолькавыя правы шляхты. Палякі атрымлівалі права свабодна набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў нашай краіне. Прадугледжваліся адзіная замежная палітыка і адзіная манета. Заканадаўства планавалася прывесці ў адпаведнасць з польскімі законамі.
![]() Герб Рэчы Паспалітай |
![]() Урачыстае ўзвядзенне на трон караля і вялікага князя. Мініятура XVI ст. |
Але ў сапраўднасці адбылося іначай. Мала таго, што заканадаўства не было ўніфікаванае. Наадварот, новы збор законаў нашай дзяржавы - Статут 1588 г. - яшчэ больш падкрэсліваў і абараняў яго самастойнасць. Вялікае Княства і надалей праводзіла сваю фінансавую палітыку і грашовую эмісію. Яно захоўвала ў межах Рэчы Паспалітай свой назоў і тытул манарха, уласнае войска і сістэму ўлады. Набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады мелі права толькі мясцовыя ўраджэнцы.
Рэч Паспалітая Абодвух Народаў (найменне "рэч паспалітая" цалкам адпавядае лацінскаму res publica) была тады адной з самых вялікіх і магутных краінаў у Еўропе. Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў яе складзе да канца XVIII ст.
- Г. Прыбытка. Апалогія Рэчы Паспалітай | Гістарыяграфія
- П. Лойка. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага | Гістарыяграфія
- А. Янушкевіч. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. | Гістарыяграфія

