Касцюм жыхароў Беларусі X-XIII стст

Касцюм жыхароў Беларусі

Выдавецтва: "Навука і тэхніка", Мінск
Год выдання: 1995
Старонак: 80
Мова: Беларуская
Фармат: PDF

Спампаваць

Спампаваць кнігу Касцюм жыхароў Беларусі X-XIII стст у фармаце PDF (24.4Mb)

Дучыц Л.У. Касцюм жыхароў Беларусі X-XIII стст. (паводле археалагічных звестак)

Змест

Уступ
1. Тканіны і асноўныя віды адзення
2. Галаўныя ўборы
3. Упрыгожванні і рэчы туалету
4. Скураныя дэталі касцюма і абутак
5. Сялянскі касцюм і яго рэгіянальныя асаблівасці
6. Касцюм гараджан
7. Касцюм знаці
Заключэнне
Бібліяграфія
Спіс скарачэнняў
Дадатак

Уступ

Касцюм - адно з праяўленняў матэрыяльнай культуры, крыніца па вывучэнню этнічнай гісторыі народа, яго культуры, сувязей з іншымі народамі. Развіццё касцюма, як і іншых галін культуры, праходзіла ў залежнасці ад эканамічных асноў жыцця і палітычнага стану. У гісторыі грамадства касцюм выконваў розныя функцыі - адрозненне па полу, узросту, сямейнаму становішчу, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, а таксама абрадавую. Паняцці "адзенне" і "касцюм" у многім сходныя, але маюць і адрозненні.

Адзенне ўключае ў сябе розныя віды покрываў чалавека - бялізну, наплечнае і паясное адзенне, шкарпэткі, абутак, галаўныя ўборы. Адзенне, дапоўненае аксесуарамі, упрыгожваннямі і прычоскай, складае касцюм. Па касцюму можна меркаваць і пра мастацкі густ людзей. На кожным гістарычным этапе адзенне змянялася па матэрыялу, крою, колеру, эстэтычнаму афармленню. Мода заўжды ўяўляла сабой сінтэз усіх відаў мастацтва.

Першым адзеннем былі скуры жывёл і расліны. Іх перапляталі, накідваючы на плечы і сцёгны. Так нарадзіліся два тыпы адзення - плечавое і паясное.

Па палеалітычных выявах чалавека, малюнках на костках жывёл і старажытнейшых пахаваннях устаноўлена, што ўжо ў палеаліце шылі футравае адзенне, якое закрывала ўсё тулава і галаву, а таксама штаны, накідкі накшталт сучасных плашчоў. Адзенне зашпільвалася касцянымі гузікамі. Упрыгожванні рабіліся з ракушак, клыкоў жывёл, костак. Ведалі і абутак.

У новым каменным веку - неаліце (4-е тысячагоддзе да н. э.) людзі навучыліся вырабляць тканіны, выгляд якіх можна ўявіць па іх адбітках на гліняным посудзе. Мяркуючы па знаходках у балотах Заходняй Еўропы і Скандынавіі, дзе добра захоўваюцца рэшткі адзення першабытных часоў, можна ў агульных рысах скласці ўяўленне аб касцюме таго перыяду і на нашых землях. У жанчын гэта сукенка, кашуля, спадніца, у мужчын - кашуля і порткі. Рукавы ў жаночым адзенні рабіліся рознай даўжыні і часта расшыраліся к нізу. Паясы як у жанчын, так і мужчын былі скураныя, упрыгожаныя бронзай [1]. На неалітычных помніках Беларусі знойдзена шмат караляў і гузікаў. Каралі складваліся ў парнай сіметрыі. У цэнтры змяшчаліся падвескі з зубоў жывёл, фігурных касцяных пласцінак, бурштыну, па краях ішлі меншыя і зусім маленькія падвескі. На адзенне нашываліся квадратныя і прамавугольныя бурштынавыя гузікі [2]. У часы неаліту вынайдзена большасць элементаў геаметрычнага арнаменту, якія спалучаліся ў розных камбінацыях [3]. Хутчэй за ўсё арнаментамі, вядомымі па гліняным посудзе, упрыгожвалася і адзенне. Нават многія элементы беларускага народнага касцюма канца XIX - пачатку XX ст. знаходзяць аналогіі менавіта ў арнаменце неалітычнага посуду.

У бронзавым веку (канец 3-га - пачатак 1-га тысячагоддзя да н. э.) нашы продкі насілі ўжо скроневыя кольцы ў выглядзе спіралепадобных і акулярападобных падвесак, дротавыя бранзалеты. Напрыклад, ва ўрочышчы Стрэліца каля в. Рудня Шлягінская Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці добра вывучаны могільнік сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н. э. Тут раскапаны 94 грунтавыя пахаванні па абраду трупаспалення, за выключэннем аднаго трупапалажэння. Пры гэтым знойдзены медныя бранзалеты, грыўні, бурштынавыя падвескі, шкляныя, у тым ліку бісерныя, і адна егіпецкая фаянсавая пацерка. На паселішчах тшынецкай і сосніцкай культур (Заходняе Палессе) вядомы шматспіральныя бранзалеты з закручанымі канцамі, а таксама медныя пацеркі і пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы.

Упрыгожванні з бронзы. Жалезны век
Мал. 1. Упрыгожванні з бронзы. Жалезны век
Гузікі і тканіны
Мал. 2. Гузікі і тканіны: 1 - гузікі, 2 - шаўковыя тканіны з Гродна і Менска

У эпоху жалезнага веку (з VII ст. да н. э.) аб касцюме дайшло да нашага часу больш звестак. У многіх пахаваннях на металічных вырабах і абломках посуду захаваліся кавалачкі шарсцяных і льняных тканін. Яны нагадваюць вядомыя тканіны хатняга вырабу. Пры раскопках помнікаў гэтага перыяду знаходзяць жалезныя і бронзавыя шпількі, бранзалеты, пярсцёнкі, шыйныя грыўні, бразготкі, трапецападобныя падвескі (мал. 1). На поўдні Беларусі вядома шмат гліняных і шкляных пацерак, сярод якіх сустракаюцца чырвоныя рымскія, а таксама іншыя імпартныя рэчы: скіфскія цвікападобныя завушніцы, шпількі, рымскія і кельцкія фібулы (зашпількі для адзення). У тыя часы рабілі таксама ўпрыгожванні з эмаллю (падвескі, спражкі, фібулы). Каштоўнай знаходкай з'яўляецца скураны пояс, знойдзены ў жаночым пахаванні грунтавога могільніка І ст. да н. э. каля в. Атвержычы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пояс уяўляў сабой кавалак скуры, упрыгожаны пласціначкамі і паяснымі кручкамі. Ён быў зроблены па ўзору паўночнагерманскіх паясоў [4]. У раннім жалезным веку насілі ўжо сярэбраныя ўпрыгожванні. Увогуле наборы ўпрыгожванняў паказваюць, што на касцюм нашых продкаў у тыя часы на поўдні Беларусі мела ўплыў адзенне скіфаў і кельтаў, a ў яе паўночнай і цэнтральнай частцы насілі тыпова балцкія касцюмы.

Найбольш звестак аб касцюме пачатку 2-га тысячагоддзя - часоў Полацкага і Тураўскага княстваў. Менавіта ў гэтыя часы пачыналася станаўленне беларускага этнасу і яго лакальных асаблівасцей. Гэта адбівалася і на касцюме, які ў старажытнасці з'яўляўся яскравым этнічным індыкатарам. Пытанне аб тым, як апранацца, перапляталася з праблемамі сацыяльнага статуса і маралі. Касцюм строга залежаў ад узросту, асабліва ў жанчын (дзяўчынка, дзяўчына, маладзіца, кабета, пажылая жанчына, старая). Пачатак 2-га тысячагоддзя быў часам росквіту культуры ва ўсёй Еўропе, асабліва розных мастацкіх рамёстваў - чаканкі, ліцця, гравіроўкі па металу, разьбы па косці, мастацкага ткацтва, вышыўкі і інш. Рамеснікі валодалі складанымі тэхнічнымі прыёмамі, такімі, як зернь, скань, чэрнь, пазалота. У некаторых гарадах была развіта вытворчасць шкляных бранзалетаў. Высокай дасканаласці дасягнуў выраб скуранога абутку і яго аздабленне.

Рэканструкцыі касцюмаў XI ст
Рэканструкцыі касцюмаў XI ст.: 1 - касцюм жанчыны с Пасожжа, 2 - касцюм жанчыны з Заслаўя
Дзявочыя касцюмы XI-XII
Дзявочыя касцюмы XI-XII стст. Паўночная Беларусь.
Касцюмы гараджанак XI - XII
Касцюмы гараджанак XI - XII стст.
Мужчынскі касцюм XI - XII
Мужчынскі касцюм XI - XII стст.
Мужчынскія касцюмы XI - XII
Мужчынскія касцюмы XI - XII стст.

Для вывучэння касцюма X-XІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі маецца шмат крыніц. Гэта летапісы, манументальныя роспісы, мініяцюры рукапісаў, абразы, вырабы дробнай пластыкі і інш. Цікавасць уяўляюць мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (618 мініяцюр), дзе паказаны ўсе бакі жыцця, у тым ліку і народныя святы. Мяркуецца, што Радзівілаўскі летапіс быў складзены менавіта ў Полацку [5]. Асноўнай жа крыніцай для вывучэння касцюма пачатку 2-га тысячагоддзя, асабліва вясковага, з'яўляюцца археалагічныя даныя, у прыватнасці вынікі раскопак пахаванняў. Аднак трэба заўважыць, што мы маем справу найбольш са святочным уборам, які адначасова быў і пахавальным. З дапамогай рэчавых скарбаў часткова можна ўявіць касцюм знаці. У час археалагічных раскопак знаходзяць не толькі ўпрыгожванні, але і рэшткі адзення, галаўных убораў у выглядзе кавалачкаў шарсцяных, ільняных, канапляных і шаўковых тканін, кавалачкаў скуры ад паясоў, шапачак, сумачак і абутку. ,Ёсць знаходкі вязаных рэчаў і рэчаў з вышыўкай.

На наш час назапашаны вялікі матэрыял, які ў асноўным надрукаваны. Асабліва шмат артыкулаў, прысвечаных скураному абутку. На падставе ўсіх даных можна ўявіць, як апраналіся нашы продкі амаль тысячу гадоў назад. У рэканструкцыі касцюмаў пэўную ролю адыгрываюць ужо праведзеныя ў гэтым напрамку працы на суседніх тэрыторыях - у Латвіі, Літве, Польшчы, на Украіне, Смаленшчыне і наогул даследаванні па Еўропе [6], а таксама этнаграфічны матэрыял [7]. Дадзеная праца з'яўляецца першым абагульненнем археалагічнага матэрыялу з тэрыторыі Беларусі, звязанага з касцюмам.

Галаўныя ўборы
Галаўныя ўборы дзяўчат (1-3) і жанчын (4-6)
Дзявочыя касцюмы XI-XII стст
Дзявочыя касцюмы XI-XII стст
Рэканструкцыя касцюма дзяўчыны з Браслаўшчыны
Рэканструкцыя касцюма дзяўчыны з Браслаўшчыны (XI-XII стст.)
Выявы касцюмаў
Выявы касцюмаў на рэчах прыкладнога мастацтва (1, 3) і мініяцюрах рукапісаў (2, 4)
Пояс і спражкі з бронзы
Пояс і спражкі з бронзы

Крыніцы:

  • [1] Fehlig U. Mode gestem und heute, Leipzig, 1984. S. 9-15.
  • [2] Чарняўскі M.M. Старажытны бурштын Паўночнай Беларусі // Помнікі культуры. Новыя адкрыцді. Мн., 1985. С. 156-159.
  • [3] Чарняўскі М.М. Пры вытоках арнаменту//ПГКБ. 1971. № 2. С. 19- 21.
  • [4] Каспарова К.В. Могильники и поселения зарубинецкой культуры у дер. Отвержичи//КСИА. 1967. Вып. 112. С. 122-123.
  • [5] Радзивилловская, или Кенигсбергская, летопись (Фотомеханическое воспро­изведение рукописи). Спб., 1902; Лурье Я. С. О происхождении Радзивилловской летописи//Вспомогательные исторические дисциплины. Вып. XVIII. Л., 1987; По бедов а О. И. Миниатюры русских исторических рукописей. М" 1965. С. 49-101.
  • [6] Древняя одежда народов Восточной Европы//Материалы к историко-этнографическому атласу. М., 1986; Матейко I.I. Украіньскйй народний одяг. К., 1972; Ястребицкая А.Л. Западная Европа XI-XIII вв. М., 1978; 3ариня А. Одежда ливов. Рига, 1988.
  • [7] Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне. Мн., 1981; Молчанова Л.А. Очерки материальной культуры белорусов XVI-XVIII вв. Мн., 1981; i інш. Шмат цікавага этнаграфічнага матэрыялу загінула ў часы рэпрэсій 30-х гадоў. Прапалі падрыхтаваныя да друку камісіяй па вывучэнню матэрыяльнай культуры (В. Ластоўкі, A. Шлюбскі, М. Каспяровіч, М. Мялешка, I. Сербаў) працы: "Альбом беларускага народнага арнаменту", "Альбом беларускіх ткацкіх узораў Віцебшчыны", "Альбом беларускіх народных паясоў", "Прычоскі i галаўныя ўборы беларускага старажытнага часу". Не надрукаваны таксама "Альбом народнага адзення", зроблены ў 60-я гады мастаком Л. Баразной.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.