Беларуская культурная традыцыя

Традыцыйная культура Беларусі

Падставовыя культуралягічныя канцэпты

"Традыцыйная культура Беларусі". Адразу мушу зацеміць, што гэткая назва ня можа ня выклікаць рознага кшталту розначытаньняў. Так, зусім заканамернымі былі б тут этнаграфічныя/этналягічныя асацыяцыі. І гэта, безумоўна, мела б сэнс, бо характарыстычныя азнакі традыцыйнай культуры найперш і найвыразьней выяўляюцца ў этнаграфічным матэрыяле: асаблівасьцях жыцьцёвага ўкладу, народнага строю, рамёстваў і промыслаў ды г.д. пераважна вясковага насёньня насельніцтва Беларусі. Але, па праўдзе, пра асаблівасьці такога матэрыялу гаворка тут весьціся практычна ня будзе. Дакладней, зварот да памянёных адметнасьцяў будзе цалкам падпарадкаваны зусім іншай мэце, а менавіта - разгляду гэтага ладнага кладу нашай культурнай спадчыны як культуры пэўнага тыпу, які дагэтуль ёсьць адным з найістотных кампанэнтаў як беларускай культуры й культуры Беларусі цалкам, так і псыхатыпу ўласна беларусаў, іхнага так званага мэнталітэту. Гэта значыць, што ракурс разгляду традыцыйнай культуры Беларусі будзе культуралягічным. А раз факты традыцыйнай спадчыны маюць разглядацца як свайго роду знакі, што патрабуюць прачытаньня, а часам і расшыфроўкі, то й сэміялягічным (іначай, сэміятычным).

Насьпеласьць разгляду беларускай культурнай традыцыі ў гэткай відалі абумоўлена разуменьнем таго, зрэшты, відочнага факту, што культура сучаснай Беларусі шматкампанэнтная, шматвымерная й шматкультурная, што цягам ужо хаця б толькі тысячагадовай пісьмовай нашай культурнай гісторыі тут, як і ў іншых месцах Эўропы, адбываліся рознаскіраваныя пера- й скрыжаваньні культур розных этнічных супольнасьцяў і культур розных тыпаў, якія маглі спараджаць як жыцьцёвыя формы, так і рознага кшталту культурныя хімэры й кентаўраў. Ёсьць наагул паважныя падставы бачыць ува ўсім гэтым ці не галоўную прычыну цяперашніх праблем з нашай уласнай ідэнтычнасьцю. Але гаворка пра гэта яшчэ наперадзе.

Тут жа хацелася б азначыць, што ў асадах парадыгмы, атрымалае назву мультыкультуралізму, ня толькі знаходзяць права голасу рознага кшталту рэпрэсаваныя ідэнтычнасьці, ня толькі прыходзяць да самарэфлексіі брыкаляжныя ідэнтычнасьці, але й да пэўнай ступені пераадольваецца шавінізм эвалюцыянісцкіх, стадыяльных або фармацыйных падыходаў, а тая ж традыцыйная культура набывае права разглядацца не адно ў дыяхранічнай пэрспэктыве, але й у сынхраніі - як трывала дзейны чыньнік нашай (у нашым выпадку) культуры, які, хаця й рэпрэсуецца панавальнай урбаністычнай, машыннай цывілізацыяй і адцясьняецца ёю на пэрыфэрыю культурнага жыцьця, тым ня менш, тоіць у сабе й магутны патэнцыял новага нараджэньня, ажывіць які - надзвычай годная культуралягічная задача.

Адцемлю яшчэ раз колькі прынцыповых момантаў.

- Традыцыйная культура будзе разглядацца як адмысловы спакмень тае галіны сучаснае гуманітарнае веды, за якой пераважна ў Цэнтральна- й Усходнеэўрапейскім рэгіёне замацавалася назва культуралёгіі. У літаратуры з іншых рэгіёнаў вам часьцей могуць трапляцца іншыя, але ў бальшыні выпадкаў эквівалентныя назвы, накшталт Cultural Anthropology, Cultural Studies, Kulturwissenschaft ды да іх падобныя.

- Пры гэтым традыцыйная культура будзе разумецца як адмысловы тып культуры, а значыць як спакмень тыпалёгіі культур з уласьцівым толькі яму наборам таксонаў (характарыстычных азнак).

- У сваю чаргу, гэтыя характарыстычныя азнакі традыцыйнай культуры будуць разглядацца на тле культур іншых тыпаў, якія ў розныя часы станавіліся дамінантнымі ў нашым этнічным арэале, з наўмысным адцямленьнем кантрасна адрозных ейных складнікаў. І гэтак, традыцыйная культура будзе выступаць і як адмысловы спакмень спэцыялізаванага адгалінаваньня культуралёгіі - кантрастыўнай культуралёгіі.

- Нарэшце, з пазыцыі ўжыванага мэтаду традыцыйная культура будзе разглядацца як спакмень сэміётыкі культуры - адгалінаваньня сучаснай сэміётыкі (навукі аб знаках і знакавых сыстэмах), пераважна разьвіванага прадстаўнікамі Тартуска-Піцерска-Маскоўскай сэміялягічнай школы. У асадах гэтага падыходу культура наагул інтэрпрэтуецца як складаная супэрсыстэма рознага кшталту першасных (гэткіх, як адпрыродная чалавечая мова) і другасных (гэткіх, як міт, фальклёр, літаратура, мастацтва й г.д.) сэміятычных сыстэм. Заўважу, што гэты падыход меў найбольшы плён у вывучэньні менавіта традыцыйных культур.

Гэта асноўныя мэтадалягічныя асаблівасьці прапанаванага курсу "Традыцыйная культура Беларусі". Але ёсьць у яго асаблівасьці гістарычнага й, гэтак бы мовіць, уласна культуралягічнага парадку. Бо сутнасна гэтым курсам я рэпрэзэнтую частковыя вынікі штудыяў, праводжаных цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў асяродку перадусім менскіх дасьледнікаў у асадах культуралягічнага праекту пад сымбалічным назовам "Крыўя". Галоўныя задачы гэтага праекту - рэканструкцыя, рэстаўрацыя й рэактуалізацыя ў сучасным жыцьці найбольш характарыстычных складнікаў традыцыйнай беларускай культуры.

У відалі гэтых задач былі праведзены тры міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, прысьвечаныя вывучэньню беларускіх старажытнасьцяў і вострадыскусійным праблемам беларускага этна-, глёта- й культурагенэзу, а таксама два міжнародныя "Балтыйскія дударскія фэсты", на мэце якіх мелася зладжаньне мноства спэцсэмінараў і шэрагу іншых акцый і ажыўленьне нашай старадаўняй дударскай традыцыі. Выдадзены два выпускі спэцыялізаванага часопіса "Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica". Апроч таго, ужо колькі год калектыў аўтараў працуе над кнігай "Беларуская міталёгія: слоўнік-тэзаўрус" - выданьнем па-свойму ўнікальным, бо яно ўпершыню дастаткова поўна й адначасна кампактна рэпрэзэнтуе нашую традыцыйную культурную спадчыну, ейныя падставовыя сэнсы й сымбалі.

Згаданая дзейнасьць у асадах праекту "Крыўя" сфармавала адмысловае тэматычнае й, адпаведна, дасьледніцкае поле, якое атрымала назву беларуская (крыўская) этнакасмалёгія. А таму істотна адцеміць, што традыцыйная культура Беларусі ў наступных маіх расповедах будзе выступаць як спакмень беларускай этнакасмалёгіі par excellence. Не забягаючы наперад, азначу толькі, што этнакасмалёгія - гэта зусім ня нейкае спэцыфічнае адгалінаваньне навуковай касмалёгіі, скіраванае на вывучэньне паходжаньня й будовы Сусьвету як сыстэмы найперш матэрыяльных аб'ектаў. Спакмень этнакасмалёгіі - усё існае ў цэлым, г.зн. сьвет, але сэнсава зарганізаваны ў адпаведнасьці з спэцыфікай успрыманьня яго й перажываньня тым або іншым этнасам. Гэта этнічны Космас, жыцьцёвы сьвет пэўнага этнасу. Гэты Космас як сэнсава зарганізаванае ўсё існае ў цэлым, паводле самога вызначэньня, ня можа быць аб'ектам вывучэньня ў ролі аб'екту клясычнай гнасэалёгіі.

Адпаведна, і суб'екту ня быць тут дасьледнікам. Гэты Космас даступны толькі погляду знутры, заангажаванаму погляду. Вось чаму тое, што ў маіх лекцыях будзе неўнікова набываць выгляд квазы-аб'екту, насамрэч мусіць разумецца як свайго роду рэфлексіўная фэнамэналягічная дэскрыпцыя гэтага Космасу. Ясна, што й сам праект "Крыўя", адпаведна, прадугледжвае поўную заангажаванасьць. Таму гэты праект ня можа быць ні культурна, ні рэлігійна, ні ідэалягічна нэўтральным.

Зрэшты, тое, што будзе вам прапанавана, можна акрэсьліць як традыцыяналісцкі погляд на саму традыцыю. Я лічу, што гэта адзіна магчымы дасьціпны й сумленны падыход. Разам з тым, падыход і рызыкоўны. Але гэтая рызыкоўнасьць адтуляе шырокую прастору для плённых дыскусій і самастойнага прадумваньня тэм, шмат якія дагэтуль былі табуяваны ў афіцыйнай навуцы.

Як ні звыкла гучаць для сучаснага адукаванага чалавека словы "культура" й "традыцыя", што ўтвараюць ключавое для майго курсу словазлучэньне "традыцыйная культура", якраз яны й уяўляюць найгрунтоўную мэтадалягічную праблему. Трэйці кампанэнт, які фігуруе пад рубрыкамі "беларуская" й "Беларусь", адтуляе самастойнае праблемнае поле, і гаворка пра яго мае весьціся на адной з наступных лекцый. Словы ж "культура" й "традыцыя", нягледзячы на амаль стэрэатыпнае й ледзь не побытавае ўжываньне й інтуітыўна, нібыта, празрысты сэнс, нагэтулькі шматзначныя, што вакол іх ужо не адно дзесяцігодзьдзе разгортваюцца гарачыя спрэчкі, і ў розных аўтараў вы заўсёды знойдзеце спробу прапанаваць нейкую новую парадыгму.

Часта гэтыя словы наагул ужываюцца ў якасьці сынонімаў. Крытычнаму разбору дыфініцый культуры й традыцыі прысьвечаны шматлікія спэцыяльныя працы, як, напрыклад: Kroeber A.L., Kluckhohn Cl. Culture. A Critical Review of Concepts and Definitions // Papers of the Peabody Museum of American Archeology and Ethnology. Harvard University, 1952. Vol. XLVII, № 1; Шацкий Е. Утопия и традиция. М., 1990. Апошнім часам дыскусіі перанесьліся ў электронныя сродкі камунікацыі, у паасобку, у World Wide Web - уся сьветнае павуціньне або Інтэрнэт, дзе зьявіліся адмыслова прысьвечаныя гэтай тэме сайты, глядзіце, да прыкладу:

- Шмат гадоў займаючыся гэтай праблематыкай, я, натуральна, таксама ня мог не прыняць для сябе нейкай рабочай мадэлі культуры. Тут я запынюся адно на некалькіх галоўных тэзах свайго падыходу.

Традыцыя - як катэгорыя гістарычнага дыскурсу й падваліна гістарычнага наратыву - заўсёды гетэракультурная, хаця б ужо з прычыны таго, што яна гетэрастадыяльная. Кан'юнкцыя.

Культура - як базавая катэгорыя культуралягічнага дыскурсу - прынамсі, у скрайніх сваіх інтэнцыях, монатрадыцыйная. Дыз'юнкцыя.

Натуральна, што ў бальшыні рэалістычных выпадкаў і культура, і традыцыя не выяўляюць свае інтэнцыі напоўніцу, а таму найчасьцей даводзіцца мець справу з рознымі ступенямі зьмяшаньня абедзьвюх. Адсюль сэмантычная недакладнасьць канцэпту "традыцыйная культура". Пры гэтым абсалютна недапушчальна атаесамленьне традыцыйнай культуры з культурамі "архаічнымі", "прымітыўнымі", "экзатычнымі" або культурамі "дзікіх народаў".

Падставы дзеля падобнага атаесамленьня стварыла клясычная культурная антрапалёгія, што чэрпала свае высновы з вывучэньня "экзатычных" культур Азіі, Афрыкі, Аўстраліі, Амэрыкі.

Затое назіраецца пэўная сынанімічнасьць тэрмінаў "традыцыйная культура", "тэсматычная культура" й "касмалягічная культура".

Характарыстычныя рысы традыцыйнай культуры Беларусі

Гэта - а) транстэмпаральнасьць (і ў гэтым сэнсе - спэцыфічныя дачыненьні з гістарызмам і гісторыяй): vice - гістарызм; і, што вынікае з гэтага, - б) выключная гістарычная глыбіня паасобных элемэнтаў нашай традыцыйнай спадчыны.

Што да традыцыйнай культуры Беларусі, то гэтая транстэмпаральнасьць выяўляецца, па-першае, у адметнай архаічнасьці паасобных ейных складовых частак, даўніна якіх часам сягае часоў так званай "індаэўрапейскай супольнасьці", а па-другое, у прыналежнасьці гэтых элемэнтаў да жывой традыцыі яшчэ напрыканцы ХХ ст. Беларуская традыцыйная культура вылучаецца асаблівай глыбінёй "фальклёрнай памяці". Гэтая акалічнасьць ужо заўважана дасьледнікамі. Так, Вяч.Ус.Іванаў і Ул.М.Тапароў ці не адны зь першых прыкмецілі адмысловае значэньне беларускага матэрыялу для індаэўрапеістыкі. Яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў таму яны, прынамсі, пісалі: "У працэсе працы над кнігай, прысвечанай аднаўленню старажытных славянскіх міфалагічных сістэм, аўтары даволі нечакана для сябе выявілі ў фальклорных матэрыялах і апісаньнях звычаяў беларусаў... вельмі вялікую колькасць архаічных уяўленняў, якія могуць супастаўляцца з найбольш старажытнымі сведчаннямі аб рэштках паганства ў самых старых помніках іншых славянскіх традыцый.

Паасобныя рысы падобнага характару згадваліся і раней у розных працах, аднак той факт, што беларускія дадзеныя наогул з'яўляюцца вельмі старажытнымі і асабліва важнымі для рэканструкцыі, не толькі не падкрэсліваўся, але нават выпадаў з увагі даследнікаў. Між тым, адметная даўніна беларускага матэрыялу выяўляецца нават побач з іншымі архаічнымі матэрыяламі: параўн.: паўночнавялікарускі і сербахарвацкі " [Іванаў Вяч.Ус., Тапароў Ул.М. Архаічныя рысы рытуалаў, павер'яў і рэлігійных уяўленняў на тэрыторыі Беларусі // Беларускае і славянскае мовазнаўства. Мн., 1972. С. 163].

Пазьней адзін з намі згаданых аўтараў азначаў: "Параўнаньне ўсходнеславянскіх (беларускіх) звычаяў асьвячэньня (сакралізацыі) новага дому з ерархічным парадкам ахвярных жывёлін у ведыйскіх рытуалах, з аднаго боку, а з другога боку, з ахвярапрыношаньнямі рымлян, якія цалкам супадаюць, а таксама з аксыялягічнымі (каштоўнаснымі адрозьненьнямі) спаміж тымі ж хатнімі жывёлінамі ў гецкіх законах... вядзе да высновы, што ўсе гэтыя традыцыі зводзяцца да агульнаіндаэўрапейскай" [Иванов Вяч. Вс. Ритуальное сожжение конского черепа и колеса в Полесье и его индоевропейские параллели // Славянский и балканский фольклор. М., 1989. С. 80].

Той жа дасьледнік цьвердзіць, што зьвязаныя з канём дэталі архаічнага рымскага рытуалу Equus October багата ў якіх момантах супадаюць зь беларускім сьвятам Ярылы [Тамсама. С. 83: Иванов В.В. Проблемы этносемантики // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л., 1989. С. 55-57.].

Пару слоў пра мае знаходкі. Гаворка тут пра:

- касмалягізм; прасякнутасьць тэмай Космасу, незалежна ад таго, артыкулюецца ці не гэтая тэма ў самой культуры.

- прынцыповую варыятыўнасьць: прота-тэкст існуе толькі як віртуальны прота-тэкст (ён бліжэй да langue, а рэальныя тэксты -гэта ўжо parole).

Тыпалягічныя азнакі:

- спэцыяльнасьць vice тэмпаральнасьць (?)

- бесьпісьмовае vice пісьмовасьць

З апошняга вынікае праблема крыніц, карэнна адрозных ад тых, што ўтвараюць / увасабляюць гістарычны наратыў.

Гермэнэўтычная праблематыка пераўтвараецца ў этымалягічную праблематыку як толькі мы падступаемся да традыцыйнай этнічнай культуры, бо традыцыйнасьць і прадугледжвае ўзнаўленьне прэцэдэнтаў як форму хранальнай пераемнасьці.

  1. Kroeber A.L., Kluckhohn Cl. Culture. A Critical Review of Concepts and Definitions // Papers of the Peabody Museum of American Archeology and Ethnology. Harvard Unversity, 1952. Vol. XLVII, № 1.
  2. Санько С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. Мн., 1998.
  3. Шацкий Е. Утопия и традиция. М., 1990.
  4. Іванаў Вяч.Ус., Тапароў Ул.М. Архаічныя рысы рытуалаў, павер'яў і рэлігійных уяўленняў на тэрыторыі Беларусі // Беларускае і славянскае мовазнаўства. Мн., 1972.
  5. Иванов Вяч. Вс. Ритуальное сожжение конского черепа и колеса в Полесье и его индоевропейские параллели // Славянский и балкансий фольклор. М., 1989.
  6. Иванов В.В. Проблемы этносемантики // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л., 1989.

Сяргей САНЬКО

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.