Беларуская культурная традыцыя

Першая фаза касмагенэзу паводле фальклёрных крыніц

Асноўны касмаганічны міт

Не выклікае сумневаў, што ядром усялякай міталягічнай сыстэмы ёсьць міт пра паходжаньне Сусьвету ці, як слушна будзе яго назваць, асноўны касмаганічны міт. Наўрад ці гэта можа зьдзіўляць, бо нават інтуітыўна зразумела: без высьвятленьня таго, як нешта стала быць, немагчыма добра асэнсаваць, што яно ёсьць, а гэта значыць, і асвойтаць гэтае нешта, і асвойтацца зь ім. У нашым разе гэтае нешта - увесь навакольны сьвет, Сусьвет у самым шырокім сэнсе. Таму можна сьмела сьцьвердзіць, не баючыся памыліцца, што асноўны касмаганічны міт зьяўляўся тою падвалінаю, зь якое пачыналася асвойтаньне нашых продкаў у навакольным сьвеце.

На шчасьце, беларускі фальклёр захаваў багата фрагмэнтаў асноўнага касмаганічнага міту і ў легендах, і ў казках, і ў каляндарных абрадах. Найбольш цэльна гэты міт паўстае ў легендах пра паходжаньне Сусьвету, сабраных у томе “Легенды і паданні” з сэрыі “Беларуская народная творчасць”. Падам адзін з названых аповедаў. Іншыя варыянты гэтага сюжэту будуць ніжэй узьнікаць з патрэбы доказаў у нашых разважаньнях. Усе яны бяруцца з указанага вышэй выданьня.

“Бачыце, якая тут нетра, якая тхлань: цэлы тыдзень ідзі, то да краю не дацягнешся. Даўней тут была чыстая вада, усё лялела ды блішчэла на сонейку, бы шкло. Бог ездзіў па вадзе ў чоўне ды аглядаў, дзе зрабіць зямлю. Раз плыве бог у чоўне да мяркуе, як і дзе што ўродзіць; а тым часам чорт закмеў бога да й паплыў за ім назіркам: падплывае к чоўну да ад страху нырне ў ваду, бы нарэц, і зноў плыве. Вельмі яму хочацца пранюхаць, што бог мае рабіць. Бачыць бог, што чорт прэцца следам, як тая марб, бачыць да ўсё маўчыць. Пасеяў бог зямлю - сыпануў жменю зямлі, а тут разам расступілася вада, і высунулася сухая зямля, з лесам, з полем да з сенажацямі. Глядзіць чорт да толькі дзівіцца, адкуль тое ўсё бярэцца. Плыве бог да жменяю з чоўна, бы з сяўка, раскідае насенне. Прыгледзеўся к таму чорт і думае сабе: “Каб мне дастаць гэтага насення, - нарабіў бы я мудрэй бога, нарабіў бы так, што сам Нічыпар пазавідаваў бы”. Пабачыў бог думкі чорта да й пазволіў яму ўзяць таго насення. Павярнуў бог човен да акурат на чорта й наткнуўся. Скорчыўся чорт, хацеў шмыгнуць у ваду, зачапіўся хвастом за пастырчак да й круціцца на віру, бы ўюн.

Тым часам бог адвярнуўся ў другі бок, а човен плыве каля самага чорта. Скорчыўся чорт, што божы човен апёк яму бок, але тым часам ухапіў з чоўна жменю насення, а каб бог ня ўбачыў таго да не адабраў, хуценька кінуў насенне ў горла да й глынуў. Не прыкмеціў нібыта бог і паплыў далей. Рад чорт і ад радасьці сунуў у бок, далей ад бога. Але вось бачыць чорт, што яго чэрава расце, бы на дражджах, расце, аж бакі распірае. Расце чэрава ўсё больш і больш, расце так, што чорту нельга й дыхаць. Давай гэта ён бляваць ды выплёўваць тое насенне. Куды плюне чорт, дык там і вырасьце корч або куст лазы. Прэцца чорт па вадзе да так блюе, што аж з яго вантробы выпірае. А тым часам ўсё больш і больш па вадзе заплёўваецца чортава лаза. Моташна чорту, хочацца яму ўсё насенне з жывата выкінуць, от ён снуе па вадзе, бы павук, да ўсё блюе. Па немалым часе ўся вада закрылася лазою да ракітаю. Зачапіўся чорт за лазу да як рыгне, дык усё насенне і выскачыла з жывата ў ваду; і пачала з яго расьці ўсялякая непатрэбная трава. Запаганіў чорт чыстую ваду і абярнуў яе ў паганае чортава балота.

Зірнуў бог, што нарабіў чорт, да аж за галаву схапіўся. Што тут рабіць, што пачаць? Як тую лазу выгубіць? А, ведама, куды ўжо лаза ўплюнецца, дык яе нічым не выгубіш. Паслаў бог сонейка, каб яно спаліла чортаву лазу. Прыпякло сонейка, нагрэла ваду, а лаза хоць бы што - яшчэ лепш расце. Узялася лаза па балоце, бы вязель. Бачыць сонейка, што нічога не парадзіць, кінула пекці і пайшло к богу на скаргу. І вялеў бог марозу вымаразіць паганыя кусты. Хапіў мароз, трашчыць, гняце. Замерзла вада, а лаза і нігадкі - сядзіць сабе да вясны чакае. Што ні рабіў мароз, як ні ціснуў лазовыя карчы, марозіў, аж з сілы выбіўся, і пайшоў к богу на скаргу.

Падумаў, падумаў бог да й вялеў, каб лаза аставалася расці: бо, ведама, пакуль згубіш ліхое, то добрае само згіне. Расце лаза і закрывае ня толькі балота, але і сенажаці, а то лезе і на поле. Пабачыў чалавек, што лазы так многа, да й думае сабе: “Ці няможна і з лазы што-небудзь патрэбнае зрабіць.” Пайшоў чалавек у чортава балота, назьдзіраў з лазы кары да й давай віць вяроўкі. В'е да песьні пяе. Убачыў тое чорт і спужаўся. Падходзіць ён к чалавеку да й пытае:

- Што ты, чалавеча, робіш?

- Хіба табе бельма павылазілі, што ня бачыш - кажа чалавек.

- Бачыць то я добра бачу, але ня ведаю, навошта табе гэтая работа.

- А вось дай пакажу.

Узяў гэта чалавек, скрампаваў чорта лычаком да й прывязаў яго к таўшчэзнаму дубу...

Спалохаўся чорт да як рванецца, дык і вырваў дуб з карэннем. Вырваў да і сунуў наўцекача з дубам разам. Бяжыць па балоце, а дуб карэннем барануе зямлю, толькі выскаці да глыбокія равы ззаду астаюцца. А чалавек сеў на рала таго дуба да пакрыквае на чорта:

- Вяртай налева, вяртай направа!

Бегаў, бегаў чорт, узвярнуў усё балота. Ад таго часу яшчэ стаяць на балоце выжары, азярыны да выскаці. Доўга круціўся чорт, пакуль вылузаўся з вяровак, а потым як сунуўся наўцекача, дык чорт ведаў, куды й дзеўся. Астаўся тут чалавек і заўладаў чортавым балотам. Давай гэта ён церабіць лазу, драць яе то на лапці, то на лычакі. Выцерабіў трохі, пабудаваў хату сярод лесу, ускарпаў поле, высек на сенажаць, але да гэтага часу нічога не парадзіць з чортавымі карчамі: высячэ адзін, то дзесяць вырасце. І астаецца чортава балота чортавым да гэтага часу”.

Гэтыя міталягічныя аповеды ў тых ці іншых варыяцыях былі шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, пра што могуць сьведчыць матэрыялы, якія дайшлі да нашых дзён. Вельмі блізкія адмены фіксуюцца й у суседняй Літве. Заўважна тое, як па-мастацку гэты вельмі старажытны (у чым мы далей пераканаемся) касмаганічны матыў спалучаецца з геаграфічнымі асаблівасьцямі Беларусі, а таксама з элемэнтамі хрысьціянскага сьветагляду, якія пераасэнсоўваюцца адпаведна зь лёгікай старажытнага міту.

Разгледзім асноўныя складовыя матывы й ідэі беларускага касмаганічнага міту на тле іншых індаэўрапейскіх міталёгій.

Касмаганічныя версіі паходжаньня падставовых складовых элемэнтаў будучага Космасу

“Першапачатковыя воды”. Калі ўважліва разгледзець касмаганічныя міты розных народаў, няцяжка заўважыць, што ні ў адным зь іх ніколі не вядзецца гаворка пра “стварэньне” ў поўным сэнсе слова, пра стварэньне зь “нічога”. Гэтая ідэя зьяўляецца ў гісторыі культуры параўнаўча позна, няма яе й у найбольш старажытных частках Бібліі. Ува ўсіх старажытных касмагоніях матэрыял для “стварэньня” ўжо існуе наяве, а самое “стварэньне”' зводзіцца да пераўтваральнай і ўпарадкавальнай дзейнасьці нейкіх культурных герояў, “дэміургаў”, багоў.

У беларускіх касмаганічных мітах мы таксама знаходзім згадкі пра “першаматэрыі”: гэта “зямля” (альбо “пясок”), “паветра”, але перадусім - “вада”. “Вада” - асноўная першаматэрыя, толькі яна існуе ў будучым Сусьвеце спрадвеку, бо “зямля” ёсьць яшчэ як бы ў мажлівасці, яе трэба здабыць, дастаць зь “бязэднага акіяну”. Пра “ваду” ж гаворыцца наступнае: “Даўней тут была чыстая вада...; “Перш-наперш была адна толькі вада...”; “Ішоў Спас па сіняму мору...”; “Д'ябал дабыў пяску са дна мора...”; “Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада...” і г.д.

Апісаньні гэтага яшчэ, уласна, дакасьмічнага, “да-гранічнага” стану Сусьвету практычна аднолькавыя ва ўсіх індаэўрапейскіх культурах. Гэты стан найчасьцей і выяўляецца ў вобразе неабсяжнай воднай прасторы - бязьмежнага мора ці акіяну. Як варыянт можа згадвацца нейкі стан, прамежкавы паміж вадой і паветрам або паміж вадой і зямлёй. Але падобныя апісаньні маюць на мэце падкрэсьліць менавіта няпэўнасьць, нявызначанасьць, неакрэсьленасьць гэтага пачатковага стану.

“Не было напачатку нічога апроч водаў...”, “Водамі запраўды было гэта спачатку, толькі морам...”; “Вадой гэта было спачатку, вялікай плынню…”; “Вада, канечна, была ўсім гэтым у пачатку…”; “Спачатку светам былі воды, рухомы акіян…”; “Змрок быў схаваны змрокам напачатку; без усякіх адрозненняў, усё гэта было вадой. Тое, што, становячыся, было ахінута змрокам, яно Адно было народжана сілай цеплыні” і да т.п. Гэта ўжо формулы, данесеныя да нас сьвятарнымі тэкстамі старажытных арыяў - “Рыгведай”, “Шатапатга-брагманай” і інш. У антычных орфікаў знаходзім наступную формулу: “Спачатку былі вада й глей…”.

Падобныя вобразы лёгка знайсьці на ўсіх кантынэнтах: у індзейцаў Паўночнай Амэрыкі й абарыгенаў Цэнтральнай Аўстраліі, на выспах Акіяніі ды ў Эўропе, у Сібіры ды ў Пярэдняй Азіі. Гэты матыў ёсьць і ў эгіпэцкіх міталягічных тэкстах, і ў бабілёнскай паэме “Энума Эліш”, і ў Бібліі. У апошняй добра вядомыя радкі: “І сказаў Бог: хай будзе ружа (бел. дыял. ружа - гэта выспа сухой зямлі пасярод балота ці азярыны) пасярод вады ды аддзеліць яна ваду ад вады...”. Наагул можна пэўна цьвердзіць, што “пачатковыя воды” зьяўляюцца асноўным “першаматэрыялам” старажытных касмагоній ува ўсіх куткох зямнога клубу. І нават эўрапейская філязофская традыцыя пачынаецца з ідэі вады як першападваліны ўсяго існага (згадайма касмагонію Фалеса).

Вобраз “пачатковых водаў” утрымліваецца таксама ў гайме беларускіх казачных сюжэтаў этыялягічных паданьняў, дзе ў паэтычнай форме пераасэнсоўваюцца рэшткі асноўных касмаганічных мітаў.

Галоўная прыкмета гэтага пачатковага стану - абсалютная аднароднасьць і ізатропнасьць, адсутнасьць якога-колечы зерня адрозьненьня й адасабленьня. Гэты стан можа апісвацца таксама як бясформенная сумесь усяго. Як, напрыклад, у орфікаў: “Гэты Хаос, паводле яго [Арфея - С.С.] слоў, ні цемра, ні сьвятло, ні вільготнае й ні сухое, ні цёплае й ні халоднае, але ўсё разам зьмяшанае; ён быў вечна, адзіны й бясформенны”. Але галоўная ягоная азнака, зь якой вынікаюць і ўсе астатнія, - гэта поўная адсутнасьць якіх-колечы межаў і граніц. Таму гэты дапачатковы, дакасьмічны стан рэгулярна апісваецца як “безгранічнае”:. Можна было б мноства прыкладаў падаць, самы вядомы зь якіх, бадай, - вучэньне Анаксымандра, які разглядаў як. Пазьней уяўленьні пра падобны бесструктуравы стан, які ўтварае субстрат усяго існага, былі канцэптуалізаваны ў панятку “ўсяго”, “простай сукупнасьці” .

Уласна касмагенэз пачынаецца з узьнікненьня або стварэньня нейкай пачатковай неаднароднасьці ў нетрах самога гэтага “безгранічнага”, што азначае нутраное межаваньне й пачатак структураваньня. Я тут устрымаюся ад абмеркаваньня сучасных касмалягічных канатацый панятку “пачатковая (або першасная) неаднароднасьць”.

Дадзеныя розных індаэўрапейскіх традыцый у абраным намі ракурсе даволі аднародныя. Падамо самыя яскравыя прыклады для некалькіх найбольш пашыраных версій, тым больш, што беларускі матэрыял у гэткім кантэксьце будзе ўпершыню.

Але перадусім хацелася б зважыць на адную цікавую акалічнасьць. Нягледзячы на нібыта яўныя згадкі пра тое, што “першазямля” дастаецца “са дна мора” (з чым, зрэшты, стасуецца сёньняшняе наша ўяўленьне пра мора ці пра акіян як пра тое, што мае і дно і берагі, зусім як звычайнае возера, ды толькі вялікае) насправе самога гэтага “дна” якраз і няма. Пачатковы акіян - “бязэдны”, “зямля” ж знаходзілася ў самай нетры гэтага акіяну, які акаляў яе з усіх бакоў. У легендах пра гэта гаворыцца вось як: “Ё ... у акіяне бязэдным зямля...”, “Тады ўздумаў бог, што ў вадзе ляжыць кавалак зямлі...”.

І вось мы дайшлі да аднога з самых цьмяных пунктаў ува ўсёй старажытнай касмагоніі, а менавіта да пытаньня: адкуль у пачатковым бязэдным акіяне ўзялася зямля?

Узьнікненьне “зямлі”. Зьяўленьне на касмаганічнай арэне “зямлі” сапраўды даволі загадкавае. Гэткім было яно ўжо ў старажытнасьці. І тады ж нарадзіліся тры асноўныя версіі паходжаньня зямлі. Першая ідэя грунтуецца на тым, што зямля сама па сабе ўзьнікла ва ўлоньні “пачатковых водаў”. Паводле другой версіі, “зямля” ўзьнікае з “пачатковых водаў” не сама па сабе, а ў выніку дзейнасьці пэўных пэрсанажаў - багоў пракаветнага сьвету. І, урэшце, трэцяя версія - гэта добра вядомая ідэя “стварэньня зь нічога”. Гэтую апошнюю ідэю мы пакідаем без увагі, бо яна ня мае аніякага дачыненьня да старажытнай беларускай касмагоніі, і наагул ёсьць зьявай адносна позьняй, як пра гэта было ўжо сказана вышэй.

Праўда, варта азначыць, што гэтаксама ўжо ў старажытнасьці зьяўляецца й чацьвёртая тэндэнцыя, а менавіта: лічыць, што зямля існуе, як і вада, спрадвеку. Але гэтая ідэя пэўным чынам парушае касмаганічную міталёгіку ды праўдзіва разьвіваецца ўжо ў межах не міталёгіі, а натурфілязофіі, у якой пракаветнымі бачацца пяршасткі зямлі, вады, паветра ды агню, зь якіх і ўтвараецца космас.

У беларускай касмагоніі паўстаюць абедзьве версіі паходжаньня “зямлі”, але абедзьве ўжо даволі невыразныя й узнаўляюцца адно рэканструктыўна. Чыста ўмоўна перавагу можна было б аддаць першай версіі, прынамсі, у межах сюжэту, у якім бог з падмогаю чорта вырашае стварыць сьвет. Але адкрыта пра ўзьнікненьне “зямлі” з “вады” таксама нічога не паведамляецца. Пра гэта хіба ўскосна можа сьведчыць ідэя нараджэньня пэўнай неаднароднасьці ў самой вадзе шляхам згушчэньня яе ці ўшчыльненьня. Пра гэта гаворыцца гэтак: “Перш-наперш была адна толькі вада; па ёй кой-калі хадзіў бог. Вот толькі ён ідзець, ажно відзіць - плывець вадзяны пузыр”. Альбо: “Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць - мора пачынае пеніцца, пачынаюць біць незвычайна моцныя хвалі, з'явіўся аграмадны вадзяны стоўб”. “Калісь гасподзь хадзіў па воздуху. Бача - пузыр вісіць, і ў пузыры штось пішчыць”. “Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што”. І потым ужо гэтая першасная неаднароднасьць, якая ў глыбінях бязэднага акіяну становіцца “зямлёй” або “каменем”, мусіць нейкім чынам трапіць на паверхню вады, каб стаць асноўным матэрыялам “стварэньня” Сусьвету.

А цяпер падам паралельныя тэксты зь ведыйскай і арфічнай традыцый.

Стараіндыйская версія касмаганічнага міту (паводле інтэрпрэтацыі Ф.Б.Я.Кёйпэра):

“Напачатку была толькі вада, але гэтыя так званыя пачатковыя воды неслі ў сабе семя жыцця. Са дна ўзрынуў невялікі камок зямлі і плаваў на паверхні. Затым ён пашырыўся і стаў гарой, пачаткам зямлі, працягваючы трымацца на вадзе. Ёсць адмена міфа, згодна з якой тут жа ж знаходзіўся вышэйшы бог, Бацька свету, але прысутнасць або адсутнасць яго не гэтак істотныя. Спракаветны свет быў сакральны сам па сабе, і для яго стварэння не было патрэбы ў творцы. Рэчы папросту мысліліся нейкім чынам існымі. Пры тым, на першым этапе свет, уяўлены гарой, быў яшчэ нерассечаным адзінствам”.

Яшчэ колькі тэкстаў, у якіх апісваецца касмагонія орфікаў:

1) “Арфей жа прыпадабняе Хаос да яйка, у якім было зліццё першых элементаў. Пад Хаосам Гесіод разумее тое, што Арфей называе ўзніклым “яйкам”. Яйка гэтае з'явілася з безгранічнай матэрыі і ўзнікла так. Чацверародная матэрыя было жывой, і ўся безгранічная “продня вечна цякла”, беспарадкава неслася, зноў і зноў вылівалася ў мірыяды то гэткіх, то іншых недасканалых злучэнняў і разбурала іх сваёй беспарадкавасцю, і - растуленая - зяпала, быццам не здольная для нараджэння жывога. І вось аднаго разу здарылася так, што безгранічнае мора само, гнетучыся сваёй уласнай прыродай, пацекла ўпарадкавана, ад сябе да сябе, падобна да вадавароту, і змяшала рэчывы гэткім чынам, што самая спажыўная частка ўсяго, якая была найбольш прыдатная для нараджэння жывога, раптам пацекла ў цэнтры Сусвету - як у віры - і пад уздзеяннем вадавароту, які ўсё сам у сабе нясе, выдалілася на глыбіню, уцягнула ў сябе навакольную пнеўму і, нібы зацяжарыўшы, утварыла зародак.

Падобна да таго, як у вадзе часта самі сабой узнікаюць пухіры, так з усіх бакоў змацавалася шарападобнае паднябенне. Затым, вынашанае ў самім сабе, яно было падхоплена боскай пнеўмай, панеслася ўгару і вырынула на святло - свайго роду гіганцкі плод, нібы жывое стварэнне, народжанае з усяе безгранічнай продні, падобнае да яйка і круглатой і парадкам [размяшчэння нутраных] слаёў”.

2) “Больш мудрыя сярод паганцаў кажуць, што паперад усяго быў Хаос. На працягу доўгага часу ўшчыльняючы свае знешнія часткі, ён стварыў сабе межы і нейкую падставу, сабраўшыся ў адзінае і набыўшы вобраз і форму нібы агромністага яйка, унутры якога на працягу гэткага ж доўгага часу, быццам унутры яечнай шкарлупіны, знаходзілася сагрэтая жыватворным цяплом жывая істота. Затым, калі гэты агромністы шар трэснуў, з яго выйшаў нейкі чалавечы вобраз з падвойным абліччам, які яны называюць мужажаночым”.

Шляхі, якімі “зямля” апынаецца на паверхні вады, таксама могуць быць розныя. Часьцей па яе нырае нейкая касмаганічная істота, як у сюжэце, пададзеным крыху вышэй. Аднак не выключаецца, што “зямля” сама па сабе ўсплывае на паверхню. Гэткі матыў таксама ўласьцівы індаэўрапейскай традыцыі. Ускосна тое можа сьведчыць наступны фрагмэнт зь легенды пра паходжаньне беларусаў:

“Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень, нібы што. Адзін раз Пярун як разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачыла тры яскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя яскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё высветлілася, дык і азначылася - дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося і ўсякае жыццё і ў вадзе, і на зямлі. І лясы, і травы, і звяры, і рыбы, а пасля і чалавек завёўся: ці ён прыйшоў адкуль ці вырас тутака”. І гэтак, раз умяшальніцтва “перуна” ў касмаганічны працэс пачынаецца - згодна з гэтай легендай - пазьней, можна меркаваць, што згаданы “нібы камень, нібы што” зьявіўся на паверхні з прычыны ўласьцівай яму здольнасьці трымацца на вадзе.

Але міт пра ўзьнікненьне “першаснай касмалягічнай неаднароднасьці” (калі скарыстацца тут сучаснай тэрміналёгіяй) мае яшчэ адзін дастаткова пашыраны ўзор - уяўленьне пра “сусьветнае яйка”. Паводле ведыйскай традыцыі, гэтае “яйка” саманараджаецца зь першасных вод, калі іхныя хвалі пачынаюць сутыкацца й біцца адны аб адны. Мы бачылі, як гэтая ідэя ўяўлена ў касмагоніі орфікаў. Пазнаёмімся яшчэ з колькімі заўвагамі Кёйпэра: “Другая ідэя, г.зн. уяўленьне пра сусьветнае яйка, зьвязана або з ідэяй ушчыльненьня вод, або з ідэяй Творцы. Першая адмена засьведчана версіяй, згодна зь якой напачатку былі толькі воды, і іхныя хвалі сутыкаліся адна з адной. Ад гэтага ўзьнікла залатое яйка й ляжала там сто “гадоў багоў”; або: “Вадой гэта было спачатку, вялікай плыньню”, і затым: “Ён апладніў як хваля - хвалю. Ад гэтага ўзьніклі дзьве залатыя чары”“.

У беларускіх паданьнях мы сустракаемся блізка з гэткім жа матывам: “мора пачынае пеніцца, пачынаюць біць незвычайна моцныя хвалі”. У выніку ўзьнікае “аграмадны вадзяны стоўб” альбо, што ня будзе дужа пярэчыць духу тэкстаў, “вадзяны пузыр”. І ў тым, і ў другім заточаны нейкі волат, які, маючы ўладу над пачатковымі водамі, бярэ самы чынны ўдзел у стварэньні Сусьвету. Пра гэтых волатаў яшчэ будзе сказана слоў колькі пазьней, але ўжо цяпер трэба азначыць, што 1) волаты або асілкі, паводле нашых этыялягічных мітаў, аказваюцца першымі насельнікамі пракаветнага, новастворанага Сусьвету; і 2) што ў беларускіх казках волат альбо браты-волаты нараджаюцца, напрыклад, з качыных яек, а сувязь качак менавіта з пачатковымі водамі - звычайная зьява ў багата якіх сусьветных міталёгіях. Прыгадайма, што Кашчава сьмерць у казках знаходзіцца ў яйку, якое выпадае з разадранай качкі проста ў сіняе мора. Гэта таксама касмаганічны сюжэт, дзе Кашчава сьмерць сымбалізуе канец пачатковага стану сьвету й нараджэньне або адраджэньне ўладкаванага космасу.

Другая версія пра паходжаньне “зямлі” з пачатковых вод у выніку дзейнасьці нейкіх мітычных істот таксама добра прасьвечвае ў беларускіх фальклёрных тэкстах. Найбольш вядомая паралеля ёй - міт пра “зьбіваньне акіяну” - маецца ў славутым гераічным эпасе індыйцаў “Магабгараце”. Верагодна, гэты сюжэт узьнік у далёкай мінуўшчыне ў асяродку быдлаводчых плямёнаў і стаўся вынікам сакралізацыі й рытуалізацыі працэсу зьбіваньня вяршкоў дзеля вырабу масла. Гэта запраўды цудоўны працэс, у выніку якога з вадкіх сьпярша вяршкоў утвараецца значна больш цьвёрды кавалачак масла, які, да таго ж, мае ўласьцівасьць плыўкасьці. Ня лішнім будзе заўважыць тут, што малако ды малочныя вяршкі вельмі часта ў міталёгіі аказваюцца вобразнымі займеньнікамі вады. Можна тут прыгадаць і “малочную раку зь кісельнымі берагамі” ды сюжэт амаладжэньня ў гарачым малацэ. Затым і нядзіўным падасца міталягічнае бліжаньне пабытовага зьбіваньня вяршкоў дзеля вырабу масла й касмаганічнага “зьбіваньня акіяну” дзеля стварэньня “зямлі”.

У беларускім фальклёры матыў “зьбіваньня акіяну” захаваўся ў казцы “Іван Падвей”, у якой галоўны герой Іван дзеля здабыцьця яйка з Кашчавай сьмерцю змушаны біць сваёй ляскай мора: “Як даў [Іван Падвей - С.С.] ляскай сваёй па моры - дабіваецца да таго, што голы камушак ля яго. Як ударыў ляскай па камушку, так камушак гэты разляцеўся! Тойчас вутка з камушка, коршун за яе да яму даў! Ён узяў гэту вутку, раздзёр яе папалам. І яйцо гэта за пазуху заклаў”. А ў вядомай веснавой песьні знаходзім вось якія радкі:

У чыстым полі пад яваром

Разгуляўся Юр'еў конь.

Разгуляўся Юр'еў конь,

Хвастом мора раскалыхаў.

Хвастом мора раскалыхаў,

Капытом камень разбіваў.

Дарэчы, гэтую песьню можна было б назваць “касмаганічным гімнам”. Магчыма, рэшткамі апошняга яна й зьяўляецца. І пацьверджаньнем гэтага ёсьць ня толькі ўвесь вобразны лад яе, але таксама й тое, што далей пасьля ўзгаданых радкоў паўстае традыцыйны для касмаганічнага рытуалу слоўны паядынак паміж дзяўчатамі й хлопцамі:

Як у гарэху ядра нет,

Так у хлопцаў праўды нет,

Як у гарэху ядра ёсць,

Так у дзевак праўда ёсць.

Касмаганічны й каляндарны сэнсы й значэньне гэткіх слоўных паядынкаў былі добра выяўлены ўсё тым жа Ф.Кёйпэрам у ягонай грунтоўнай працы “Старажытны арыйскі слоўны паядынак”.

Прыкмецім, што касмаганічнае “зьбіваньне акіяну” перадаецца ў гэтай песьні праз вобразны шэраг: Юр'еў конь раскалыхвае хвастом мора (так бы мовіць, “зьбівае мора”), а потым ужо, і гэта істотна, разьбівае камень капытом. “Мора”, відаць, нездарма тут папярэднічае “каменю”.

Мы ўбачылі, што ў беларускай міталёгіі нароўні існуюць досыць адрозныя паралельныя версіі асноўнага касмаганічнага міту. Гэткая шматварыянтнасьць ёсьць агульнакультурнай зьявай. Мажліва, прычыны яе карэняцца ў тым, што сэнсавыя небакраі міталягічных сымбаляў у значнай ступені разышліся ўжо ў старажытнасьці й разьвіваліся менш-больш самастойна. Мабыць, мы папросту ня ў стане сёньня ўгледзець у гэтай рознакаляровай шматковасьці розных версіяў аднаго міту сьляды былое роднасьці. Альбо мы маем справу зусім з рознымі касмаганічнымі мітамі, якія нарадзіліся ў розных этнакультурных асяродках і рэшткі якіх нейкім дзіўным чынам зьмяшаліся паміжсобку. Ува ўсялякім разе, гэтыя рэшткі ня дужа супярэчаць адны адным, і мы, аналізуючы іх, пашыраем сэнсавы небакрай кожнага ў сьвятле ўсіх астатніх і аднаўляем іхную пракаветную роднаснасьць.

Дзейныя асобы першай фазы касмагенэзу

Хто й навошта стварае Сусьвет? З агульнага перакананьня багата каго з даволі значных дасьледнікаў міталёгіі, працэс узьнікненьня “зямлі” зь “першасных водаў” складае пачатковую стадыю старажытнай касмагоніі, у выніку чаго матэрыял для “стварэньня” Сусьвету аказваецца наяве. Мы бачылі, што гэтая першая стадыя, насамрэч, можа ажыцьцяўляцца без усялякага ўмяшаньня якіх-кольвек касмаганічных істот. Мітычная першаматэрыя існуе сама па сабе й сама па сабе можа мяняць свае формы. Чаго не адолее першаматэрыя, дык гэта ўтварыць зь сябе ўладкаваны Космас. На гэтай другой стадыі касмагоніі пара “матэрыял” - “творца” робіцца вызначальнай. І нам, такім чынам, належыць зараз, хаця ў агульных рысах, разгледзець “дзейных асоб” беларускай міталёгіі на стадыі структураваньня хаатычнага напачатку сьвету.

Задача гэтая вельмі няпростая, бо тут мы маем яшчэ большую, чым у папярэднім выпадку, рознаварыянтнасьць сюжэтаў і вобразаў. Нашчасьце, усе яны, узаемна вытлумачаючыся й стасуючыся з адпаведнымі вобразамі роднасных з паходжаньня народаў, даюць магчымасьць вылучыць шэраг найбольш тыповых, вызначальных матываў, што трымаюць галоўную сэнсавую нагрузку.

Вышэй ужо заўважалася, што напярэдадні другой касмаганічнай стадыі будучыя “дэміургі-творцы” ўжо існуюць, гэтаксама як і “матэрыя” будучага Сусьвету. Адкуль узяліся “творцы” й ці былі яны на першай касмаганічнай стадыі - гэта было загадкаю ўжо ў дапісьмовы пэрыяд гісторыі. Прынамсі, бадай, у самым славутым (хаця й адносна позьнім параўнальна з касмаганічнымі тэкстамі Шатапатга-Брагманы) “Касмаганічным гімне” індыйскай Рыгведы гэта праблема выразна адцямляецца:

Не было ні існага, ні няіснага;

Не было ні паветранае прасторы, ні неба над ёй.

Што было ў руху? Дзе? Пад чыім покрывам?

Чым былі воды, непрасяжныя, глыбокія?

Хто запраўды ведае, хто цяпер распавёў бы,

Адкуль узьнік гэты белы сьвет?

Багі (зьявіліся) па ягоным стварэньні.

Ды хто ведае, адкуль ён узяўся?

З чаго ўзьнік гэты белы сьвет,

Стварыў (хтось яго) альбо не?

Хто бачыў гэта на вышнім небе,

Той сапраўды ведае. А што, як ня ведае?…

Калі вярнуцца да цыклю беларускіх касмаганічных мітаў, зь якіх пачалі мы свой разгляд, няцяжка заўважыць, што ўдзельнікі “стварэньня” Сусьвету маюць досыць выразную спэцыялізацыю: адзін мае ўладу над матэрыяй і толькі ён здатны здабыць яе з глыбіні вод, іншаму ж падуладны формы, і толькі ён узапраўду можа займацца касмаганічнай творчасьцю. Адразу тут істотна акрэсьліць, што гэтая пара не ўтварае супярэчнага супрацьпастаўленьня - хутчэй, гаворка пра супрацьпастаўленьне ўзаемадапаўняльнае.

Імёны, якія трапляюць нам у мітах гэтага цыклю, вытлумачаюць ня шмат, калі ўспрымаць іх у кантэксьце іхнага функцыянаваньня ў хрысьціянізаваных тэкстах традыцыі. Гэта: “бог”, “гасподзь”, “Спас”, з аднога боку; “чорт”, “шайтан”, “нячысьцік”, “д'ябал” - з другога. Нас ня мусіць уводзіць у зман праяўна хрысьціянская тэрміналёгія гэтых мітаў. Яна, бясспрэчна, зьяўляецца вынікам даволі позьняга пераасэнсаваньня й адаптацыі. Сама ж па-хрысьціянску маральна-азнакавая сэнсавасьць гэтых імёнаў адразу запярэчыць тэксту й духу згаданых мітаў, якія бытавалі зусім у іншай прасторы каштоўнасьцяў. Нашчасьце, іншыя крыніцы данесьлі да нас шмат варыянтаў імёнаў удзельнікаў касмаганічнага працэсу, разглядам якіх мы цяпер і зоймемся. Але, зразумела, што высновы тут будуць пакуль папярэднімі, бо нішто гэтак не пацярпела ад інтэрфэрэнцыі падставовых складнікаў беларускай культуры, як тэанімікон нашай традыцыйнай рэлігіі й традыцыйны каляндар.

І пачаць нам тут давядзецца ab ovo (“зь яйка” - лац.), г.зн. з самага пачатку. А ў пачатку, апроч “вады”, не было нічога. Такім чынам, першая міталягічная істота мусіць быць зьвязана з гэтымі “пачатковымі водамі”. Пэўныя сведчаньні пра тое, што гэта мог быць за пэрсанаж, мы знаходзім у казцы “Пра Івана-Дарагана”: “Гэта было з пачатку света. Жыў Кашчэй Бяссмертны, і багатыроў усіх пабіў, і валшэбнікаў усіх пагубіў, і ўкраў сонца, і месячка, і зорачкі, і стала цёмна людзям”.

Нас не павінна зьдзіўляць тут тое, што ў пачатку сьвету і нават да гэтага пачатку ўсё ўжо нібыта было: і людзі, і сонца, і месячык, і зорачкі і інш., але ўсё было нібы скутае й схаванае Кашчэем. Мы ж мусім памятаць, што міталягічны час, адрозна ад часу гістарычнага, не распростваецца й не зьяўляецца падпарадкаваным лінейнаму дачыненьню “раней” - “пазьней” што да пасьлядоўнасьці падзеяў. Ён, хутчэй, уяўляе зь сабе кола, у якім пачатак і канец ёсьць адным і тым жа, і яны непасрэдна супадаюць, а “канец (як пяяў адзін славуты бард) ёсьць адліку пачатак”. Карацей, мы тут яўна маем справу з часам, калі ўжо скончыўся адзін касьмічны цыкаль, а другі яшчэ не пачаўся. Усё знаходзіцца ў пачатковым, неструктураваным, хаатычным, патэнцыйным стане, наўкола цёмна, і сьвет яшчэ ня ёсьць сьветам.

І адзіны гаспадар усяго гэтага нязьяўленага пакуль багацьця - Кашчэй Бясьсьмертны, ён жа Кашч, ён жа Кашча Неўміручы, ён жа, відаць, і Сам з кокаць, барада з локаць і г.д. Сувязь Кашча зь першасна-водным, хаатычна-няўробленым станам сьвету ў згаданай казцы “Пра Івана-Дарагана” не падаецца адкрыта, але сумнявацца ў наяўнасьці гэтай сувязі няма аніякіх падставаў. Прынамсі, у казцы “Пракрасная дзявіца Алена” пра гэта гаворыцца зусім не двохсэнсова (толькі Кашч там завецца “зьмеем”, што, зрэшты, невыпадкова): “Маё здароўе і сіла ўсё ў моры! Там, ... у моры ляжыць вол, а ў валу заяц, а ў зайцы вутка, а ў вутцы яйцо, а ў яйцы ўсё здароўе маё і сіла сядзіць там! Калі б хто тое яйцо дастаў да ім мяне ўдарыў у лоб алі ў грудзі, тут ба мне і канец!” Гэтаксама й у казцы “Івашка Мядзьведжае вушка” Бясьсьмертны Кашчэй прагаворваецца: “Мая смерць - у моры скрыня, а ў скрыні заяц, а ў зайцу вутка, да, а ў вутцы яйцо, вот то мая смерць”. І мы памятаем, што Іван Падвей у аднайменнай казцы таксама з мора здабываў Кашчаву сьмерць.

Мы цяпер можам выказаць меркаваньне, якое наагул не запярэчыць духу беларускага касмаганічнага міту: сам Кашча нараджаецца з пачатковых вод паралельна, а можа й у зьвязку, з нараджэньнем першаматэрыі-зямлі, зь якою ён і атаесамліваецца, і ў той жа час адрозьніваецца ад яе - у якасьці ейнай інэртнай ды хаатычнай уласьцівасьці. З гэтай хаатычнасьцю, бясформавасьцю й інэртнасьцю й вядзе касмаганічную барацьбу бог-дэміург (культурны герой) на другой стадыі ўтварэньня Космасу.

І вось як беларускі міт апісвае “Кашчава” нараджэньне: “Калісь гасподзь хадзіў па воздуху. Бача - пузыр вісіць, і ў пузыры штось пішчыць. Гасподзь спрашуя:

- Што ты там такое пішчыш у пузыры?

А ён гавора:

- Бог!

- А хто ж я?

- А ты - кажа - над багамі бог - у пузыры атвет дае.

- Ну, калі ж я над багамі бог... - узяў і разадраў пузыр.

Вышаў адтуль чалавек, з пузыра, і ідзе поплеч з ім”.

Што гэта быў за “пузыр”, удакладняецца іншым фрагмэнтам:

“Перш-наперш была адна толькі вада; па ёй кой-калі хадзіў бог. Вот толькі раз ён ідзець, ажно відзіць - плывець вадзяны пузыр. Во й кажыць бог:

- Стой!

Пузыр астанавіўся. Кажыць бог:

- Лопні!

Пузыр лопнуў, з яго выскачыў чорт і кажыць:

- Што табе надо, божухна?”

А вось яшчэ адна цікавая версія: “Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць - мора пачынае пеніцца, пачынаюць біць незвычайна моцныя хвалі, з'явіўся аграмадны вадзяны стоўб. Спас падыходзіць да гэтага стаўба паглядзець і бачыць у сярэдзіне гэтага стаўба жывога волата, і выкінуў на бераг. З'явіўся такі прыгажун, што прыгажосці яго здзівіўся сам Спас.

Спас узяў гэтага прыгажуна і паставіў яго начальнікам над усімі анёламі. Ён і пачаў намаўляць анёлам непаслушэнства богу”.

Вышэй, разьбіраючы праблему ўзьнікненьня “зямлі”, мы ўжо зьвярталіся да гэтых сюжэтаў. Цяпер, натуральна, мы спалучылі ўяўленьне пра саманараджэньне “зямлі” з уяўленьнем пра нараджэньне “Гаспадара водаў” (ён жа Кашч, таксама вядомы й пад іншымі імёнамі-эпітэтамі). Пра тое, што спалучэньне гэтае не адвольнае й ня ёсьць адно аўтарскай інтэрпрэтацыяй, могуць сьведчыць наступныя ўрыўкі:

Першы зьвязвае вобраз “зямлі” з вобразам “яйка”: “Рабіў бог зямлю. Выгладзіў, выдзелаў - люба паглядзець. Гладзенькая, кругленькая, як шпакова яйка. Адляцеў троху воддаль дый дзівіцца з сваёй працы, што добра ўдалося.

Тым часам чорт ужо быў, сядзеў ён за кустом і ад злосці аж тросся. Зайздрасць яго брала, што бог гэтак добра зрабіў. Як толькі бог схаваўся за нябеснымі брамамі, а іх цэлых сем, чорт давай са злосці кіпцямі зямлю дзерці ды кідаць. Куды кіне - гара, куды са злосці плюне - балота. Зрабіў зямлю такой, як мы зараз бачым. Сам зарыўся глыбока ў зямлю й зрабіў пад зямлёй сваё княства”.

Мы бачым, што ў гэтым урыўку, магчыма, з уплыву біблейскай касмагоніі, прычыны й вынікі мяняюцца месцамі: не з пачаткова хаатычнага стану ўзьнікае Космас, а наадварот, спачатку прыгожа зробленая зямля ў выніку чортавай дзейнасьці набывае даволі бязладнае аблічча. Тым ня менш, тут даволі яскрава выяўляецца сымбалічная сувязь “зямлі” зь “яйкам”, з аднога боку, і нетраў зямлі, зямных глыбіняў з чортавым “княствам”, Кашчавымі ўладаньнямі - з другога. Чаму так? Можа, і таму, што “маці зямля ўсё прымае, а найбольш усякае нечысці, ды шчэ й дзякуе за ета, а калі хочаш ведаць, як яна дзякуе, то навязі гною да й пасей жыта, дак і будзеш знаць”.

У наш час ідэя сымбалічнай тоеснасьці “зямлі” ды “яйка” была скарыстана паэтам А.Разанавым, праўда, зь вельмі супярэчлівым апошнім сказам. Ён піша: “Камень пукаты, нібы яйка. Калі яйка (прынамсі, велікоднае) выпрабоўваюць на моц, яго прыстаўляюць да зубоў і стукацяць: к-к-к-к... Які гук, такая і моц. Камень адразу аб'яўляе аб сваёй моцы, аб сваім мацакоўстве. Ягонае “к” перакананае і непранікальнае. Ён, зрэшты, увесь складаецца з “к”, з суцэльнай шкарлупіны. Тая мяккасць, якая ўласціва астатняй яго частцы, належыць не самому каменю, а асяродку, які яго атуляе і які для яго сапраўды мяккі.

У камені спіць імя абсалюту - аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін...

Камень - камель часу: усё іншае ў параўнанні з ім зменлівае і нетрывалае.

І кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя”.

Раней мы ўжо зважалі, што “першазямля” ў мітах часта магла выступаць у вобразе “каменя” й нават “вялікай гары”. Няма ніякіх сумневаў, што ў пададзеных вышэй радкох асэнсоўваецца паэтычнымі сродкамі вельмі старажытны сымбалічны паралелізм “зямлі”, “каменя” ды “яйка”.

Падсумоўваючы, мы можам цяпер ужо так апісаць першую стадыю касмагоніі. У глыбінях пачатковага бязэднага акіяну адным з азначаных вышэй спосабаў узьнікае “яйка”, якое зь першасутнасьці сваёй ёсьць зародкам усяго, што яшчэ мае быць, але перадусім яно ёсьць зародкам зямлі, першай матэрыі для ўтварэньня Сусьвету, і ў гэтым жа “яйку” нараджаецца ўладар водных глыбіняў і зямных нетраў, вядомы нам з казак пад імем Кашча.

Зрэшты, накрэсьленая тут схема зусім не нечаканая. Блізка такі ж варыянт вынаходзіцца й у ведыйскай традыцыі. Паводле адной зь версій, багамі пракаветнага сьвету былі асуры, якім толькі па стварэньні ўжо Індрай структураванага Космасу дастаецца ва ўладаньне ўвесь падводны й падземны сьветы. Зь версіі Шатапатга-брагманы, у пачатковых водах узьнікае залатое яйка, у якім праз год саманараджаецца чалавек - Праджапаці, бог адзінага й неструктураванага яшчэ сьвету. Праўда, зь версіі Шатапатга-брагманы, гэты ж Праджапаці сам і аказваецца творцам упарадкаванага Космасу.

Кашч, падобна, ня быў адзіным уладаром пракаветнага сьвету, дакладней, адзіным увасабленьнем зямных нетраў ды марскіх глыбіняў. Да гэтых іншых увасабленьняў мы бяз цяжкасьцяў зможам перайсьці, склаўшы абагульнены Кашчаў партрэт на падставе тых матэрыялаў, якія даюць нам беларускія казкі.

Першая група характарыстык адносіцца непасрэдна да самога Кашча й ягоных атрыбутаў. Даволі разгорнутае апісаньне ўтрымліваецца ва ўжо згаданай казцы “Пра Івана-Дарагана”. “Кашчэй Бяссмертны” жыве на беразе “мора” ў аграмадным белым доме разам з усёю сваёй радзінай: трыма сынамі, дзвюма дочкамі, жонкай-змяёй і дзеўкай Анціпкай, што вейкі яму падымала, бо вейкі ў яго “па пяць пудоў” кожная. Смерць Кашчава, як і мае быць, знаходзіцца недзе ў моры. Там ёсць выспа, на выспе дуб аграмадны, “пад тым дубам тры касых сажні ў зямлі сундук незгараемы, незгніваемы, а ў том сундуку заяц, а ў том зайцы вутка, а ў той вутцы яйцо, а ў том яйцы” Кашчава смерць”.

Нагадаем, што ўсё “гэта было з пачатку свету”. Пракаветнасьць прасторы, у якой адбываюцца падзеі гэтай казкі, і сувязь іх з глыбінямі ды нетрамі падкрэсьліваюцца і вобразам “мора”, і вобразам качкі, і вобразам “яйка”, і хтанічнай (ад грэцкага слова “хтон” - зямля, падзем'е) прыродай Кашчавай жонкі-зьмяі, і ненатуральна доўгімі вейкамі Кашча (гэткімі ж валодаў герой гогалеўскага “Вія”).

Новыя дэталі ў Кашчавым партрэце знаходзім у казцы “Івашка Мядзьведжае вушка”. Тут гаворыцца: “Бяссмертны Кашчэй, ён сам з кокаць, барада з локаць”. Гэты Кашчэй можа за раз зьесьці цэлага вала, што ён і робіць двойчы, пакідаючы Івашку Мядзьведжае вушка й ягоных спадарожнікаў Дуба-Дубавіка й Гару-Гаравіка бяз полудня. Апроч таго, Кашчэй умее лётаць. Пад зямлёю ў яго ёсьць тры царствы: мядзянае, срэбнае ды залатое (дарэчы, сюжэт з трыма царствамі асураў - мядзяным, срэбным ды залатым - добра вядомы ў індыйскім эпасе).

У казцы “Іван Падвей” сярод Кашчавых слуг называюцца: шасьцігаловы смок, дванаццацігаловы смок, воран, сокал, казёл. У Кашчы багаты статак кароў, якіх пасе “бабушка”, што ўрэшце й дапамагае Івану Падвею.

На сувязь Кашчэя Бясьсьмертнага з “пачатковай гарой” указвае казка “Каваль”. Менавіта там, у гары, памяшчае казка палацы Кашчэя Бясьсьмертнага. Цікавай дэталяю таксама падаецца тое, што Каваль дорыць Кашчэю жыцьцё за абяцаньне таго жыць толькі ў балоце ды не рабіць шкоды. Гэтаксама ў Шкляных гарах памяшчае Кашчава царства казка “Шкляныя горы”. Адмысловы тут момант, калі Кашчу забівае ягоны ж конь, узьняўшы яго пад нябёсы ды скінуўшы на “сырую зямлю, на белы камень”.

У часы, калі ўлада Кашчава не распаўсюджваецца на ўвесь сьвет, сам Кашча ў казках часта выяўляецца прыкутым альбо падвешаным у нейкіх скляпеньнях. Яго, зь няведаньня, вызваляе галоўны герой, за што Кашча абяцае яму дараваць тры сьмерці - ён жа якраз ёсьць тым, каму сьмерць падуладна. Гэты сюжэт добра распрацаваны ў казках “Шкляныя горы” ды “Іван Іванавіч купецкі сын”. Акрамя таго, у гэтай апошняй падаюцца й іншыя зьвесткі пра “Паганага Кашчэя”. Па-першае, яму прыслугоўваюць конь, сокал ды собаль. Па-другое, у Кашча ёсьць у трыдзявятым царстве статак зь дзевяці кабыл, які пасе Баба Юга. Па-трэйцяе, казка гаворыць і пра той час, калі Кашч ня будзе мець улады ў гэтым сьвеце: “Даў бог дзень, Кашчэй Паганы заснуў”. Сьмерць сваю Кашчэй Паганы таксама прымае ад уласнага каня.

Вось такі ў асноўных рысах казачны вобраз Кашча ў тых творах, дзе ён узгадваецца пайменна. Але шмат у якіх казках ягонага імя непасрэдна ня чутна, хаця ў іх і выяўляюцца пэрсанажы-займеньнікі. У паасобку, вельмі распаўсюджаны сюжэт з паяданьнем вала, як у прыгаданай ужо казцы “Івашка Мядзьведжае вушка”, адным з герояў якой быў “Бяссмертны Кашчэй, ён сам з кокаць, барада з локаць”. Часта гэты герой называецца наступным чынам: “Сам з кокаць, барада з локаць, а вочы па яблыку”, “Дзед з нагаток, барада з лакаток, каліта дванаццаць ялавіц улязаець, меіць ён пры сабе пушку-свістушку-смалянушку дванаццаць сажон дліны, і ўся гваздзямі ўсажана вострымі”, “сівы дзед з барадой”, “дзед з кокаць, барада з локаць, сем сот смаляной пугі” й г.д.

Цікава, што ў рускіх летапісах сустракаецца слова “кошьное”, слова напаўзабытае ўжо за часамі складаньня летапісаў, бо пісцы патлумачылі яго як “цемру пякельную” альбо “апраметную”. Як лічыць Б.Рыбакоў, слова гэтае абазначае ня столькі “пекла” ў хрысьціянскім разуменьні, колькі “царства мёртвых”, якое адпавядае казачнаму царству Неўміручага Кашча. Гэта, зрэшты, вытлумачае, чаму займеньнікам Кашча ў беларускіх казках почасту выступае “сівы дзед” - ён нібы ўвасабляе “царства мёртвых” як “царства продкаў”, “дзядоў”.

Казачнай паралеляй Кашчу можна лічыць Шаўрука з казкі “Пра Шаўрука” зь нявельмі разгорнутым сюжэтам. Тым ня менш, вобраз гэты, магчыма, раней быў на Беларусі вельмі распаўсюджаны і ў эпасе, і ў гістарычных песьнях. Прыкладам, вядома песьня пад назвай “Сяўрук”. Для нашых мэт істотная інфармацыя, што ўтрымліваецца ў памянёнай казцы. Там гаворыцца: “Як толькі белы свет урадзіўся, дык Шаўрук нарадзіўся”. На хтанічны характар гэтага Шаўрука можа ўказваць тое, што яго, урэшце, забівае старэйшы з братоў-асілкаў.

Калі ўважліва разгледзець атрыбутыку Кашча, няцяжка заўважыць, што сярод іншых ягоных азнак даволі ўстойліва трымаюцца атрыбуты багацьця ды валоданьня быдлам (апошняе заканамерна, бо ў шмат якіх народаў быдла выконвала функцыю грошай). Гэта і непасрэдна названыя незьлічоныя багацьці Кашчэя, і скрыня, зарытая пад дубам (для параўнаньня: кош, кошык, кашолка), і быкі, ці валы, і “каліта” (зноў жа варта параўнаць: кашэль, кашалёк), у якой можа зьмясьціцца цэлы статак, і статкі кароў або кабыліц, якія пасе з Кашчавага загаду Баба Юга, ды іншыя. Дарэчы, і “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае слова “Кашчэй” як “мітычны пэрсанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасьці і незлічоным багаццем”. Менавіта гэтыя рысы Кашча робяць яго эпічным адпаведнікам Вялеса.

У казках імя гэтае непасрэдна ніколі не фігуруе, але досыць трывалыя дэталі нібы падказваюць, пра каго гутарка. Сапраўды, няцяжка прыгадаць, што паралельны Кашчу вобраз старога дзеда заўжды вызначаецца такою адметнасьцю, як даўгія валасы: “барада з локаць”, даўгія вусы й інш. Магчыма, імя самога Вялеса без патрэбы вымаўляць забаранялася, як і імёны іншых хтанічных істот, таму ў казках, калі яны страцілі непасрэдную сувязь зь мітам ды рытуалам і пачалі распавядацца ў самых розных жыцьцёвых абставінах, яно было заменена простым апісаньнем-згадкаю “Сам з кокаць, барада з локаць”.

А падкрэсьленая валасатасьць нібыта мусіла на гука-сымбалічным узроўні адсылаць да сапраўднага, але табуяванага, пэрсанажу. Параўнайма таксама, што адпаведнікам чорта ў літоўскіх касмаганічных паданьнях (у дэталях, тоесных з нашым паданьнямі) выступае Вяльніс, поўны этымалягічны цёзка нашага Вялеса. Між іншага, адным з характарыстычных атрыбутаў гэтага Вяльніса зьяўляецца Вяльнё банда - “статак Вяльніса” як сымбаль ягоных незьлічоных багацьцяў.

Далей у нас яшчэ будзе нагода зьвярнуцца да галоўных дзейных асоб касмагоніі. Тут жа асноўная задача была абмеркаваць менавіта пачатковую стадыю касмагенэзу так, як яна ўзнаўляецца паводле фальклёрных крыніц на тле старажытных індаэўрапейскіх касмагоній.

  1. Легенды і паданні. Мн., 1983.
  2. Чарадзейныя казкі. Ч. 1. Мн., 1973.
  3. Чарадзейныя казкі. Ч. 2. Мн., 1978.
  4. Кёйпер Ф.Б.Я. Труды по ведийской мифологии. М., 1986.
  5. Фрагменты ранних греческих философов. Ч. І. От эпических теокосмогоний до возникновения атомистики. М., 1989.
  6. Санько С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. Мн., 1998.

Сяргей САНЬКО

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.