Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі

Як сьвядомасьць вызначаецца быцьцём, так культурны стан народу вызначаецца яго матар'яльным бытам, яго экономічна-грамадзянскімі ўзаемаадносінамі. Культура становіць адбітак народнага жыцьця і зьяўляецца продуктам разумовай творчасьці людзей на падставе іх матар'яльнага быту.

Грамадзянскі склад Беларусі

Гаварыць а культуры Беларусі прыходзіцца толькі ў адносінах да яе сялянскіх мас, - да тых народных мас, што зьвязаны з зямлёю сваёю ўласнаю працай. Гісторыя Беларусі злажылася так, што яна стала краем сялянскім ня толькі па свайму экономічнаму ладу, як край не прамысловы, а земляробскі; Беларусь стала краінай сялянскай і па свайму грамадзянскаму складу. Вышэйшыя экономічна-пануючыя буржуазныя станы Беларусі былі адарваны ад працоўных народных мас экономічна й культурна. Якія прычыны прывялі да такога стану - аб гэтым сказана ў папярэдніх нарысах. Сталася так, што беларусы к моманту Лютаўскай рэволюцыі станавілі народнасьць чыста сялянскую і па свайму нацыянальнаму твару. Беларуская культура, беларуская народнасьць, беларуская самабытнасьць захавалася толькі ў земляробскіх сялянскіх масах і толькі аб гэтай культуры будзе гутарка ў далейшым.

Буржуазныя станы на Беларусі стаялі зусім абасоблена ад асноўнага, сялянска-земляробскага насяленьня. Гэтая абасобленасьць ня менш кідалася ў вочы з боку культурнага, як з боку экономічнага. Працоўныя масы гаварылі пабеларуску, а камандныя, экономічна пануючыя станы-папольску або парасійску.

Такое палажэньне стала вытварацца яшчэ з XVI-га сталецьця, калі беларускае баярства, а за імі іншыя прывілейныя станы, адарваныя ад працоўных гушч соцыяльна, сталі пераймаць чужую, галоўным чынам, польскую мову і польскую культуру. Гэта скончылася тым, што беларуская мова, як адзіны фактар разумовай творчасьці народу была пастаўлена на ступень простай, хамскай, мужычай, няздатнай да культурнага развіцьця разам з тымі працоўнымі, соцыяльна прыгнечанымі масамі, што ў гэтай мове гаварылі.

Гэтая культурная абасобленасьць вышэйшых станаў ад асноўнай, працоўнай масы насяленьня была прычынай таго, што да пачатку нашага сталецьця а беларускай інтэлігэнцыі не магло быць і гутаркі. Цэлыя сталецьці беларускія народныя масы жылі без сваёй інтэлігэнцыі, а гэта не магло, разумеецца, дапамагаць, азнаямленьню іх з разумовым жыцьцём, з разумовай творчасьцю свайго веку й часу. Нарэшце сталася так, што ўжо незалежна ад таго, да якое клясы грамадзянства належыў асьвечаны беларус-інтэлігэнт, прайшоўшы вышэйшую ці сярэднюю школу,- ён нараўне з апалячаным ці абруселым дваранінам выракаўся свайго народу і яго мовы ды гінуў для свайго краю. У Беларусі інтэлігэнт ня мог знайсьці сабе працы; ён знаходзіў яе на чужыне, па-за межамі свайго краю. Развітой фабрычнай і заводзкай прамысловасьці ня было: яна штучна забівалася цэнтрам для падтрыманьня цэнтральнай расійскай прамысловасьці або штучна сьцягалася к цэнтру ў мэтах русіфікатарства. Таксама на Беларусі ня было ніводнага адміністрацыйнага ці культурнага цэнтру, што магло-б вабіць да сябе асьвечаную моладзь, інтэлігэнцыю. Мала таго, на Беларусі ня было, нават, земства, таго адзінага правадніка культуры ў часы царызму. I было так, што інтэлігэнт-земляўласьнік, пераняўшы польскую культуру. або інтэлігэнт іншае клясы, калі памыкаўся да адміністрацыйнае ці іншае кар'еры. то прымушан быў шукаць яе дзе-небудзь у Варшаве, Кіеве, Маскве ці Петраградзе. але не на Беларусі. Тыя пасады адміністрацыйныя, школьныя ці царкоўныя, што трапляліся на Беларусі, займаліся выхадцамі з цэнтру Велікарусі для русіфікацьп краю. Каталіцкая цэркаў была ў руках палякаў, і касьцельныя пасады на Беларусі займаліся ксяндзамі-палякамі, ужо ў мэтах паланізатарскіх.

Такім парадкам, элемэнтам нацыянальна-беларускім засталася толькі земляробская маса-сяло, вёска, шляхецкі засьценак ды часткаю мястэчка. Гарады з іх адміністрацыяй, царквою, касьцёлам і з дробнай, хатняй прамысловасьцю былі або спаланізаваны або зрусіфікаваны панасыланымі з цэнтру чыноўнікамі, папамі і адміністратарамі. У сярэдзіне мінулага сталецьця нават папы прысылаліся на Беларусь з Расіі ў якасьці місіянэраў для барацьбы нібыта з каталіцызмам, а мясцовы папоўскі элемэнт, скончыўшы духоўную сэмінарыю, павінен быў чатыры гады праслужыць у Расіі, каб набрацца "рускага" духу, а ўжо потым мог заняць пасаду на Беларусі. Пасьля апошняга паўстаньня (1863 г.) шмат мясцовых земляўласьнікаў было перавешана або саслана ў Сыбір, а іх маёнткі раздаваліся і распрадаваліся расійскім памешчыкам. Такім парадкам расійскі элемэнт, дужы адміністрацыйнай сілай у горадзе, стаў паступова захопліваць землеўладаньне. Мясцовы элемэнт глушыўся і заміраў пад націскам адміністрацыйнай апекі зьверху або культурнага экономічна-дужага апалячанага або расійскага земляўласьніка. А вясковая Беларусь, яь культурна-нацыянальная адзінка, станавілася ўсё больш і больш краінай сялянскай з дробна-земляробскім укладам жыцьця. Пазбаўленая разьвітой прамысловасьці, а значыць, і моцных культурна-экономічных уплываў гораду, вясковая Беларусь да апошняга часу жыла перажыткамі старых традыцый, старасьвецкага ладу жыцьця

Пазнаць культуру Беларусі - гэта значыць пазнаць уклад жыцьця беларускага сяла, беларускай вёскі, мястэчка, засьценку, - карацей сказаць, беларускага земляроба.

Тут дарэчы будзе выясьніць адно непаразуменьне што да беларускага шляхецтва.

Беларускае шляхецтва дагэтуль выдзялялася з агульнай земляробскай масы разглядалася як нешта чужое, не беларускае, скарэй польскае. Пара скончыць з гэтым непаразуменьнем. Беларускае шляхецтва - самае тыповае беларускае насяленьне. Шляхціц больш захаваў культурна-нацыянальных традыцый, тыповай беларушчыны, як хто небудзь іншы. А па свайму соцыяльнаму палажэньню - гэта той самы земляроб, што й селянін. Сучаснае беларускае шляхецтва нічым ня розьніцца ад беларускага сялянства. Некалі яно займала асобнае палажэньне, калі не экономічна, то соцыяльна; тады й мяшчанства складала асобную соцыяльную адзінку. На захадзе, у Эўропе, такія грамадзянскія групы парадзілі прамысловую і тарговую буржуазію, а ў нас, на Беларусі, яны зьліліся з земляробскай сялянскай масай, утрымаўшы толькі старасьвецкія назовы, як памяць прошлага палажэньня. Як і пераважная большасьць цяперашняга нашага мяшчанства выдзяляецца з сялянскае масы толькі тым, што жыве ў мястэчку (у Расіі мястэчак ня было й няма), а не ў сяле ці вёсцы, так і сучаснае беларускае шляхецтва не падобна да сялянства хіба толькі тым, што жыве ў засьценках або хутарамі, а не сёламі ці вёскамі. Каб азнаёміцца з нашым шляхецтвам, трэба хоць коратка затрымацца на яго пахаджэньні. Гэта якраз супадае з тэмай, бо знаёмства з тым ці іншым грамадзянскім пачленаваньнем дапамагае выясьненьню ступені культурнага разьвіцьця тае ці іншае народнасьці.

Пахаджэньне нашае шляхты не аднолькавае. У часе незалежнасьці Беларусі, асабліва ў часы вуніі з Польшчай (Рэч Паспалітая) быў вялікі стан людзей, павінны дзяржаве вайсковай службай. Па свайму экономічнаму і праўнаму палажэньню ён дзяліўся на некалькі груп. Жылі гэтыя людзі часткаю на сваёй зямлі, а большасьць на землях дзяржаўных, або каралеўскіх, як тады называлі, ці на землях магнатаў Яны падарованы былі ўсімі правамі пануючае клясы (магнатаў, або гэрбоўнае шляхты), а за гэта павінны былі дзяржаве вайсковай службай. На выпадак вайны яны павінны былі ваяваць, а ў спакойныя часы займаліся земляробствам. Гэты вайсковы стан людзей з правамі магнатаў, або гэрбоўнай шляхты, экономічна залежны ад іх, даўней і называўся проста шляхтаю, чым і розьніўся ад звычайнага паспольства, або грамадзянства-сялян, мяшчан і інш. Сваім матар'яльным палажэньнем гэтая шляхта нічым ня розьнілася ад сялянства, бо таксама мела невялічкі кавалак зямлі,- часам уласны, а часам чужы-панскі ці дзяржаўны, на каторым шляхціц сядзеў з ласкі багатага пана або дзяржаўных вураднікаў, адміністратараў-стараст і ваявод. 3 прылучэньнем Беларусі да Расіі частка гэтае шляхты патрапіла давесьці сваё даўнейшае шляхецтва і была далучана да расійскага дваранства, а частка, ня меўшая дакумэнтаў, прымушана была прыпісацца да мяшчан або папала ў рады "казённых" сялян. Але ўсе яны не забылі свайго пахаджэньня ды дагэтуль адрозьніваюць сябе ад ваколічнага сялянства.

Другая частка беларускага шляхецтва мае іншае пахаджэньне. На Беларусі ў часы вуніі з Польшчай была вялікая кляса ваенна-служылых людзей ніжэйшага вайсковага стану. Гэта так званыя панцырныя баяры. Яны мелі сваю ўласную зямлю, вольную ад дзяржаўных падаткаў, але павінны былі адбываць вайсковую службу. У тыя часы, калі ня было войска з абавязковай службай у казармах, урад ахвотна раздаваў сялянам вольныя на граніцах дзяржавы землі з тым, каб яны адбывалі за гэта панцырную службу, г.зн. пяхотную службу ў войску на выпадак вайны. Такім парадкам засяляліся пагранічныя землі, і шмат панцырнага баярства была паселена ў цяперашняй Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілеўшчыне. Некаторыя пасёлкі з такім баярствам дасталі ад князёў і каралеў граматы на панцырную службу. Панцырныя баяры на Віцебшчыне мелі шырокія прывілеі, выданыя ім яшчэ ў ХVІ-м сталецьці; на моцы гэтых прывілеяў мясцовая адміністрацыя не магла караць іх бяз суду; яны не адбывалі сялянскіх павіннасьцяў і несьлі толькі вайсковую службу; з дазволу караля яны маглі перадаваць сваю зямлю другім, мелі права набываць рухомую маемасьць - дамы і іншае - у гарадох. У 1772 годзе, калі гэтая часьць Беларусі была прылучана да Расіі, то ўсіх панцырных баяр таксама прыпісалі да "казённых" сялян; іх налічалі тады да 11 з паловай тысяч душ.

Нарэшце, у Польска-Беларускай дзяржаве была яшчэ адна група насяленьня, патомкі каторай і дагэтуль лічаць сябе шляхтай. Гэта - путныя, або дарожныя слугі, яны адбывалі пачтовую службу ў ваенны й мірны час, а на выпадак патрэбы несьлі пяхотную службу ў войску.

Усе пералічаныя групы і складаюць цяперашняе беларускае шляхецтва. Яны і дагэтуль трымаюцца асабняком і неахвотна зьліваюцца з сялянствам і мяшчанствам хоць па свайму экономічнаму палажэньню нічым ня розьняцца ад звычайных сялян-земляробаў. Памяць а прошлым дажыла да нашых дзён, і шляхціц стараецца трымаць, як даўней, свой "шляхецкі гонар".

Цяпер трудна падлічыць колькасьць быўшае шляхты, бо яны даўно ўжо прыпісаны да сялян і мяшчанства. Жывуць шляхты хутарамі або засьценкамі, і засьценак тым і розьніцца ад вёскі, што ў вёсках жыве сялянства, а ў засьценках-шляхта. Шляхта ня была пад паншчынай, ня ведала прыгону і мае часам большыя кавалкі зямлі, як звычайна ў сялян. За сваю службу даўней путны баярын даставаў дзьве валокі, або 40 дзесяцін зямлі, а панцырныя баяры-ад 3-х да 10-х валок. Дзеля гэтага некаторыя шляхецкія гаспадаркі маюць і дагэтуль даволі зямлі. Праўда, была й безьзямельная шляхта, але гэты род шляхты арандаваў зямлю ў суседніх паноў-земляўласьнікаў. Гэта-так званыя пасэсары. Горшае палажэньне было тае шляхты, што выйшла з чыншавікоў; яна сядзела на панскіх землях да часу, покі трывала панская ласка. Гэтая шляхта, пазбаўленая зямлі, папаўняла потым панскія пакоі розным падручным элемэнтам. Яна стала служыць паном у якасьці пісароў, аканомаў, вахмістрынь, а то й проста лёкаямі.

Да апошняга часу большасьць шляхты мела добрыя гаспадаркі. Дзякуючы большай заможнасьці ў параўнанні з сялянамі, гаспадарка шляхціца стаяла даволі культурна. Поле абраблялася лепш, скаціна была лепшай пароды, агароды засяваліся агароднінай, маючы попыт на рынку. Сама шляхта любіць бываць па рынках, кірмашох і ніколі не прапусьціць фэсту. Шляхціц заўседы ў курсе рыначных цэн і ўмее гэтым карыстаць пры збыце прадуктаў свае гаспадаркі. Пры іншых гістарычных умовах шляхта злажыла-б беларускую прамысловую і тарговую буржуазію.

Даўнейшыя прывілеі збліжалі шляхціца з панскім дваром, а гэта выгадавала ў ім некаторыя адзнакі пустой шляхецкай ганарлівасьці. Шляхціц ганарыцца сваім шляхецкім пахаджэньнем і неахвотна кампануе з сялянствам. А селянін, не знаходзячы ніякай соцыяльнай розьніцы паміж сабой і шляхціцам, стараецца пры здарэньні высьмеяць пустую шляхецкую запансьлівасьць і не далюблівае яго за ўдыглівасьць перад панам. Гэтую ўдыглівасьць перад вялікім панам-земляўласьнікам шляхціц выгадаваў у сабе яшчэ ў часы свае зямельнае залежнасьці ад пана. Самы бедны шляхціц любіць у сьвята чыста адзецца, зьездзіць на рынак, пайсьці ў госьці да суседа. Селянін і тут стараецца высьмеяць яго зухаўство ды кажа да шляхціца: "На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць".

Большасьць шляхты трымаецца рымскага вызнання-каталіцтва, як усе мясцовыя паны-земляўласьнікі, але ёсьць шляхта і грэцкага, праваслаўнага, вызнаньня. Уся шляхта звычайна гаворыць пабеларуску і толькі на кірмашы ці на фэсьце любіць пазухаваць панскаю мовай, устаўляючы ў сваю беларускую гаворку дватры польскія словы. Пагаварыць пры людзях папанску шляхціц лічыць таксама патрэбным, як чыста адзецца ў сьвята. Гэта яго сьвяточная вопратка, якую ён скідае дома да бліжэйшага выпадку.

Агульная маса шляхецтва па культурнасьці вышэй за селяніна. Шляхта - жанкі й мужчыны - усе граматныя, найчасьцей папольску. Усё шляхецтва пагалоўна захавала і трымаецца беларускага, дзядоўскага ўкладу жыцьця. У гэтым кірунку шляхціц большы беларус за селяніна. Беларускія сялянскія звычаі, забабоны, беларуская народная песьня пануюць сярод шляхецтва. Беларускую старасьветчыну шляхціц захаваў больш чыстай, як сялянскія масы, куды ўплыў гораду і салдатчыны пралажыў ужо даволі значную дарогу.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Admin напiсаў(ла) 29.11.2008 10:37
Магчыма аўтарства не Лёсіка, а Гаруна, цытую:
"Калі ўключэнне ў кнігу Лёсіка працы „Нацыянальнае пытанне і пралетарыят“ можна апраўдаць наяўнасцю колішняга (яшчэ 1923 г.) каментара аб тым, што артыкул напісаны „па кнізе Г.Сафронава «Национальный вопрос и пролетариат»“ (II, 71), то з працай „Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі“ (II, 157—176), узноўленай паводле зборніка „Беларусь“ 1924 г., сітуацыя даволі казытлівая. У 1927 г. у хроніцы часопіса „Узвышша“ сярод іншага паведамлялася: „Літаратурная камісія запрасіла Я.Лёсіка, З.Бядулю і І.Сераду напісаць успаміны аб Гаруне, якога яны блізка і добра ведалі. У сакавіку–месяцы бяг[учага] г[ода] літ[аратурная] камісія ад Я.Лёсіка і Эпімах–Шыпілы атрымала шэраг аўтографаў Гаруна і Цёткі (А.Пашкевіч); з аўтографаў Гаруна вызначаецца аўтограф артыкула «Культурны стан Беларусі да Февральскай рэвалюцыі»“38. Здаецца, гэтай публікацыі ў кнізе не пашкодзіў бы каментар тыпу: „не выключана, што пры напісанні свайго артыкула Лёсік карыстаўся рукапісам артыкула Гаруна“. Увогуле, Лёсік нярэдка быў не асабліва далікатны з тэкстамі іншых аўтараў, таму пры сучасным узнаўленні ягоных твораў патрэбны былі б адпаведныя заўвагі."
©Сяргей Запрудскі, "Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны"

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.