Знішчаныя сінагогі

Сінагогі на Беларусі былі вельмі распаўсюджаным тыпам рэлігійных пабудоў. Але, нажаль, шматлікія з іх не дайшлі да нашых часоў.

Некаторыя сінагогі былі разбураны ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Так, на Беларусі амаль не захавалася прыкладаў драўлянай сінагагальнай архітэктуры, якая ў адрозненні ад каменнай была больш традыцыйнай і кансерватыўнай. Шэраг будынкаў быў “разбураны часам”, з-за недастатковай увагі з боку грамадства і папушчальніцтва ўлад. Асобныя сінагогі былі разбураны наўмысна, пры чым не толькі ў савецкія часы, але і ў часы існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Так, Галоўная сінагога Пінска ўзвышалася ў цэнтры габрэйскага квартала і была пабудаваная ў 1616 г. Сінагога неаднаразова гарэла і разбуралася. Падчас паўстання гараджан ў 1648 г. яна гарэла і была апаганена паўстанцамі. У 1656 г. ізноў гарэла падчас захопа Пінска рускім ваяводай Валконскім. Але кожны раз адбудоўвалася. Пры савецкай уладзе пасля Вялікай айчыннай вайны яна была канчаткова разaбрана разам з шэрагам іншых сінагог горада.


Галоўная сінагога Пінска да разбурэння, 1960-я гг.

Акрамя таго ў Пінску разбураецца габрэйскае прадмесце Каралін, якое было заснавана ў XVII ст. Тут існавалі сінагогі, школы, магазіны, адрыны і склады. На яго месцы мяркуецца пабудаваць будынкі Палесскага ўніверсітэту. Летам 2009 г. Міністэрства культуры прадпісала спыніць будаўнічыя работы ў квартале, што стала рэакцыяй на звароты пінскай абшчыны і публікацыі ў СМІ. Каралін займае даволі вялікую плошчу. У савецкі час яго значна скарацілі, пазносіўшы старыя камяніцы і набудаваўшы шматпавярховікаў.

Вялікая (халодная) сінагога ў Мінску была пабудаваная ў 1590 г. і ўяўляла сабою тыповы сінагагальны будынак. Каля двухсот гадоў будынак сінагогі выкарыстоўвалася як праваслаўны храм Петрапаўлаўскага манастыра і толькі ў 1716 г. будынак сінагогі зноў было перададзены габрэйскай суполцы. У 1930-я гг. сінагогу закрылі. Апасля Вялікай Айчыннай вайны яе ізноў перадалі веруючым. У 1965-1966 гг. пад час разбурэння гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі будынак сінагогі быў знішчаны. Падчас закладкі будынка Белпррампраекта сінагогу напачатку не зносілі (у ёй размяшчаўся склад). Але апасля ўзвядзення сцен Белпрампраекта яе вырашылі разбурыць. Палутарамятровыя сцены разабраць было немагчыма, а ўзрываць – небяспечна, таму прыдумалі падрываць па частках кропкавымі выбухамі, а руіны – разбіраць.


Халодная сінагога ў Мінску да разбурэння, 1928 год

Летам 2001 г. пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва паркінга на Нямізе – на там месцы, дзе часткова захаваўся фундамент Халоднай сінагогі. Помнік падлягаў аднаўленню, але па словах гарадскіх улад аднаўленне было нерэальным. Тым не менш на месцы, дзе раней узвышалася самая старая сінагога Мінска, прапаноўвалася ўсталяваць памятны знак, які так і не паставілі, нягледзячы на сканчэнне будаўніцтва паркінгу.

На некалькі дзесяцігоддзяў пазней Халоднай была збудаваная сінагога ў Нясвіжы (ХVІ -пачатак ХVІІ стст.). Галоўная Нясвіжская сінагога была пабудаваная пасля з'яўлення тут габрэйскай абшчыны ў другой палове ХVІ ст. У 1589 г. мясцовыя габрэі атрымоўваюць ад уладара горада Радзівіла-Сіроткі грамату, якая давала дазвол на будаўніцтва каменнай або драўлянай сінагогі. Нясвіжская сінагога падвергнулася моцнаму разбурэнню падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады была цалкам знесена.

У стылі позняга барока ў 1805 г. была ўзведзена мураваная сінагога ў Друі, прыватным мястэчку Сапегаў. Магчыма архітэктарам гэтай сінагогі быў італьянец Антоній Парако, які ў гэты час узвёў у Друі касцёл і манастыр дамініканцаў. У 1931 г. падчас патопу моцна пацярпеў першы паверх сінагогі, былі знішчаны ўнікальныя скруткі Торы. Сінагога славілася багатай бібліятэкай і архівам, але яна згарэла летам 1942 г. пры ліквідацыі гета. У 1950-ыя гг. рэшткі храма разабралі на будаўнічы матэрыял. Захаваліся толькі падмуркі і камяні. У 1967 г. у Маскве быў выдадзены чарговы том “Всеобщей истории архитектуры”, дзе сінагоге ў Друі надаваўся статус помніка дзяржаўнага значэння. Зараз каля рэшткаў сінагогі стаіць помнік ахвярам халакоста.

Нажаль, і ў наш час заканадаўства не можа забяспечыць надзейнае захаванне помнікаў архітэктуры. Яскравы таму прыклад – знос ў 2001 г. сінагогі ў Мінску па вул. Дзімітрава. Двухпавярховы будынак з’явіўся ў 1870 х гг., тут размяшчаліся сінагога, бібліятэка, школа. У 2000 г. сінагога была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, якім адносіцца да кампетэнцыі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Савет Міністраў прыпыніў загад гарвыканкама, але будаўнікі, у чыіх планах было будаўніцтва на гэтым месцы элітнай новабудоўлі, не звярнулі ўвагу на забарону і працягнулі незаконнае будаўніцтва.

Гэта не адзіны выпадак зносу будынкаў сінагог у ХХІ ст. У 2006 г. была знесена сінагога ў горадзе Шчучын, у 2007 г. – у вёсцы Гарадок (Маладзечненскі раён, Мінская вобласць). У жніўні 2009 г. была знесена драўляная сінагога ў Любані. На яе месцы плануецца заснаваць сквер ці фантан, а на прылягаючай тэрыторыі пабудаваць жылыя дамы. У савецкія часы ў гэтым будынку размяшчалася гарадская санстанцыя. У 1960 х гг. тут была праведзена рэстаўрацыя, дабудаваны другі паверх, зменена агульная планіроўка. Па словах вядомага беларускага архітэктара Л. Левіна, знесены будынак – унікальны ўзор культавай драўлянай архітэктуры. Гэта была адна з апошніх драўляных сінагог на Беларусі.

Існуючыя сінагогі, шматлікія з якіх афіцыйна ахоўваюцца дзяржавай і ўнесены у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, працягваюць разбурацца. Шэрагу сінагог тэрмінова патрэбна рэстаўрацыя, але з-за адсутнасці сродкаў, увагі з боку ўлад, СМІ, і грамадства цяжка сказаць калі яна будзе праведзена (і ці будзе праведзена ўвогуле). У дзяржаве адсутнічае дзейсны механізм аховы архітэктурных каштоўнасцей, што ставіць пад пагрозу знішчэння шматлікія помнікі архітэктуры, у тым ліку і сінагогі. Ва ўмовах імкення развіцця турызму на Беларусі, паўнапраўнага ўваходжання нашай краіны ў еўрапейскую і сусветную супольнасць дзяржавай і грамадствам павінны быць прыняты эфектыўныя меры па ахове і зберажэнню шматнацыянальнай і шматканфесіянальнай спадчыны Беларусі.

©Аляшкевіч Юлія

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.