Культавае дойлідства 15-18 Ст на Беларусі

У манументальным культавым дойлідстве 15-18 ст. найбольш яскрава і паслядоўна выявіліся самабытныя архітэктрна-мастацкія характарыстыкі беларускай готыкі, рэнесансу і барока, абумоўленыя спалучэннем традыцый мясцовага будаўніцтва з заходнееўрапейскімі сацыяльна-палітычнымі і культурнымі ўплывамі.

Самабытная архітэктура культавых пабудоў беларускай готыкі склалася на аснове зліцця структуры руска-візантыйскага крыжова-купальнага храма дамангольскага перыяду і кампазіцыйна-канструкцыйных прыёмаў мясцовага замкавага дойлідства. Шырокую вядомасць набылі цэрквы абарончага тыпу канца 15 - пачатку 16 ст.: Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць. Яны ўяўляюць сабой кампактныя ў плане блізкія да прамавугольніка аб'ёмы, фланкіраваныя па вуглах круглымі баявымі вежамі з байніцамі. Верх сцен апяразваў шэраг навясных байніц - машыкуляў. У час небяспекі абаронцы храма хаваліся на гарышчы пад высокімі клінападобнымі дахамі. У скляпеністых сутарэннях пад будынкам размяшчаліся сховішчы правіянту. Асноўнае памяшканне культавага назначэння (кафалікон) падзяляецца 4 слупамі невялікага сячэння на роўныя па вышыні прасторавыя ячэйкі-травеі, перакрытыя гатычнымі нервюрнымі скляпеннямі розных тыпаў (крыжовымі, зорчатымі, сотавымі). Пры агульным падабенстве гэтых помнікаў у іх ёсць пэўныя адрозненні, якія адлюстроўваюць паступовую эвалюцыю форм і канструкцый.

Узорам для будаўніцтва храмаў гэтага тыпу, верагодна, стаў Сафійскі сабор у Полацку, які на мяжы 15-16 ст. быў перабудаваны і набыў 4-вежавае завяршэнне з купалам у цэнтры. У Супрасльскай царкве-крэпасці захаваны трохапсіднасць і двухвосевая сіметрыя, уласцівыя старажытнарускаму крыжова-купальнаму храму. У Сынкавіцкай царкве-крэпасці 3 аднолькавыя паўкруглыя апсіды ўверсе аб'яднаны ў адну пры дапамозе ступеньчатых тромпаў. Мураванкаўская царква, пабудаваная пазней за іх (паміж 1516 і 1542), мае толькі адну значную па памерах алтарную аспіду. Адзначаная эвалюцыя адлюстроўвае тэндэнцыю да аднаапсіднасці, абумоўленую заходнееўрапейскімі ўплывамі.

Дэкаратыўнае вырашэнне абарончых цэркваў, як і замка ў Міры, заснавана на кантрасце чырвонага колеру адкрытай муроўкі з выбеленымі плоскімі нішамі, якія мелі завяршэнні ў выглядзе арак розных тыпаў: паўцыркульных, каробчатых, падвесных з адной альбо дзвюма гіркамі. Асноўны дэкаратыўны акцэнт рабіўся на шчыце галоўнага фасада, дзе нішы разнастайных форм утваралі маляўнічую ярусную кампазіцыю.

Акрамя 4-вежавых цэркваў-крэпасцей да беларускай готыкі належаць некалькі бязвежавых культавых пабудоў канца 15 - пачатку 16 ст.: Усялюбскі касцёл, Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Навагрудская Барысаглебская царква. Усе гэтыя храмы маюць кампактны прамавугольны асноўны аб'ём і адну значную па памерах шматгранную алтарную апсіду з вімай. Абедзве часткі накрыты самастойнымі высокімі клінападобнымі дахамі з вальмамі над алтаром. Інтэр'еры будынкаў падзяляюцца слупамі на роўныя па вышыні травеі (ва Усялюбскім касцёле адзін слуп у цэнтры). Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі перакрыты гатычнымі нервюрнымі скляпеннямі. Распор скляпенняў часткова перададзены на контрфорсы пераменнага сячэння, якія звонку ўмацоўваюць даволі вузкія сцены будынкаў. Фартыфікацыйныя элементы (баявыя вежы, байніцы, машыкулі) у збудаванняў гэтага тыпу адсутнічаюць. Традыцыйнае двухколернае вырашэнне ў іх узбагачалася ўключэннем у муроўку перапаленай цэглы-жалезняку ў выглядзе арнаментальных паясоў па нізе сцен. У дэкоры Барысаглебскай царквы ў Навагрудку выкарыстаны своеасаблівы матыў сеткаватых арачак з прафіляванай цэглы, які паўтарае на фасадах структуру нервюрных скляпенняў у інтэр'еры.

Зліццё традыцый мясцовага абарончага дойлідства з візантыйскімі і заходнееўрапейскімі ўплывамі спрыяла фарміраванню яскрава выяўленага самабытнага характару культавага дойлідства беларускай готыкі. 3 будаўніцтвам першых каталіцкіх храмаў у беларускую архітэктуру прыўнесены яшчэ адзін тып культавай пабудовы, які ўвабраў у сябе рысы цэнтральнаеўрапейскай готыкі. Гэты тып храма ўяўляе сабой 3-частковую падоўжна-восевую структуру і складаецца з адной алтарнай апсіды, асноўнага зальнага аб'ёму і ўваходнага аб'ёму-бабінца. Усе аб'ёмы звычайна маюць аднолькавую вышыню, аб'яднаны агульнай цягай карніза і накрыты асобнымі дахамі. Паколькі шырыня аб'ёмаў розная, а схіл крокваў дахаў аднолькавы, ствараецца дынамічная кампазіцыя, якая нарастае ад алтара да ўвахода. Над бабінцам звычайна ўзвышаецца масіўная вежа, якая складаецца з некалькіх ярусаў чацверыкоў і васьмерыкоў, завершаных шатровым дахам, па архітэктуры блізкія да вежаў беларускіх замкаў. Першапачаткова гэты храм меў выключна гатычную канструкцыю і дэкор (Гнёзнаўскі касцёл Міхаіла Архангела).

У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем рэфармацыйнага руху пачалося актыўнае будаўніцтва пратэстанцкіх храмаў. Кальвінскія зборы ў Асташыне, Койданаве набылі падобную 3-часткавую 1-вежавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, але вызначаюцца іншымі канструкцыйнымі прыёмамі і характарам дэкору. Замест гатычных нервюрных скляпенняў з'явіліся цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, якія перакрывалі ўсю прастору храма. Знікалі контрфорсы. Стральчатыя абрысы праёмаў замяніліся паўцыркульнымі. Фасады атынкоўваліся і атрымлівалі стрыманы ордэрны дэкор. Скляпенні часта ўпрыгожвалі ляпным дэкорам у выглядзе плоскіх кесонаў геаметрычнага малюнка. Відавочна, што адначасова з станаўленнем рэнесанснага светапогляду ў грамадскім жыцці Вялікага княжства Літоўскага манументальнае культавае дойлідства набывала рысы архітэктуры рэнесансу. Аднак для помнікаў мясцовага рэнесансу характэрна захаванне абарончых элементаў.

Рысы рэнесансу набывалі і каталіцкія храмы 2-й паловы 16 ст. Так, Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл спалучае ляпны дэкор скляпенняў, рэнесансны бязвежавы фасад і абарончую круглую вежу каля апсіды прэсбітэрыя. Незвычайную для каталіцкага храма аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю з планам у выглядзе роўна-канцовага грэчаскага крыжа і дзвюма круглымі вежачкамі па баках уваходнага аб'ёму меў першы мураваны касцёл у Нясвіжы, які пазней быў разбураны для ўзвядзення на ято месцы новага касцёла езуітаў.

Рэфармацыйны рух выклікаў адваротную рэакцыю каталіцызму - контррэфармацыю, якую ўзначальваў галоўным чынам ордэн езуітаў. Важным сродкам укаранення ў сацыяльнае жыццё ідэалагічнай праграмы контррэфармацыі стаў архітэктурна-мастацкі стыль барока. Першым збудаваннем у стылі барока на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай з'явіўся Нясвіжскі касцёл Божага Цела, пабудаваны ў 1587-93 паводле праекта Дж. М. Бернардоні. Будынак у агульных рысах паўтарае галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль Джэзу ў Рыме і ўяўляе сабой першую ў беларускім дойлідстве 3-нефавую крыжова-купальную базіліку з планам на ўзроўні карніза ў выглядзе лацінскага крыжа і бязвежавым фасадам, насычаным узбуйненай барочнай ордэрнай пластыкай. Пры пэўнай блізкасці да італьянскага прататыпа Нясвіжскі касцёл мае адметныя рысы: аднолькавая пластычная апрацоўка ўсіх фасадаў, спрошчаная інтэрпрэтацыя ордэра, наяўнасць бакавых гранёных капліц за межамі базілікі. Як сведчаць праектныя чарцяжы помніка, першапачаткова па баках галоўнага фасада былі зроблены круглыя вежачкі, традыцыйныя для беларускай готыкі, з вітымі хадамі на эмпоры (галерэі) у бакавых нефах. Каля 1705 эмпоры і вежы былі ліквідаваны.

Запазычаныя з Італіі архітэктурныя формы барока яшчэ доўга спалучаліся ў мясцовым дойлідстве з элементамі готыкі і рэнесансу. Есць падставы меркаваць, што фарныя касцёлы ў Клецку і Гродне пабудаваны адначасова з Нясвіжскім касцёлам Божага Цела. Клецкі Троіцкі касцёл захаваў готыка-рэнесансную трохчасткавую структуру з асноўным зальным аб'ёмам і масіўнай вежай над бабінцам, шматгранную апсіду і контрфорсы. Касцёл у Гродне меў базілікальную структуру, схаваную ў суцэльным аб'ёме, шматгранную апсіду і вежу пры ўва-ходзе, а таксама яшчэ 2 вежачкі з усходамі каля бабінца і алтара. Мікалаеўскі касцёл у Міры,пабудаваны ў 1599-1605, - трохнефавая базіліка (бяскупальная), мае 3-апсіднае вырашэнне алтарнай часткі, характэрнае беларускім праваслаўным храмам, і 3 вежы на галоўным фасадзе: шмат'ярусную чацверыковую ў цэнтры і 2 невялікія круглыя з вітымі ўсходамі абапал бабінца.

Самабытныя кампазіцыі з шматграннымі няроўна-баковымі планамі мелі касцёл Рафала на гары Анёльскай пад Нясвіжам (1584-92) і кальвінскі збор у Смаргоні (1606-12), фасады якога завершаны дэкаратыўна-абарончым атыкам, найбольш характэрным элементам архітэктуры мясцовага рэнесансу. Падобны атык мелі таксама мураваныя сінагогі ў Старым Быхаве і Пінску.

На мяжы 16-17 ст. культавыя пабудовы мелі рознастылявы характар. Працягвалі выкарыстоўвацца рэнесансныя архітэктурныя формы, пераважна ў будаўніцтве рэфармацкіх храмаў, якія пазней былі перароблены пад касцёл, напрыклад, у в. Дзераўная (1590), у Заслаўі (пачатак 17 ст.), Замосці (1620), Крамяніцы Дольнай (1617). Касцёлы бенедыкцінак у Нясвіжы (1590-96) і кармелітаў у Ружанах (1617) таксама захоўвалі трохчасткавую аднавежавую готыка-рэнесансную структуру. Касцёлы бернардзінцаў у Гродне (1595-1618) і Іўе (каля 1600) маюць гатычныя шматгранныя апсіды, умацаваныя контрфорсамі, але іх барочныя фасады плоскія, што сведчыць пра паступовае пранікненне ў манументальнае дойлідства эстэтычнай канцэпцыі барока.

Заключэнне ў 1596 царкоўнай Берасцейскай уніі стала прычынай абвастрэння ў 1-й палове 17 ст. рэлігійна-палітычнай барацьбы. Саперніцтва паміж уніятамі, католікамі і праваслаўнымі ў сферы культавага будаўніцтва вяло да выкарыстання найбольш выразных архітэктурных сродкаў барока і сінтэзу іх з мясцовымі будаўнічымі прыёмамі папярэдняга часу. У выніку на працягу 17-18 ст. сфарміравалася своеасаблівая архітэктурна-мастацкая сістэма беларускага барока. Ранні этап яго станаўлення завяршыўся фарміраваннем характэрнага базілікальнага 1-апсіднага тыпу храма з 2-вежавым фасадам: касцёлы ў Дзятлаве (1624), брыгітак у Гродне (1642-51), Вішневе (1637- 41) і інш.

У адрозненне ад абарончых храмаў беларускай готыкі, у архітэктуры барока вежы страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне і сталі важнымі кампазіцыйнымі элементамі. Галоўны 2-вежавы фасад трактаваўся як куліса для ўсёй кампазіцыі збудавання і завяршаў агульную дынаміку архітэктурных мас. Манументальныя культавыя пабудовы звычайна размяшчаліся сярод нізкай драўлянай забудовы і фарміравалі панарамы гарадоў і мястэчак. Таму стварэнне маляўнічага сілуэта, дэталёвая распрацоўка ўсіх фасадаў стала спецыфічнымі рысамі архі-тэктуры беларускага барока. Яго асноўныя характарыстыкі - манументальнасць, тэктанічнае адзінства аб'ёмаў, адпаведнасць гарызантальных і вертыкальных чляненняў: касцёлы аўгусцінцаў у Міхалішках, кармелітаў у Засвіры, бернардзінцаў у Мінску, цыстэрцыянцаў у Вістычах, бернардзінак у Слоніме і інш.

Пры будаўніцтвеве найбольш значных культавых збудаванняў выкарыстоўваўся тып 3-нефавай крыжова-купальнай базілікі з 2-вежавымі галоўнымі фасадамі: уніяцкі Успенскі сабор у Жыровічах, праваслаўны Богаяўленскі сабор у Магілёве, касцёл езуітаў у Гродне. Праваслаўнае культавае дойлідства трывала захоўвала тып крыжова-купальнага 3-апсіднага храма з планам у выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа: Успенскі сабор жаночага Куцеінскага манастыра пад Оршай (1631- 35), Успенская і Пакроўская цэрквы ў Магілёве (канец 17 ст.), Мікалаеўская царква ў Магілёве (1669- 72).

Роля вежаў у кампазіцыі храмаў паступова ўзрастала (касцёлы францысканцаў у Івянцы, бернардзінцаў у Беніцы, кармелітаў у Глыбокім). Позняму беларускаму барока ўласцівы іх надзвычайная маляўнічасць і пластычнасць, шматпланавая прасторавая структура фасадаў, багацце святлацені, стромкасць і лёгкасць, якія надавалі збудаванням вытанчаныя прапорцыі, фігурныя скразныя праёмы, хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў.

Архітэктурна-мастацкая сістэма позняга барока ў манументальным дойлідстве Вялікага княжства Літоўскага атрымала ў мастацтвазнаўстве назву "віленскага барока". Яго рысы найбольш яскрава выявіліся ў культавых пабудовах уніятаў, напрыклад, Сафійскі сабор у Полацку(1738-60), цэрквы і манастыры базыльян у Беразвеччы (1756-79), Барунах (1747- 57), Вольна (1768), Талачыне (1769-79), Богаяўленская і Крыжаўзвіжанская цэрквы ў Жыровічах (1769), Уваскрасенская царква ў Віцебску (1772) і інш. Для шэрага каталіцкіх храмаў гэтага перыяду характэрны больш груваздкія манументальныя формы, якія склаліся пад уплывам архітэктуры паўночна-італьянскага барока: касцёлы кармелітаў у Мядзелі (1739-54) і Магілёве (1739-52), мальтыйцаў у Сталовічах (1740-46), бернардзінцаў у Будславе (1767-83), езуітаў у Полацку (1745) і Лучаі. У меншай ступені ў каталіцкім будаўніцтве 2-й паловы 18 ст. знайшлі ўвасабленне мастацкія характарыстыкі віленскага барока: касцёлы ў Лужках, Слоніме, Германавічах, дамініканцаў у Смалянах і Дунілавічах.

Дэкаратыўная пластыка збудаванняў, аснову якой складала ордэрная сістэма, на працягу 17-18 ст. эвалюцыяніравала ад адзінкавых пілястраў і простых карнізаў да шматлікіх раскраповак, вязак пілястраў і паўкалон, хвалістых антаблементаў. Аздоба інтэр'ераў помнікаў віленскага барока ўзбагачалася маляўнічай лепкай у тэхніцы стука. Пластычнае вырашэнне мураваных алтароў, амбонаў, абрамленняў парталаў набыла ў сярэдзіне 18 ст. рысы ракако: інтэр'еры касцёлаў у Гродне, Слоніме, Вішневе, Новай Мышы, Ішчалне і інш. Важнае значэнне мелі манументальныя фрэскавыя размалёўкі, якія дапаўнялі архітэктурную прастору. Мастацкай цэласнасцю вызначаецца дэкор інтэр'ераў касцёлаў езуітаў у Нясвіжы, Гродне, кармелітаў у Магілёве, францысканцаў у Пінску.

Культавыя будынкі часта ўзводзілі ў комплексе з манастырамі. Мастацкі вобраз ансамбля будаваўся звычайна на кантрастным спалучэнні суровай простай архітэктуры манастырскага корпуса і ўзнёслага маляўнічага фасада храма. Ансамблевае вырашэнне характэрна для шэрагу езуіцкіх калегіумаў: у Брэсце, Мінску, Полацку, Гродне, Юравічах, кляштараў картэзіянцаў у Бярозе, місіянераў у Лыскаве і інш. Для праваслаўных і уніяцкіх манастыроў уласціва большая сувязь з навакольным асяроддзем, іх будавалі звычайна з улікам рэльефу мясцовасці: базыльянскія манастыры ў Жыровічах, Віцебску, праваслаўныя Куцеінскія манастыры пад Оршай. У комплексах праваслаўных манастыроў мураваныя храмы часта спалучаліся з драўлянымі пабудовамі.

Дрэва было асноўным будаўнічым матэрыялам у забудове гарадоў і мястэчак Беларусі да канца 19 ст. У адрозненне ад сялянскага будаўніцтва, якое мянялася і ўдасканальвалася вельмі павольна, на развіццё манументальнага культавага драўлянага дойлідства (пачынаючы з 17 ст.) аказвалі значньгўплыў мастацкія стылі, што панавалі ў мураванай архітэктуры. У драўляным культавым дойлідстве выявіліся 2 асноўныя тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з устойлівым утрыманнем мясцовых традыцый, і наватарская, якая адлюстравала працэс укаранення эстэтычных канцэпцый афіцыйных стыляў. Таму працэс развіцця форм у драўляным дойлідстве быў больш складаным, чым у мураваным, бо ён прадугледжваў не толькі абнаўленне, але і зварот да спадчыны. 3 гэтым звязана таксама асінхроннасць развіцця мураванай і драўлянай архітэктуры, спазненне ў апошняй тых тэндэнцый, якія вызначалі афіцыйнае культавае мастацтва свайго часу.

Вядомы 4 асноўныя кампазіцыйныя тыпы драўляных хрысціянскіх храмаў: падоўжна-восевы, глыбінна-прасторавы, цэнтрычны і крыжовы. Падоўжна-восевыя збудаванні мелі 1,2 або 3 зрубы (адпаведна асноўны, алтарны і бабінец), паслядоўна злучаныя адзін з адным па падоўжнай восі і завершаныя 2-схільнымі або вальмавымі дахамі (в. Здзітава Жабінкаўскага р-на). Збудаванні падоўжна-восевай кампазіцыі адлюстроўваюць прыёмы народнага дойлідства. Пад уплывам барока ў 18 ст. некаторыя храмы набылі пластычныя дахі, складаныя па форме купалкі ў завяршэнні (в. Вялікія Жухавічы Карэліцкага р-на). У 17-19 ст. развіваўся готыка-рэнесансны тып падоўжна-восевага храма з вежай-званіцай на галоўным фасадзе (в. Дарапеевічы Маларыцкага р-на).

Цэнтрычныя збудаванні (4-, 6- або 8-гранныя ў плане, пад шатровымі або купальнымі дахамі) у большасці выпадкаў уяўлялі сабой капліцы або цэрквы-ратонды. Іх архітэктура склалася пад уплывам адпаведных рэнесансных будынкаў. У барочных помніках 18 ст. ўскладняецца форма даху, ён набывае ярусныя формы (в. Дунайчыцы Нясвіжскага р-на).

Паводле вырашэння глыбінна-прасторавай і крыжовай кампазіцыі храмаў 17-18 ст. выразна вылучаліся 2 рэгіёны: паўночна-ўсходні і паўднёвы (Прыпяцкае Палессе), у якіх адпаведна склаліся Віцебская і Цэнтральнапалеская школы дойлідства. Храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі маюць старажытнае паходжанне, звязаны з традыцыяй будаваць над кожным зрубам самастойны верх вянковай або каркаснай канструкцыі. Для Віцебскай школы ў 17 ст. было характэрна вырашэнне кожнага зруба асобным высокім ярусным аб'ёмам з купальным завяршэннем, у выніку чаго стваралася маляўнічая свабодная кампазіцыя з вертыкальнымі дамінантамі (Увядзенская і Васкрасенская цэрквы). Такая ж тэндэнцыя захоўвалася ў канцы 17-18 ст. ў крыжова-цэнтральных храмах Віцебска (Ільінская царква, Троіцкая царква Маркава манастыра). Падобныя ім былі цэрквы крыжовай кампазіцыі 17 ст. ў Аршанскім Богаяўленскім Куцеінскім манастыры, Тупічэўскім манастыры ў Мсціславе і інш. Гэта былі храмы з 1 або 5 высокімі вярхамі, яны мелі вакол сябе галерэі, што падкрэслівала іх дынамічную ярусную кампазіцыю. Стыль барока не ўнёс асаблівых карэктываў у вонкавае вырашэнне гэтых будынкаў, за выключэннем асобных дэталяў, галоўным чынам у завяршэнні.

Палескія храмы былі кампактныя і нізкія, у іх архітэктуры захавалася больш архаічных рыс. Прысадзістыя зрубы і іх завяршэнні кампазіцыйна былі аб'яднаны ў адзінае цэлае; вылучаўся толькі цэнтральны аб'ём, якому падпарадкоўваліся ўсе астатнія (цэрквы ў в. Сінкевічы Лунінецкага, у Давыд-Гарадку Столінскага р-наў). Толькі на рубяжы 18-19 ст. пад уплывам барока ў цэнтральнапалескай школе адбыўся рэзкі скачок наперад: храмы набылі выразныя ярусныя формы, чацверыкі заменены васьмерыкамі і інш. (цэрквы ў вёсках Рубель Столінскага і Кажан-Гарадок Лунінецкага р-наў).

Адпаведна развіццю барочных форм у мураванай архітэктуры 18 ст. ў драўляным дойлідстве ўзнік шэраг збудаванняў падоўжна-восевай і глыбінна-прасторавай кампазіцыі з 2 вежамі на галоўным фасадзе або ў выглядзе бязвежавай базілікі (цэрквы ў вёсках Валовель Драгічынскага, Опаль Іванаўскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Побач з культавымі будынкамі ўзводзілі шмат'ярусныя званіцы, якія ўзбагачалі сілуэт ансамбля. Званіцы будавалі 4 тыпаў: слуповыя, каркасныя, зрубныя і зрубна-каркасныя. Найбольш выразныя зрубна-каркасныя збудаванні. Традыцыйныя будынкі такога тыпу - 2-ярусныя са зрубным ніжнім і каркасным верхнім ярусамі, пад шатровым дахам. У 18 ст. з'явіліся барочныя варыянты такіх званіц з 3-4 ярусамі, аркаднымі галерэямі на фасадах (Клецк, в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на).

Каментары чытачоў
Артём напiсаў(ла) 06.06.2008 21:48
http://vasyatko.net/raznosti/655-moja-kursovaja.html -Пра дойлідства Вітебска.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.