Зьвесткі іншаземцаў пра краіну часоў ВКЛ

Уводзіны

Своеасабліва паўстаюць перад гісторыкам і сённяшнім чытачом старадаўнія Беларусь і Літва ў апісаннях і нататках іншаземцаў. Шмат якія з гэтых эпісталярных матэрыялаў, сакрэтных службовых справаздач, “летуценных” занатаванняў ды пазнейшых паспешных мемуараў адбіваюць павярхоўны погляд падарожнікаў, якія кепска ведалі чужую краіну, не заўсёды валодалі тутэйшай мовай, часам давяралі несумленным або некампетэнтным асобам. Больш дакладнымі былі звесткі, непасрэдна ці ўскосна назбіраныя прадстаўнікамі замежных дзяржаўных і царкоўных органаў: дыпламатамі, нунцыямі, ураднікамі, тайнымі інфарматарамі і інш. Былі і такія чужаземцы, што адбывалі ў ВКЛ гаспадарскую ці прыватную службу, займаліся рамяством, купецкай, царкоўнай, сакратарскай дзейнасцю, так званымі вольнымі мастацтвамі, надоўга або назаўсёды асядалі тут і складалі своеасаблівую этна-культурную групу (мясцовых “ляхаў”, “маскавітаў”, “жыдоў”, “немцаў”, “влохаў” і інш.). Гістарычныя сведчанні, пакінутыя гэтай катэгорыяй насельнікаў краіны, маюць найбольш дакладны характар, нярэдка асвятляюць гэткія дэталі грамадскага і паўсядзённага жыцця, якія амаль не згадваюцца ў іншых пісьмовых крыніцах. Некаторыя перасяленцы на землі Беларусі і Літвы - найперш рускія, украінцы, палякі - асабліва прадстаўнікі вышэйшых станаў, хутка ўрасталі ў новы дзяржаўна-грамадскі асяродак. Традыцыйна толькі першае пакаленне гэтых прыяжджан у той ці іншай ступені можна назваць іншаземцамі.

Такое размежаваннне згаданых наратыўных крыніц (на другім узроўні іх можна дыферэнцыяваць з прадметна-тэматычных і іншых вузкіх крытэраў) варта абгрунтаваць больш дэталёва і праілюстраваць паказальнымі прыкладамі. Увогуле гэта тэма слаба распрацавана ў гістарыяграфіі, і нават адсутнічаюць зводныя апісанні крыніц, нават бібліяграфічная іх рэгістрацыя.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.