Гатычны касцюм Вялікага Княства Літоўскага канца ХІІІ — пачатку ХVI ст.

Касцюм Вялiкага княства Лiтоўскага позняга сярэднявечча быў адной з разнавiднасцяў еўрапейскага гатычнага касцюма. Гэтаму спрыяла геапалiтычнае становiшча ВКЛ і звязаныя з ім актыўныя палiтычныя, гандлёва-эканамiчныя, дынастычныя i культурныя кантакты з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Усё гэта спрыяла засваенню лепшых еўрапейскiх набыткаў у галiне культуры i мастацтва, агульнаеўрапейская мастацкая стылiстыка адразу адбівалася на мастацтве ВКЛ.

Развіццё міжнародных узаемасувязяў і актыўны ўдзел шляхты ВКЛ у палітычным жыцці краін Заходняй Еўропы прыводзілі да засвойвання новага ідэалу эпохі. Новы светапогляд узнікаў пад непасрэдным уплывам новых сацыяльна-эканамічных працэсаў, у выніку чаго большасць праяў раннесярэднявечнай культуры была трансфармавана ці адрынута ўвогуле. Актыўныя палiтычныя, культурныя і эканамічныя кантакты ВКЛ спрыялі пераарыентацыi ад раманскага і вiзантыйскага стыляў да готыкi, што ўвасобiлася ва ўсiх вiдах мастацтва, у тым лiку i ва ўбранні. Безумоўна, готыка не атрымала б увасаблення ў беларускiм касцюме, калi б свядомасць заказчыкаў не была падрыхтавана да ўспрыняцця мастацкага вопыту еўрапейскiх краiн.

У перыяд позняга сярэднявечча ўзнік адметны ідэал прыгажосці: рыцар, верны свайму слову, абаронца айчыны, караля і дамы сэрца. Рыцарскі кодэкс і ваенныя норавы ўплываюць на бытавы ўклад сярэднявечнага грамадства, яго культуру і ўбранне. Напружанае жыццё ваеннага рыцарскага асяродка ператварала рыцарскія латы ў свайго роду ўніформу, з якой рыцар вельмі рэдка развітваўся, а паўсядзённы касцюм развіваўся ў цеснай узаемасувязі са зменамі рыцарскіх латаў. У гэты час складаецца своеасаблівая форма пакланення жанчыне - культ Чароўнай Дамы, што, у першую чаргу, паўплывала на жаночае ўбранне, якое павінна было ўсяляк падкрэсліваць прывабнасць, пяшчотнасць, безабароннасць і, адпаведна, патрэбу ў абароне з боку мужнага рыцара. Палацавая мода, што фармiравалася пад уплывам еўрапейскай, хутка папулярызавалася сярод заможнай шляхты.

Найперш трэба высветліць, з якіх тканін шыліся строі. У ВКЛ для пашыву касцюма князя і касцюмаў двара завозіліся з еўрапейскіх краін рознага гатунку тканіны, якія згадваюцца, напрыклад, у рахунках польскага каралеўскага двара часоў Ягайлы [1, 134–135]. Апошнія даюць магчымасць даведацца пра назвы тканін, выкарыстоўваемых у ХIV ст.: тафта, атлас, аксаміт, арас (лёгкая ваўняная тканіна), ядваб, хамхы (ядвабная турэцкая тканіна), франчэ, а таксама разнастайныя сукны - космач, пакочын, футэртух, сукно ангельскае, брухельскае, фламандскае, хіршберскае, чытоўскае, свідніцкае, палатно беленае, цвіліх (тканка льняная), бархан, баваўніца, палатно нішэнскае, парцянка. Разам з тканінамі завозіліся ядвабныя і залатыя ніткі для шыцця, званыя ядвабніца, залатыя ніткі на вузельчыкі для далматыкаў, матузы, а таксама баваўняная вата, якую ўшывалі паміж дзвюма тканінамі для шчыльнага аблягання торса. У ХIV ст. ядвабныя тканіны завозіліся і выкарыстоўваліся толькі для каралеўскага і княжацкага строяў, а з 70-х гадоў ХV ст. - таксама і на строй прыдворных. У канцы XIV - пачатку XV ст. дзякуючы як росту заможнасці, так і пад уплывам моды распаўсюдзілася шырокае ўжыванне футраў, якія насілі не толькі для абароны ад холаду. Яны былі аздобаю, якая падкрэслівала багацце ўбрання. Футрам таксама падшывалі і абшывалі сукні, кабаты, плашчы. У ВКЛ збіралася нават адмысловая даніна футрам, напрыклад, бабровая дань [2, 239].

Археалагічныя матэрыялы паказваюць арнаментацыю тканін. Адамашак з арнаментам у выглядзе кветак граната, шаўковыя матузы ад плашча і пазалочаныя гузікі былі знойдзены ў пахаванні каралевы Соф’і Гальшанскай (1461 г.) у катэдры на Вавелі [3, 48–49] (мал. 1а). Шаўковыя тканіны былі знойдзены тамсама ў пахаванні каралевы Ядвігі [4, 186–189] і каралевіча Казіміра Ягелончыка [5, 149–173]. Алтэмбас пахавальнага адзення караля Казіміра Ягелончыка (1492 г.) быў трох арнаментацый, як геаметрычнага, так і стылізаванага расліннага. Шаўковыя тканіны завозіліся пераважна з Італіі, ваўняныя - з Цэнтральнай Еўропы [6]. Пурпурны колер на працягу ўсяго сярэднявечча ўжываўся ў цырыманіяле каралеўскага двара як паказчык каралеўскай улады, а пурпурная шаўковая тканіна замаўлялася толькі каралём і каштавала надзвычай дорага [7, 136–139]. Шырока выкарыстоўваюцца тканіны мясцовай вытворчасці, пераважна ваўняныя і льняныя.

Парадны княжацкі строй у канцы ХІІІ - пачатку XIV ст. захоўвае элементы папярэдняга перыяду, што ілюструюць выявы кн. Даўмонта і яго жонкі Марыі. Княжацкі строй становіцца зручным, падпарадкаваным ваеннаму ладу жыцця і складаецца з кароткай фалдаванай тунікі, абціслых нагавіцаў, латаў, мантыі, кароткіх ботаў-кампагаў з завостранымі насамі. Адзнакамі ўлады застаюцца карона і меч. Такія строі адлюстраваны на вялікім кн. Войшалку (аклад Лаўрышаўскага евангелля) і мініяцюры Лаўрышаўскага евангелля пач. ХІV ст. [8] (мал. 1б, в). У ХІV ст. у каралеўскім і княжацкім строі з’яўляюцца рысы готыкі, што ілюструюць выявы буквіц Аршанскага, Мсціжскага і Мсціслаўскага евангелляў: з’яўляюцца абціслыя строі, засцежка пасярэдзіне пераду на вялікую колькасць гузікаў або матузоў, абціслыя нагавіцы, даўганосы абутак, выцягнутая форма галаўных убораў.

Адныя з першых адлюстраванняў цырыманіяльнага гатычнага строю мы маем на пячатках вялiкіх князёў Вiтаўта, Жыгiмонта Кейстутавiча і Кейстута [9], на выяве вялікага кн. Вітаўта з Хронікі Бельскага (мал. 2). Паводле іх можна меркаваць, што вялікакняжацкі касцюм складаўся з тунiкi, моцна фалдаванай унiзе, падперазанай на сцёгнах шырокiм поясам, круглага гарнастаевага каўняра, доўгага шырокага плашча-мантыi. Усё разам стварала ўласцівы готыцы дынамічны сілуэт. Сімваламі ўлады з’яўляліся мітра і меч або карона, берла і дзяржаўны яблык, як паказана на пячатцы вялікага кн. Міндоўга. Гэта адпавядала тыповаму агульнаеўрапейскаму каралеўскаму і княжацкаму строю таго часу.

Пра цырыманіяльны строй вялікага кн. Вітаўта можна меркаваць па пісьмовых крыніцах. Вось якім убачыў вялікага кн. Вітаўта крыжацкі пасол Конрад Кібург, які прыбыў з амбасадай у Вільню ў 1395 г.: "...Насіў Вітаўт на галаве лёгкае іспанскае самбрэра (недакладнае прачытанне перакладчыкам тэрмінаў; гэта азначае капялюш высокі, які ў ХIV–ХV ст. насілі князі ўсёй Еўропы (Г.Б.), на сабе меў жоўты ядвабны кафтан (жупан), зашпілены да самага горла залатымі гузікамі на залатых пятліцах. Сподняя сукня ружовая з татарскай тканіны і чырвоныя скураныя боты з залатымі астрогамі. На кафтане (жупане) пояс, золатам гафтаваны, з тасьмы, нешырокі, пры якім кручкі для прышпільвання шаблі віселі, зашпілены на багатую спражку. Зверху кафтан цёмна-сіняга колеру, пашыты па-ліцьвінску, толькі каротка падрэзаны. З-пад засцежкі кафтана над поясам выглядала рукаяць штылета (кінжала puginalu), камянямі дарагімі высаджаная" [10, с. 20].

Вітаўт замаўляў для сябе камплекты святочных строяў, сшытых па апошняй еўрапейскай модзе, што і пацвярджаюць запісы ў рахунках каралеўскага двара караля Уладзіслава Ягайлы і каралевы Ядвігі, а таксама запісы з кнігі выдаткаў двара вялікага кн. Вітаўта [11]. Згодна з імі, вялікі кн. Вітаўт насіў кашулю з беленага палатна, паверх яе - сукню (tunica) з каўняром (torkues) або жупан, "пашыты па-ліцьвінску, толькі коратка падрэзаны", сподні сукенныя і абутак з сукна або скуры. Паверх апранаў сукню верхнюю, якая магла быць падбіта футрам, кажух (pellicium) лісі, сабалёвы, з вавёрак ці з гарнастаяў, або суконны плашч (pallium), падшыты сукном іншага колеру. Для розных кафтанаў вялікага кн. Вітаўта закупаліся аксаміт, ядваб чорны, франчэ (francze), замаўляў ён сабе "ядвабніцу чорную для кафтанаў французскіх (iaccas frankas) і жупанікаў (soppulas)". На адзін кафтан замаўлялася адразу некалькі гатункаў тканіны і ў немалой колькасці. Так, напрыклад, у 1394 г. за тканіну на кафтан было заплочана "за штуку аксаміту, з якога кафтан (jakka) для вялікага кн. Вітаўта пакроены, 32 гр.; за 30 локцяў палатна на падшыўку да названага кафтана 2 гр. за локаць; за 10 локцяў бархату чорнага пад той жа кафтан 1 гр., 2 грошы за 1 локаць; за 6 локцяў пакочыну для падкладання пад аксаміт у тым жа кафтане па 6 гр. за локаць; ядваб чорны для шыцця таго ж кафтана". Да кафтанаў асобна замаўлялася аздоба, як, напрыклад, "14 фільтрысаў (filtris), званых пільшні (pilsznij) тонкіх, зробленых у Англіі" [1, с. 52, 54, 58, 60, 61, 64].

Пра дасведчанасць у ВКЛ пра падрабязнасці моды, пануючай пры заходнееўрапейскіх дварах, сведчыць згадка ў каралеўскіх рахунках аб вырабу для вялікага кн. Вітаўта ўбору, які хаваў пад шэрым аксамітам і старанна выкананым падшыццем з ватаванага палатна кальчугу, якая надзейна бараніла ад забойцаў-наймітаў. Падобныя ўборы былі добра вядомы ў Еўропе і сустракаюцца, напрыклад, яшчэ ў ХV ст. пры двары князёў бургундскіх. Такім чынам, пра тое, якія строі мог замаўляць вялікі кн. Вітаўт, можна меркаваць па заходнееўрапейскіх выявах [12, с. 122].

Элементам адзення і сімвалам улады караля і вялікага князя на працягу ўсяго сярэднявечча была мантыя, якая зашпільвалася па цэнтры пераду. Яна была шырокая і доўгая, магла падшывацца футрай гарнастая або іншай футрай, аздабляцца апухай па крысу. Менавіта такія варыянты мантый адлюстраваны на вялікім кн. Вітаўце, каралі Ягайле, вялікім кн. Жыгімонце Кейстутавічы. Сімвалам улады быў і вялікі гарнастаевы каўнер, які адлюстраваны на вялікім кн. Вітаўце, паводле маестатнай пячаткі.

Да часоў панавання вялікага кн. Вітаўта багаты княжацкі строй і сімвалы ўлады князь "забіраў з сабою", згодна з паганскім звычаем. Так, вялікі кн. Альгерд быў спалены "разам з найлепшым канём, у жупане рыцарскім, перлінамі і камянямі дарагімі высаджаным, і ў сукне пурпуровай, вышытай золатам, з поясам сярэбраным вызлачаным" [14, с. 24].

У той час, калі князь не меў на сабе ні каралеўскага касцюма, ні рыцарскай зброі, ён выходзіў ва ўборы, звычайным для вялікіх паноў - двары каралеўскія, княжацкія і вялікакняжацкія ў ВКЛ таксама красаваліся ў строях Заходняй Еўропы і служылі ўсяму заможнаму люду для пераймання.

Пра еўрапейскага кшталту строі кн. Андрэя Альгердавіча і кн. Свідрыгайлы сведчаць заказы тканін і аздобы, якія зафіксаваны ў рахунках двара караля Уладзіслава Ягайлы. Так, пасля вызвалення з палону па просьбе вялікага кн. Вітаўта кароль Ягайла ўлашчыў кн. Андрэя Альгердавіча шматлікай колькасцю рэчаў, сярод якіх рознага гатунку сукны, палотны, ядваб, тушкі з вавёрак для шыцця штодзённага адзення (protunika feriali), доўгага адзення (londa tunica), плашча (pallium), атласныя жупаны (zoppam), жупаніка з парцянкі (ad sopulam de parthanio) [1, с. 46].

Касцюмы прадстаўнікоў княжацкага двара адрозніваліся ад касцюма князя якасцю матэрыялу, але адпавядалі яму па складзе і форме. Напрыклад, віленскі судзя Бернард прыдбаў для сябе штуку атласу, пра што таксама паведамілі рахункі каралеўскага двара [1, с. 69].

Найбольш варыятыўным гатычны касцюм ВКЛ стаў у 2-й палове ХV ст. Найбуйнейшай крыніцай па колькасці і варыянтнасці адлюстравання гатычнага касцюма з’яўляюцца мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, у другой частцы якога адлюстраваны ўборы часоў напісання летапісу (2-я пал. ХV ст.) [14]. Згодна з мініяцюрамі, касцюму ВКЛ, як і пры заходнееўрапейскіх дварах, уласцівы адначасова два сілуэты: абціслы і свабодны (мал. 3). Галоўныя часткі мужчынскага абціслага касцюма - кашуля, кароткі кабат розных тыпаў, нагавіцы-панчохі, спічасты абутак і розныя тыпы капелюшоў. Доўгія строі, аблямаваныя футрай, даходзілі да зямлі. Дзве крайнасці касцюма - шырокае доўгае ці вузкае кароткае - былі таксама адным з паказчыкаў гатычнай моды.

Князi i шляхта насілі шчыльна прылеглы да цела кароткi жакет-пурпуэн, якi насiлi разам з прылягаючымi да ног нагавіцамі-шосамi. Пурпуэн з невялiкай закладзенай у складкi баскай таксама шчыльна прылягаў да цела, яго вузкiя рукавы, вертыкальная лiнiя зашчэпкi, шосы з эластычнага сукна, абутак з вузкiмi доўгiмi дзюбамі, капялюш без палёў - усё разам стварала выразны гатычны сiлуэт. Такі абцiслы касцюм мог настолькi аблягаць фiгуру, што амаль дакладна паўтараў яе формы, прычым абцiслы жакет даходзiў толькі да лiнii талii цi да сцёгнаў, а розны па шырыні пояс заўсёды падкрэсліваў лінію таліі [14, л. 169, 212].

Шляхта насiла як вельмi вузкi прыталены кабат, так i больш свабодны яго варыянт. Розны па шырынi пояс заўсёды падкрэслiваў лiнiю талii. Жакет мог аздабляцца трохкутным глыбокiм выразам ці каўняром, высокiм каўняром-стойкай цi каўняром, які пераходзiў у каптур, з-пад iх заўсёды была бачна нiжняя кашуля. Аздоба каўняра i каўнерцаў часцей паказана жоўтага колеру - магчыма, яны вырабляліся з дарагой прывазной тканiны. На нагах - вузкiя, шчыльна аблягаючыя шосы яркiх колераў. Чаравiкi i паўбоцiкi з сагнутымi заднiкамi i доўгiмi дзюбамі ўяўляюць агульнаеўрапейскi сярэднявечны абутак пулэн.

Святочным варыянтам мужчынскага адзення быў упелянд, паказаны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу на княжацкiм герольдзе [14, л. 169] (мал. 4). Яго адметнасцю былi моцна пашыраныя бочкападобныя рукавы з вялiкай прораззю для рук, з проразі былі бачны вузкiя рукавы нiжняга адзення з каўнерцамі. Вузкi ўпелянд падпяразваўся на талii i зашпiльваўся цi матузаваўся пасярэдзiне спераду. На нагах - шосы, на галаве - каптур з доўгiм вузкiм канцом, абкручаны вакол шыi - шаперон. Існаваў iншы варыянт упелянда, якi насiлi князi i знатныя феадалы сталага ўзросту - святочны, з багатага сукна, аксамiту цi парчы, на светлай падкладцы з бакавым разрэзам доўгі ўпелянд, закладзены буйнымi фалдамi. Аздобай яго былi шырокiя рукавы i шырокі футраны каўнер [14, л. 220].

У час панавання гатычный моды мужчыны насілі сціслыя аблягаючыя нагавіцы, якія мацаваліся раменьчыкамі да кафтана, стопы нагавіц былі падшыты скураной падэшвай з моцна выцягнутымі дзюбамі. Абедзве паловы такіх нагавіц, паводле заходнееўрапейскай гатычнай моды, маглі быць рознага колеру. Распаўсюджанымі панчохамі-абуткам князя і яго двара былі калігі, сатуларыс і кальсэс, якія абцягвалі ногі і шыліся са шчыльнага сукна ці скуры і мацаваліся раменьчыкамі да кафтана. Шосы на шматлiкiх мiнiяцюрах Радзiвiлаўскага летапiсу паказаны без абутку. На заходнееўрапейскіх выявах бачна, што да кабата ў прамежжы паміж дзвюма нагавіцамі падвязваўся гульфік, які мог быць як колеру нагавіц, так і кантрастнага. Гульфік рабіўся аб’ёмным, пазней аздабляўся разрэзамі. Гэтая дэталь касцюма была не толькі прыхамасцю гатычнай моды - яна падкрэслівала пачуццёвасць, якая ўсяляк гіпербалізавалася ў гатычным адзенні. Гульфік паказаны на кафлі з Лоскага замка.

Атрыбутам знатнасцi з’яўляўся геральдычны знак, які мог быць змешчаны на грудзях [14, л. 199] . У ВКЛ, як і на Захадзе, адзнакай княжацкага гатычнага касцюма было моднае ў тыя часы гербавае шматколернае адзенне мi-парцi, у якім колеры герба феадала ці сям’і яго дамы сэрца пераносіліся на адзенне, утвараючы маляўнічыя касцюмы. Такое адзенне тройчы адлюстравана на мiнiяцюрах Радзiвiлаўскага летапiсу [14, л. 206] (мал. 3). Парадны касцюм князя меў кароткi абцiслы кабат з вузкiмi рукавамi, адна палавiнка якога была, напрыклад, чырвонага колеру, а другая - зялёнага. Завостранасць касцюму надае вертыкальная зашчапка пасярэдзiне пераду, зацягнутая поясам тонкая талiя i шчыльная гарызантальная аздоба-валiк з парчовай тканiны. З-пад трохкутнага выразу кабата праглядае нiжняя жоўтая кашуля з круглым каўняром. На нагах - шосы сiняга колеру, на галаве - невялiкi зялёны чапец-каль.

Часткай касцюма князя i феадала былі шырокія плашчы на падшэўцы, а таксама кароткi плашчык, якiя на грудзях замацоўваліся матузом ці зашпільваліся [14, л. 199].

У канцы ХIV–ХV ст. дзякуючы росту заможнасці княжацкага двара і пад уплывам моды распаўсюдзілася ўжыванне футраў, якія насілі не столькі для абароны ад холаду, але як аздабленчы элемент, што ўсяляк падкрэсліваў багацце строю (мал. 4). Футры былі выразным святочным мужчынскiм адзеннем і ўяўлялі свабодную вопратку з шырокiмi рукавамi, якую апраналi як на кароткi кабат з шосамi, так i на доўгае нiжняе адзенне. Футры зверху пакрывалі сукном або дарагой узорыстай шаўковай тканiнай, яны ўпрыгожваліся вялiкiм футраным каўняром i апухай уздоўж верхняга крыса і па нізе. Крысо найчасцей зашпiльвалiся спераду шматлікімі петлямі з тасьмы, да якіх былі прышыты гузiкi. Футры былі ўлюбёным адзеннем караля і вялікага князя, пра што сведчаць адлюстраваныя варыянты футраў, пакрытыя ўзорыстай тканінай, з апухай па берагах, футраным каўняром-стойкай, як паказана на каралі Уладзіславе Ягайле (алтар Маці Божай у Кракаўскай катэдры), ці з вялікім адкладным каўняром, як паказана на каралі Казіміры Ягелончыку [3, с. 96]. Футры як святочны касцюм адлюстраваны на магнатах ВКЛ і Польшчы, якія прыехалі на Сойм каронны ў пачатку ХVI ст. (ілюстрацыя са Статута Ласкага) [5, с. 136].

Футрам таксама падбівалі і абшывалі сукні, кабаты, плашчы, каб узбагаціць формы касцюма. Напрыклад, з тэстаменту біскупа віленскага Андрэя даведваемся, што ён атрымаў у падарунак ад вялікага кн. Вітаўта чорную футру, падбітую "кунамі". Пра разнастайнасць форм і пакрыццяў футраў сведчаць і назвы "футра", "футрачка", "шуба", "прыадзяванне", "руская футра", "кажух", "кажушок". Адзначым, што польскія даследчыкі лічаць футру адным з самых прэзентацыйных элементаў ва ўбранні ВКЛ і Польшчы [16, с. 11–39].

Доўгае адзенне ўсiх тыпаў падпарадкоўвалася стылiстычным законам готыкi, дзе аб’ядноўвалася выразная вострая графiчнасць са зменлiвым эфектам святлаценю. Шырокае верхняе адзенне і вузкi касцюм супрацьпастаўлялiся, цудоўна спалучалiся i падкрэслiвалi выцягнутасць, статнасць постаці. Пры гэтым адзенне несла на сабе адзнаку становiшча носьбіта ў грамадстве, сведчыла пра яго багацце i раскошу.

Пра тое, як знешне выглядалі вайскоўцы ВКЛ, звестак захавалася мала. Цікавае апісанне войска ХIV ст. мы маем у справаздачы крыжацкай амбасады, што прыязджала да вялікага кн. Вітаўта ў 1387 г., падчас якой паслы трапілі ў Вільні на вайсковыя вучэнні. Пасмейваючыся над слабым узбраеннем і маларослымі канямі, яны, аднак, падкрэслілі, што ліцьвіны трымаюцца з гонарам і надзвычай жвава. На іх, згодна з тэкстам, акрамя разнамаснага рыштунку, былі апрануты "плашчы кароткія цёмна-барвовыя з каптурамі вузкімі спічастымі, выглядаў той люд, як браты Мінарыты, толькі кафтаны і сподняе адзенне рознакаляровае ад тых іх адрознівала" [13, с. 20]. Мы можам меркаваць пра строй паляўнічага канца XV ст., які адлюстраваны на кафлі з Лоскага замка (мал. 5).

Герольд, якога выбіраў вялікі князь і "абавязваў, каб прымалі належным чынам ды ўшаноўвалі", апранаўся ў геральдычную вопратку [17, с. 188]. Варыянты ўбрання герольда адлюстраваны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, сярод якіх і двухколернае адзенне мі-парці, у якім выкарыстоўваліся колеры герба феадала [14, л. 167, 169, 207] (мал. 4). На адзенне служак двара (лоўчых, лютністаў, флейтыстаў, пекараў і інш.) таксама набываліся тканіны за кошт князя, як, напрыклад, "21 локаць сукна чырвонага і жоўтага, дадзенага лютністам" [1, с. 55].

Паводле прыведзеных звестак, можна сцвярджаць пра з’яўленне ў канцы XIІІ ст. у ВКЛ гатычнага мужчынскага ўбрання княжацкага двара, якое замацавалася ў часы панавання вялікага кн. Вітаўта і дасягнула росквіту ў канцы ХV ст. У касцюме гэтага часу дамiнуюць гатычныя рысы, выразна адлюстраваны гатычны сiлуэт, шматлiкасць тыпаў еўрапейскага адзення і спосабы iх нашэння. Гатычнаму касцюму ўласцівы выцягнутасць прапорцый, кантрастнае вузкае, абціслае або доўгае, шырокае адзенне, шматварыянтнасць форм адзення. Сімваламі караля і вялікага князя былі мантыя і гарнастаевы каўнер. У мужчынскі гатычны касцюм уваходзілі кашуля, кабат, кафтан, нагавіцы-панчохі, верхнім адзеннем былі плашчы, шматварыянтныя футры, кажухі. Гатычнаму касцюму была ўласціва мода на шматколернае адзенне мі-парці.

Жаночы гатычны касцюм у канцы ХІІІ - пачатку ХIV ст. складаўся з дзвюх сукенак кантрастнага колеру, дзе верхняя мела шырокія доўгія рукавы, на галаве жанчыны насілі ручніковы павой у палосы, што ў прынцыпе адпавядала элементам касцюма папярэдняга перыяду і яго адметным рысам, такім, як закрытасць адзення замужняй жанчыны, падкрэсліванне ўсіх берагоў касцюма парчовай або кантрастнай стужкай. Такі касцюм адлюстраваны на жонцы кн. Даўмонта - Марыі (абраз "Даўмонт і яго жонка Марыя перад Багародзіцай").

Істотныя змены ў жаночы касцюм унесла ХIV ст., галоўнай прыметай якога стала дапасаванне строю да постаці, што ілюструюць роспісы троннай залы Тракайскага замка [18, с. 249–263]. Строй падкрэсліваў статнасць фігуры і ідэалізаваў вобраз жанчыны - дамы сэрца. Аблягаючая сукня з падоўжным станам, якая падпяразвалася на лініі сцёгнаў поясам, падкрэслівала вертыкальнасць ліній, характэрных для мастацтва готыкі.

Мяркуючы па зменах у мужчынскім строі, жаночы таксама павінен быў мяняцца ў адпаведнасці са зменамі еўрапейскага жаночага касцюма. Выявы жонкі вялікага кн. Вітаўта нам не вядомы, але існуе згадка пра тое, як вялікі кн. Вітаўт у суправаджэнні князёў, маршалка і іншых разам з жонкай, вялікай кн. Ганнай, прыехаў да Салінскага возера на сустрэчу з Вялікім магістрам. Вялікая кн. Ганна на піры выйшла ў такім шыкоўным і дарагім строі, што нават бывалыя еўрапейскія госці былі ашаломлены і занатавалі гэтае здарэнне ў сваіх дзённіках.

Вядома, які касцюм насіла каралева Соф’я Гальшанская - рэшткі яго былі знойдзены пры адкрыцці яе труны ў Кракаўскай катэдры [3, с. 48–49] (мал. 1). Сукня была сшыта з ядвабу "кітайкі" з шырокімі рукавамі, зашпілена на маленькія сярэбраныя гузікі і пяцелькі. Паверх сукні - кабацік з адкладным каўняром, шырыня якога ў справаздачы акрэслена "на тры або чатыры пальцы". Засцежка на сем нашытых з двух бакоў пятліц "простай плеценай працы" шырынёй каля 8 мм даходзіла да пояса. Пазалочаныя сярэбраныя гузікі дыяметрам 7 мм, выпуклай формы. Доўгія рукавы сукенкі паступова пашыраліся да долу, ад пляча да локця зашытыя, пасля локця адкрытыя, па беразе аздобленыя, а на самым нізе з боку далоні зашпіленыя. Падшэўка рукава - з аднатоннай тонкай матэрыі. У Музеі нарадовым у Кракаве (Збор Чартарыйскіх) знаходзяцца фрагменты тканін з тых сукенак, яны брунатна-рудога колеру, тканыя ў тонкі ўзор, экспануюцца гузікі і гаплікі, на якія зашпільвалася сукенка. Каралева Соф’я Гальшанская адыгрывала значную палітычную ролю ў жыцці Польшчы, ВКЛ і ўсёй Еўропы [19, с. 1–108]. Строй каралевы Соф’і адпавядаў еўрапейскім узорам, а багацце тканін і аздобы ўсяляк падкрэслівала багацце дзяржавы.

Вядома выява дачкі вялікага кн. Вітаўта кн. Соф’і. Княгіня паказана ў строі не гатычным, а "маскоўскім", які, аднак, насуперак прынятаму ў тыя часы ў Маскоўскім княстве касцюму "ўсходняга характару", на які не ўплывалі еўрапейскія стылі і моды, мае пояс, які прытальвае сукенку. Варта адзначыць, што вялікая кн. Соф’я Вітаўтаўна адыгрывала адметную ролю пры Маскоўскім двары - магла ездзіць разам з мужам па дзяржаўных справах, як, напрыклад, на Луцкі з’езд, што не было дазволена ніводнай з рускіх жанчын. Нават яе сігнэт вызначаецца "свабоднай" тэмай выявы [20, табл. 4, 5].

Строі ХV - пачатку XVІ ст. вызначаліся багаццем і выразнай гатычнай стылістыкай. Існуюць сведчанні пра строі і тканіны, якія замаўляла жонка вялікага кн. Аляксандра Алена: у рэестры засталіся згадкі пра залатыя і сярэбраныя нашыцці, тканіны, сукні, якія фігуруюць у спісе Бернардынскага скарбу [21, с. 16]. Палітыкі ў тыя часы лічылі, што з прыездам кн. Алены можа пашырыцца маскоўскі ўплыў на Віленскі двор, але гэта не адбылося. Маскоўскі кн. Іван ІІІ вельмі за гэта гневаўся на дачку. Таму вялікі кн. Аляксандр насуперак яму параіў жонцы схаваць маскоўскія ўбранні, а ўжываць толькі строі Літоўскага двара. Ён жа адаслаў маскоўскую світу і наблізіў да кн. Алены шляхту рымскага веравызнання - нават ахмістрам двара вялікай кн. Алены быў "нежанаты шляхціч негрэцкага веравызнання". Вялікі кн. Аляксандр набліжаў да сябе і жонкі адукаваных людзей, такіх, як сакратар Эразм Цёлак, які пазней выкладаў у Кракаўскім універсітэце, або астраном Вайцэх Брудзем. Ёсць згадка, што лісты вялікай кн. Алены рэдагаваліся на лацінскай мове [21, с. 28]. Нягледзячы на абурэнне бацькі, вялікая кн. Алена вельмі хутка стала на бок свайго мужа [21, с. 27].

Шмат матэрыялу пра жаночае ўбранне дае інвентар шлюбнага скарбу каралевы Ганны Ягелонкі (1491 г.). Каралева Ганна была адзінаццатым дзіцём караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Эльжбеты, трэцяй дачкой, выдадзенай замуж (яна прыняла шлюб на 15 годзе свайго жыцця) пры жыцці караля за Баруслава Х. Шлюб адбываўся ў замку Шчэцін. Інвентары шлюбнай выправы пералічваюць уборы, каштоўныя сабаліныя футры, скуру і тканіны на адзенне, а таксама ўборы дваровых людзей, пасцельную і сталовую бялізну. Вартасць пасагу ацэньвалася ў 100 тысяч чырвоных залатых. У інвентары ўзгадваюцца 2 сукні (tunika), 13 плашчоў (pallia), 6 шубак і 27 футраў (pellicia), 4 пары рукавоў і 52 паясы. Перавага футраў над летнімі сукнямі - 38 да 10 - паказвае, на думку даследчыкаў, практычнасць бацькоў - мода на сукенкі мяняецца хутчэй. Сукенкі каралевы Ганны Ягелонкі былі пераважна чырвоныя і блакітныя. Чырвоная сукня з атласу мела падвойныя рукавы і аздобу ў выглядзе перлінавых нітак (pretextis margaritis), блакітная аксамітная сукенка была аздоблена перлінавым каўняром (colrijo margaritto). Рукавы сукенак былі падвойныя: верхнія рукавы даўжэйшыя за руку і свабодна звісалі да зямлі, выконваючы дэкаратыўную функцыю, ніжнія - даўжынёй да кісці, выконваліся ў іншым колеры, чым сукенка [22, с. 60–69].

У ВКЛ былі папулярныя тыя самыя жаночыя строі, што і пры заходнееўрапейскіх дварах. Гатычны стыль у модзе, які замацаваўся ў часы вялікага кн. Вітаўта ў княжацкім і жаночым касцюме двара, дасягнуў росквіту ў 2-й палове ХV ст., калі стаў багацейшым па каларыстыцы і больш выразным па форме. Найбольш багатыя варыянты жаночага касцюма гэтага часу адлюстраваныя на мініяцюрах другой часткі Радзівілаўскага летапісу (мал. 5). Мініяцюры паказваюць шырока распаўсюджаны варыянт жаночага строю [14, л. 220]. Паводле іх, жаночы гатычны касцюм складаўся з дзвюх сукенак кантрастных колераў: лiф верхняй сукенкi звужаны, талія завышана, абцягвае постаць, нiжэй лiнii сцёгнаў сукенка пашыраецца i спадае мноствам фалдаў; глыбокi круглы выраз каўняра спераду пераходзiў у такi самы выраз на спiне, яго аздабляла шырокая аблямоўка з парчовай тканiны. У святочным уборы выраз аздабляла масiўная круглая брошка [14, л. 203]. З-пад вузкiх цi крыху пашыраных унiзе рукавоў верхняй сукенкi-сюркот выступалi вузкiя рукавы нiжняй сукенкi-кот. Утвораныя буйнымі складкамi зломы тканiны спаднiцы стваралі дынамiчны кантраст са спакойнай паверхняй лiфа i рукавоў. Шырокая ўнiзе спаднiца мела шлейф, якi пры хадзе цягнуўся па падлозе. У адпаведнасці з заходняй модай, сукенку спераду высока падбіралі ў рукі, каб не перашкаджаць хадзе i адначасова паказваць нiжнюю сукню. Адпаведна звычаю таго часу, корпус жанчыны злёгку адхіляўся назад, галава падавалася наперад, а сукенка прытрымлiвалася спераду, ствараючы ўражанне цяжарнасці, ззаду мела доўгі шлейф. Такая манера нашэння сукенкі стварала адмысловы выгіб постаці, якi атрымаў назву "гатычная крывая". Жанчыны сталага веку насiлi шырэйшыя ў стане сукенкi, сабраныя ў зборку цi закладзеныя складкамi, з шырокiмi доўгiмi рукавамi. Верхняя i нiжняя сукенкi заўсёды былі аздоблены па каўняры, падоле i рукавах парчовай тканiнай цi тканiнай кантрастнага колеру. У руках жанчыны насілі хустачкі з далікатнага палатна, а таксама рукавічкі.

Побач з дамінуючымі гатычнымі рысамі ў жаночым строі выразна праявiлiся і асаблівасці, характэрныя для папярэдняга перыяду: мяккiя, павольныя лiнii выразу гарлавiны, якi заўсёды меў круглую форму, шырокая парчовая аздоба ўсiх берагоў касцюма (каўняра, рукавоў, падола), закрытыя сукенкi замужнiх жанчын сталага веку, ручнiковыя галаўныя ўборы, што ў сукупнасці адпавядала выпрацаваным эстэтычным поглядам.

Жаночы касцюм Вялiкага княства Лiтоўскага быў тыповым для сярэднявечнай Еўропы. Такi самы строй быў добра вядомы ў Польшчы, пра што можна меркаваць, напрыклад, па выявах алтара Вiта Ствожа ў Марыяцкiм касцёле Кракава.

Такім чынам, жаночы касцюм князёў і знаці ў ВКЛ цалкам адпавядаў законам готыкі. Жаночы гатычны строй складаўся з дзвюх сукенак кантрастнага колеру, якія мелі глыбокае дэкальтэ, завышаную лінію таліі, доўгі шлейф. Манера нашэння жаночых строяў у ВКЛ адпавядала заходнееўрапейскай, якая стварала выгіб постаці "гатычная крывая". Пры гэтым гатычныя элементы спалучаліся з мясцовымі адметнасцямі, такімі, як закрытыя сукенкі жанчын сталага веку, круглы выраз гарлавіны, падкрэсліванне ўсіх берагоў касцюма кантрастнымі або парчовымі аблямоўкамі.

Мужчынскія і жаночыя галаўныя ўборы і фрызуры з’яўляюцца адметнай i неад’емнай часткай гатычнага касцюма. Яны не толькi кампазiцыйна завяршалi касцюм, адпавядалi стылю эпохi, але з’яўляліся непасрэдным паказчыкам сацыяльнага стану.

Сімвалам улады на працягу ўсяго сярэднявечча была карона. Абрысы карон мяняліся ў адпаведнасці з модай, аднак, на працягу ўсяго позняга сярэднявечча яны мелі вострыя зубчастыя завяршэнні. Варта адзначыць, што карону ўладары атрымлівалі толькі з дазволу папы рымскага. Так, вялікі кн. Міндоўг у 1253 г. прыняў тытул караля і каранаваўся каронай, дасланай ад імя папы Інакенція.

Кароны ў канцы ХІІІ ст. мелі шырокі круглы абвод, падзелены на квадраты або ромбы, у якія былі ўстаўлены каштоўныя камяні, а па версе кароны, амаль над кожным квадратам, былі размешчаны невысокія зубцы ў выглядзе трох–пяціпялёсткавых кветак на буйной сцябліне. Падобнай формы карона бургундскага караля, першапачаткова швецкая, а пазней княжацка-пястоўская, знаходзіцца ў скарбніцы Кракаўскай катэдры [23, мал. 5, 14, 15]. Можна меркаваць, што падобную карону меў першы кароль ВКЛ Міндоўг (існуе згадка, што ў часы панавання караля Станіслава Аўгуста ў Навагрудку было раскапана пахаванне караля Міндоўга, дзе ў труне былі знойдзены карона, берла і плашч) [23, с. 627]. Карона гатычнай формы, берла і дзяржава адлюстраваны на пячатцы караля Міндоўга [30].

Формы карон у ХIV ст. змяніліся. Яны набылі высокія зубчастыя завяршэнні ў выглядзе трох–пяціпялёсткавых кветак або лілеяў. Такога тыпу карона, а таксама берла, яблык, персцень, астрогі і гузы ад строю былі знойдзены пры адкрыцці труны караля Казіміра Вялікага на Вавелі [23, мал. 2]. Такога самага тыпу кароны належалі каралю Уладзіславу Ягайлу і яго першай жонцы каралеве Ядвізе [24].

Такім чынам, карона была таксама сімвалам улады каралевы. Нам вядома карона каралевы Соф’і Гальшанскай, чацвёртай жонкі караля Уладзіслава Ягайлы, знойдзеная ў яе пахаванні на Вавелі [3, c. 48]. Яна мае такія самыя абрысы, як і мужчынскія каралеўскія кароны таго часу - трохпялёсткавыя лілеі на сцябліне, прымацаваныя да дыядэмы.

Як выглядала карона, дасланая вялікаму кн. Вітаўту, і ці былі кароны ў вялікіх князёў? У 20-я г. мінулага стагоддзя існавала гіпотэза, што карона, знойдзеная ў 1914 г. у скарбніцы Кракаўскай катэдры, была некалі вывезена палякамі з труны вялікага кн. Вітаўта з Віленскай катэдры [23, c. 612]. Вядома, што ў 1530 г. у Віленскай катэдры адбыўся пажар, пасля якога ў новую труну паклалі цела вялікага кн. Вітаўта, а таксама каштоўныя інсігнэі і аздобы яго строю. Падчас наступных навалаў, як то разрабаванні трунаў Віленскай катэдры ў 1655 г. і ў іншыя гады, а таксама залева 1712 г., падчас якой былі ўратаваны труны вялікага кн. Вітаўта, караля Аляксандра, каралевы Альжбеты, каралевы Барбары і інш. [23, c. 612, 615], і нават пасля іх інсігнэі каралеўскіх асобаў заставаліся ў трунах і захаваліся да нашага часу, чаго нельга сказаць пра пахаванне вялікага кн. Вітаўта.

Л.Каланкоўскі ў сваім даследаванні "Аб літоўскай кароне" аналізуе гіпотэзу, быццам карона і шалом, знойдзеныя ў Сандаміры, "пацвярджалі факт знаходжання ў скарбніцы Кракаўскай катэдры кароны, знойдзенай дзесьці на Літве" [23, c. 627]. Але ён лічыў гэты факт недаказаным, таму што, па-першае, вялікі кн. Вітаўт не мог быць пахаваны ў Віленскай катэдры з каронай з дароў Цэсарскіх, бо не атрымаў яе і не каранаваўся ўвогуле, значыць, карона, знойдзеная ў Сандаміры, не з’яўляецца каранацыйнай. Па-другое, сцвярджаць пра тое, што ў Польшчы была знойдзена карона вялікага кн. Свідрыгайлы, няма дастатковых навуковых падстаў. Па-трэцяе, "сандамірская" карона не магла належаць ні вялікаму кн. Вітаўту, ні кн. Свідрыгайлу, паколькі яе стыль і характар не адпавядаюць еўрапейскім каронам гэтага часу (такі стыль карон пратрымаўся не больш за дзесяць гадоў пасля 1350 г.). Гэтая карона - каштоўны помнік 1-й паловы ХIV ст., і яна старэйшая за магчыма выкананыя кароны для вялікага кн. Вітаўта ці для кн. Свідрыгайлы, прыкладна на 70–100 гадоў [23, c. 633, 635]. Замалёўка кароны, знойдзенай у 1910 г. у Сандаміры, і замалёўка адной з 4-х частак чэшскай каралеўскай кароны Карла IV, цэсара і караля з 1347 г. (скарб інсігнэяў у Празе), адрозніваюцца толькі памерам камянёў, іх формай і агранкай. Падобныя на "сандамірскую" кароны мелі кароль французскі Карл V і яго жонка Іаана (1370 г.), таксама аўстрыйскія каралі на мяжы XIV–XV ст. [23, мал. 8, 9, 16, 17]. Была зроблена рэканструкцыя "сандамірскага" шалома з каронай, кольчатай аховай, насалам і прымацаваным ніжэй кароны ўмацаваннем для зачаплення насала над чалом [23, мал. 33]. Менавіта так замацоўваліся кароны на шаломах на працягу ўсяго сярэднявечча. Напрыклад, вядомы карона і шалом караля Густава Вазы 1541 г. (каралеўская збраёўня ў Стакгольме).

Аднак вялікі кн. Вітаўт і іншыя вялікія князі ВКЛ маглі мець кароны. Пра гэта сведчыць ліст 1390 г. вялікага магістра Тэўтонскага ордэна да кн. Фрыдэрыка Баварскага, у якім указаны спіс дароў, якія вялікі магістр яму дасылае: "паганскі капялюш і паганскую карону з Літвы" [23, c. 628]. Такая карона магла мець падобныя да апісанай або іншыя абрысы, ці каронай маглі называць вялікакняжацкую мітру.

У ХV ст. формы карон ізноў змяніліся. Яны сталі больш высокія, ускладніўся іх узор. Такія абрысы маюць кароны караля Казіміра Ягелончыка, пра што мы можам меркаваць як паводле мастацкіх выяў, так і паводле яго надмагілля. Карона караля Аляксандра Ягелончыка была знойдзена ў труне каралеўскай крыпты ў Віленскай катэдры падчас навуковых даследаванняў 21 верасня 1931 г. [25, с. 530–549]. Абрысы карон ХV ст. даносяць да нас і вадзяныя знакі Радзівілаўскага летапісу [26].

Сімвалам улады вялікіх князёў ВКЛ была вялікакняжацкая мітра. Яе форма сягае каранямі ў папярэднія стагоддзі, бо ў аснове сваёй мае дыядэму, вядомую яшчэ з часоў Рымскай імперыі, да якой прымацаваны адна ці дзве накрыж дужкі. Над дужкаю мог мацавацца крыж. Пад вялікакняжацкую мітру надзявалася шапачка з чырвонай або барвовай тканіны так, каб дужка пераціскала яе. Менавіта такі галаўны ўбор паказаны на ўсіх пячатках вялікіх князёў ВКЛ [20], такі самы галаўны ўбор адлюстраваны на каралі Аляксандры Ягелончыку. Падобныя галаўныя ўборы насілі і жонкі вялікіх князёў, як паказана на генеалагічным дрэве караля Казіміра Ягелончыка. Абвод мітры мог мець гарнастаевую апуху, як тое паказана на вялікім кн. Вітаўце паводле дрэварыту з Хронікі Бельскага. Калi князь ехаў на бой, на галаве меў рыцарскi шалом таксама з каронай - адзнакай свайго становішча.

Паводле рахункаў каралеўскага двара мы даведваемся, што да паўсядзённага касцюма князь насiў шапку, абцягнутую чорным брухельскім сукном (pro pallio super caleptram), або шапку пжэлбіца (pro caleptra dikta pzelbica) цi чорны берэт, а ўлетку - саламяны капялюш (pro stramipileo), падшыты белай тканiнай [1, c. 24, 62].

У ХIV–XV ст. у касцюме князя і знаці ўжываліся шматлікія варыянты шапак і капялюшоў гатычных форм, якія мелі заходнееўрапейскае паходжанне (мал. 3). У познім сярэднявеччы галаўныя ўборы набываюць вельмі шырокі дыяпазон форм: ад круглай і цыліндрычнай да конусападобнай і пірамідальнай. Галаўныя ўборы становяцца ў першую чаргу ўпрыгожаннем, а часам нават прадметам раскошы. Яны аздабляліся парчой, футрам, стужкамі, а самыя багатыя - перлінамі і каштоўнымі камянямі. Найчасцей сярод капялюшоў заходнееўрапейскага паходжання на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу паказаны капялюш з круглай тулляй і вузкім абводам, які больш адгорнуты на патыліцы, а спераду ўтвараў брылёк над вачыма [14, л. 210, 212]. Гэта шырока вядомы гатычны галаўны ўбор шапель а бэк (фр. chapel a’bek), які быў модны ў канцы XIV ст. у Францыі і з часам распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Тулля капялюша і абвод былі заўсёды розных колераў, напрыклад, жоўтая тулля і белы абвод. Такія капялюшы насілі як князі, так і прадстаўнікі княжацкага двара, пры гэтым і адны, і другія часам разам адлюстраваны на адной мініяцюры [14, л. 199].

На некаторых мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу шапкам нададзены такі высокі круглы верх, што яны нагадваюць капялюш банэ, прыняты пры бургундскім двары (формы такіх шапак вядомы з французскіх мініяцюр пачатку ХV ст. "Танцы ў садзе" і інш.). Некаторым княжацкім шапкам, якія апісваліся ў касцюме Х–ХІІІ ст. пад назвай "клабук", пазнейшы мастак Радзівілаўскага летапісу чорным контурам надаў іншыя абрысы - павялічыў іх, акругліў туллі, знішчыў футраныя аблямоўкі. Дзякуючы такой перамалёўцы шапка ператварылася ў характэрна гатычную (заўважым, што падобных пераробак вельмі шмат у Радзівілаўскім летапісе). Сустракаюцца шапкі з нізкай, чырвонага колеру, круглай тулляй і вузкай футраной апухай. Але гэта ўжо не старажытны варыянт клабукоў, бо яны маюць іншыя абрысы, носьбіты іх безбародыя і носяць падкручаныя доўгія валасы [14, л. 116].

Неаднаразова паказаны ў Радзівілаўскім летапісе галаўны ўбор еўрапейскага паходжання, які насілі як у перыяд позняга сярэднявечча, так і ў часы Адраджэння - высокі капялюш, вузкі ўнізе і пашыраны ўверсе, які нагадвае берэт [14, л. 130, 131]. Князі і знаць насілі таксама шапкі з мяккім і адвіслым убок верхам [14, л. 83], якія ўтвараліся з каптура і былі шырока распаўсюджаны ў XV ст.

У канцы XV ст. быў модны мужчынскі галаўны ўбор чапец каль, які першапачаткова насіўся пад рыцарскім шаломам, каб аберагчы галаву ад удараў і схаваць доўгія валасы. Але пазней ён стаў ужывацца як штодзённы галаўны ўбор, і не толькі рыцараў. Такі чапец цалкам пакрываў галаву і часцей за ўсё меў тонкую перавязь пад падбароддзем [14, л. 169, 207]. Адзначым, што ў такім чапцы паказаны князь, апрануты ў двухколернае адзенне мі-парці [14, л. 206] (мал. 3).

Характэрны гатычны галаўны ўбор поздняга сярэднявечча - каптур і яго варыянт шаперон, якія насілі як мужчыны, так і жанчыны з 2-й паловы ХІІІ да пачатку XVІ ст. Каптуры насілі ўсе слаі насельніцтва - князь, знаць, воі, гараджане і сяляне. Але каптур з доўгім хвастом і палярынай з дэкаратыўным завяршэннем рознай формы (прамакутнікі, трохкутнікі, у выглядзе дубовых лістоў) на кантрастнага колеру падшэўцы насіла толькі знаць. Такі каптур з адным ці некалькімі дэкаратыўнымі хвастамі, якія спускаюцца збоку, адлюстраваны на жанчынах на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу [14, л. 211, 206]. Такі самы галаўны ўбор, але ў іншым варыянце нашэння, калі доўгі хвост абкручваецца спачатку вакол галавы, а пасля вакол шыі, паказаны на герольдзе [14, л. 169] (мал. 4). Спачатку назва "шаперон" (фр. сhaperon) азначала каптур з кароткай пелярынаю, якая закрывала плечы і мела доўгі хвост. У канцы ХV ст. каптур змяніўся больш вычурным галаўным уборам з рознымі варыянтамі завязвання г. зв. хваста "ке", калі палярына не знікае, а ператвараецца ў дадатковы дэкаратыўны элемент. Падобны галаўны ўбор быў распаўсюджаны па ўсёй Еўропе, асабліва вычурныя формы ён набыў пры бургундскім двары. У ХV ст. шаперон мог аздабляцца шаўковымі стужкамі, дэкаратыўнымі палосамі, кістачкамі, пацеркамі.

Гатычныя капялюшы насілі не толькі князі, але і княжацкія дружыннікі, заможныя гараджане, гэта неаднаразова адлюстравана ў свецкім адзенні на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу. Так, мы сустракаем шматлікія формы капялюша з адваротамі: у іх то высокая круглая тулля і шырокі адварот, то конусападобная ці трохкутная тулля і нізкі разгалісты абвод. Князі радзей адлюстроўваюцца ў такіх капялюшах, часцей яны паказаны на гараджанах (прычым усе носьбіты - у гатычным адзенні) [14, л. 107].

У сярэднявеччы найбольш распаўсюджанымі як мужчынскімі, так і жаночымі галаўнымі ўборамі былi ручнiковыя. У ХIV - пачатку ХVI ст. ручнiковыя галаўныя ўборы вызначалiся шматлікімі варыянтамi навязвання і адпавядалі гатычным формам касцюма. Звычайнымi колерамi ўбруса былі белы, ружовы, светла-зялёны, чырвоны. У ХIII ст. у жаночы i мужчынскi гатычны касцюм уваходзяць цюрбанападобныя галаўныя ўборы, якiя набылi шырокую папулярнасць па ўсёй Еуропе, але як "сарацынскiя" асуджалiся царквою. Цюрбан прыйшоў у Еўропу з Усходу - быў прынесены рыцарамi з крыжовых паходаў. Аднак еўрапейцы, запазычыўшы толькi прынцып драпiравання, стварылi на гэтай аснове мноства ўласных варыянтаў галаўнога ўбору.

Ручніковы мужчынскі гатычны галаўны ўбор сустракаецца на мініяцюрах Радзiвiлаўскага летапiсу сем разоў. Носьбiт яго заўсёды ў доўгім футры, на галаве доўгiя падкручаныя валасы. Вылучаюцца дзве формы ручніковых мужчынскіх галаўных убораў: у першым выпадку цюрбан паказаны як мяккi галаўны ўбор з трыма трайнымi кiстачкамi, якiя схiляюцца адвольна [14, л. 28, 33], у другiм - цюрбан больш пышны, асноўная тканiна пераплецена стужкамi, замест простых кiстачак намаляваны трайныя шарападобныя аздобы (верагодна, каштоўныя камяні), якiя трымаюцца на цвёрдым каркасе [14, л. 101]. Ідэнтычны ручніковы галаўны ўбор быў распаўсюджаны ў Еўропе, асаблiва ў Нямеччыне i Польшчы. Дакладна такi ўбор у другiм яго варыянце апiсваюць польскiя даследчыкi, прыводзячы выяву з абраза "Тры каралi" Мiхаэля Хабершрака, дзе малодшы кароль паказаны ў строi другой паловы XV ст. - доўгім футры з узорыстай тканiны з футравым каўняром i ў галаўным уборы, якi яны называюць "фантастычным завоем з залатымi аздобамi" (1473 г.) [27, с. 298]. Менавiта ў такiм строi і з такім ручніковым галаўным уборам у Радзiвiлаўскiм летапiсе паказаны князь i вястун [14, л. 97, 115].

У XІV - пачатку XVI ст. характэрным гатычным жаночым галаўным уборам былі шматлiкiя варыянты ручнiковага ўбору. Ілюстрацыi Радзiвiлаўскага летапiсу паказваюць княгiнь i заможных шляхцянак у гатычных сукнях i тыповых гатычных еўрапейскiх галаўных уборах, якія складалiся з прастакутнага адрэзу тканiны рознай велічынi, што накручвалася на галаву, як цюрбан, а для аздобы перавязвалася цi прашывалася стужкамi. Для большай вышынi i аб’ёмнасцi пад цюрбан падкладалi шапачку. Пад некаторымi ўборамi вымалёўваюцца высока заплеценыя косы - фрызура, модная ў сярэдзiне XV ст. на Захадзе. Такi самы галаўны ўбор быў на каралеве Соф’i Гальшанскай, паводле пратакола ўскрыцця труны (памерла ў 1461 г.). Там адзначаецца, што пад каронай былі высока заплеценыя косы, пакрытыя спачатку чапцом ці сеткай з шырокай тасьмы, а пасля ручніковым завоем [3, с. 47–48]. Цюрбан у еўрапейскай модзе, асаблiва ў нямецкай, мог нават замяняць карону. Шапачка паверх фрызуры, укрытая ўбрусам, паказана на кафлi з Гарадоцкага замчышча.

Мяркуючы па выявах мініяцюр Радзівілаўскага летапісу, для завязвання ручніковых галаўных убораў XV ст. існавалі шматлiкiя варыянты: сувой то шчыльна закрываў лоб, а пасля ўкладаўся вакол галавы i сшываўся спераду [14, л. 220], то завязваўся вузлом на лбе i шырокiмi фалдамi спускаўся на патылiцу [14, л. 201, 206, 215, 228]. На галаве мужчын адзiн край ручніковага ўбору закручаны i ўтварае валiк на лбе, а хвасты завязаны вузлом збоку. Апошнiя два варыянты адлюстраваны таксама на каробчатай кафлi з Лоскага замка.

Нярэдка цюрбан мог аб’ядноўвацца са старажытным традыцыйным жаночым галаўным уборам накшталт хусткi: вялiкiя хусткi завязваліся, як сувой, на галаве. На мініяцюрах Радзiвiлаўскага летапiсу можна ўбачыць розныя варыянты завязвання сувою - яго канцы або цалкам хаваюцца, або адзiн абкручваецца вакол шыi цi замацоўваецца на скронях i фалдамi спадае на плечы [14, л. 203, 215, 224]. Доўгую хустку, што абкручвалася вакол галавы, магла дапаўняць другая - падвой для закрыцця шчок i шыi. Сувой мог быць вышываны цi аздоблены нашытымi пасачкамi [14, л. 206, 245].

Варта адзначыць, што ў познім сярэднявеччы замужнiя жанчыны хадзiлi з пакрытай галавой. Так, у сцэне шлюбу маладая паказана з доўгiмi непакрытымi валасамi, што хвалямi апускаюцца на плечы, а яе мацi - у сувоi [14, л. 203].

Выявы гатычных галаўных убораў ВКЛ тоесныя тым, што падаюцца польскiмi даследчыкамi касцюма, якiя сцвярджаюць, што ў польскай модзе на працягу ўсяго XV ст. сувой быў пакрыццём галавы заможнай кабеты [27, с. 300–306]. У рускiм познесярэднявечным касцюме цюрбанападобны гатычны галаўны ўбор распаўсюджаны не быў. Як бачна, мода на цюрбанападобныя ручнiковыя галаўныя ўборы была пашырана ў ВКЛ, што яшчэ раз падкрэслiвае сувязь беларускага гатычнага касцюма з еўрапейскiм, прычым на тэрыторыi Беларусi жаночыя ручнiковыя галаўныя ўборы ў строі знаці бытавалi значна даўжэй, чым на Захадзе.

Гараджанкі і заможныя сялянкі насілі галаўныя уборы, падобныя на галаўныя ўборы знаці. Менавіта з эпохі готыкі ў народным беларускім строі захаваліся і дайшлі да нас шматлікія варыянты ручніковых галаўных убораў, як то намітка, плат, галовачка або скіндачка. Галава жанчын, праўда, магла і не пакрывацца: крыжакі, якія ездзілі з пасольствам да вялікага кн. Вітаўта ў 1397 г., апісвалі, што "ліцьвінкі мелі прывабную знешнасць і прыгожыя ўбранні галоў, а маладыя вясковыя дзяўчаты ніякага пакрыцця на галовах не насілі, і гэта ім больш пасавала. Зграбна ўкладзеныя валасы глядзеліся лепш, чым найшыкоўнейшае ўбранне".

Істотнай адметнасцю моды, на якой не маглі не адбіцца густы мастакоў XV cт., былі фрызуры, размаітасць якіх адлюстравана на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу. Найбольш часта за іншыя, асабліва ў князёў, на мініяцюрах сустракаюцца ўзбітыя, магчыма, завітыя валасы (як вядома, на Захадзе ў тыя часы валасы завіваліся адмысловымі шчыпцамі).

Багацце варыянтаў галаўных убораў XIV - пачатку XVI ст. даказвае, што на тэрыторыі ВКЛ была шырока распаўсюджана еўрапейская гатычная мода. Толькі мастак, які меў дакладнае ўяўленне пра знаёмы для яго заходні быт, мог перадаць шматлікія падрабязнасці галаўных убораў. Сімвалам улады караля і каралевы была карона, сімвалам улады вялікага князя - вялікакняжацкая мітра. Карона ўкладалася і на шалом. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны мужчынскія гатычныя галаўныя ўборы: шматварыянтныя капялюшы шапэль а бэк, банэ ці пжэлбіца, берэт, чапец каль, каптур і яго варыянт шаперон, саламяны капялюш. У жаночым строі шматлiкiмi варыянтамi завязвалiся ручнiковыя галаўныя ўборы, пад iх надзявалi чапцы, сеткі, укладалі косы, паверх укладалі карону ці вялікакняжацкую мітру. Познесярэднявечны беларускi строй уключаў цюрбанападобныя жаночыя i мужчынскiя галаўныя ўборы, якiя адпавядалi агульнаеўрапейскай гатычнай модзе. Дзяўчаты запляталі косы, галаву не пакрывалі, замужнія жанчыны галаву пакрывалі; мужчыны насілі завітыя валасы, твар часцей галілі.

Аздабленні і дадаткі гатычнага касцюма надавалі строю цэласнасць і ўзбагачалі яго. У ХIV–ХV ст. ювелірныя аздобы вызначаліся вялікай разнастайнасцю: паясы, пярсцёнкі, завушніцы, дыядэмы, пацеркі, каралі, аграфы, гафты, аплікацыі, рознага тыпу засцежкі і гузікі. Пра шматлікасць варыянтаў аздабленняў сведчаць спісы маёмасці, тэстаменты і спадчынныя дакументы, дзе заўсёды ўзгадваюцца розныя віды аздобы. Археалагічныя знаходкі ювелірных вырабаў гэтага перыяду нешматлікія, бо матэрыял тых стагоддзяў археолагі пачалі даследаваць толькі напрыканцы ХХ ст.

Патрэба ў прадметах раскошы была вялікая, таму ювеліры і іх вырабы маглі перамяшчацца з аднаго гандлёва-палітычнага цэнтра ў другі. Верагодна, што пры двары князя і буйных феадалаў ВКЛ існавалі асабістыя ювелірныя майстэрні, дзе золата кавалі, выраблялі з каштоўнага металу сапраўдныя мініяцюрныя шэдэўры, але дакладныя звесткі пра гэта пакуль што не знойдзены. Вядома, аднак, што магнаты перавозілі майстроў за сабою: так, напрыклад, кароль Ягайла пры двары ў Кракаве меў рукавічнікаў-русінаў і іншых.

Адной з самых адметных аздоб сярэднявечнага чалавека з’яўляўся пояс, які па сваіх значэнні і каштоўнасці займае асаблівае месца. Ён адначасова з дэкаратыўнай і ўтылітарнай функцыямі выконваў ролю інфарматара пра становішча свайго ўладальніка ў грамадстве, а пэўныя паясы з’яўляліся таксама сімваламі прыналежнасці да рыцарства. Паясы насілі і мужчыны, і жанчыны. У нашых музейных калекцыях на сённяшні дзень няма ніводнага экспануемага сярэднявечнага пояса, але ёсць згадкі пра паясы ў пісьмовых помніках, пра іх можна меркаваць па пазнейшых выявах на партрэтах і абразах. Адсутнасць паясоў у пахаваннях тлумачыцца іх надзвычайным значэннем: пояс перадаваўся ў спадчыну і насіўся вельмі доўга. Цікава адзначыць, што ў багатых сховішчах буйных еўрапейскіх кляштараў захоўваецца вялікая колькасць паясоў, але больш позняга перыяду, што ўказвае на выключнае значэнне, якое паясы мелі і ў пазнейшыя часы [28].

Пра выключнае значэнне паясоў гаворыць і тое, што яны нікому, акрамя спадчыннікаў, не аддаваліся. Паясы, праўда, маглі закладацца як каштоўны капітал, але заўсёды іх імкнуліся выкупіць. Так, вялікі кн. Аляксандр аддаў "за выкуп пояса залачонага нейкага ліцьвіна званага Шыдзімут, закладзенага праз яго на выдаткі, 6 грошаў" [21, с. 29]. З-за паясоў разгараліся спрэчкі, якія мог вырашаць толькі князь. Вялікі кн. Вітаўт, напрыклад, засведчыў па просьбе Зарэмбы, маршалка каралеўскага, што "кн. Міхал (Жыгмунтавіч Кейстутавіч) прызнаў пры ім, што не падазрае вышэй узгаданага ў крадзяжы свайго залатога пояса" [29, с. 188]. Варта ўзгадаць, што аднойчы з-за пояса разгарэлася адна з самых крывавых сутычак паміж рускімі князямі - Васілём Васільевічам Цёмным (унукам вялікага кн. Вітаўта) і яго пляменнікамі. Супрацьстаянне пачалося з эпізоду з залатым поясам "на чепехъ съ каменньемъ", які адбыўся на вяселлі: угневаная кн. Соф’я Вітаўтаўна зняла тут жа на вяселлі ўкрадзены пояс [30, с. 16–17]. Гэта даказвае, якое вялікае значэнне мелі паясы і як дорага цаніліся яны ў княжацкім асяродку.

Паясы адрозніваліся вялікай разнастайнасцю па матэрыяле і манеры выканання, аздобах. Асновай іх служылі шоўк ці скура розных колераў (сіні, малінавы), на якія нашываліся залатыя аздабленні. Рабіліся паясы таксама з аднаго золата ці серабра, у такіх выпадках яны складаліся са злучаных разам асобных звенняў, якія часам аздабляліся каштоўнымі камянямі, перлінамі.

Польскія даследчыкі касцюма сцвярджаюць, што з канца ХІV да пачатку ХVI ст. пояс некалькі разоў змяняўся [3, с. 147]. У гэты перыяд, акрамя звыклых раменных, існавала тры тыпы паясоў. Найстаражытнейшыя рыцарскія паясы складаліся з металічных звенняў, галоўныя з якіх былі сярэбраныя з завесамі. Такія паясы маглі аздабляцца ланцужкамі ці ядвабнымі або скуранымі стужкамі. Гэты тып паясоў у часы панавання караля і вялікага кн. Уладзіслава Ягайлы стаў дадаткам да кароткіх убранняў, як жупан або туніка, і падпяразваўся на сцёгнах. А доўгія фалдзістыя шаты, у супрацьвагу да папярэдніх, падпяразваліся ў поясе. Да такіх паясоў, зашпіленых на клеймы-спражкі, аздобленыя бразготкамі, замацаванымі на ланцужках, чаплялася звычайна кароткая зброя. Другі тып - вузкія раменныя паясы з набітымі металічнымі аздобамі - "цэнткамі", "пуклонамі", зашпіленыя на звыклыя спражкі і "занкле", служылі для падпяразвання доўгіх сукенак. Насілі іх увесь згаданы перыяд. Доўгія іх канцы, акутыя металам, звісалі да каленаў. Трэці тып - паясы з тканіны ці тканыя на таблічках з рознакаляровых нітак, карысталіся вялікім попытам у ХV ст. Паясы, што вырабляліся з каштоўных тканін, аздабляліся аблямоўкай з перлінаў, золата і серабра і называліся павязкамі (cinctura).

Як адзначалася вышэй, паясы гэтага гістарычнага перыяду да нашага часу на Беларусі не захаваліся. Ёсць згадка пра знаходку пояса вялікага кн. Альгерда ў 1916 г. Іванам Луцкевічам у Полацкім Барысаглебскім кляштары [31, с. 42]: 16 звенняў сярэбранага пояса былі прымацаваны да сярэбранай рызы абраза Маці Божай. Пояс у кляштарным асяродку называўся "княжым" або "альгердаўскім". Кожнае звяно было ажурнай работы; матыў малюнка - пераплеценыя змеявікі. Звенні былі адліваныя, з малюнкам з аднаго боку, які пасля ачышчэння дапрацоўваўся гравіроўкай. Два звяны гэтага пояса былі набыты І.Луцкевічам у манахаў для Беларускага музея ў Вільні. Другая знаходка, якую, магчыма, можна аднесці па тэматыцы да гэтага перыяду - спражка, знойдзеная на Дзісненшчыне. На ёй адлюстраваны тры чалавечыя постаці, з якіх адна сядзіць на кані, другая вядзе каня пад аброць, а трэцяя нешта падае вершніку. Рамка спражкі з бакоў і ўверсе аздоблена зоркамі. Унізе спражкі было 8 вушак, якія маглі служыць для падвешвання амулетаў. Спражка захоўвалася ў зборы В.Ластоўскага, які лічыў, што яна належала паганскаму святару, бо сюжэтнае дзеянне выявы адбываецца на зорным небе [32, с. 102]. Гэтае тлумачэнне вельмі рамантычнае, але бяздоказнае, бо падобныя матывы былі распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе ў ХІІ–ХІV ст. як на тканінах, так і на металічных вырабах. Малюнак на спражцы сімвалізаваў зборы рыцара ў паход, калі жонка, дачка ці збраяносцы падводзяць яму каня і падаюць зброю [33, с. 150, мал. 132].

Паясы аздабляліся нашыўкамі, заклёпкамі, махрамі, іх канцы - багатымі накладкамі. Кожны пояс быў непаўторным па сваёй аздобе і выконваўся ў адмысловых майстэрнях за немалыя грошы: "За выраб махроў і канцоў да пояса ад мяча каралеўскага, таксама гузаў для іншага пояса для апяразвання самога караля 13 грошаў" [1, с. 61]. Аздоба спражак і звенняў паясоў магла быць прысвечана шляхецкай тэматыцы, напрыклад, каранацыі караля, апяразванню рыцара, рыцарскаму паходу, ужываліся шматварыянтныя геральдычныя знакі, у пазнейшыя часы - партрэты продкаў або прадстаўнікоў каралеўскай дынастыі. У сховах беларускіх музеяў ёсць экзэмпляры шыкоўных паясоў ХVI–ХVII ст., якія могуць падказаць нам тэматыку выяў і тэхналогію выканання паясоў папярэдняга перыяду [34, мал. 24–27, 43].

Ужываліся таксама татарскія і мангольскія паясы, якія маглі трапляць на нашы землі ў якасці каштоўных падарункаў ці трафеяў. Мангольскія паясы "татаўра" насілі паверх адзення. Верагодна, менавіта такі пояс ХV ст. быў знойдзены, па словах гісторыкаў, на Беларусі ў 80-я гады, але ў калекцыі музеяў, на жаль, не трапіў.

У жаночым строі пояс таксама быў вельмі істотным аздабленчым элементам. Паясы з серабра, ядвабу і скуры былі аздоблены перлінамі і нярэдка кляйнотамі. Найдаражэйшыя з іх давалі дзяўчатам у пасаг і перадавалі з пакалення ў пакаленне [3, с. 174]. Пры поясе і мужчыны, і жанчыны маглі насіць кашалькі, а ў штодзённых сукнях - ключы.

Пояс у адзенні выконваў як утылітарную, так і сімвалічную функцыю. У еўрапейскіх дзяржавах паясы, аздобленыя геральдычнымі знакамі, былі сімвалам рыцарства і прыналежнасці да магнацкай сям’і. У еўрапейскіх крыніцах захаваліся апісанні пасвячэння ў рыцары, калі падчас святочнай цырымоніі ў прысутнасці ўсіх прадстаўнікоў магнацкіх родаў новапасвечанаму ў рыцары дарылі рыцарскі пояс і цуглі. Верагодна, у ВКЛ, як і ў Заходняй Еўропе, менавіта пояс быў сімвалам рыцарства.

Персцені і пярсцёнкі ўяўляюць самую вялікую і самую значную групу аздабленняў княжацкага і магнацкага строю ВКЛ. Пярсцёнкі былі як мужчынскім, так і жаночым аздабленнем. Верагодна, іх маглі насіць і дзеці, але звесткі пра гэта пакуль не знойдзены. Пярсцёнкі насілі на абедзвюх руках, колькасць іх даходзіла да дзесяці, прычым князі і магнатэрыя аздаблялі імі рукі штодня.

Пярсцёнкі вырабляліся пераважна з золата і серабра, яны былі з падкрэслена буйной і багата аздобленай галоўкай, упрыгожанай ці надпісам, ці ўстаўным каменем, ці гемай. Да нас дайшоў залаты пярсцёнак ХIV ст., знойдзены ў багатым мужчынскім пахаванні Каложскай царквы. Гэта сапраўдны шэдэўр у мініяцюры, у якім спалучаюцца мастацкая спадчыннасць у стварэнні дэкаратыўных элементаў убрання і высокі тэхнічны ўзровень вырабу.

Багацце і разнастайнасць пярсцёнкаў ХIV–ХV ст. ілюструюць дваровыя рахункі і тэстаменты князёў. Так, у рахунках двара караля Уладзіслава Ягайлы ўзгадваюцца розныя пярсцёнкі, сярод якіх ёсць і з эмаллю. У феадальным грамадстве пярсцёнак быў сімвалам трывалых дынастычных сувязяў, сімвалам сувязі караля з дваром ці біскупа з касцёлам, рыцарскім знакам, і больш таго - інсігнацыяй пасады, напрыклад, рэктара, бурмістра і інш. Адна з галоўных функцый пярсцёнка ў сярэднявеччы - роля пячаткі. Такі пярсцёнак меў кароль і вялікі князь ВКЛ Аляксандр: "signetum aureum sekretum Lithuanie antiquum" [35, с. 542]. Выраблялі сігнеты з радавымі гербамі, дэвізамі, мініяцюрнымі партрэтамі і асабістымі сімвалічнымі знакамі. Польскія даследчыкі лічаць, што такім пярсцёнкам караля Аляксандра быў пярсцёнак старажытнай работы з выявай вужакі, узгаданы ў рахунках [35, с. 542].

Залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі аздабляліся каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі - сапфірамі і смарагдамі, рубінамі і аметыстамі, туркамі, гранатамі і дыяментамі, бурштынам і вялікай колькасцю перлінаў. Каменні маглі быць рознай агранкі - круглай, плоскай, чатырохграннай, вострай; з камянёў выразаліся нават "рубінавыя ружы" або "рубінавыя лілеі" [35, с. 542–543]. У пісьмовых крыніцах апісваюцца пярсцёнкі, якія змяшчаюць некалькі каштоўных камянёў, напрыклад, пярсцёнак вялікага кн. Аляксандра "з трыма малымі рубінамі ў форме крыжа, які змяшчае ў сярэдзіне малы востры дыямент", ці пярсцёнак "з трыма камянямі: змарахт, рубін, плоскі дыямент". Вартасць камянёў аздобы часам ацэньвалася ў некалькі дзесяткаў флорынаў. Пярсцёнкі аздабляліся "кірылічным надпісам", "маляванымі Іісусам і Марыяй", камянямі з разьбою, як "гамаі, на якім выразаны анёл як аголенае дзіцятка" нават "рабром адзінарога замест каменя" [35, с. 542].

Пярсцёнкі часта выкарыстоўваліся ў якасці падарунка. У рахунках двара караля Уладзіслава Ягайлы двойчы ўзгадваюцца залатыя пярсцёнкі, якія ён дасылаў жонцы вялікага кн. Вітаўта. Аднойчы ён паслаў і "два пярсцёнкі, вырабленыя з лому колеру брунатнага праз Літвожа каморніка" [35, с. 27, 29].

Шыйным аздабленнем былі ланцугі з золата і залачонага серабра. Як адзнакі высокага становішча ў грамадстве, ланцугі былі прыняты ў ВКЛ пад уплывам заходніх традыцый. Падобна паясам, яны з’яўляліся ўлюбёным аздабленнем, каштоўнасцямі княжацкай казны і, звычайна, прадметамі благаславення. Іх маглі выкарыстоўваць у якасці закладнога капіталу. Так, кароль Ягайла "за выкуп ланцужка або пояса сярэбранага" аддаў 5 гр. [35, с. 59]. Вялікая кн. Соф’я Вітаўтаўна благаславіла свайго ўнука Юрыя Васільевіча маністай [30]. Разнароднасць тэхнік выканання пацвярджаюць вопісы ланцугоў і нашыйнікаў. У спісе каштоўнасцяў караля Аляксандра, напрыклад, знаходзім ланцуг з кляйнотамі: "...altera aurea grossa stricte ligatura, gravis cum zphiro pektorali nom mediocri suprascripto" і " de rotulis spissis et patentibus gestans lalasium pectoralem fossulatum supraskriptum" [35, с. 542].

На ланцугах, матузах і нашыйніках насілі пектаралы і медальёны, медалі [36, с. 283, 339]. Яны былі прастакутнай і круглай формы, іх дэкаравалі геаметрычнымі, расліннымі і фігуральнымі матывамі, нярэдка сустракаліся рэлігійныя сцэны і партрэтныя выявы. Цалкам верагодна, што пектаралы з дзяржаўнай ці іншай геральдычнай сімволікай маглі быць сімвалам улады і знатнасці, трымаліся на масіўных ланцугах, бо падобныя адзнакі мелі шырокае распаўсюджанне сярод еўрапейскіх каралёў. Як выглядалі ланцугі і пектаралы, можна меркаваць па выяве багата аздобленых ланцугоў на вешчунах з абраза пачатку ХVI ст. "Пакланенне вешчуноў" з в.Дрысвяты.

Крыжыкі і абразкі, як і ў папярэдні перыяд, таксама засталіся нашыйным аздабленнем. Цяпер, калі большасць насельніцтва складалі хрысціяне і значна менш выкарыстоўваліся дахрысціянскія сімвалы і абярэгі, крыжыкі набылі ролю больш інтымнага апекуна. Іх насілі пад адзеннем, маглі не здымаць на працягу ўсяго жыцця, з імі людзей хавалі. У залежнасці ад заможнасці, крыжыкі і абразкі вырабляліся з золата і серабра, аздабляліся каштоўнымі камянямі, перлінамі, эмаллю. Абразок з выявай св. Сімяона - святы ў коле - знойдзены ў пластах ХIV ст. у Гродне, па форме ён нагадвае пазнейшыя рынграфы. Паверх адзення насілі крыжы-энкалпіёны. Абразкамі і крыжыкамі звычайна благаслаўлялі. Так, у духоўных граматах маскоўскіх і ўдзельных князёў гаворыцца, што вялікая кн. Соф’я Вітаўтаўна благаславіла свайго сына Васіля залатым крыжам, які ён, у сваю чаргу, перадаў свайму сыну Барысу [30, с. 5].

Нягледзячы на тое, што завушніцы ўзгадваюцца рэдка, верагодна, што ў ХIV ст. мужчыны працягвалі іх насіць, як і ў папярэдні перыяд. Гэта пацвярджае знаходка адной залатой завушніцы з правага боку ад чэрапа ў багатым пахаванні Каложскай царквы, дзе быў знойдзены і вышэйзгаданы залаты пярсцёнак. Бранзалеты, хутчэй за ўсё, памянялі форму, памер і сюжэты аздобы ў параўнанні з папярэднім перыядам, але ні пісьмовыя, ні археалагічныя пацвярджэнні пакуль не знойдзены.

Адзенню надавала цэласнасць і аздабляла яго вялікая колькасць гузікаў, нярэдка з каштоўнага металу, тонкай працы, з багатай аздобай. Гэта гаворыць пра імкненне сярэднявечнага майстра нават чыста функцыянальнаму прадмету надаць уласцівасці мастацкага твора, улічваючы тое, што пераважная большасць відаў адзення мела засцежку. Гузікі маглі рабіцца з каштоўных і напаўкаштоўных камянёў або камянёў у спалучэнні з металам. У параўнанні з папярэднім перыядам, у ХIV ст. гузікі па форме мала змяніліся, але ў ХV ст. яны набылі больш вытанчаныя абрысы. Пра гэта сведчыць гузік ХV ст., знойдзены ў Віцебску на Верхнім замку. Ён зроблены з горнага крышталю ў выглядзе гранёнага шасцігранніка, пасярэдзіне якога - шасціпялёсткавая пальметка. Гузік прышываўся за пяцельку. Для засцежкі і аздаблення строю выкарыстоўваліся таксама гаплікі, спражкі, аковы паясоў, пятліцы і розныя завязкі. Было распаўсюджана зашпільванне шатаў на матузы, найчасцей залатыя і залачоныя. Такога тыпу матузы знойдзены ў саркафагу каралевы Соф’і Гальшанскай [3, с. 48]. Розныя па памеры і таўшчыні пятліцы стваралі ў стромкім гатычным сілуэце гарызантальны акцэнт, надаючы строю большую дынаміку.

Да аздобы строю належалі матузы і нашыўкі, якія вырабляліся з багатых тканін, каштоўных, а пазней і са штучных камянёў. Іх нашывалі часцей па берагах строю. Аднак з іх маглі ствараць і малюнак па тканіне, надаючы ўсяму строю шыкоўнасць, каб падкрэсліць багацце і прадстаўнічасць яе ўладальніка. Звычайным і самым распаўсюджаным матэрыялам у аздабленні гатычнага ўбору былі перліны. Часам імі запаўнялі цалкам усю паверхню сукняў, кампанавалі ўзоры, стваралі матывы з камянёў і золата, акцэнтавалі контуры кампазіцыі. Перлінавыя стужкі служылі для аблямоўкі берагоў строю, аздаблення паясоў, пакрыццяў галавы. Перліны ўпрыгожвалі абутак, нагавіцы, рукавіцы, кашалькі. Колер і розныя памеры перлінаў утваралі арыгінальную форму дэкаратыўных стужак, рэгаліяў, біжутэрыі, зброі. Каштоўным дадаткам жаночага строю быў накладны перлінавы каўнер, да якога зрэдку прымацоўваўся пасак спераду і ніспадаў адтуль долу. Гафты залатымі ніткамі, перлінамі і каштоўнымі камянямі аздаблялі каўняры, дэкальтэ, пакрыцці галавы, ніз рукавоў, а шаты, вырабленыя ў адмысловых цэхах, былі гафтаваны па ўсёй паверхні. Выкарыстоўваліся таксама гатовыя, прывезеныя ліштвы (планкі) і шлякі [3, с. 174].

Пальчаткі і рукавічкі былі адначасова і дэталлю ўбору, і яго аздабленнем. Пры двары караля Уладзіслава Ягайлы працаваў рукавічнікам нехта "русін", у абавязкі якога ўваходзіў не толькі пашыў рукавічак і іншых дапаўненняў да ўбору, але і выраб і выпраўленне скуры на рукавіцы. Па рахунках двара можна меркаваць, колькі каштавалі і з чаго рабіліся рукавічкі: "За работу 4 пар касматых рукавічак для караля заплочана 12 гр." [1, с. 61, 160]. Зімовыя рукавіцы шылі з футра куніцы, бабра, собаля, яны маглі быць гафтаваныя золатам. Ужываліся назвы "літоўскія" і "рускія" рукавіцы. Так, Альберт дэ Лануа між іншых дароў атрымаў у падарунак ад вялікага кн. Вітаўта пару рукавіц рускіх, гафтаваных перлінамі. Падобныя рукавіцы ён атрымаў і пры двары караля Уладзіслава Ягайлы. Вялікія рукавіцы, "падшытыя кунамі і сабалямі, гафтаваныя золатам і перлінамі", адзначае Эберхард Венгерскі пры пералічэнні дароў, прывезеных Жыгімонтам Люксембургскім ад вялікага кн. Вітаўта ў 1410 годзе [3, с. 149]. Вырабляліся таксама рукавіцы скураныя з адным ці двума пальцамі. Рукавіцы былі неад’емнай дэталлю мужчынскага строю, бо менавіта яны з’яўляліся адной з асноўных частак убору рыцара-шляхціча і бяруць свой пачатак ад рыцарскага строю. З манерай абавязковага нашэння пры рыцарскім строі пальчатак звязаны святочна-паказальны выклік на бой - манернае кіданне іх на зямлю перад праціўнікам. Жанчыны таксама насілі багата аздобленыя рукавічкі, аднак, тыя не мелі такой глыбокай сімвалічнай ролі, а служылі прыгожым дапаўненнем да касцюма.

Пры касцюме заўсёды павінны былі быць насоўкі з белага палатна. Паводле заходнееўрапейскіх мастацкіх крыніц, хусцінкі насілі ў руках, закладалі за рукаў ці за пояс. Дамы насілі ў руках хусцінкі з далікатнага палатна "szyrzynki", "szartychy". Палатно для вырабу насовак нярэдка згадваецца ў рахунках двара караля Уладзіслава Ягайлы [1, с. 29].

Захоўваліся і перавозіліся аздабленні ў куфэрках і скрынках, а штодзённыя - у футаралах. Так, кароль Уладзіслаў Ягайла замовіў для сябе "грэбень са слановай косці і ножык" за 9 скойцаў, а пасля "футарал для захавання гэтых усіх рэчаў" за 1 гр. [1, с. 59].

Аздабленні лічыліся капіталам і маглі захоўвацца разам з казной у кляштарах. Ёсць згадка, што жонка вялікага кн. Аляксандра кн. Алена, выходзячы замуж, прывезла з сабою толькі ўпрыгожаныя перлінамі чаравікі, а да канца жыцця мела захаваны ў Віленскім Бернардынскім кляштары скарб у 400 000 дукатаў (сума велізарная, бо гадавы даход польскага караля складаў 50 000 дукатаў). У рэестрах пералічваюцца залатыя і сярэбраныя нашыцці, сукні, матэрыі, якія фігуруюць у спісе бернардынскага скарбу [21, с. 16]. Скарб вялікая кн. Алена сабрала на Літве, дзякуючы ўласцівай свайму роду маёнткавай сквапнасці. Пра тое, што свой скарб вялікая кн. Алена сабрала пасля замужжа, гавораць словы, пісаныя ёю да бацькі ў 1503 г. Яна адзначае, што нягледзячы на яе мізэрны пасаг, аднак "гасудар і муж мой кароль і вялікі князь Аляксандр, нічога таго не жадаючы, узяў мяне ад цябе, айца майго, па добрай волі і трымаў мяне ўсе гэтыя гады ў чэсці і жалаванні і ў той любові, якая належыць ад добрага мужа" [21, с. 16]. У маскоўскіх цароў, як вядома, была цяга да дарагіх рэчаў, якія нярэдка адрозніваліся мастацкай безгустоўнасцю, але былі вялікага памеру, зробленыя з золата і каштоўных камянёў [30, с. 37]. Скарбы каралёў і магнатаў ВКЛ перадаваліся з пакалення ў пакаленне, але, на вялікі жаль, да нас не дайшлі.

Такім чынам, асноўнымі тыпамі аздобы касцюма ў ХIV–ХV ст. з’яўляюцца паясы, пярсцёнкі, ланцужкі, завушніцы, падвескі, крыжыкі, гузікі, розныя засцежкі, гафты і нашыўкі, пальчаткі, хусцінкі. Гэтыя вырабы адрозніваліся высокім мастацкім і тэхнічным узроўнем выканання, мелі вялікі сімвалічны сэнс. У выглядзе залатых і сярэбраных аздабленняў ствараўся капітал, які перадаваўся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.

Абутак ХIV - пачатку ХVI ст. адпавядаў стылістыцы строю як па аздобе, так і па выцягнутасці формы. Існавала вялікая колькасць варыянтаў абутку святочнага і паўсядзённага. Да ўрачыстага ўбрання насілі мяккія пантофлі з вострымі дзюбамі, якія зашпільваліся ці завязваліся па суставе. Другі тып абутку - паўботы, матузаваныя, зашпіленыя на спражку, гузікі ці глыбей падкроеныя для зручнага абування. Шматварыянтнасці і ўласцівай гатычнаму строю шматколернасці дамагаліся камбінаваннем рознакаляровай скуры, выкарыстаннем аздобаў, засцежак, падвязак. Да рэпрэзентацыйнага строю абутак шыўся з мяккай каляровай скуры, гладкай ці аздобленай дробным узорам. Абутак маглі замяняць і нагавіцы, падшытыя каляровай падэшвай са скуры.

У мастацкіх творах ХIV - пачатку ХVI ст. часцей паказаны абутак карычневага, барвовага, чорнага, жоўтага колераў, ён мае дзюбу або падаўжэнне па лініі вялікага пальца. Мужчынскі абутак 2-й паловы ХV ст. найлепш адлюстраваны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, дзе прысутнічаюць усе вышэйназваныя тыпы абутку. Напрыклад, чаравікі, якія даходзяць да шчыкалаткі, з доўгімі і найбольш завостранымі дзюбамі, выразна намаляваны на князях, якія апрануты ў даўгаполыя ўзорыстыя футры [14, л. 101, 115, 120]. Каляровыя паўбоцікі з завостранай дзюбай паказаны і на князях, і на магнатах [14, л. 116, 196]. Высокія боты з выцягнутымі дзюбамі на малюнках адсутнічаюць, мабыць, яны не ўжываліся ўвогуле ці ўжываліся рэдка.

Княжацкім свецкім абуткам былі панчохі, падшытыя скуранымі падэшвамі, што пацвярджае мініяцюра з выявай князя ў чырвонага і зялёнага колеру панчохах і без відавочнага абутку на нагах [14, л. 228]. Панчохі заўсёды насілі з кароткім адзеннем, што пацвярджаюць усе іх выявы ў летапісе. Дзве палавінкі панчох маглі быць рознага колеру, гэта надавала строю шматфарбнасць, стракатасць. Такія панчохі з дзвюхколернымі палавінкамі ў Радзівілаўскім летапісе паказаны 6 разоў, прычым як на князю на вышэйзгаданай мініяцюры, так і на герольдах [14, л. 167, 169, 206, 207]. Матузы, якімі прывязваліся панчохі да кафтана, з’яўляліся таксама аздабленчым элементам строю і таму былі кантрастнага колеру. Такі двухколерны абутак-панчохі насілі ва ўсёй Заходняй Еўропе, што вядома і па пісьмовых помніках, і па творах выяўленчага мастацтва [33, с. 190–192]. Гэткім абуткам карысталіся ў закрытых памяшканнях, а для вуліцы абувалі адмысловыя драўляныя шлёпкі. Такі від абутку паказаны, напрыклад, на карціне Ян Ван Эйка "Сям’я Арнальфіні"; падэшва ад падобнага драўлянага абутку знойдзена ў Польшчы.

Абутак кшталту панчох, але, верагодна, сшыты з больш шчыльнага матэрыялу ці скуры, паказаны на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу [14, л. 96]. Скураныя панчохі, якія прышпільваліся да пояса, ці высокія скураныя боты намаляваны на гэтай мініяцюры спушчанымі да каленаў і закладзенымі ў складкі.

Варыянты абутку, распаўсюджаныя ў ВКЛ і адлюстраваныя на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, у той самы час насілі ў Польшчы і ў іншых краінах Заходняй Еўропы. Напрыклад, падобныя мужчынскія і жаночыя вастраносыя чаравікі паказаны Вітам Ствожам на выявах алтара Марыяцкага касцёла ў Кракаве. А ў панчохах з падэшвамі, якія таксама былі вядомы па ўсёй Еўропе, паказаны бургундскі двор на мініяцюрах братоў Лімбург "Поры года". Такім чынам, відавочна еднасць княжацкага абутку ВКЛ і еўрапейскіх уладароў - у варыянтах, форме і манеры нашэння. Але ў Еўропе, асабліва пры бургундскім двары, былі вядомы настолькі выцягнутыя дзюбы чаравікаў, што хадзіць можна было, толькі прывязаўшы іх да калена. Паводле мініяцюр Радзівілаўскага летапісу можна меркаваць, што ў ВКЛ такія экстравагантныя формы распаўсюджаны не былі. Верагодна, гістарычныя ўмовы дыктавалі не вычурнасць, а функцыянальнасць нават свецкага ўбору князёў і магнатэрыі ВКЛ.

Мастацкія выявы паказваюць толькі форму і колер абутку. Назвы, матэрыял, колер, кошт абутку пададзены ў пісьмовых помніках таго часу. Паводле іх вядома, што святочны абутак вырабляўся з дарагой тонка выпрацаванай скуры або тканіны, багата ўпрыгожваўся вышыўкай, каштоўнымі камянямі, перлінамі, якія маглі аздабляць амаль усё яго поле. Гэты абутак, вядома, каштаваў вялікіх грошай і вырабляўся па замове выключна багатых уладароў. Абутак такога гатунку мог быць нават паднесены ў якасці падарунка ад уладара адной краіны ўладару другой. Так, мы даведваемся, што вялікі кн. Вітаўт з жонкай у 1410 г. паслалі ў падарунак Жыгімонту Люксембургскаму і яго жонцы "пары гафтаваных перлінамі чаравікаў", якія ўзгадвае сярод іншых дароў Эберхард Віндэцкі [10, с. 16].

Пісьмовыя помнікі даюць магчымасць даведацца пра назвы тыпаў абутку. Распаўсюджаным абуткам позняга сярэднявечча былі калігі - каляровы абутак на дугападобных падэшвах, які вызначаўся вельмі доўгімі абціслымі халявамі. Сягаючы вышэй каленаў, халявы падвязваліся раменьчыкамі да кафтана, чым нагадвалі нагавіцы-панчохі. Гэты абутак насілі і кароль, і шляхта, і слугі; ён адрозніваўся толькі матэрыялам і, адпаведна, коштам. Звесткі пра такі абутак неаднаразова сустракаюцца ў рахунках каралеўскага двара: "За 3 локці сукна шэрага брухельскага для караля Уладзіслава Ягайлы на абутак калігі 2 1/2 грыўні", "Русінові караля на боты калігі 6 грошаў" [1, с. 36]. Колер абутку мог адпавядаць колеру строю: "аднолькавае сукно чорнае як для сукенкі, так і для абутку калігі". Калігі мелі падшэўку з палатна: "за 8 локцяў палатна бялёнага для падшыцця абутку караля калігі 16 скойцаў" [1, с. 61].

Таксама характэрным для сярэднявечча быў абутак, які называўся сатуларыс. У Польшчы яго насілі кароль і каралева, шляхта, каралеўскія рамеснікі, пакаёвая служба. Для парадных строяў сатуларыс шылі з чырвонай скуры, з моднымі ў той час вострымі дзюбамі [3, с. 144]. Паводле слоўніка моды, сатуларыс - вастраносы абутак з вельмі доўгімі абціслымі халявамі [37]. Халявы сягалі вышэй каленаў, іх прывязвалі матузамі да кафтана, таму сатуларыс нагадваў калігі. Сатуларыс падшывалі сукном, часам футрам, асабліва абутак, прызначаны для доўгіх зімовых падарожжаў. Нагавіцы са скуры, якія ўласна і ўяўлялі сатуларыс, прызначаліся як для парадных выхадаў, так і на кожны дзень. Каштавалі яны ў Кракаве 1 1/2 грыўні [3, с. 143]. На Захадзе сатуларыс называлі poulaines.

Раз’ёмныя доўгія нагавіцы-панчохі ў дваровых рахунках называюцца кальсэс. Так, кароль Уладзіслаў Ягайла праз казну выдаў "ліцьвіну, збегламу з няволі прускай, на абутак кальсэс 5 грошаў", "пекару караля Уладзіслава Ягайлы на абутак кальсэс 4 грошы" [1, с. 35, 61]. Паколькі яны каштавалі менш, чым іншы абутак падобнага тыпу, верагодна, яны шыліся з больш тонкага ці горш апрацаванага матэрыялу.

Ужывалася назва ліцвінскія боты. Апісання іх няма, але можна меркаваць, што яны былі разлічаны на вайсковыя паходы і рабіліся з больш трывалай, чым палацавы абутак, скуры. Яны маглі вызначацца нейкімі дэталямі, што пацвярджае запіс у рахунках двара караля Уладзіслава Ягайлы: "за дзве пары скорні - доўгія боты, заходзячыя на голень, тыпу ліцьвінскіх і таварыша яго - 6 скойцаў" [1, с. 8].

Калігі, сатуларыс і іншыя тыпы абутку вызначаліся доўгімі і вострымі дзюбамі, напханымі рыззём ці мохам. Такі спічасты абутак быў характэрнай адметнасцю гатычнай моды. У Францыі і іншых еўрапейскіх краінах існаваў абутак, доўгія дзюбы якога прытрымліваліся ланцужкамі, прымацаванымі да калена. Такі абутак было дазволена насіць толькі асобам каралеўскага двара, а супрацьзабытковыя законы нават рэгламентавалі, наколькі можа быць выцягнута дзюба абутку ў караля, набліжаных да двара, заможных гараджан. Ці ўжываліся чаравікі з такой неверагоднай даўжынёй дзюбы (50–70 см) на тэрыторыі ВКЛ, невядома, але пра гэты абутак, вядома ж, тут ведалі. Даследчыкі гісторыі ўбору на падставе звестак з пісьмовых крыніц сцвярджаюць, што моду на вастрадзюбы абутак інспіраваў імпарт з Польшчы, а ў Кракаве існавала мноства майстэрань, якія шылі яго і нават экспартавалі на Захад [3, с. 126]. Спічасты абутак у ВКЛ і Польшчы таксама насілі толькі кароль, князі і знаць. Супрацьзабытковыя статуты і ў Польшчы забаранялі мяшчанам нашэнне "вастраканцовага" ці "ацвярдзелага" абутку [3, с. 142]. Але моду на дзюбаты абутак, нягледзячы на забароны, пераймалі не толькі набліжаныя да двара, але і астатнія знатныя і заможныя асобы ВКЛ. Гэта пацвярджаюць звесткі пра вастрадзюбы абутак у пісьмовых помніках: "За абутак каляровы з дзюбатымі канцамі Янові з Віцебска 3 1/2 грыўні" [1, с. 52].

Матэрыялы археалогіі даюць падставу сцвярджаць, што на землях ВКЛ падкрэсліванне дзюбаў у абутку пачынаецца з 2-й паловы ХІІІ ст., а шырокае распаўсюджанне набывае ў ХІV–ХV ст. Форма падэшваў, знойдзеных у розных гарадах Беларусі, паказвае, што абутак ХІV–ХV ст. меў шырокія пяткі і вузкія насы і быў выкананы паводле асаблівай формы, прыстасаванай для левай і правай ног.

Паводле археалагічных дадзеных, самымі распаўсюджанымі відамі абутку ў гарадах ВКЛ былі пантофлі і чаравікі. З канца ХІІІ да ХV ст. насілі чаравікі з матузаваным бакавым разрэзам. Чаравікі з завостранай дзюбай і матузаваным разрэзам з унутранага боку стапы знойдзены ў Гродне на замчышчы і датуюцца ХІV ст. [38, с. 65]. Такі самы тып абутку быў распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе, але зусім невядомы ў Расіі [39, с. 25–31]. Падобнага тыпу каляровыя чаравікі са шнуроўкай і на кантрастнай падшэўцы знайшлі адлюстраванне ў польскім выяўленчым мастацтве, напрыклад, на алтары, выкананым Вітам Ствожам у Марыяцкім касцёле, ці на надгробнай пліце Калімаха ў Кракаве.

У ХІV ст. у ВКЛ ужываліся пантофлі, якія па форме і аздобе былі блізкія да абутку папярэдняга перыяду. Адзіны экзэмпляр такіх мяккіх ажурных пантофляў знойдзены ў культурным пласце Віцебска [40, с. 170]. Матыў вышыўкі і ціснення падобны на раннесярэднявечны. У чаравіках ХV–ХVІ ст. такая арнаментыка адсутнічае ці зроблена больш спрошчана ў выглядзе 2–3 канцэнтрычных колаў з кропкай пасярэдзіне. Варта адзначыць, што ў Польшчы, Чэхіі, Прусіі лёгкія скураныя чаравікі, аздобленыя гафтам ці арнаментам, выкарыстоўваліся да ХV ст.

Боты мяшчан і гараджан у ХІV ст. былі блізкія да раннесярэднявечных. Фрагменты ботаў ХІV ст., знойдзеныя ў розных гарадах Беларусі, дазваляюць меркаваць аб іх форме, кроі, пашыве. Крой пярэдняй халявы ў такіх ботах зрэзаны крыху пад вуглом, падэшва выкройвалася для кожнай нагі асобна. У ботах ХІV–ХVІ ст. з’яўляецца цвёрды заднік амаль трохкутнай формы, які мае пракладку з бяросты. Боты і падэшвы ХІV–ХVІ ст., знойдзеныя пры раскопе Верхняга замка ў Віцебску, маюць выцягнутую галоўку, крыху звужаны насок і пашырэнне ў пучковай частцы. У гэты перыяд боты ўжо маюць абцас. В.М.Ляўко, паводле віцебскіх матэрыялаў, сцвярджае, што ў ВКЛ абцас з’явіўся ў ХІV ст., нават раней, чым у Заходняй Еўропе, дзе ён вядомы толькі з ХVІ ст. [40, с. 170–172]. У ХІV–ХVІ ст. абутковая падэшва і абцас сталі шматслойныя. Абцасы былі двух тыпаў: нізкі, які займаў 1/3 пяткі, з высокімі (0,6 - 0,7 см) падкоўкамі, і высокі, даволі тонкі абцас з плоскай падкоўкай, якая мацавалася да яго пры дапамозе цвікоў.

Жаночым абуткам засталіся пантофлі і чаравікі з кароткай халявай. Падэшвы выкройваліся з грубай скуры, са злёгку падоўжанымі наскамі. Мяккія пантофлі і чаравікі зашпільваліся на спражку або матузаваліся спераду ці збоку. Абутак жанчын больш працяглы час захоўваў гатычныя формы, распаўсюджаныя ва ўсёй Еўропе да пачатку ХVI ст. У жаночым абутку ў большай ступені, чым у мужчынскім, выкарыстоўваліся каляровая скура, аплікацыя, нашыўкі. У ХIV ст. ва ўжытку былі ажуры, дзе геаметрычныя матывы стваралі простыя ўзоры, размешчаныя на насках. Са скураным абуткам жанчыны насілі панчохі з палатна ці тафты, а таксама вязаныя з воўны [3, с. 142].

Выцягнутасць дзюбаў абутку, сугучная з выцягнутасцю прапорцый усіх элементаў убрання, з’яўляецца адметнасцю выключна гатычнага строю. Утылітарна выцягнутыя дзюбы нічога не даюць, наадварот, толькі перашкаджаюць хадзе, нездарма іх падтрымлівалі ланцужкамі. Але яны надаюць усёй постаці ўражанне няўстойлівасці, хісткасці, а строй, як вядома, заўсёды пераймаў мастацкі стыль эпохі, які пераносіўся і на штодзённыя рэчы. Магчыма, вострыя дзюбы падкрэслівалі часовасць існавання, хісткасць чалавечай постаці (поступу, існавання, жыцця) на зямлі. Яркасць, стракатасць строю надавалі двухколерныя калігі, сатуларыс, нагавіцы-панчохі, спалучэнні колераў у якіх былі ўласцівыя толькі готыцы: чырвона-зялёны, зялёна-сіні, жоўта-чырвоны і інш. Нават калі абутак быў аднаколерным, яго аздаблялі падшэўкай кантрастнага колеру, якая абавязкова была бачна на адваротах. Двухколернасць абутку і панчох ніколі больш не паўторыцца ў гісторыі еўрапейскай моды, а водгукі яе застануцца толькі ў класічным касцюме блазна.

Такім чынам, у ХIV - пачатку ХVІ ст. абутак істотна змяніўся ў параўнанні з папярэднім перыядам: выцягнутая гатычная форма дзюбы, з’яўленне цвёрдага задніка, шматслойнай падэшвы, абцаса, падкоўкі. Спічасты абутак ВКЛ з’яўляецца характэрнай адметнасцю гатычнай моды. Пра тое, што ён быў распаўсюджаны ў ВКЛ у княжацкім двары, у знатным і заможным асяроддзі, гавораць пісьмовыя крыніцы, выявы мініяцюр Радзівілаўскага летапісу, археалагічныя знаходкі. У ХIV–ХV ст. у ВКЛ былі распаўсюджаны такія гатычныя формы абутку, як калігі, сатуларыс, кальсэс, ліцвінскія боты, нагавіцы з падшытымі падэшвамі; з’явіліся новыя варыянты аздобы абутку: двухколернасць, мацаванне абутку-панчох матузамі да адзення.

Зварот да мастацкiх, пісьмовых і археалагічных крынiц па гісторыі сярэднявечнага беларускага касцюма, а таксама параўнальны аналiз з польскай, чэшскай, французскай і іншымі лiтаратурамі па гiсторыi адзення даў магчымасць вызначыць асноўныя вiды гатычнага касцюма ВКЛ. Даследаваны матэрыял паказвае, што некаторыя элементы гатычнага строю з’явіліся ў канцы ХІІІ ст., гатычная мода набыла пашырэнне ў 2-й палове ХІV ст., за стагоддзе дасягнуўшы свайго росквiту ў XV ст.

Менавіта гатычны касцюм ВКЛ канца ХІІІ - пачатку ХVІ ст. з’яўляецца асаблівасцю гісторыі касцюма на беларускіх землях. У касцюме ВКЛ гэтага перыяду дамінавалі гатычныя рысы, былі выразна адлюстраваны гатычны сілуэт, характэрныя для стылю готыкі колеравыя кантрасты, дынаміка ліній і аб’ёмаў, шматлікасць відаў еўрапейскага адзення і спосабаў яго нашэння. Гатычны касцюм ВКЛ засвоіў шматлікія агульнапрынятыя еўрапейскія формы адзення і разам з тым захаваў архаічныя элементы, што спалучаліся з мясцовымі адметнасцямі - мяккімі формамі дэкальтэ жаночага ўбору, аздобай па швах, ужываннем ручніковых галаўных убораў, пакрыццём галавы ў жанчын сталага веку, што адпавядала выпрацаваным на працягу стагоддзяў уласным эстэтычным поглядам.

Касцюмы князя і княгіні сцвярджалі ідэю боскага паходжання ўлады, падкрэслівалі кіруючую ролю князя і княгіні ў грамадстве, палітыцы і рэлігіі, паказвалі веліч і багацце дзяржавы, ілюстравалі эстэтычны ідэал эпохі. Княжацкі ўбор і ўбор двара мелі дакладна вызначаны грамадскі характар і адпавядалі пэўным сацыяльным рангам іх уладальнікаў: асноўная розніца паміж уборамі розных слаёў грамадства выяўлялася перш за ўсё ў якасці тканін і матэрыялаў, у канструкцыі складальных частак касцюма і галаўных убораў.

СЛОЎНІК ТЭРМІНАЎ

Аграф (фр. agrave) - святочная спражка ці засцёжка.

Аксаміт (грэч. hex - шэсць, mitos - ніці, шасцінітачны) - святочная дарагая тканіна, бывае затканая па шаўковаму фону залатой ці сярэбранай ніткай. Сёння шаўковая тканіна з кароткастрыжаным густым ворсам.

Атлас (араб. - гладкі) - шчыльная шаўковая, ваўняная ці льняная тканіна атласнага пляцення з гладкай, бліскучай відавой паверхняй.

Банэ (фр. bonnee) - познесярэднявечны высокі мужчынскі галаўны ўбор без палёў.

Берла (лац. berla) - царская ляска, адзнака царскай годнасці.

Гатычная крывая - у сярэднявечнай модзе своеасаблівы выгін жаночай постаці, створаны невялікім адхіленнем галавы і верхняй часткі тулава наперад, завышанай лініяй таліі і шлейфам сукенкі.

Дэкальтэ (фр. d’ecollete) - глыбокі выраз гарлавіны ў жаночай сукенцы.

Кабат (тур. з араб. kaba) - абціслае мужчынскае адзенне ХV–XIV ст., шытае з тканіны, замшы або ласінай скуры, падшытае футрай або падшэўкай, зашпіленае спераду на гузікі.

Каль (франц. kale) - у эпоху ранняга сярэднявечча шапачка ў выглядзе абціслага чэпчыка, падшаломнік. У ХІІІ–ХІV ст. мужчынскі і жаночы галаўны ўбор. Пры выхадзе на вуліцу паверх яго надзявалі шаперон, банэ і іншыя цёплыя галаўныя ўборы.

Кальсэс (ісп. calzes) - вузкія мужчынскія порткі-панчохі ў ХV ст., падвязаныя тасёмкамі да жылета. Нярэдка да кальсэс прышывалі скураныя падэшвы, тады яны служылі адначасова і абуткам.

Каптур (фр. kaptur) - галаўны ўбор, аб’яднаны з вопраткай, прышыўны або ў сярэднявеччы часцей здымны.

Карона (лац. corona) - венцападобны галаўны ўбор, які з’яўляецца сімвалам улады. Кароны мелі розную форму - дыядэмы, ціяры, вянцы, абручы з лістамі, зубцамі і пласцінкамі, шапкі і г.д. Вырабляліся з каштоўных матэрыялаў і багата аздабляліся каштоўнымі камянямі і перлінамі.

Катардзі (фр. cotardie) - вузкае, сціслае па фігуры параднае ўбранне феадалаў ХІV–ХV ст., з засцежкай па цэнтры пераду і нізка размешчаным поясам з пласцінак. Каўнер мог мець форму каптура.

Ке (фр. queen - хвост) - у эпоху сярэднявечча моцна падоўжаная частка туллі шаперона.

Кот (фр., англ. cotte) - сярэднявечнае мужчынскае і жаночае ўбранне. Да ХІІ ст. па прызначэнні адпавядаў кашулі. Даўжыня кота ў мужчын мянялася: да ХІІ ст. - вышэй каленаў, затым ніжэй шчыкалаткі, у ХІV ст. - кот кароткі. Жаночы кот адпавядаў сучаснай сукенцы. З ХIV ст. паверх кота апраналі сюркот.

Мітра (греч. mitra) ––княжацкі галаўны ўбор, высокая, з круглай тулляй шапка, аздобленая рэлігійнымі эмблемамі. Пазней галаўны ўбор вышэйшага праваслаўнага і каталіцкага духавенства.

Мі-парці (фр. mi-parci - падзелены) - гатычны ўбор, які адметны выразным падзелам цэлага адзення ці яго частак напалову рознымі колерамі і гатункам тканіны.

Парча (перс. - матэрыя) - шаўковая тканіна складанага малюнка, якая ва ўтоку змяшчае металічныя ніці з золатам, срэбрам ці імітуючымі іх матэрыяламі.

Парфіра (греч. porhira) - доўгая, пурпурнага колеру мантыя; адзін з сімвалаў улады.

Пулэн (фр. poulaine) - мяккі скураны абутак ХIV–XV ст. (без цвёрдай падэшвы) розных фасонаў, але з вельмі доўгімі дзюбамі. Для захавання формы дзюбаў у іх устаўлялі пласцінкі кітовага вуса і туга набівалі конскім воласам.

Пурпура (грэч., лац. purpura) - прыродны фарбавальнік чырвона-фіялетавага колеру з адценнямі ад аметыставага да сіняга; знаходзіцца ў пурпурных залозах марскіх малюскаў ці пурпурных слімакоў. Гэтаксама называліся тканіны, пафарбаваныя ў гэты колер. Адзенне з пурпуры было знакам адрознення высокіх пасад у грамадстве.

Пурпуэн (франц. pourpoint) - мужчынскае ўбранне, якое абцягвае постаць, падкладзенае ватай, апранаецца пад вайсковыя латы. У ХІІІ ст. пакрой адпавядаў канструкцыі латаў. З 1340 г. пурпуэн становіцца верхнім свецкім адзеннем, і пакрой яго відазмяняецца. У 2-й палове ХIV, ХV і ХVI ст. існаваў шэраг відаў пурпуэнаў; характэрныя асаблівасці - адразны ліф, абціслы па фігуры, баска ад шырокай, закладзенай вакол буйнымі складкамі, да вузкай.

Сыгнэт - персцень з гербам або манаграмай.

Туніка (лац. tunika) - мужчынскае і жаночае ўбранне з доўгімі рукавамі, якое складаецца з прамакутных кавалкаў тканіны, злучаных бакавымі швамі. Пакрой тунікі быў аднолькавы для ўсіх саслоўяў, адрозненне - у даўжыні і якасці тканіны.

Упелянд (фр. huppelande) - верхняя вопратка феадалаў ХIV–XV ст. Існавала два асноўныя віды: шырокі і доўгі з колакалападобнымі рукавамі - для святочных момантаў і кароткі - для танцаў.

Цюрбан (фр. turban ад турэцк.) - мужчынскі і жаночы галаўны ўбор; кавалак тканіны, абгорнуты вакол галавы.

Шаперон (фр. chaperon) - мужчынскі галаўны ўбор ХІІІ–ХV ст., род каптура з доўгім "хвастом". У ХIV ст. мужчынскі сталі насіць з жорсткім аколышам, падоўжыўся "хвост" і стаў драпіравацца над аколышам рознымі спосабамі, пры гэтым вузкая частка была апушчана на плячо.

Шосы (фр. chosses) - доўгія раз’ёмныя нагавіцы-панчохі, якія шчыльна абцягваюць ногі.

  1. Przezdziecki A. Życie domowe Jadwigi i Jagełły z rejestrów skarbowych z lat 1388-1417. - Warszawa, 1854.
  2. АВАК Вильна. - 1865. - Т.12.
  3. Turska K. Ubiór dworski w Polsce w dobie pierwszych Jagiełłonów. - Wrocław, 1987.
  4. Gutkowska-Rychlewska M. Historia ubiorów. - Wrocław-Warszawa-Kraków, 1968.
  5. Bochnak A. Groby królowej Jadwigi i królewicza Kazimierza Jagiełłończyka w katedrze wawelskiej // Studia do dziejów Wawelu. - Kraków, 1968. - T. ІІІ. S. 149-173.
  6. Błotnicki T. Zarys historji ubiorów z uwzględnieniem historji haftów i tkanin. - Kraków, 1930; Nahlik A. Tkaniny wełniane importowane i miejscowe Nowgrodu Wielkiego X - XV wieku. - Wrocław, 1964.
  7. Ciesielska A. Geneza i funkcje purpury w ceremoniale dworskim w okresie średniowiecza // Zamek i dwór w średniowieczu od XI do XV wieku. - Poznań, 2001. S. 136-139.
  8. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6-ці т. Т.1: Ад старажытных часоў да другой паловы ХVI ст. - Мн, 1987; Нiкалаеў М.В. Палата кнiгапiсная: Рукапiсная кнiга на Беларусi ў Х - ХVIII стагоддзях. – Мн, 1993.
  9. Цітоў А.К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. - Мн. 1999.
  10. Eberhard von Windecke. Das Leben Konig Sigismundi. - Liepzig, 1899; Eljasz-Radzikowski W. Ubiory w Polsce i u sąsiadów w wieku XIV. -- Kraków, 1899. - T. 3.
  11. Piecosiński F. Rachunki dvoru króla Wladysława Jagełły i królowej Jadwigi z lat 1388-1420 / Monumenta medii aevii historica res gestas Poloniae illustrantia. - T. 15. - Kraków, 1896; Przezdziecki A. Op.cit.; Rachunki królewskie z lat 1471-1472; 1476-1478. / Opracowali Gawenda S., Perzanowski Z., Skoreleska A. - Wrocław-Kraków, 1960; Codex Epistoliaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1376-1420 / Wyd. A.Prohaska. - Kraków, 1882.
  12. Thiel E. Geschichte des kostüms. - Berlin, 1963.
  13. Eljasz-Radzikowski W. Ubiory w Polsce i u sąsiadów w wieku XIV. -- Kraków, 1899. - T. 3.
  14. Радзивиловская летопись: В 2 т. -- Факс. воспроизведение рукоп. -- СПб.: Глаголь; М.: Искусство, 1994. – Т. 1-2.
  15. Gutkowski J. Sejm Polski. - Warszawa, 1996.
  16. Poppe D. Szuba w ubiorze średniowiecznym w Polsce i na Rusi. - Warszawa, 1998.
  17. Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1386-1430. / Wyd. Ochmański J. - Warszawa-Poznań, 1986.
  18. Mickūnaite G. Thecourt of Vitautas: an example of wall-paintings in the palace of Trakai Island-Castle. - Wilnius, 1998. S. 249-263.
  19. Maleczyńska E. Rola polityczna królowej Zofii Holszańskiej na tle walki stronnictw w Polsce w latach 1422-1434 // Archiwum towarzystwa naukowego we Lwowie. Wydział 11. Historyczno-filologiczny. - T. XІX. - Lwow, 1973. S. 1-108.
  20. Gumowski. M. Pieczęcie Książat Litewskich // Ateneum Wileńskie. R. VII, Z. 3-4. - Wilno, 1930.
  21. Рарее F. Alexander Jagiellonczyk. - Kraków, 1949.
  22. Turska K. Ubiory w inwentarzu ślubnej wyprawy królewny Anny Jagiellonki z 1491 roku // Ubiory w Polsce / Materiały III Sesji Klubu Kostiumologii i tkaniny Artystzcznej przy Oddziale Warszawskim Stowarzeszenia Historyków Sztuki. - Warszawa, 1994.
  23. Kolankowski L. O litewską koroną. // Kwartalnik historyczny. - 1926. - ? 40.
  24. Bochnak A. Groby królowej Jadwigi i królewicza Kazimierza Jagiełłończyka w katedrze wawelskiej // Studia do dziejów Wawelu. - Kraków, 1968. - T. ІІІ. - S. 149-173; Studia do dziejów na Wawelu. - Kraków, 1978. - T. IV. - S. 459-473.
  25. Wilkus K. Odkrycie grobów królewskich w katedrze wileńskej // Studia do dziejów Wawelu. - T. V. - Krarów, 1991.
  26. Лихачёв Н.П. Палеографическое значение бумажных водяных знаков: В 2 ч. - СПб., 1899. - Ч. 1: Исследование и описание филиграней.
  27. Gutkowska-Rychlewska M. Historia ubiorów. - Wrocław-Warszawa-Kraków, 1968.
  28. Украшения из средневековых могильников 2 пол. ХІІІ-ХV вв. на территории Сербии ( из собрания народного музея Белграда). Каталог выставки. - М., 1982.
  29. Daniłowicz J. Skarbiec diplomatów Litwy, Rusi Litewskiej i ościennych im krajów (papieskich, cesarskich, królewskich, książęcych... do dziejów). - Wilno, 1862. - T.II.
  30. Базилевич К.В. Имущество Московских князей в XIV – XVI вв. - М., 1978.
  31. Луцкевіч І. Альгердаўскі паяс // Крывіч. - 1923. - № 1.
  32. Ластоўскі В. Спражка паганскіх часаў // Крывіч. – 1925 -- № 9.
  33. Мерцалова М.Н. Костюм разных времён и народов. В 4-х томах. - Т. 1. - М., 1993.
  34. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХІІ – ХVІІІ стагоддзяў: Альбом / Аўт. тэксту і склад. Н.Ф.Высоцкая. - Мінск, 1984.
  35. Akta Aleksandra króla Polskiego, Wielkiego Księcia Litewskiego i t.d. (1501-1506) / Wyd. F.Papee. - Kraków, 1927.
  36. АВАК. - Т. 11.
  37. Turnau I. Słownik ubiorów. Tkaniny, wyroby pozatkackie, skóry, broń i kliejnoty oraz barwy znane w Polsce od średniowiecza do początku XIX w. – Warszawa: Semper, 1999.
  38. Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак ў Гродне ХІ-ХVІІІ стст.: Гістарычна-археалагічны нарыс. - Мн, 1993.
  39. Бебре В.В. Типы кожанной обуви Риги ХІІ-ХІV вв. и их ареалы // КСИА. -1987. -Вып. 190.
  40. Ляўко В.М. Абутак з культурнага слоя Віцебска 14-17 стст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці.- Мн, 1984.

Ганна Барвенава (Мінск)
Крыніца: Castrum, urbis et bellum

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.