Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі

Уступ

Ці раз ужо ставілася ды абмяркоўвалася пытаньне: да якога цывілізацыйнага кругу належыць Беларусь, дзе ейнае месца ў цывілізацыйных схэмах Эўропы? Бясспрэчная заслуга праф. Льва Акіншэвіча, што ён першы пасьля апошняй вайны ўзьняў гэтае старое пытаньне нанава ды зьвярнуў увагу на патрэбу ягонага высьвятленьня ў новым, сучасным, навукова–гістарычным аспэкце [1]. Гэткае высьвятленьне тым важнае, што яно кіне зыркае сьвятло й на не адну няясную дагэтуль балонку гісторыі беларускага народу.

Зразумела, каб належна адказаць на гэтае пытаньне, трэба ня толькі глянуць на культурна–цывілізацыйнае сяньня Беларусі, але неабходна прасачыць і галоўныя культурныя працэсы на працягу ўсёй гісторыі беларускага народу. Трэба, у першую чаргу, зьвярнуць увагу на беларускія спрадвечныя спадчынныя духовыя элемэнты, іхны характар, ды паспробваць азначыць і склясыфікаваць "усходнясьць", "заходнясьць" ці іншую іхную культурную існасьць. Трэба прасачыць і вонкавыя цывілізацыйныя ўплывы як Захаду, гэтак і Ўсходу, якія стагодзьдзямі пранікалі на землі Беларусі ды ў той ці іншай меры сталі сяньня неад’емнымі сустаўнымі часткамі нашай сучаснай культурна–цывілізацыйнай запраўднасьці.

Толькі гэткім шляхам можам наблізіцца да правільнага адказу на пытаньне: Беларусь цывілізацыйна Захад ці Ўсход, і дзе - на ўсходняй ці заходняй мяжы Беларусі - канчаецца з культурнага гледзішча Захад Эўропы?

Гэты нарыс і ёсьць вельмі агульнаю спробаю падчыркнуць галоўныя ды тыповыя асаблівасьці сваёй беларускай культуры й беларускага нацыянальнага характару ды азначыць важнейшыя вонкавыя культурна–цывілізацыйныя ўплывы, якія мелі сваё значаньне ў стварэньні сучасных формаў культурна–грамадзкага жыцьця беларускага народу. Азначыць іх ня ў сучасным статычным разрэзе, а ў дынамічным гістарычным разьвіцьці. Будзе адначасна й намаганьне выявіць некаторыя важнейшыя мамэнты беларускіх культурна–гістарычных працэсаў, проба ўстанавіць важнейшыя для іх падзеі ды пераломныя ці сымбалічныя гады.

Псыхічна–духовыя свомасьці беларускага народу

Як ведама, паводле свайго соматычнага складу, беларускі народ мае ў сваёй аснове аналёгічныя элемэнты, як і бальшыня іншых эўрапейскіх народаў. З магчымых чужых дамешак можа паўстаць паважнейшае пытаньне толькі пра дамешкі балцкага субстрату, у сваёй аснове таксама эўрапейскага. У вадваротнасьць расейскаму, беларускі народ практычна ня мае ніякіх паважнейшых дамешак ні фінскіх, ні мангольскіх, ні іншых азійскіх. Дык беларускі народ мае падобную соматычную аснову, як і бальшыня народаў заходняй Эўропы.

Усьведамляючы гэта, ня будзе дзіўным, што на працягу апошняга тысячагодзьдзя свайго гістарычнага жыцьця ён і выявіў аснаўныя рысы свайго нацыянальнага характару - блізкія ды аналягічныя да тых, якія ўважаюцца за тыповыя для народаў заходняй Эўропы.

Адной зь вельмі важных рысаў беларускага нацыянальнага характару, якую выяўляе нам гісторыя, ёсьць тое, што ў фармаваньні свайго дзяржаўна–палітычнага ладу беларускі народ праз усе эпохі сваёй гісторыі праяўляе выразнае нежаданьне тварыць абсалютныя, дэспатычныя формы ўлады, а наадварот, выяўляе сталую моцную цягу да нармаваных, дэмакратычных формаў.

Ужо ў першы пэрыяд гісторыі Беларусі, у пару незалежных княстваў (X-XVI ст.) тагачасныя палітычна–дзяржаўныя асяродкі звычайна ня кіраваліся неабмежанаю воляю князя. У важнейшых справах князь заўсёды склікаў народнае веча, пастановы якога былі абавязкавымі й для народу, і для князя. Веча пастанаўляла аб паходзе ці супакоі, веча магло скідаць князёў ды паклікаць новых, веча выносіла пастановы пра ўсе іншыя важнейшыя справы княства. Гісторыкі падчыркваюць тую характэрную для беларускага народу асаблівасьць, што ў супроцьлежнасьць Кіеву ды Суздальшчыне (пазьней Маскоўшчыне), беларускія князі заўсёды дбалі пра супрацоўніцтва ды добрае сужыцьцё з сваім народным вечам і лічыліся зь ягонымі пастановамі. Нават і гэткая няштодзённая індывідуальнасьць, як князь Усяслаў Полацкі Чарадзей (1044-1101) заўсёды шукаў апоры ў сваім народным вечы, а празь яго й у цэлым народзе, і гэта была галоўная крыніца ягонай палітычна–вайсковай моцы, гэтак патрэбнай яму ў цяжкім змаганьні з Кіевам [2].

Гэтыя яскравыя народаўладныя тэндэнцыі палітычна–дзяржаўнага ладу ўжо ў тую пару выразна адрозьніваюць Полацкае Княства ад дзяржаўна–палітычнага асяродку Ўкраіны - Кіева - з нахілам да абсалютнай князевай улады, абапёртай не на народзе, а толькі на верхавінах арыстакрацыі, і, асабліва, ад безагляднага дэспатызму пазьнейшай Маскоўшчыны, дзе князь прынцыпова ня лічыўся з голасам народу ды дзе вытварылася ведамае беззасьцярэжнае "самадзяржаў’е" валадара ("І ці–ж гэта праваслаўнае прасьвятое быць пад уладаю й загадамі рабоў..." - пісаў цар Іван Грозны да князя Курбскага).

І ў другім пэрыядзе гісторыі Беларусі, у пару Вялікага Княства Літоўскага (ХIV-ХVIII ст.) улада вялікага князя афіцыйна называнага вельмі характэрным беларускім імем - гаспадар - не набывае ў нас формаў дэспатычнага самадзяржаў’я. Вялікі князь у вадносінах да сваіх падданых–грамадзянаў выступае тады фактычна як найвышэйшы фэадальны гаспадар, які толькі "гаспадарыць" над сваім народам, але не пануе як абсалютны дэспот.

Дачыненьні паміж гаспадаром–валадаром і грамадзянамі ў Вялікім Княстве нармалізаваліся дакладна распрацаванымі з часам законамі, якія вызначалі ды гарантавалі правы грамадзянаў і, адначасна, клалі межы й князёвай волі ды дбалі, каб яна не перарадзілася ў самаволю. Праз усю гісторыю Беларусі клаўся вялікі націск на справу магчыма дакладнага праўнага ўнармаваньня дзяржаўна–палітычных дачыненьняў, устанаўленьня судовых нормаў паступаньня, належнае распрацаваньне законаў ды на ўклад сыстэматычных юрыдычных кодэксаў.

У выніку гэтага й права ў Беларусі, як звычаёвае, гэтак і пісанае, высака разьвіваецца, аж даходзіць да свайго красаваньня ў пару Вялікага Княства, пакідаючы ў сваім разьвіцьці далёка за сабою суседнія Польшчу, Маскоўшчыну [3] ды іншыя тагачасныя народы Эўропы. Найвышэйшая юрыдычная дасканаласьць была дасягнутая ў г. зв. Статуце Вялікага Княства Літоўскага ў ягоных трох рэдакцыях з 1529, 1566 і 1588 г.

Характэрна, што ў Беларусі ніколі, нават і на кароткі час, не дайшло да абагомленьня валадара, да надаваньня яму ня толькі вышэйшых людзкіх, але й надлюдзкіх азнакаў, ані да цэзарапапізму. Наадварот, беларускі палітычна–дзяржаўны лад і ў пару незалежных княстваў, і ў пару Вялікага Княства, выяўляе выдатную, як на гэныя часы, насычанасьць дэмакратычнымі народаўладнымі элемэнтамі. ("I то есьць нашая вольнасьць, катораю мы межы іншымі народамі хрысьціянскімі хвалімся, што пана, іж–бы водле волі сваей, а ня водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем", - кажа канцлер Леў Сапега ў прадмове да Літоўскага Статуту 1588 г.)

Вырасшы з традыцыйнага народнага права, "Літоўскія Статуты праводзілі ў беларускую грамаду вялікія прынцыпы праўнай сталасьці, праўнай адказнасьці, значаньня прыватнае ўласнасьці й г. д." - тыя нормы, якія былі свомыя некалі й для рымскай, а пазьней заходняэўрапейскай цывілізацыі [4].

У ХIХ-ХХ ст. ст. пры поўнай утраце палітычнай самастойнасьці ня было й ніякіх магчымасьцяў для далейшага разьвіцьця свайго, з сваімі традыцыйна–дэмакратычнымі свомасьцямі, палітычнага ладу. Аднак усё–ж характэрна, што ўжо ў часе спробаў аднаўленьня своёй дзяржаўнасьці ў 1917-1921 г. і пазьней, практычна не існавалі паважнейшыя беларускія партыі правага ці левага таталітарнага кірунку.

З гэтага відаць, што ў беларускім народзе жыве спрадвечнае імкненьне да больш ці менш лібэральных, дэмакратычных, а не абсалютных формаў грамадзкага ладу. Праз усе вякі свайго гістарычнага жыцьця беларускі народ праяўляе глыбокую сьведамасьць таго, што дабравольна зарганізаваная й законамі здысцыплінаваная грамада стаіць заўсёды вышэй за бязвольную масу, задзіночаную толькі жорсткаю воляю дэспата. З гэтага гледзішча беларускі народ бязумоўна тыпова заходняэўрапейскі, бо для народаў заходняй Эўропы ёсьць характэрным імкненьне да нармаваньня грамадзка–палітычнага ладу законамі. "Мадэрны эўрапеец, падобна антычнаму рымляніну, жыве ў культуры нормаў", - кажа Вальтэр Шубарт [5]. Тое–ж думае й Нортроп [6] ды шмат іншых.

Пашана да правоў адзінкі, талерантнасьць, свабода сумленьня выявіліся таксама вельмі выразна ня толькі ў палітычна–дзяржаўным жыцьці беларускага народу, але й у ягоных дачыненьнях да іншаверных ды іншанацыянальных народаў.

Усе важнейшыя рэлігійна–сьветаглядныя перамены ў Беларусі - прыход хрысьціянства ў Х ст., зьяўленьне каталіцтва, шпаркі прыплыў ды адплыў рэфармацыйнага руху ў ХVI-ХVII ст., пазьнейшая каталіцкая рэакцыя ды рэлігійная вунія 1596 г. - адбываліся на беларускіх землях бяз крывавых братагубных змаганьняў, гэтак характэрных ды частых у тую пару для шмат якіх краінаў заходняй Эўропы. Гісторыя Беларусі ня ведае інквізыцыйных агнёў, ані Баўтрамеявых ночаў. Падобнае заладжваньне рэлігійных супярэчнасьцяў наскрозь чужое псыхіцы беларускага народу. Адзіны ведамы выпадак гвалтоўнай народнай рэакцыі на настырлівы рэлігійны фанатызм - забойства япіскапа Язафата Кунцэвіча ў Віцебску ў 1623 г. - мае ў сваёй аснове чужыя, небеларускія прычыны. Гарачы прапагатар вуніі, яп. Язафат Кунцэвіч - украінец і з свайго паходжаньня (валыняк), і сваёй псыхікай, і тэмпэрамэнтам. У сваёй вунійнай акцыі ён і паступаў з тыповаю для ўкраінца, а не беларуса, нястрымнай пачуцьцёвасьцяй. Цалком супроцьлежнае, сутрымнае й разважнае, - тыповае для беларускай мэнтальнасьці - становішча займаў (як гэта яскрава відаць зь ягоных лістоў да Язафата Кунцэвіча) канцлер Вялікага Княства Леў Сапега. Гвалтоўная рэакцыя віцяблян была ня чым іншым, як спантанічным, інстынктоўным народным пратэстам супроць чужога беларускай народнай псыхіцы рэлігійнага ваяўнічага фанатызму.

Азнаку заўсёднай талерантнасьці носяць на сабе й дачыненьні беларускага народу да народаў іншых. Ведамая ды вельмі ўражальная зьява, што празь першыя чатыры вякі свайго хрысьціянства беларускі народ жыў у поўнай рэлігійнай і, найчасьцей, палітычнай суладнасьці і згодзе з суседнімі балцкімі паганскімі плямёнамі лятувісаў і латышоў. Праз гэтыя чатыры стагодзьдзі блізкога суседзкага сужыцьця прашчурам сучаснага беларускага народу ня прыйшла ніколі й думка, каб арганізаваць супроць іх крыжавыя паходы ды наварачваць сілком на хрысьціянства.

Характэрна таксама для нацыянальнай псыхікі беларускага народу тое, што чужыя расава і нацыянальна ды іншаверныя ім жыды ня толькі знайшлі на беларускіх землях гасьцінны сабе прыпынак і магчымасьць жыцьця, але пад дзяржаўна–праўнаю аховаю перажывалі ў Беларусі пару свайго эканамічнага дабрабыту ды культурнага красаваньня (асабліва ў ХVI-ХVII ст.) - так доўга, пакуль яшчэ сам беларускі народ быў фактычным гаспадаром сваёй зямлі ды мог гарантаваць ім свабоду веры, звычаяў, гандлю й супакой. Гісторыя беларуска–жыдоўскіх дачыненьняў ня ведае ніякіх гвалтаў ды ніякіх тэндэнцыяў да расавага паніжаньня.

Падобныя зусім, як да жыдоў, былі й дачыненьні да меншых рэлігійна–нацыянальных групаў, як да караімаў, да татарскіх уцекачоў–перасяленцаў, да пратэстанцкіх немцаў, да расейскіх старавераў, якія ўцякалі ад рэлігійнага перасьледу сваіх–жа суродзічаў на беларускія, чужыя ім нацыянальна й рэлігійна, землі, каб ратаваць свабоду свайго сумленьня, веру, а разам і жыцьцё.

Усё гэта прыклады й канкрэтныя гістарычныя доказы глыбокай рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасьці беларускага народу.

У выніку такой талерантнасьці гісторыя Беларусі ня ведае й ніякіх масавых эміграцыяў ці ўцёкаў народу ад палітычнага, нацыянальнага ці рэлігійнага перасьледу сваёй улады з тае простае прычыны, што такога перасьледу ніколі ў Беларусі ня было. Наадварот, беларускія землі былі вякамі прытулкам для іншых перасьледваных, як пра гэта й сьветчаць вышэй успомненыя нацыянальна–рэлігійныя групы караімаў, татараў, старавераў, жыдоў.

Падсумоўваючы можам сказаць, што беларускі народ праз усю сваю гісторыю вызначаецца гэткімі сталымі асаблівасьцямі свайго нацыянальнага характару, як дэмакратызм, індывідуалізм, пашана да правоў адзінкі, свабода сумленьня, высока разьвітае пачуцьцё права, нацыянальная, палітычная й рэлігійная талерантнасьць, адкіданьне абсалютызму й дэспатыі.

Дый і больш гэтага. У краінах заходняй Эўропы, як ведама, элемэнты права, дэмакрацыі ды талерантнасьці ня ёсьць спрадвечныя, сталыя. Яны разьвіліся паступова ды дасьпелі толькі параўнальна нядаўна. Заходняя Эўропа ці раз перажывала, дый і ня гэтак даўно, вельмі бурныя ды крывавыя пэрыяды нават і поўнага запярэчаньня гэтых, прызнаных сяньня за тыпова заходняэўрапейскія, прынцыпаў. Прыпомнім сабе хоць–бы інквізыцыю, жорсткія рэлігійныя змаганьні, крывавыя парахункі ў часы францускай рэвалюцыі, дый ці не адну й іншую балону крывавых гвалтаў чалавека над чалавекам у гісторыі заходняй Эўропы. А яшчэ гэтак нядаўны нямецкі гітлерызм паказаў, што гэтыя "заходнія" прынцыпы ня можна і сяньня яшчэ лічыць як запраўды ўжо ў поўнасьці ды на заўсёды запанаваўшыя сярод народаў Захаду.

Тымчасам беларускі народ праз цэлае апошняе тысячагодзьдзе, праз усё сваё гістарычнае існаваньне, зусім ня ведае гэткіх крывавых перабояў на шляху сваіх культурна–гістарычных працэсаў. Дэмакрацыя, талерантнасьць, праўнасьць - ягоныя заўсёдныя, неадлучныя, спрадвечныя арганічныя элемэнты.

Наколькі яны запраўды арганічныя для псыхікі беларускага народу, сьветчыць гэта, што, нягледзячы на доўгія стагодзьдзі ўплываў бізантыйскіх вонкавых культурна–мастацкіх формаў, беларускі народ аднак не пераняў і крыхі такіх псыхічна–духовых асаблівасьцяй Бізантыі, як дагматызм ды цэзарапапізм, якія гэтак глыбака ўспрыняліся ды ўрасьлі ў спрыяльную для іх, відаць, духовую глебу суседняй Маскоўшчыны. Падобна гэтаму не змаглі перакінуцца на беларускую глебу й рэлігійныя крывавыя змаганьні з Захаду.

З гэтага мы павінны зрабіць лёгічны ды важны вывад, што пераймаючы тыя ці іншыя вонкавыя культурна–цывілізацыйныя формы зь Бізантыі ці Захаду, беларускі народ аднак не пераймаў разам і іхных псыхічных асаблівасьцяў, заўсёды заставаўся самым сабою. Гэтая, праз усе стагодзьдзі гісторыі захаваная, свая духовая самабытнасьць - вельмі ўражаючая дый цэнная духова–псыхічная асаблівасьць беларускага народу.

  • [1] Глядзі Акіншэвіч Л. Пра "цывілізацыйныя асновы" беларускага гістарычнага працэсу // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Кніжка 2(4). Ню Ёрк, 1953 г.
  • [2] Беляев Н.Д. Рассказы из Русской истории. Кн. IV. История Полотска. Москва, 1872. Бач. 315-316.
  • [3] Прафэсар Вяльгорскі В. вось што піша пра Літоўскі Статут: "Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў XVI стагодзьдзі... кнігу правоў, што адказвала роўні заканадаўства тагачаснай Эўропы, а на якую ў гэтым часе ані Польскае Каралеўства на захадзе, ані Маскоўскае Царства на ўсходзе не патрапілі здабыцца". Wielhorski W. Statut Litewski. Zаrys Historyczny jego роwstanіа і rozwoju. 1529-1566-1588. Dzіеjе Zіеm Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. Londyn, 1953 г.
  • [4] Акіншэвіч Л. Пра "цывілізацыйныя асновы" беларускага гістарычнага працэсу // Запісы, № 2(4). 1953. Бач. 77-78.
  • [5] Schubart W. Еurора und diе Sееlе des Оstens. Luzern, 1938. Бач. 99.
  • [6] Northrор F.S.С. Тhе Таming of the Nations. Nеw York, 1952. Бач. 186-213.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
kastus' напiсаў(ла) 03.03.2012 12:22
Дзякуй вялiкi за артыкулы!!

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.