Р. Максімовіч - Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі
- Уступ
- Псыхічна–духовыя свомасьці беларускага народу
- Цывілізацыйныя ўплывы Бізантыі
- Заходняэўрапейскія цывілізацыйныя ўплывы
- Эўразійска–расейскія ўплывы
- Высновы
Цывілізацыйныя ўплывы Бізантыі
На паўдзённым канцы ведамага вялікага гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі", які перасякаў землі Беларусі й меў у старавечную пару вельмі важнае гандлёва–культурнае значэньне для ўсёй тагачаснай усходняй Эўропы, ляжала Бізантыя - важнае калісьці вогнішча высокай бізантыйскай цывілізацыі. Дзякуючы гэтаму шляху бізантыйскія ўплывы на землях Беларусі існавалі ўжо здаўна.
Асабліва шырокія магчымасьці для гэтых культурных уплываў адкрываюцца з прыходам хрысьціянства ў Беларусь у усходняй, бізантыйска–праваслаўнай форме. Царква, як ведама, - і на Захадзе, і на Ўсходзе, - у тыя вякі фармавала культурна–духовае жыцьцё тагачаснага чалавека й накідала яму свой сьветагляд. Дык натуральна, што рэлігійна–царкоўныя ўплывы й у Беларусі з прыймом хрысьціянства паволі праніклі ўва ўсе дзялянкі культурна–духовага жыцьця.
З пачаткам хрысьціянства ў Беларусі пашыраюцца й паступова ўрастаюць у глебу старой мясцовай культуры гэткія новыя важныя культурныя элемэнты, як бізантыйская царкоўная архітэктура й малярства, царкоўная музыка, тагачасная царкоўная й сьвецкая пісьменнасьць з рэлігійна–філёзофічным хрысьціянскім сьветаглядам.
Асабліва важным з культурна–гістарычнага гледзішча быў факт прыходу й пашырэньня разам з хрысьціянствам навукі пісьма, кірылічнай (разьвітай з грэцкай) абэцэды й пісьменнасьці ў царкоўна–славянскай мове. Пісьмо гэтае ў пазьнейшых вякох было прытарнаванае да мовы беларускай ды раскрыла шырокія магчымасьці для разьвіцьця сваёй пісьменнай мовы ды стварэньня беларускай ужытковай і літаратурнай пісьменнасьці. Перанятая з хрысьціянствам навука пісьма й разьвітае на яго аснове параўнальна рана (ужо ў XIII ст.) беларускае пісьменства ды багатая, як на тую пару, літаратурная мова, мелі вельмі важнае для Беларусі ня толькі культурнае, але й палітычнае значэньне. Існаваньне свайго, шырака разьвітага, пісьменства давала для беларускага народу аўтаматычную культурную перавагу на доўгія вякі над суседнімі, без сваёй пісьменнасьці, балцкімі народамі, якія толькі вельмі позна, каля паловы XVI ст., здабыліся на першыя спробы сваёй пісьменнасьці, а яшчэ пазьней, бо толькі ў XIX ст., дачакаліся сваёй літаратурнай мовы. "Доўга на ўсім абшырным заходнім прасторы ад Дзьвіны й Дняпра ў глыбіню чужых краінаў, пісьменная беларуская мова была адзіная, адзіная жывая або родная народу..." - кажа выдатны расейскі славісты XIX ст. Пётра Бязсонаў [7]. І гэта не засталося бяз свайго выдатнага значэньня для далейшага ходу культурна–палітычных падзеяў на беларускім і сумежным зь ім усходняэўрапейскім прасторы.
Вось чаму год 988, год хрышчэньня Ўсходняй Эўропы й Беларусі, зусім абаснована ўважаецца за першы вельмі важны зваротны мамэнт у гісторыі культуры беларускага народу. Ад гэтага году, праз ХI-ХIII ст., бізантыйскія культурныя формы пашыраюцца, умацоўваюцца, урастаюць глыбей у глебу беларускай дахрысьціянскай культуры.
Цэрквы ў бізантыйскім стылі будуюцца хутка па ўсіх беларускіх местах. Ужо пад 1007 годам у летапісах успамінаецца царква сьв. Багародзіцы ў Полацку. У гэтым–жа стагодзьдзі (1044-1066) у тым–жа Полацку будуецца сабор сьв. Сафіі "зь сямі вярхамі". Ведамыя старавечныя цэрквы - Пятрапаўлаўская, Сьмядынская, Іванаўская, Сьвірская - у Смаленску, Благавешчанская ў Віцебску, Барысаглебскага й Спаскага манастыроў у Полацку, Калажанская ў Горадні - ды шмат іншых.
Зразумела, што разам з царкоўнай архітэктураю пашыраюцца й бізантыйскія формы царкоўнага малярства. Толькі разьба, прызнаная за неадпаведную для царквы ад часоў "іконаборчай" віхуры VIII ст. у Бізантыі, ня толькі не разьвіваецца, але й разьвіцьцё мясцовай дахрысьціянскай разьбы пад уплывам адмоўнага настаўленьня царквы, моцна заглушаецца. Захоўваецца ды далей разьвіваецца толькі народная арнамэнтальная разьба. Адно шмат пазьней адраджаюць нанава разьбу заходняэўрапейскія культурныя ўплывы ды паяўленьне каталіцкіх касьцёлаў у Беларусі.
Прынесеная разам з хрысьціянствам царкоўная абрадавая музыка (сьпеў) зрабіла сваё ўзьдзеяньне з часам і на беларускую народную музычную творчасьць. З свайго боку сама царкоўная музыка з часам паддалася значным уплывам музыкі народнай.
У вагульным выніку, пасьля прыняцьця хрысьціянства беларускія землі з часам апынаюцца ў крузе ўплываў культурна–мастацкіх формаў бізантыйскага цывілізацыйнага сьвету. Для зразуменьня сутнасьці й вагі гэтага факту трэба сабе ўсьведаміць тое, што ў тыя стагодзьдзі бізантыйская культура выразна перавышала тагачасную культуру сярэднявечнай заходняй Эўропы. Ейныя ўплывы пашыраліся тады ня толькі праз царкву на праваслаўныя народы, але былі вельмі выдатнымі й сярод шмат якіх неправаслаўных міжземнаморскіх народаў Эўропы, асабліва Італіі. Бізантыйскія формы малярства дамінавалі ў Італіі аж да пачатку XIV ст.
Пасьля хросту Беларусі наступнай важнай датаю для далейшага кірунку разьвіцьця культурных працэсаў на беларускіх землях быў год 1240. Гэта год ведамага татарскага нахлыну на землі Ўкраіны й Маскоўшчыны. "Кіеўская Імпэрыя", заняпаўшая ўжо значна й так, руйнуецца дашчэнту. Нішчыцца й сам Кіеў - важны з культурнага гледзішча перадатачны пункт у дачыненьнях між беларускімі землямі й Бізантыяй.
Паслабленьне беспасярэдніх культурных сувязяў зь Бізантыяй і некаторая ізаляцыя ад яе Беларусі, што наступіла ў выніку татарскіх падбояў на ўсходзе Эўропы й улучэньня вялікіх прастораў у круг татарска–азійскіх уплываў, - становіцца важным гістарычным стымулам для актывізацыі сваёй незалежнай творчай ініцыятывы ў справе далейшага разьвіцьця бізантыйскіх культурных формаў. Паколькі на пачатку хрысьціянства на землях Беларусі тварцамі ня раз былі пакліканыя з далёку, з краінаў праваслаўнага паўдня, мастакі, дык у гэтым часе ўжо нарастаюць свае лічныя культурна–творчыя кадры, якія ўжо й незалежна ад Бізантыі разьвіваюць перанятую некалі ад Бізантыі культурна–мастацкую спадчыну. Гэта даводзіць да таго натуральнага зьявішча, што сьведама ці падсьведама свае мастакі на бізантыйскіх формах пакідаюць сваё беларускае таўро, а з часам і зводзяць чужыя бізантыйскія й самабытныя беларускія культурныя элемэнты да аднаго супольнага культурнага назоўніка.
Апрача самастойнасьці ў разьвіцьці культурна–духовай хрысьціянскай бізантыйскай спадчыны татарскі падбой Украіны меў і яшчэ адно важнае значэньне для лёсу культурна–гістарычных працэсаў тагачаснай Беларусі. Пасьля 1240 году беларускія землі сіламоц зусім новага палітычнага палажэньня ўва ўсходняй Эўропе яшчэ мацней кіруюцца да сваіх натуральных балтыйскіх культурна–гандлёвых шляхоў для пашырэньня сувязяў з паўночнымі краінамі заходняй Эўропы.
Чарговы цікавы для культурных працэсаў Беларусі год 1392 хоць і не вызначаецца выдатнай гістарычнай падзеяй, аднак ён важны для культурнай гісторыі Беларусі сваім глыбокім сымбалічным зьместам. Гэта год першага пакліканьня ў Польшчу цэлага шэрагу беларускіх маляроў на размалёву каталіцкіх касьцёлаў Польшчы ды беларускіх музыкаў на каралеўскі двор у Кракаве [8].
Гэта, што беларускіх маляроў запрашалі ў Польшчу для мастацкай творчай працы й пазьней, ледзь ня цэлае стагодзьдзе, сьветчыць пра тое, што заклік 1392 году ня быў толькі прыпадковаю справаю асабістых густаў караля Ягайлы. Гэта была й важная праява прызнаньня польскім грамадзтвам вышэйшасьці тагачаснага беларускага малярства "на грэцкі лад" (Graeco more - як кажа Длугош) за тагачаснае малярства заходняэўрапейскае. Польскае тады яшчэ наагул не існавала [9].
Толькі гэтак можна вытлумачыць і зразумець зыркі гістарычна–культурны факт, што беларускае малярства праз колькі пакаленьняў успрыймалася зь вялікім прызнаньнем па ўсёй Польшчы, што беларускім мастаком даручалі размалёву манумэнтальнымі фрэскамі дзясяткі касьцёлаў, што ім была давераная й справа аднаўленьня польскай рэлігійна–нацыянальнай сьвятасьці - славутага абраза Яснагорскай Мадоны ў Чэнстахове. Адтуль паходзяць ейныя ведамыя не заходнія, а "грэцкія" рысы [10].
Год 1453, год упадку Канстантынопаля, аснаўнога вогнішча бізантыйскай культуры, ня мог ня мець важнага культурнага значэньня й для Беларусі, якая тады ўсё яшчэ была ў крузе пераважаючых цывілізацыйных уплываў Бізантыі, ды на свой лад разьвівала перанятыя бізантыйскія культурныя формы. У выніку культурныя сувязі з паўднём амаль зусім спыняюцца. Далейшае разьвіцьцё існуючых у Беларусі бізантыйскіх формаў ідзе ўжо зусім сваім самастойным шляхам. З другога боку факт гэты наканоўвае гістарычную патрэбу далейшага пашырэньня й паглыбленьня культурных сувязяў з Захадам, сувязяў, якія і так ужо былі жывыя ад некалькі апошніх стагодзьдзяў.
Упадак Бізантыі ўзмацніў з часам культурныя ўплывы Захаду на землях Беларусі й другім, пасярэднім шляхом. Уцёкі перад туркамі ды эміграцыя на Захад бізантыйскай інтэлектуальнай верхавіны становіцца адной з важных прычынаў рэнэсансавага культурна–духовага ўздыму на землях паўночнай Італіі. Узьніклы новы культурны рух выліваецца неўзабаве зь вялікаю экспансійнаю сілаю й паза межы Італіі ды на пачатку XVI ст. ягоныя хвалі штурмуюць ужо й землі далёкай ад Італіі Беларусі.
Арнольд Тойнбі ў сваёй А Study of History за прыблізную мяжу паміж эўрапейскім сярэднявеччам з новаю культурнаю эпохаю падае 1475 год. Цікава адцеміць, што гэты год мае сваё апраўданьне на межавы год і ў гісторыі культурных працэсаў Беларусі. 1475 год - гэта апошні год, у якім польскія летапісцы адзначаюць яшчэ мастацкую дзейнасьць беларускіх маляроў на землях Польшчы [11]. Пасьля гэтага году іх на працу ў Польшчы ўжо больш не запрашаюць. Культурна–гістарычнае значэньне й вымову гэтага факту насьвятляе й зырка падчырквае яшчэ тое, што ўсяго тры гады пасьля гэтага, у 1478 г., у Кракаве зьяўляецца выдатны нюрнбэрскі скульптар Файт Штос (Віт Ствош папольску), які сваёй геніяльнай разьбой здабывае назаўсёды густы Кракава ды Польшчы для заходніх мастацкіх формаў.
Дык 1475 год, межавы для заходняй Эўропы год паміж сярэднявечнаю фэадальна–гатычнаю й новаю - рэнэсансаваю - парою, маем падставу прыняць за межавы год і ў гісторыі беларускай культуры. Год гэты падчырквае ў гісторыі Беларусі мамэнт, калі беларускае Grаесо more мастацтва перастае ўжо быць прыцягальным на вонкі, калі яно мусіць ужо там уступіць перад новымі культурна–мастацкімі формамі Захаду. Яно адступае спачатку на свае беларускія землі, каб неўзабаве й там здаць свае, бесканкурэнцыйныя раней, пазыцыі наступаючаму з Захаду рэнэсансу, а пазьней бароку.
Хоць беларускія маляры больш не паяўляюцца для творчай працы на землях Польшчы, то беларускія музыкі–гусьляры застаюцца сталымі пажаданымі госьцьмі польскага каралеўскага двара й надалей. Тлумачыцца гэта тым, што музычнае мастацтва, якое яны рэпрэзэнтавалі, было ў запраўднасьці беларускаю народнаю музычнаю творчасьцяй, узьдзеяньне й краса якой былі мастацкімі вартасьцямі, якія ў значна меншай ступені падлягалі гістарычным законам сталай перамены ды чарадаваньня культурных эпохаў ды мастацкіх стыляў.
Хоць з канца ХV ст. беларускае малярства й згубіла сваю надзячую моц для чужой Польшчы, дык аднак на родных сабе землях Беларусі яно доўга й надалей цешылася яшчэ поўнаю й бесканкурэнцыйнаю пашанаю. Вельмі зыркім фактам, які добра перадае нам характар мастацкіх адчуваньняў нашых прашчураў каля паловы XVI ст., ёсьць тэстамэнт з 1539 году віленскага ваяводы й выдатнага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхта Гаштаўта, які паходзіў з каталіцікага ад колькі пакаленьняў магнацкага роду. У сваім тэстамэнце Гаштаўт пісаў:
Хачу, каб пахавалі мяне ў катэдры (віленскай - Р. М.), у капліцы, якую завуць Гаштаўтавай, каторую нядаўна нанава пасьля пажару адбудаваў. Над галавою хай павесяць мне абраз Багародзіцы, маляваны грэцкім звычаем, выкладзены дарагімі каменямі й пэрламі... [12]
З гэтага бачым, што яшчэ й каля паловы XVI ст. беларускае Graeco more малярства адчувалася за больш узвышанае за заходняе й для тагачаснага нават асьвечанага стану Беларусі каталіцкага веравызнаньня.
Захаваныя, на шчасьце, хоць адно часткова, каштоўныя фрэскі беларускіх маляроў ХIV-ХV ст. у касьцёлах Польшчы перадаюць нам і яшчэ адну нязвычайна цікавую й важную зьяву. З малюнкаў гэтых выразна відаць, што беларускія мастакі сьведама ды сьмела адыходзілі ад пераказанага царкоўнаю традыцыяй бізантыйскага шаблёну. Сьвятыя пад іхным пэндзлем ажываюць зь няземнай аскетычнай застыласьці, набіраюць руху, колеру, жыцьця; на некаторых малюнках выступае й выразнае драматычнае напружаньне, шчырае, беспасярэдняе пачуцьцё.
Гэтая вось важная розьніца - адыход ад старых бізантыйскіх канонаў - і ёсьць галоўнаю асноваю для азначэньня тагачаснага малярства Беларусі як ужо цалком самастойнага беларускага малярства, беларускага ня толькі паводле нацыянальнасьці сваіх тварцоў ды краіны ягонага разьвіцьця, але паводле свайго сваеасаблівага мастацкага стылю. Гэтым згаданыя фрэскі моцна розьняцца й ад малярства Кіеўскіх, Маскоўскіх ды Наўгародзкіх мастацкіх школаў, якія выказалі менш самастойнасьці ды звычайна сьлепа трымаліся царкоўнай традыцыі ды бізантыйскіх мастацкіх першаўзораў. А затое яны сваім характарам набліжаюцца да твораў італьянцаў пачатку XIV ст. - Джыото з Флёрэнцыі (1267?-1337), Дучыё зь Сены (1255?-1319), ды іхных пасьлядоўнікаў Сімонэ Марціні, Ліппо Мэммі й іншых, што ўжо зацемілі й падчыркнулі даўно дасьледнікі старабеларускіх фрэскаў у касьцёлах Польшчы.
Джыото, які ўзгадаваўся яшчэ ў традыцыях бізантыйскага малярства, першы ў сваёй творчасьці пераасілеў іх ды вывеў мастацтва Італіі з даўгавяковай мастацкай залежнасьці й бізантыйскага палону на свой самастойны шлях. Толькі ад Джыото пачынаецца запраўднае італьянскае й запраўднае заходняэўрапейскае малярства, якое пад канец ужо наступнага стагодзьдзя, у пару італьянскага адраджэньня, дасягае нязвычайных узвышшаў. Дзеля гэтага Джыото й заслужыў у гісторыі мастацтва імя бацькі ня толькі італьянскага, але й усяго навачаснага эўрапейскага мастацтва.
Вось у творах Джыото ды ягоных пасьлядоўнікаў на пачатку XIV ст. наглядаем аналягічны мастацкі працэс да тога, які ў канцы таго–ж стагодзьдзя выразна выяўляецца й на паўночным усходзе, у майстроў далёкай ад Італіі Беларусі: сьвятыя, дакрануўшыся да сьвежай, творчай глебы, быццам ажываюць з сваёй закасьцянеласьці, набіраюць больш руху жыцьця, выразу. Цёмныя, панурыя тоны бізантыйскіх абразоў уступаюць месца сьветлым ды яскравым колерам. На месца няземскай містычнай адарванасьці ад рэальнага жыцьця, зьяўляецца ў абразох пачуцьцё, драматычнае напружаньне.
Гэтая дзівугодная аналёгія кірунку амаль адначасовай эвалюцыі мастацкіх формаў у далёкіх ад сябе Італіі й Беларусі, бязумоўна ня сьветчыць пра нейкую іх беспасярэднюю ўзаемазалежнасьць. Абодва мастацкія працэсы зарадзіліся цалком незалежна адзін ад другога, як праява самастойных genius lосі дзьвёх далёкіх ад сябе геаграфічна краінаў.
Бязумоўна, што аналёгія далёка ня ёсьць яшчэ тоесамасьць, і, побач падабенства, малярства гэтых двух далёкіх ад сябе й розных культурна–геаграфічных асяродзьдзяў шмат чым і розьніцца. У Джыото новыя ідэі ў малярстве выражаныя адразу мацней, яскравей. У беларускіх–жа маляроў яны выступаюць яшчэ больш у зародку. На моцным заакцэнтаваньні плястычнасьці формаў на Джыотавых фрэсках адчуваецца ўплыў рэалістычнай сярэднявечнай гатычнай разьбы, уплыў, якога цяжка й спадзявацца ў тагачасным царкоўным малярстве Беларусі, паколькі традыцыя праваслаў’я не дапускала скульптурнае мастацтва ў цэрквы й яно было ў нас у заняпадзе.
У далейшым сваім разьвіцьці лёс аналягічных у Італіі й Беларусі мастацкіх працэсаў быў адменны. У Беларусі ён хоць на пачатку й выліўся за межы сваёй краіны, на захад у Польшчу, на гэтым аднак і запыніўся, ня здолеўшы вырасьці ў мастацкі рух шырэйшага культурнага засягу, які ахапіў бы далейшыя краіны й народы, як гэта сталася з часам з італьянскім мастацтвам. Прычына гэтага, бязумоўна, галоўна ў розным тады геапалітычным палажэньні Італіі й Беларусі.
Італія тады знаходзілася на скрыжаваньні культурна–эканамічных міжземнаморскіх шляхоў і тагачаснай Эўропы, а Беларусь - на далёкіх ейных паўночна–ўсходніх узьмежжах, асмужаная з усходу апанаванымі татарскаю ардою, недаступнымі для эўрапейскіх культурных працэсаў, прасторамі. Наяўны факт удалай спробы й у гэтых геапалітычна неспрыяльных умовах знайсьці свой самастойны творчы шлях ды вывяесьці беларускае мастацтва з–пад уплыву бізантыйскіх дагматычных традыцыяў на новыя самастойныя торныя шляхі, сьветчыць як найлепш і аб геніі старабеларускіх мастакоў, і аб патэнцыяльных духова–творчых магчымасьцях беларускага народу.
Сам факт, што малярства Андрэяў ды Ўладыкаў ня было бізантыйскім, а ўжо беларускім, толькі на аснове бізантыйскіх агульных традыцыяў, тлумачыць нам і прычыну гэткага лёгкага ўспрыйманьня яго ў суседняй каталіцкай Польшчы, якой яно было шмат бліжэйшым за строга дагматычнае малярства бізантыйскае.
Зьява зьбеларушчаньня ды перамены мастацкіх чужых формаў у малярстве ня ёсьць паадзіночнаю ды прыпадковаю. Аналягічныя перамены бізантыйскіх формаў у працэсе ўрастаньня ў беларускую глебу адбыліся й у галіне царкоўнай архітэктуры. Тут гэтую перамену ды "акліматызацыю" бізантыйскіх узораў будаўніцтва прысьпяшае неабходнасьць шырокага тарнаваньня нехарактэрнага для Бізантыі будаўлянага матар’ялу - дрэва, - аднаго з аснаўных матар’ялаў будаўніцтва лясістай Беларусі. У выніку, царкоўная архітэктура вельмі хутка, калі ходзіць аб драўляныя цэрквы, хіба ледзь не ад самага пачатку, мусе пераймаць мясцовыя формы й традыцыі драўлянага будаўніцтва. Вось гэтым шляхом цэрквы меншых селішчаў пераймаюць мясцовыя формы будаўніцтва ды хутка зрастаюцца з сваім навакольлем у гарманічны, адналіты архітэктурны краявід. Гэтая зьява кідаецца кажнаму ў вочы, каму прышлося падарожнічаць па землях Беларусі ды наглядаць праваслаўныя цэрквы малых местаў і мястэчкаў.
Некаторую аналёгію гэтым працэсам у малярстве й архітэктуры можым знайсьці й у галіне пісьменнасьці. Гэтым–жа часам у пісьменнасьці Беларусі адбываецца працэс паступовага перарастаньня царкоўна–славяншчыны беларускімі моўнымі элемэнтамі аж да поўнай "беларусызацыі" сьвецкай пісьменнасьці, якая адбываецца ў ХIII-ХIV ст. Цікава будзе тут адзначыць, што тады–ж і падобны працэс адбываўся на захадзе Эўропы. Тамака, пачынаючы ўжо ад Дантэ, Пэтрарка ды Бокачыё ў Італіі, а Чосэр у Англіі, заводзілі ў пісьменнасьць народныя мовы на месца незразумелай для народу мовы лацінскай і клалі гэтым падваліны пад разьвіцьцё заходняэўрапейскіх нацыянальных літаратураў. Дык і ў галіне пісьменнасьці, як і ў галіне малярства, эвалюцыйныя працэсы ХIII-ХIV ст. дзіўна пераклікаюцца сваёй уражаючай аналёгіяй. А яшчэ больш цікава тое, што паложаная між Захадам і Беларусяй Польшча з сваёй польскай моваю ў пісьменнасьці значна спазьнілася й у прыраўнаньні да Беларусі, і да Захаду. Як ведама, першыя спробы пісаньня папольску належаць толькі да канца ХIV ст., а шырэйшае пісьменнае карыстаньне польскай мовы прыходзіць толькі ў XVI ст.
Паява заходняй готыкі на беларускіх землях у ХIV-ХV ст. ня прыводзіць да паважнейшай перамены ў пануючым усё становішчы бізантыйскіх формаў мастацтва. Толькі ў ХVI ст. на беларускіх землях паяўляецца першы паважны канкурэнт бізантыйскім традыцыям - мастацтва рэнэсансу. Пад наступам італьянскага рэнэсансу вытвараныя мастацкія формы на бізантыйскай аснове пачынаюць уступаць заходняэўрапейскім. Асабліва важным, проста вырашальным фактарам для справы зламаньня сілы бізантыйскіх культурных традыцыяў на беларускіх землях быў рэфармацыйны рух паловы ХVI ст. Гэта рэфармацыя адарвала ад праваслаўя вялізарную бальшыню тагачаснай кіруючай сацыяльна й культурна клясы - баярства. Ды хутка была змушаная сама ўступіць перад ростам сілаў каталіцкай рэакцыі. На працягу ўсяго колькіх дзесяткоў гадоў блізу ўвесь грамадзка кіруючы пласт народу апынуўся пад поўнымі ўплывамі каталіцкай царквы - галоўнай носьбіцы, пашыральніцы ды ці раз і творцы заходніх культурных формаў.
Для далейшых лёсаў бізантыйскіх культурных элемэнтаў на землях Беларусі важнаю падзеяю была Берасьцейская рэлігійная вунія 1596 году. Як рэфармацыйны рух падарваў сілы царкоўна–бізантыйскіх традыцыяў сярод шляхоцкага стану, гэтак рэлігійная вунія ўлучае ў працэс азаходніваньня ды адыходу ад бізантыйскіх традыцыяў і формаў культурна важны стан сьвятарства ды шырокія масы мяшчанства й сялянства. У выніку рэлігійнай вуніі заходнія формы ўрываюцца ў самую цьвярдыню–захоўніцу бізантыйскіх культурных традыцыяў - праваслаўную царкву. Якога памеру й культурна–палітычнага значэньня быў гэты факт, гаворыць нам тое, што пад канец XVIII ст. паза рэлігійнай вуніяй заставалася ўсяго толькі каля 20% усяго жыхарства Вялікага Княства Літоўскага (у гэтыя 20% улічаная й каталіцкая Жамойць).
У выніку гэтага ўрослыя папярэднімі стагодзьдзямі ў беларускую глебу бізантыйскія культурныя элемэнты з кажным стагодзьдзем пакрываюцца ўсё новымі напластаваньнямі культуры заходняэўрапейскай. Колькасна й сваім значэньнем бізантыйскія формы малеюць з кажным стагодзьдзем, хоць зусім зь беларускай зямлі яны ня шчэзьлі ніколі. Выразныя сьляды іх бачныя й па сяньня ці то ў нашай архітэктурнай спадчыне, ці то ў традыцыях царкоўнага малярства, у народнай музыцы, у формах беларускіх імёнаў ці то ў сучасным, моцна азаходненым, кірылічным шрыфце, які зьяўляецца ня чым іншым, як далёкім нашчадкам старой грэцкай абэцэды.
З гэтага кароткага агляду лёсаў бізантыйскіх культурных уплываў на землях Беларусі бачым што ад мамэнту іхнага зьяўленьня й пашырэньня ў часе хрышчэньня Беларусі ў канцы Х ст. яны выразна ў нас панавалі аж да XV ст. Усе гэтыя стагодзьдзі Беларусь бяспрэчна знаходзілася ў цывілізацыйным крузе Бізантыі й менш - захаду Эўропы. Толькі ад XVI ст. бізантыйскія культурныя элемэнты губляюць пераважаючую ролю ў Беларусі на карысьць заходняэўрапейскіх і далей усё заняпадаюць, ніколі больш не вяртаючыся да свайго колішняга становішча.
Заканчываючы гэты агляд, неабходна зьвярнуць увагу на яшчэ адзін важны мамэнт: вонкавыя бізантыйскія формы культуры й мастацтва, перанятыя некалі разам з хрысьціянствам і далей разьвіваныя самастойна стагодзьдзямі на землях Беларусі, не прынясьлі з сабою й не перашчапілі на беларускую глебу зь Бізантыі ейных ведамых духова–псыхічных ды палітычных прыкметаў - дагматызму, неталерантнасьці, абсалютызму, цэзарапапізму. Яны, як наскрозь чужыя псыхіцы беларускага народу, былі кансэквэнтна адкінутыя й ніколі, нават на коратка, у Беларусі ня прывіліся.
- [7] Безсонов П. Белорусские песни. Москва, 1871 г. Бач. LХII.
- [8] Дату гэтую падае польскі храністы Ян Длугош. Ён падчыркнуў і факт, што Ягайле больш падабалася мастацтва "грэцкае" (беларускае на бізантыйскай аснове) за "лацінскае" (заходняе). Ягайла "Gnеsnensem, Sandomiriensem et Visliciensem Ecclesias, sculptura Graeca (іllаm enim magis quam Latinam probabat) adornauit". Dlugossі J. Historіа Роlоnіса. Lірsіае, 1711, II, 659.
- [9] Ведамы гісторык польскага мастацтва Вайцяхоўскі Т. сьцьвярджае: "...кракаўскія маляры таго часу ўмелі толькі хварбаваць сьцены ды пазалачваць на іх зоркі, абразоў–жа не малявалі". Wоjсіеchоwskі Т. Kościół katedralny w Krakowie. Kraków, 1900 г.; Другі выдатны польскі вучоны, ведамы гісторык польскай культуры, Аляксандра Брукнэр, гэтак піша пра польскае малярства: "Польскае малярства, ці толькі малярства ў Польшчы - прыходзіцца пытацца праз усю нашую гісторыю аж да XIX стагодзьдзя. Мы ня мелі для гэтай галіны мастацтва ані патрэбнай здольнасьці, ані таксама зацікаўленьня. У Польшчы заўсёды працавалі чужыя маляры, якія сваіх на другое месца сьпіхалі..." Brückner А. Еnсуklopediа Starороlskа. Том I. Warszawa, 1939 г. Бач. 826.
- [10] Starzyński J., Walickі М. Маlаrstwо mоnumentalnе w Роlsce średniowiecznej. Warszawa, 1929 г. Бач. 42.
- [11] Wаlісki М. Мalowidła ścienne kościoła św. Trójcy na zamku w Lublinie. Zakład Architektury Polskiej. Studja do dziejów sztuki w Polsce. Т. III. Warszawa, 1930 г.
- [12] Kuźmińska М. Olbracht Marcinowicz Gasztold // Ateneum Wileńskie, rоk IV, zeszyt 13. Wilna, 1927 г. Бач. 391. Гутарка ідзе гэтта пра таго–ж ваяводу Гаштаўта, да якога ў 1530 г. пісаў лісты ў справах доктара Францішка Скарыны Альбрэхт Прускі (глядзі: Брага С. Кароль Альбрэхт і Скарына // Запісы, №2(4), 1953 г. Бач. 108-113). Там аднак памылкова пададзенае ягонае імя як Станіслаў. Ён зваўся Альбрэхтам, а Станіслаў быў ягоны адзіны, апошні з роду Гаштаўтаў, сын, першы муж ведамай Барбары Радзівілянкі. Перанятая з лацінскіх лістоў форма прозьвішча Гаштальд ёсьць лацінізацыя беларускай формы Гаштаўт (аналягічна, як Вітальд лацінізаваная форма ад Вітаўт).
Ну і памылак жа у вас............
Хых, дзякуй, выправілі
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.