Наша «езуіцкае» барока

Барокка на Беларусі - частка I

Наша «езуіцкае» барокка Барока – стыль, што панаваў у сакральным мастацтве ўсяго хрысціянскага свету на працягу двух стагоддзяў – з апошняй трэці ХVІ ст. і амаль да канца ХVІІІ ст. Духоўна-матэрыяльнай асновай яго фармавання стала касцёльная архітэктура. Але мастацкі стыль – гэта не проста ўзаемазвязаная сістэма творчых прыёмаў. У шырокім сэнсе – гэта спосаб сацыяльна-філасофскага мыслення, увасобленага ў формах мастацкай творчасці. Матэрыялізаваны ў творах мастацтва, ён уваходзіць у сацыяльна-гістарычны кантэкст эпохі, служыць яе адлюстраваннем і крыніцай вывучэння. Эпоха барока – адна з самых складаных, шматпланавых і ўдзячных для даследавання ў гісторыі сусветнай культуры.

Мастацтвазнаўчы тэрмін "барока", што азначае "пачварны", першапачаткова меў негатыўны сэнс, таму што менавіта паводле гэтага сэнсу прыхільнікі мастацтва класіцызму, арыентаваныя на эстэтычныя каноны антычнасці і Адраджэння, успрымалі маляўнічы, празмерна экспрэсіўны стыль папярэдняй эпохі. Аднак з цягам часу і пашырэннем даляглядаў мастацтвазнаўства стаўленне да мастацтва барока на мяжы ХІХ–ХХ стст. карэнным чынам змянілася. Мастацкія формы і ідэйна-філасофскі змест гэтага стылю знайшлі паразуменне і тэарэтычнае абгрунтаванне. Галоўную ролю ў выпрацоўцы сучаснай мастацтвазнаўчай канцэпцыі барока адыгралі працы заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкамоўных) тэарэтыкаў гісторыі мастацтва, якія, аднак, звычайна разглядалі эстэтыку барока ў адрыве ад сацыяльна-гістарычнага фона, абмяжоўваліся галоўным чынам аналізам сродкаў формаўтварэння і псіхафізічных характарыстык яго эмацыйнага ўспрымання.

Між тым, у гісторыка-сацыяльным плане эстэтычная канцэпцыя барока была, безумоўна, паклікана да жыцця каталіцкай контррэфармацыяй, якая з дапамогай новага мастацтва імкнулася абвергнуць ідэі "гуманістычнага тытанізму" рэнесансу, што, у пэўнай ступені, спарадзілі рэфармацыйны рух ва ўсёй Еўропе. Для барацьбы са шматлікімі пратэстанцкімі ерасямі і ўмацавання пазіцый каталіцызму 15 жніўня 1534 г. святым Ігнаціем Лаёлам (кананізаваны каталіцкай царквой у 1622 г.) разам з паплечнікамі быў заснаваны новы надзвычай мабільны манаскі ордэн – "Таварыства Езуса" (езуітаў), зацверджаны булай папы Паўла ІІІ восенню 1540 г. Ордэн карыстаўся вялікім арсеналам асветніцкіх сродкаў, і адным з найважнейшых было сакральнае мастацтва, якое адмовілася ад самаўпэўненай адназначнасці рэнесансу, яго культу чалавека-тытана і пачало адлюстроўваць дуалістычную прыроду чалавека, барацьбу ў ім нябеснага і зямнога пачаткаў. Выдатны прадстаўнік філасофскага мыслення эпохі барока Блез Паскаль пісаў: "Чалавек не павінен прыраўноўваць сябе ні да жывёлаў, ні да анёлаў, не павінен знаходзіцца ў няведанні пра дваістасць сваёй натуры. Няхай ведае, які ён у сапраўднасці". У новых мастацкіх прыёмах гэтая ідэя ўвасаблялася стварэннем уражання барацьбы важкай коснай матэрыі і ўзнёслай духоўнасці, якая імкнецца ажывіць яе, скіраваць да Бога. Ідэйны пачынальнік мастацтва барока вялікі скульптар, архітэктар, мастак і паэт Мікеланджэла так і пісаў у адным са сваіх позніх паэтычных твораў, што яго мэта – "каменю жыццё двайное даць". І тут маецца на ўвазе не існаванне каменя ў новай якасці, а яго новы змест, адухоўленасць. Вучні Мікеланджэла архітэктары Джакома Бароцы да Віньёла і Джакома дэла Порта ў 1575–1584 гг. пабудавалі галоўны храм ордэна езуітаў – сабор Іль Джэзу ў Рыме, які стаў узорам архітэктурна-мастацкай сістэмы барока і амаль абавязковым канонам для ўсяго езуіцкага будаўніцтва. Па сваёй архітэктуры – гэта 3-нававая крыжова-купальная базыліка з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе выцягнутага "лацінскага" крыжа і бязвежавым галоўным фасадам з напружанай ордэрнай пластыкай.

Генетычная повязь узнікнення і пашырэння стылю барока з ідэалогіяй контррэфармацыі і дзейнасцю ордэна езуітаў у сусветным мастацтвазнаўстве з'яўляецца ўстойлівым пастулатам, слушнасць якога нікім не аспрэчваецца. З гэтай прычыны ў былым савецкім мастацтвазнаўстве, дзе негатыўнае стаўленне да каталіцкага Касцёла і Ватыкана доўгі час экстрапаліравалася на ўсё мастацтва барока, яго вывучэнне моцна пацярпела ад вульгарнай сацыялагізацыі. Замест пытання "якое гэта мастацтва?" дамінавала пытанне "чыё гэта мастацтва?" Адначасова сцвярджалася, што "ордэн езуітаў праводзіў касмапалітычную мастацкую палітыку, што выявілася ў штучным насаджэнні ў розных еўрапейскіх краінах стандартаў, зацверджаных папскім Рымам". Калі для рускага барока савецкія мастацтвазнаўцы яшчэ знаходзілі нейкія цёплыя словы (кшталту таго, што "нацыянальная адметнасць вызначыла яго перадавы характар"), то ў дачыненні да магутнага пласта беларускай мастацкай культуры барока нічога падобнага не назіралася. Генезіс і эвалюцыя стылю барока ў дойлідстве Беларусі ХVІІ–ХVІІІ стст. ацэньвалася як з'ява антынацыянальная, гвалтоўна прывітая "польска-літоўскімі" магнатамі і адыёзнымі езуітамі. Напрыклад, у самай вядомай, дакладней адзінай, кнізе пасляваеннага часу па гісторыі архітэктуры "Градостроительство Белоруссии" Ю. Ягорава (М., 1954) адпаведны раздзел называецца "Панско-католическая агрессия в области градостроительства в Гродно".

Таму невыпадкова, што больш за 30 гадоў таму нават вельмі таленавітая і аб'ектыўная маскоўская даследчыца А. Квітніцкая пры пастаноўцы праблемы архітэктуры барока на Беларусі канцэнтравала ўвагу толькі на будаўніцтве езуітаў. Гэтаму пытанню яна прысвяціла два змястоўныя артыкулы, дзе ўпершыню ўвяла ў навуковы ўжытак шматлікія пісьмовыя і графічныя крыніцы па матэрыялах расійскіх архіваў. Аднак яе канцэптуальны падыход, на нашу думку, з'яўляецца абмежаваным, таму што аднабакова адлюстроўвае ўплыў ідэалагічнай праграмы езуітаў на архітэктуру і мастацтва Беларусі, не паказвае адваротнага ўздзеяння мясцовых мастацкіх і будаўнічых традыцый на фармаванне нацыянальнага варыянта стылю барока. Да таго ж за гады, якія прайшлі з часу публікацый А. Квітніцкай, беларускія і польскія даследчыкі (Е. Пашэнда, А. Мілінкевіч, С. Адамовіч і інш.) значна ўзбагацілі гістарычную факталогію, удакладнілі даты будаўніцтва шэрагу езуіцкіх касцёлаў і калегіумаў. На гэтай падставе неабходна знайсці сапраўднае месца "езуіцкага" барока ў кантэксце мураванага сакральнага дойлідства Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай, пазбавіцца сацыялагічнай перадузятасці, якая, на жаль, існуе і сёння.

Сфера місіянерска-асветніцкай дзейнасці ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай і на Беларусі была надзвычай шырокая і ёй прысвечаны шматлікія даследаванні, таму мы засяродзілі ўвагу толькі на тых з'явах і фактах, якія дапамогуць раскрыць пэўную эстэтычную канцэпцыю храмабудаўніцтва гэтага ордэна і іманентную трансфармацыю яго мастацкіх сродкаў. З гэтай мэтай намі прааналізавана гісторыя будаўніцтва і стылёвыя характарыстыкі дваццаці мураваных езуіцкіх комплексаў, узведзеных у розных рэгіёнах Беларусі ў розны час (з 2-й паловы ХVІ ст. да канца ХVІІІ ст.). Больш чым паловы з іх сёння няма ці знаходзіцца ў бядотным стане.

У Польшчы ордэн езуітаў пачаў сваю дзейнасць у 1555 г. У сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні ордэн з'явіўся ў 1569 г., у год заключэння Люблінскай уніі, але папярэднічаў ёй. Наступныя місіі езуітаў з'явіліся ў ВКЛ ужо на тэрыторыі ўласна Беларусі: у Полацку (1579 г.) і Нясвіжы (1582 г.). У апошнім намаганнямі 1-га ардыната нясвіжскага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі і запрошанага ім з Рыма італьянскага архітэктара-езуіта Джавані Марыя Бернадоні ў 1587–1593 гг. быў змураваны велічны касцёл Божага Цела, які ў асноўным паўтараў кампазіцыю рымскага сабора Іль Джэзу. Нясвіжскі касцёл езуітаў стаў першым творам архітэктуры барока на тэрыторыі ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы. (Гістарычнае значэнне гэтай падзеі мы разглядалі ў артыкуле "Святыня незвычайнага лёсу" ў часопісе "Наша вера", № 2 за 1998 г.)

Палітыку пратэкцыянізму на карысць ордэна езуітаў на мяжы ХVІ–ХVІІ стст. актыўна ажыццяўлялі каралі Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза, а таксама буйнейшыя магнаты ВКЛ. У 1596–1609 гг. езуіты пабудавалі мураваны касцёл св. Казіміра ў Вільні – відавочна, амаль адразу пасля нясвіжскага касцёла Божага Цела і адначасова з кракаўскім Петрапаўлаўскім касцёлам таго ж ордэна, з якімі новая святыня супернічала грандыёзнымі памерамі (вышыня цэнтральнай навы – 24 м, купала – 40 м пры дыяметры 17 м). Цікава, што гэтая 3-нававая крыжова-купальная базыліка з 2-вежавым фасадам не мае апсіды прэзбітэрыя і больш за сваіх езуіцкіх сучаснікаў падобная на пазнейшыя праваслаўныя цэрквы Магілёва: Богаяўленскую і Мікалаеўскую, на архітэктуру якіх, відавочна, паўплывала. Казіміраўскі касцёл істотна перарабляўся ў сярэдзіне ХVІІІ ст. у стылі віленскага барока, быў рэканструяваны ў псеўдарускім стылі ў 1867 г. і рэстаўраваны ў 1925 і 1957 гадах.

Пры завяршэнні будаўніцтва касцёла езуітаў у сталіцы ВКЛ ў 1608 г. была створана асобная Літоўская правінцыя ордэна. У яе ўвайшла ўся тэрыторыя Беларусі, за выключэннем калегіума ў Брэсце, які ўваходзіў у Польскую правінцыю. Рэзідэнцыі езуітаў паслядоўна абаснаваліся ў Брэсце, Оршы, Гродне і іншых буйных гарадах Беларусі, дзе ў хуткім часе распачалося будаўніцтва касцёлаў і калегіумаў. На жаль, амаль усе ўзведзеныя ў перыяд ранняга барока збудаванні езуітаў, за выключэннем хіба нясвіжскіх, па большасці драўляныя, былі знішчаны падчас руска-шведска-польскай вайны сярэдзіны ХVІІ ст.

Пасля Андрусаўскага замірэння 1667 г. пачалося будаўніцтва новых мураваных комплексаў, у выніку чаго значная частка вядомых помнікаў езуіцкага храмабудаўніцтва з'явілася менавіта ў перыяд сталага і позняга барока. У "рыцарскія" часы кіравання караля Яна ІІІ Сабескага "рымская" заангажаванасць і праграмнасць арыстакратычнага мастацтва езуітаў мусіла суіснаваць з магутнай плынню "сармацкага" барока, увасобленага ў сакральным дойлідстве "жабрацкіх" ордэнаў. З імі, асабліва з ордэнам дамініканцаў, езуіты супернічалі ў сацыяльна-эканамічных адносінах, сферах уплыву і асветніцка-тэалагічнай дзейнасці. Гэта прывяло да пэўнага размежавання і адначасова ўзаемадзеяння архітэктурна-мастацкіх сродкаў "езуіцкага" і "сармацкага" барока, што і надало адметнасць стылёвай эвалюцыі беларускага дойлідства апошняй трэці ХVІІ – першай трэці ХVІІІ стагоддзя.

У Брэсце езуіты з'явіліся ў 1609 г., а ў 1622 г. яны пачалі будаваць драўляны касцёл. У "Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі езуітаў" за 1773–1774 гг. прыводзіцца запіс, які сведчыць, што "року 1623 месяца июня 17 дня мясцовасць Деревна з вёскамі Масткі і Мяжвеж у ваяводстве Брэсцкім ад Льва Сапегі, ваяводы віленскага, старосты магілёўскага, прызначаны на ўфундаванне калегіі і школы езуіцкай для адукацыі млодзі". У 1656 г. сын Льва Сапегі Казімір Леў пакінуў у спадчыну брэсцкім езуітам 30 тысяч злотых на будаўніцтва мураваных касцёла і калегіума, дзеля чаго тут быў заснаваны цагельны завод.

План і галоўны фасад касцёла і калегіума езуітаў у Брэсце На гэтай падставе А. Квітніцкая датуе пачатак будаўніцтва брэсцкага езуіцкага комплексу 1656 г., хаця гэта малаверагодна з прычыны самага разгару казацкіх войнаў, ад якіх найбольш цярпелі езуіты. З другога боку, з інвентара 1713 г. вядома, што на той час цагельны завод ужо заняпаў, і з гэтага вынікае, што пабудовы езуітаў ужо былі завершаны. Час будаўніцтва ўсяго комплексу прыпадае, хутчэй за ўсё, на памежжа 1665 г. (дата выдзялення езуітам пляца, на якім размешчана найбольш старая частка калегіума) і 1692 г., калі пачалося ўзвядзенне званіцы, што далучалася да галоўнага фасада касцёла з боку рынкавай плошчы. Пры будаўніцтве ў 1840-я гг. у Брэсце ваеннай крэпасці касцёл быў разбураны, а калегіум часткова прыстасаваны пад вайсковыя казармы. Комплекс вядомы па абмерных чарцяжах. Першы абмерны план 1782 г. зроблены ў хуткім часе пасля скасавання ордэна ў 1773 г. булай папы Клімента ХІV. На чарцяжы падрабязна паказана планіровачная структура калегіума з гаспадарчымі пабудовамі і садам, але даволі схематычна і не зусім дакладна пададзены план касцёла. Абмерныя чарцяжы 1833 г., у якія акрамя планаў уключаны таксама фасады і разрэзы збудаванняў, выкананы больш прафесійна і адлюстроўваюць ужо значныя пашкоджанні комплексу. На гэты час было знішчана ўсходняе крыло калегіума, разбураны дах і скляпенні галоўнай навы, завяршэнні вежаў і франтона.

Аднак можна канстатаваць, што архітэктоніка брэсцкага касцёла, асвечанага пад тытулам Езуса і Святога Крыжа, была класічная для "езуіцкага" барока: трохнававая крыжова-купальная базыліка з прамавугольным планам, за межы якога плоскімі рызалітамі выступалі крылы трансепта і паўкруглая апсіда прэзбітэрыя. Роўнавысокія і роўнашырокія цэнтральная нава і трансепт у верхнім сячэнні ўтваралі выцягнуты "лацінскі" крыж. Пад пытаннем застаюцца вянчальныя масы сяродкрыжжа. У "Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі" за 1773–1774 гг. паведамляецца, што "касцёл мураваны, у даўжыню каля 70 крокаў у сабе мае, на філярах і аркадах, з дахам пад гонтай, патрабуе рэпарацыі... купал мае адзін дужы, драўляны на самай сярэдзіне касцёла з сігнатуркай, белай бляхай пакрыты". Выклікае здзіўленне танны і нетрывалы будаўнічы матэрыял купала гэтай шыкоўнай святыні, якая мела падлогу з прывезенага шведскага каменя ("мармуру"?), алтары, амбону, арганныя хоры, канфесіяналы выдатнай "сніцарскай" работы і крыпту з ганаровымі пахаваннямі. Над паўднёвай закрыстыяй размяшчаліся эмпоры ("хорак з вокнамі"), з другога боку ад вімы прэзбітэрыя – "ізба з комінам і печам зялёным, а наверсе скарбец".

Выразнасць архітэктуры брэсцкага касцёла езуітаў надавала адметнае пластычна-насычанае вырашэнне галоўнаму фасаду. З плана касцёла вынікае, што ў ім не было нартэкса. Аднак фасад уяўляў сабою аб'ёмную пласціну, шырыня (глыбіня) якой абумоўлівалася параметрамі чацверыковых вежаў з вітымі ўсходамі ўнутры, што часткова выступалі за межы базылікі. Аналагічнае вырашэнне 2-вежавай пласціны фасада было і ў брэсцкім касцёле дамініканцаў, але там яна, як шырма, закрывала аднанававую структуру кафалікона, а тут спалучалася з тыповай трохнававай "езуіцкай" базылікай.

Галоўны фасад быў аздоблены карынфскім ордэнам. Увядзенне ў структуру фасада невялікіх чацверыковых вежаў (усяго адзін ярус над бакавымі навамі) рабіла рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў больш энергічным, вытанчаным, надавала дадатковую экспрэсію валютам атыкавага франтона, вытрыманага ў стылістыцы ранняга барока з уплывам італьянскага. На адной з вежаў размяшчаўся гадзіннік, на другой – звон "сярэдні". Яшчэ большую прасторавую разгорнутасць фасаду надала прыбудова ў канцы ХVІІ ст. да паўднёва-заходняга вугла касцёла вежы-званіцы, верхні чацверык якой быў крыху большы за суседнюю фасадную вежу і змяшчаў звон "вялікі". Над званіцай была ўстаноўлена вялікая статуя святога Юзафа. Пластычная аздоба вежы-званіцы мела ідэнтычны характар з дэкорам уваходнага рызаліта двухпавярховага калегіума, далучанага з другога боку да фасада касцёла, ствараючы з ім адзіны мастацкі ансамбль. Рызаліт меў два асобныя ўваходы – у аптэку з лабараторыяй і школу езуітаў, якая "нядаўна вымуравана". У "Інвентары люстрацыйным" ёсць таксама апісанне шматлікіх памяшканняў калегіума, будаўнічых матэрыялаў і іх стану на час візітацыі.

План касцёла і калегіума езуітаў у Оршы Гісторыя аршанскіх касцёла і калегіума езуітаў шмат у чым падобная да брэсцкіх. Рэзідэнцыя езуітаў з'явілася ў Оршы таксама на пачатку ХVІІ ст., у 1604 ці 1612 г., па прывілеі караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Фундацыю першых драўляных будынкаў калегіума езуітаў ажыццявіў той жа Леў Сапега, які купіў для іх пляц, дзе раней размяшчаўся кальвінскі збор. Узвядзенне мураванага комплексу пачалося ў 1680 г. па прывілеі і на сродкі караля Яна ІІІ Сабескага. А. Квітніцкая адзначае, што будаўніцтва касцёла вялося вельмі марудна і толькі ў 1760 г. ён "стаў у камені" (паводле візіты 1817 г.), а ў 1768 г. быў кансэкраваны ў гонар Міхала Арханёла. Характэрна, што ўжо пасля скасавання ордэна ў 1773 г. і 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., паводле якога Орша далучалася да Расійскай імперыі, у 1788 г. драўляныя алтары ў касцёле замянілі на мураваныя і стукавыя, і толькі ў 1803 г. завяршылася будаўніцтва калегіума. Але ўжо ў 1840-я гг. касцёл быў разбураны. Уяўленне пра яго архітэктоніку даюць абмерныя чарцяжы 1835 г., на якіх паказаны планы і фасады касцёла і калегіума. Будынак касцёла ўяўляў сабою ўсё тую ж трохнававую базыліку з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе лацінскага крыжа. Крылы трансепта больш значна, чым у брэсцкім касцёле езуітаў выступалі за межы бакавых наваў. Хаця ў параўнанні з брэсцкім касцёлам аршанская базыліка мела тую ж колькасць апорных слупоў, структура інтэр'ера прынцыпова адрознівалася. Тут меншая па памерах першая травея была ператворана ў нартэкс, шырыня якога адпавядала параметрам масіўных чацверыковых вежаў галоўнага фасада.

Галоўны фасад і план калегіума езуітаў у Оршы У кантэксце храмабудаўніцтва езуітаў стылістыка галоўнага фасада аршанскага Міхайлаўскага касцёла заслугоўвае асобнага разгляду. А. Квітніцкая адзначае, што гэты фасад "является робким и не особенно умелым подражанием блестящим сооружениям первой половины века" (маецца на ўвазе ХVІІ ст. – Т. Г.). Характэрна, што, нягледзячы на прыведзеную познюю даціроўку касцёла 2-й паловай ХVІІІ ст., даследчыца інтуітыўна разглядае яго як помнік архітэктуры ХVІІ ст., і гэта слушна, таму што аршанскі касцёл езуітаў меў пэўныя рысы "сармацкага" барока і, перш за ўсё, у стылістыцы галоўнага фасада. Прызматычныя квадратныя ў плане вежы складаліся з двух ярусаў аднолькавага сячэння, падзеленых на ўзроўні карніза бакавых наваў і накрытых чатырохсхільнымі шатрамі-"каўпакамі" з трохвугольным франтонам паміж імі. Ордэрны дэкор фасада быў надзвычай плоскасны і стрыманы. Прамавугольная форма прэзбітэрыя ў гэтым помніку ўнутры аптычна карэктавалася прасторава разгорнутым мураваным алтаром, што было ўласціва будаўніцтву ордэна дамініканцаў. Відавочна, што стылістыка езуіцкага касцёла ў Оршы паўтарала формы папярэдніх тут мураваных касцёлаў дамініканцаў і францысканцаў, але ў семантыцы аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі адлюстроўвалася ідэалагічная праграмнасць "езуіцкага" барока".

На абмерных чарцяжах 1835 г. купал на сяродкрыжжы адсутнічае, але ў візіце 1817 г. адзначана, што купал ёсць, але "не мае вокнаў і не шмат перавышае дах касцёла". Магчыма, гэта быў "схаваны" ўнутры купал, накшталт купала ў глыбоцкім касцёле кармелітаў босых і, відавочна, драўляны. Ёсць архіўны праект рэканструкцыі Міхайлаўскага касцёла ў царкву. Паводле яго меркавалася зрабіць надбудову над дахам васьміграннага барабана з масіўным паўсферным купалам класіцыстычнага кшталту. Цікавыя мясцовыя рысы мела і архітэктура калегіума, адметнай асаблівасцю якога з'яўляецца размеркавальны аб'ём (у выглядзе актагона) паміж часткамі комплексу. Дэкор франтона на паўночным фасадзе аршанскага калегіума нагадваў франтоны праваслаўнага сабора сярэдзіны ХVІІ ст. жаночага Успенскага Куцеінскага манастыра пад Оршай, што сведчыць пра запазычанне езуітамі мясцовых будаўнічых традыцый.

Панарама Гродна Рысы стылістыкі "сармацкага" барока можна адзначыць і ў, магчыма, найбольш архітэктурна дасканалым творы сталага беларускага барока – касцёле езуітаў у Гродне. У артыкуле "Касцёлы, фундаваныя каралямі" ("Наша вера" № 1 (7) за 1999 г.) мы ўжо адзначалі ўдзел езуітаў у будаўніцтве фарнага касцёла, фундаванага каралём Стэфанам Баторыем. Рэзідэнцыя езуітаў у Гродне была заснавана ў 1622 г. Станіславам Касабуцкім і першапачаткова мела драўляны касцёл. Як лічыла А. Квітніцкая (са спасылкай на А. Кіркора), будаўніцтва мураванага касцёла, пачатае ў 1647 г., перарывалася акупацыяй Гродна маскоўскім войскам у 1656–1658 гг. і 1660–1662 гг., але завяршылася да 1667 г., калі адбылася кансэкрацыя святыні біскупам Францыскам Ісайкоўскім. Гэтыя дадзеныя, якія доўгі час лічыліся бясспрэчнымі, цалкам абвергнуты Е. Пашэндам на падставе гісторыі гродзенскага калегіума за 1673–1769 гг. (яна захоўваецца ў Рымскім архіве езуітаў). Польскі даследчык сцвярджае, што: 1) 1647 г. – дата Канстытуцыі сеймавай, па якой, сярод іншага, езуітам быў выдзелены пляц у Гродне, каля рынка, пад будаўніцтва касцёла; 2) біскуп Ф.Ісайкоўскі памёр у 1654 г. і таму не мог прымаць удзел у кансэкрацыі святыні ў 1654 г.; 3) у 1667 г. толькі пачалося будаўніцтва мураванага прэзбітэрыя касцёла, але не таго, што існуе цяпер – гэтая пабудова пазней была прыстасаваная пад школу езуітаў.

Краевугольны камень існага касцёла асвечаны 21 чэрвеня 1678 г. біскупам Мікалаем Слупскім, які, дарэчы, кансэкраваў многія помнікі "сармацкага" барока. На будаўніцтва гродзенскага касцёла езуітаў усе свае сродкі ахвяраваў ксёндз Геранім Дзевялтоўскі, які і кіраваў работамі да 1683 г., заклаўшы падмурак велічнай святыні грандыёзных памераў (30 х 60 м у плане). У 1684–1697 гг. будаўнічыя работы ўзначальваў ксёндз Пётр Алізаровіч. Частку матэрыялаў (асабліва жалеза і камень шведскі ці гатляндскі) прывозілі з Крулеўца (Кёнігсберга), з якім гандлёвыя сувязі ажыццяўляліся па Нёмане. У 1701–1702 гг. на галоўным фасадзе былі накрытыя вежы ў іх першапачатковым варыянце, які вядомы з абраза пачатку ХVІІІ ст., што знаходзіцца ў касцёле (пра гэтую выяву пісала А. Квітніцкая, але памылкова датавала яе 1664 г.). 6 снежня 1705 г. гродзенскі касцёл езуітаў быў кансэкраваны ў гонар св. Францыска Ксаверыя (першага місіянера-езуіта на Далёкім Усходзе) біскупам хелмінскім Тэадорам Патоцкім у прысутнасці караля Аўгуста ІІ і цара Пятра І.

Касцёл езуітаў у Гродне Паўночная вайна затрымала працяг будаўнічых работ. Аздабленне інтэр'ера пачалося ў 1711 г. і цягнулася працяглы час. У 1736 г. былі створаны выдатныя па мастацкіх якасцях драўляныя алтары "сніцарскай работы": галоўны і 6 бакавых (2 з іх выкананы ў Вільні, 4 – у Крулеўцы). Усяго ў святыні 12 бакавых алтароў.

Галоўны алтар касцёла езуітаў у Гродне Велічны галоўны алтар, вышынёю 21 м, мае выразную прасторава разгорнутую кампазіцыю: паміж дынамічна згрупаванымі калонамі карынфскага ордэра ў два ярусы размешчаны шматлікія скульптуры святых, поўныя руху, экзальтаванасці, барочнай экспрэсіі. У "Люстрацыі касцёла гродзенскіх езуітаў пад тытулам св. Францыска Ксаверыя, езуіцкага апостала", складзенай 1 лістапада 1773 г., пазначана, што ў ніжнім ярусе ("кандыгнацыі") галоўнага алтара "ў сярэдзіне статуя св. Ксаверыя, па баках 10 апосталаў, на рагах 2 генія з гербамі фундатараў. У другой кандыгнацыі статуя Ісуса, па баках 4 евангелісты, 2 патрыярха, 2 біскупа". Завершана кампазіцыя "Глорыяй", перад якой схіляюць галовы алегорыі чатырох бакоў свету ў абліччы жанчын. Выкананы галоўны алтар па фундацыі кашталяна мсціслаўскага Самуэля Лазавога і яго жонкі Канстанцыі "обермайстрам разьбярскім" Янам Шмітам. Афармленне інтэр'ера працягвалася і ў сярэдзіне ХVІІІ ст., калі былі зроблены фрэскавыя роспісы ў прасценках над міжнававымі аркадамі (яны адлюстроўваюць 14 сюжэтаў з жыцця Францыска Ксаверыя). Крыху пазней былі створаны шыкоўныя амбона ў стылі ракако, якая падтрымліваецца ракавінападобнай кансоллю і завяршаецца пышным балдахінам, а таксама канфесіяналы (майстар І. Мейфельдт, 1768 г.). У інтэр'еры прысутнічаюць элементы мастацкага аздаблення і больш позняга часу.

Касцёл езуітаў у Гродне. Амбона Засяродзім увагу на агульнай архітэктоніцы гродзенскага касцёла езуітаў, стылістыка якой адпавядае этапу сталага барока ў беларускім сакральным дойлідстве. У асноўных характарыстыках яго аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя ўвасабляе канон езуіцкага храмабудаўніцтва. Гэта ўсё тая ж трохнававая крыжова-купальная базыліка, якая ў ніжнім сячэнні мае прамавугольны план (злёгку раскрапаваны плоскімі рызалітамі крылаў трансепта і паўкруглай апсідай прэзбітэрыя), а ў верхнім сячэнні – ярка выяўлены лацінскі крыж. Роўныя па вышыні і шырыні цэнтральная нава і трансепт перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на адзіночных падпружных арках і ўтвараюць сяродкрыжжа, увенчанае круглым светлавым барабанам з паўсферычным купалам на ветразях. Бакавыя навы складаюцца з трох травей, перакрытых крыжовымі скляпеннямі, падзеленых падпружнымі аркамі, і завяршаюцца "прасторай пад вежамі". Па баках вімы прэзбітэрыя размешчаны квадратныя ў плане капліцы, перакрытыя паўсферычнымі светлавымі купаламі і адкрытыя аркавымі праёмамі да алтара і трансепта.

План комплексу касцёла і калегіума езуітаў у Гродне Ежы Пашэнда вызначае гродзенскі касцёл езуітаў як "адзін з найкаштоўнейшых помнікаў польскага барока" і ўпарта параўноўвае яго з касцёламі езуітаў у Любліне, Кракаве, Пшэмысле, якія не адпавядаюць яму ні па часе будаўніцтва, ні па рэгіянальнай стылістыцы. На нашу думку, па сваёй архітэктанічнай праграме гродзенскі касцёл езуітаў вынікае непасрэдна з галоўнага ордэнскага храма Іль Джэзу ў Рыме, але мае свае індывідуальныя адметнасці, якія робяць яго творам прынамсі беларускага мастацтва.

Першая адметнасць, якая, па сцвярджэнні Е. Пашэнды, не ўласцівая езуіцкаму храмабудаўніцтву Рэчы Паспалітай, – гэта наяўнасць купальных капліц па баках вімы прэзбітэрыя, адразу па-за крыламі трансепта, дзе звычайна размешчаны закрыстыі. Даследчык выказвае няўпэўненасць у іх аўтэнтычным паходжанні. Ён дапускае, што купальныя капліцы, асвечаныя ў гонар Арханёла Міхала (паўночная) і Маці Божай Студэнцкай (паўднёвая), фундаваныя прыватнымі асобамі (Пухальскімі і Рымвідам), зроблены пазней на месцы першапачатковых закрыстый (як у Любліне і ў Мінску), тым больш што звычайныя закрыстыі месцяцца тут у прыбудовах. У нас ёсць падстава не пагадзіцца з польскім даследчыкам з той прычыны, што падобныя купальныя капліцы, нават чатыры, а не дзве, размешчаны па дыяганалях падкупальнага квадрата ў саборы Іль Джэзу. Такім чынам там дасягаецца ўдалае размеркаванне нагрузкі цэнтральнага купала па візантыйскай крыжова-купальнай схеме, акцэнт у кампазіцыі зроблены на гэтым тэктанічным ядры, да якога далучана ўласна базыліка з бязвежавым фасадам. Базыліка гродзенскага касцёла мае тую ж колькасць апорных слупоў, што і Іль Джэзу, аднак купальныя капліцы ў першай травеі каля трансепта тут адсутнічаюць. Іх ролю ў кампазіцыі, наданні ён раўнавагі і адначасова дынамікі (ілюзорнага "руху ў прасторы" і рэальнай статыкі ў прасторы, што супярэчліва спалучаюцца ў эстэтыцы барока) у гродзенскім касцёле адыгрывае двухвежавы фасад-нартэкс, які нібыта спыняе рытмічны крок базылікі. Магутная вертыкальная пласціна фасада вылучана не толькі кампазіцыйна, але і канструкцыйна з дапамогай узмацнення апорных канструкцый, увядзення дадатковай падпружнай аркі.

З выявы на абразе пачатку ХVІІІ ст. відавочна, што ў аўтэнтычным выглядзе галоўны фасад гродзенскага езуіцкага касцёла быў вельмі блізкі да адначасовых з ім помнікаў "сармацкага" барока: тыя ж амаль прызматычныя чацверыковыя вежы, завершаныя шатрамі-"каўпакамі" з банькамі (аналагічныя, напрыклад, засвірскаму касцёлу кармелітаў), той жа плоскасны спрошчаны ордэрны дэкор. Ступень распрацаванасці ордэра змяншаецца знізу ўгору (прыём, адваротны віленскаму барока). Ніжні ярус фасада, роўны па вышыні бакавым навам (больш за 10 м), аздоблены вытанчанымі падвойнымі пілястрамі з капітэлямі карынфскага ордэра. Пілястры другога яруса, што акрэслены антаблементам на вышыні цэнтральнай навы, маюць больш спрошчаныя капітэлі. Ордэн трэцяга яруса, які складаюць чацверыкі вежаў і атыкавы франтон паміж імі, амаль умоўны. Цэнтральная частка фасада нібыта заціснута цэлым лесам пілястраў: яна то выступае наперад, то адступае на другім ярусе глыбокай нішай з балкончыкам для музыкаў. Групоўка ордэра, асабліва патройныя пілястры на атыкавым франтоне, нагадвае больш ранні па часе касцёл францысканцаў у Гродне.

Адметны па сваёй стылістыцы верхні чацвёрты ярус вежаў надбудаваны ў 1750–1752 гг., ужо ў часы позняга барока. Верхнія чацверыкі па памерах меншыя за ніжнія і разгорнуты ў прасторы дзякуючы дыяганальна размешчаным на вуглах падпорным элементам пластычнага абрысу. Уверсе і ўнізе яны аздоблены дэкаратыўнымі вазамі, якія ажыўляюць сілуэт вежаў. Маляўнічую кампазіцыю вянчальных масаў збудавання ўзбагачаюць пругкія франтончыкі, фігурныя купалкі са спічастымі "банькамі", ліхтарыкі над купальнымі капліцамі і галоўным купалам на сяродкрыжжы. Е. Пашэндам выяўлены цікавы будаўнічы кантракт, без даты, заключаны з "майстрам куншту мулярскага" хрысціянам Бурманам, які браўся надбудаваць вежы касцёла "па мадэлі і абрысу" на 13,5 локцяў, а на купале замест драўлянага ліхтара ўзвесці мураваны "паводле абрысу", направіць гзымсы, накрыць касцёл дахоўкай і інш.

Яшчэ адну своеасаблівасць помніка адзначае Ежы Пашэнда – гэта падоўжна-восевая ўзаемасувязь травей бакавых наваў, што не было характэрна для барочных касцёлаў Польшчы, дзе бакавыя навы звычайна складаюцца з шэрагу адасобленых капліц, як, дарэчы, зроблена і ў базыліцы – Т. Г.). Аднак для трохнававых каталіцкіх базылікаў ВКЛ, пачынаючы ўжо з касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, адкрытыя бакавыя навы – з'ява тыповая. Адзначым, што ўсе папярэднія езуіцкаму касцёлу гродзенскія святыні мелі адкрытыя бакавыя навы. Гэты адыход ад італьянскіх узораў адначасова з падкрэсленым вертыкалізмам прапорцый бакавых наваў, вялікімі аконнымі праёмамі можна патлумачыць жаданнем надаць сакральным збудаванням у больш суровым клімаце лепшую інсаляцыю і стварыць неабходныя ў барока святлоценявыя эфекты.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што гродзенскі касцёл св. Францыска Ксаверыя, гэтая "найшляхетнейшая базыліка", "найвыбітнейшая сярод найслаўнейшых святынь каралеўства", як пазначана ў хроніцы езуітаў, ёсць квінтэсенцыя эстэтычных дасягненняў свайго часу і грамадства, "плоць ад плоці" свайго краю і яго гісторыі.

Тамара ГАБРУСЬ

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.