Адлюстраванне ідэалогіі славянскага сарматызму ў беларускім сакральным дойлідстве

Мікалай Радзівіл СіроткаУ гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай мелі пашырэнне два сацыяльна значныя генеалагічныя міфы, якія знайшлі адлюстраванне ў яе мастацкай культуры. Першы з іх, выкладзены яшчэ ў ХV ст. польскім храністам Янам Длугашам, распавядае пра легендарнае паходжанне магнатэрыі (ВКЛ) ад рымляніна Палямона і яго паплечнікаў. У далейшым гэтая легенда атрымала распрацоўку ў беларуска-літоўскіх летапісах пачатку ХVІ ст. і ў значнай ступені вызначыла сацыяльна-культурныя арыенціры мясцовай арыстакратыіі. Пры ўсёй cумніўнасці і гістарычнай беспадстаўнасці "рымскай" генеалогіі яна адыграла станоўчую ролю ў адраджэнні нацыянальнай годнасці і ўмацаванні агульнапатрыятычнай грамадзянскай пазіцыі беларуска-літоўскай магнатэрыі. Прынамсі ёю кіраваліся ў сваіх дзяржаўна-палітычных і культурна-асветніцкіх памкненнях князі Радзівілы - буйнейшы магнацкі род ВКЛ. З гэтага пункту погляду невыпадковым і натуральным выглядае вяртанне ад рэфармацыйнага руху да каталіцкага веравызнання Мікалая Хрыштофа Радзівіла Сіроткі і іншых прадстаўнікоў рода ў сярэдзіне ХVІ ст.

Менавіта арыентацыя першага ардыната нясвіжскага М. Х. Радзівіла Сіроткі на Рым, Ватыкан, ордэн езуітаў, які праводзіў ідэалогію контррэфармацыі, спрыяла з'яўленню ў мастацкай культуры Рэчы Паспалітай стылю барока. У сакральных збудаваннях фундацыі Сіроткі відавочна падкрэслена канфесійная праграмнасць кампазіцыйных схем лацінскага паходжаня, абцяжараных, аднак, мясцовымі готыка-рэнесанснымі будаўнічымі традыцыямі. Сваёй грандыёзнай па тым часе будаўнічай дзейнасцю па пераўтварэнню Нясвіжа Сіротка імкнуўся, як адзначалі сучаснікі, "у цэнтры Сарматыі стварыць сапраўдную Італію". У гэтым кароткім панегірычным выказванні мясцовага ўраджэнца Сымона Старавольскага схавана каштоўная інфармацыя пра наяўнасць ужо ў той час двух генеалапчных міфаў. Пра першы, больш даўні, "рымскі", мы ўжо казалі. Дарэчы, арыентацыя ў сацыяльных паводзінах на ўзоры высокай грамадзянскасці, антычную героіку, запазычаныя з "Аналаў" старажытнарымскага гісторыка Тацыта, у культуралогіі атрымала назву "тацызм".

А вось другі міф зашыфраваны тут у слове "Сарматыя". Нясвіж - цэнтр Сарматыі? У якім сэнсе? Агульнавядома, што сарматы - кангламерат ваяўнічых качавых плямёнаў (раксаланаў, саўраматаў, языгаў і інш.), якія ў ІІІ ст. да н. э. выцеснілі скіфаў са стэпаў Паўночнага Прычарнамор'я, вялі ўпартую барацьбу за тэрыторыю з краінамі Закаўказзя і Рымскай імперыяй, пакуль самі ў канцы ІV ст. н. э. не былі выцеснены гунамі са сваіх зямель на поўнач. Магчыма, што так яны б і зніклі ў гістарычнай цывілізацыі. Але заключэнне ў 1569 г. Люблінскай уніі паміж Каронай Польскай і ВКЛ і ўзнікненне на гэтай падставе новага дзяржаўнага ўтварэння - Рэчы Паспалітай - запатрабавалі ідэалагічнага грунтавання, агульнапатрыятычнага аб'яднання "вольных" пластоў грамадства, што спрыяла стварэнню "сармацкага" генеалагічнага міфа. Адпаведна яму шляхецкае саслоўе Рэчы Паспалітай, якое карысталася ў дзяржаўнай структуры вялікімі (у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі) юрыдычнымі правамі, нібыта мела адметнае ад простата люду этнічнае паходжанне - ад зняважаных гісторыяй, але моцных і незалежных духам сарматаў, якім надаваліся рысы гіпертрафіраванай саслоўнай годнасці, вольналюбства, рыцарства, адданасці грамадскім ідэалам.

Ідэалогія сарматызму падпітвала плынь "сармацкага" мастацтва, якому ўласцівы традыцыяналізм, праграмнасць, эмблематычнасць. Ужо з канца ХVІ ст. рысы сармацкага светапогляду выявіліся ў жанры рэпрэзентатыўнага партрэта, які даваў уяўленне пра высокую годнасць партрэтуемага прадстаўніка грамадства з дапамогай саслоўнай атрыбутыкі, нацыянальнага касцюма, гербаў, надпісаў і іншых сродкаў. Вельмі адчувальная нотка саслоўнай адказнасці прысутнічае ўжо ў помніках сакральнага каталіцкага дойлідства фундацыі князёў Сапегаў 1-й паловы ХVІІ ст., напрыклад, касцёле Міхаіла Архангела ў Вільні (1594-1625 гг.), Троіцкім касцёле ў Ружанах (1596-1617 гг.), касцёле Унебаўзяцця Маці Божай у Дзятлаве (1624-1646 гг.), Троіцкім касцеле бернардзінцаў у Друі (1643-1646 гг.) і інш. Ляпная аздоба скляпенняў гэтых святынь, па сутнасці, імітавала зорчаты малюнак сапраўдных нервюрных скляпенняў часоў беларускай готыкі. Прыхільнасць Сапегаў да "старасвецкіх" готыка-рэнесансных мясцовых будаўнічых прыёмаў (контрфорсы, "нягладкія" скляпенні) ускосна сведчыць пра іх "сармацкі" традыцыяналізм. Заўважым таксама, што ў каталіцкіх храмах, заснаваных Сапегамі, адпачатку адсутнічаў трансепт, а гэта, на нашу думку, азначае адсутнасць жадання надаць кампазіцыі збудавання форму лацінскага крыжа, у адрозненне ад праграмнай контррэфармацыйнай тэмы фундацый М. Х. Радзівіла Сіроткі.

У вельмі абстрагаванай мове архітэктуры рысы "сармацкага" светапогляду найбольш яскрава выявіліся ў 2-й палове ХVІІ ст., у гады праўлення Яна ІІІ Сабескага, абранага каралём пасля шматгадовай крывавай вайны 1654-1667 гг. паміж Рэччу Паспалітай, Маскоўскай Руссю і Швецыяй, ад якой у найбольшай ступені пацярпелі беларускія землі. Гэта ўжо быў час сталага барока ў сакральнай архітэктуры, але рыцарскі дух шляхты, перамогшай у вайне, карэнным чынам змяніў стылістыку храмабудаўніцтва, якую можна характарызавць як "сармацкае" барока. Намі вылучана група касцёлаў канца ХVII - пачатку ХVIII ст., для якіх уласціва канцэптуальнае падабенства кампазіцыйных, канструкцыйных і дэкаратыўных рашэнняў. Гэта касцёлы аўгусцінцаў у Міхалішках, кармелітаў босых у Глыбокім, кармелітаў старажытных правіл у Засвіры, дамініканцаў у Стоўбцах, Клецку, Мінску, францысканцаў у Оршы, фарны ў Наваградку і інш. Характэрна, што гэта пераважна святыні "жабрацкіх" каталіцкіх ордэнаў, якія ажыццяўлялі сваю місіянерскую і асветнbцкую дзейнасць сярод шляхты, што з'яўлялася галоўным фундатарам і заказчыкам гэтага тыпу будаўніцтва.

Асноўнымі прынцыпамі стварэння мастацкага вобраза ў "сармацкім" барока з'яўляюцца наўмысная архаізацыя, аскетызацыя вонкавага аблічча храмаў, наданне ім выгляду рыцарскага замка, што стварае ашаламляльны кантраст з пышнай барочнай дэкаратыўнасцю інтэр'ера. Па сваёй тэктоніцы яны могуць быць аднанефавым ці трохнефавым, мець розную форму прэсбітэрыя, аднак абавязковымі агульнымі рысамі з'яўляюцца: 2-вежавы галоўны фасад са спрошчаным плоскасным дэкорам і адсутнасць трансепта, што маскіруе канфесійную прыналежнасць святыні і адыгрывае прымірэнчую ролю у поліканфесійным грамадстве. Храм "сармацкага" барока ператвараецца ў сімвал хрысціянскага рыцарства яго фундатара, матэрыяльнае ўвасабленне яго заслуг перад Богам і Айчынай.

Мастацтвазнаўчы аналіз паказвае, што азначаныя помнікі каталіцкага сакральнага дойлідства Беларусі памылкова характарызаваць як гатычныя альбо рэнесансныя. Але гэта і не "найчысцейшае, найпякнейшае барока", як сцвярджаў гісторык культуры М. Марлёўскі, што можа датычыць толькі пышнага аздаблення інтэр'ераў касцёлаў. У іх архітэктоніку, безумоўна, закладзена эстэтычная канцэпцыя барока з яго тэатралізацыяй мастацкага ўспрымання, гульнёй кантрастаў, рацыяналізмам кампазіцыйных і канструкцыйных рашэнняў, але пераапрацаваная ў кантэксце сарматызму. Акрамя дэкаратыўна-знакавай сістэмы, уласцівай ідэалогіі тагачаснага грамадства і выяўленай у данатарскіх партрэтах, гербавых картушах, мемарыяльных надпісах, гэтаму колу помнікаў каталіцкага храмабудаўніцтва власцівы эмблематызм кампазіцыйных схем, традыцыяналізм архітэктурна мастацкіх прыёмаў. Ад класічнага, "італьянізаванага" барока славянскае "сармацкае" барока адрозніваецца не толькі і не столькі секулярызацыяй стылістыкі, колькі светапоглядам заказчыка, арыентаванага на нацыянальныя духоўныя каштоўнасці.

Крыніца: БЕЛАРУСІКА - ALBARUTHENICA кніга 21

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.