Топасы старабеларускай мастацкай культуры.

Топасы культуры барока

У гэтай лекцыі мы звернемся да топасаў, звязаных з мастацка-стылёвымі артэфактамі. Яны будуць разглядацца як у агульнаеўрапейскім стылёвым рэчышчы, так і ва ўласнабеларускім.

Праблема этнакультурных працэсаў у сферы мастацкай культуры ёсць перш-наперш праблемай спецыфікі артэфактаў. У больш шырокім сэнсе гэта праблема ўключанасці асобнай этнічнай (у нашым выпадку ліцвінскай) культуры ў глабальныя метакультурныя працэсы, канстатацыя яе прыналежнасці да той ці іншай культурнай (а магчыма, і этнакультурнай) супольнасці. У гэтым сэнсе абраны намі перыяд гісторыі дае выключна багаты (па якасці і колькасці) матэрыял для аналізу.

Мастацкая культура Беларусі 17-18 стст. развівалася ў межах вялікага еўрапейскага стылю - барока. Аднак у тую пару хапала яшчэ і праяў рэнесансу, якія суіснавалі разам з маньерызмам, ракако, элементамі ранняга класіцызму і Асветніцтва. А яшчэ ж паўсюдна прысутнічаў старажытны візантыйскі стыль, элементы якога ўстойліва трымаліся на працягу доўгай гісторыі нашага краю і ўтварылі пэўную этнакультурную традыцыю.

Як ужо было сказана, асноўным, дамінуючым стылем гэтай эпохі было барока. І таму пачнем наш аналіз менавіта з яго. Перш-наперш разгледзім культурна-інтэграцыйныя аспекты барока.

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што барока на нашых землях уяўляла сапраўдны феномен - непаўторную па артэфактнаму насычэнню і плоднасці з'яву. Гэта быў першы ўсеабдымны, яскрава выражаны і працяглы ў часе менавіта топасны стыль, які ахапіў усе слаі грамадства і да таго ж меў сваю тутэйшую этнакультурную спецыфіку.

Па характары ўздзеяння на грамадства і сацыяльнай заангажаванасці, побач з барока можна паставіць хіба толькі візантыйскі стыль 11-13 стст. і сацыялістычны рэалізм 30-70-х гг. 20 ст. Аднак уплыў першага ахопліваў параўнальна малы сегмент соцыума (большая частка грамадства тады была інтэгравана ў паганства). Што да сацыялістычнага рэалізму, дык хоць і нельга адмаўляць яго істотны ўплыў на ўсе сферы жыцця (ад палітыкі, літаратуры і мастацтва - да менталітэту), але артэфакты гэтага стылю не належаць да істотных мастацкіх дасягненняў беларускай культуры, іх нельга паставіць у адзіны шэраг з мастацтвам культуры барока, яны не засталіся ў "вялікім часе".

Адным словам, культура беларускага барока - выключная з'ява ў гісторыі мастацкай культуры Беларусі. Па колькасці архітэктурных помнікаў барока не мае аналагаў на нашых землях - жывапісныя і літаратурныя артэфакты таго часу з'яўляюцца непераходнымі каштоўнасцямі. Больш за тое, культура барока выйшла за межы непасрэдна артэфактаў, яна ахапіла палітыку, эканоміку, побыт, менталітэт.

Між іншым, межы Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе былі межамі і культуры барока. Бо хаця праявы барока меліся і ў Расіі (па-сутнасці, гэта быў першы еўрапейскі стыль, з якім адносна шырока пазнаёміліся ў гэтай дзяржаве пасля рэформ Пятра І), але там барока не мела ўсеабдымнага характару, а закранала пераважна творы мастацтва, у першаю чаргу архітэктуру (акрамя архітэктуры сакральнай, якая, як і раней трымалася візантыйскага стылю).

Мяжа барока супадае з межамі шырокага распаўсюджвання каталіцызму. Культура барока цесна звязана з контррэфармацыяй, экспансійным рухам каталіцкай царквы, дзейнасцю каталіцкіх манаскіх ордэнаў, у першаю чаргу - езуітаў. У сучасным еўрапейскім мастацтвазнаўстве барока нават называюць "стылем контррэфармацыі" (Вернер Вайсбах) і звязваецца са строгім каталіцкім, езуіцкім мастацтвам, прыкметы якога сёння складана вылучыць з перабудаваных і пышна ўпрыгожаных сабораў і алтароў эпохі барока. Тым не менш, стварэнне новай барочнай рэлігійнай вобразнасці звязана з Трыдзенскім саборам і каталіцызмам увогуле.

Адным словам, беларускія землі вызначалі ўсходняе памяжоўе трывалага распаўсюджвання барока і, шырэй кажучы, еўрапейскага тыпу культуры. Гэты стыль інтэграваў ліцвінскую культуру ў метакультурную, касмапалітычную па-сутнасці еўрапейскую рэчаіснасць.Таму перадусім звернем увагу на касмапалітызм барока і яго носьбітаў - у першаю чаргу езуітаў. Чамусьці іх прысутнасць на Беларусі некаторымі даследчыкамі звязваецца выключна з апалячваннем, дээтнізацыяй. У той час як мэтай грамадска-культурнай дзейнасці езуітаў была трансляцыя свайго каталіцка-касмапалітычнага ўплыву на шматлікія краіны і народы. Яны не мелі нацыянальнасці ў сімвалічным сэнсе, іх дзейнасць кіравалася з Рыму і была аднолькавай у сваіх асноўных прынцыпах што ў Францыі, што ў Вялікім Княстве Літоўскім. Езуіты выкарыстоўвалі дзяржаўную мову побач з латынню, грэчаскай, і гэта адпавядала іх канцэптуальнаму прынцыпу - размаўляць на зразумелай розным людзям мове. І не яны прычынай таму, што такой мовай ужо ў 17 ст. фактычна зрабілася польская.

Але як бы там ні было, стылёва і ментальна ліцвінская культура была інтэгравана ў еўрапейскую супольнасць, з'яўляючыся, як адзначыў А.Тойнбі, адным з яе ўсходніх фарпостаў.

Культура барока падзяляецца на шэраг адметных з'яваў і плыняў - як храналагічна, так і структурна. Храналагічна барока звязваецца з маньерызмам 16 ст. і ракако другой паловы 18 ст. У сучасных мастацтвазнаўчых працах (Ф.Вюртэнбергер, інш.) маньерызм трактуецца як спецыфічны інтэрнацыянальны стыль, а ракако - як малы стыль, тыпалагічна тоесны барока.

У структурным зрэзе барока асобіцца на высокае, сярэдняе і нізавое.

Высокае барока прадстаўлена касцельнай мураванай архітэктурай, партрэтным жывапісам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, пластыкай касцельных скульптур, нагробкаў, алтарамі, аб'ёмнай разьбой, інтэр'ерамі магнацкіх пакояў, вырабамі мануфактур (18 ст.) - посудам, паясамі і г.д. Сярэдняе барока - гэта ў асноўным мастацкае аздабленне жылля сярэднязаможнай шляхты і гараджан, аздабленне ўніяцкіх, драўляных каталіцкіх і праваслаўных храмаў. Да нізавога барока належаць праявы культуры ніжэйшых слаёў грамадства - у асноўным артэфакты паэзіі, музыкі, элементы ў аздабленні грамадска-архітэктурных пабудоў, і інш.

Этнакультурныя топасы барока

Далей звернемся да праблемы этнаспецыфічных рысаў вялікіх стыляў на нашых землях у 17-18 стст. Гэтая праблема досыць складаная, асабліва ў дачыненні да падкрэслена касмапалітычных барока, ракако, асветніцтва, класіцызму. Разам з тым, усе гэтыя вялікія стылі мелі свае адметнасці ў розных краінах Еўропы, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Нашу культуру таго часу можна аднесці да паўночнаеўрапейскага барока. Яно ў пэўнай ступені адрозніваецца ад італьянскага, іспанскага, партугальскага і французскага. Беларускае барока стылістычна блізкае да польскага, але не падобнае на яго стылёвай сінкрэтычнасцю.

Якія ж канкрэтна рысы адрозніваюць нашае барока? Па-першае, у нас склаўся ўласнабеларускі (ліцвінскі) стыль у архітэктуры - віленскае барока, створанае І.Глаўбіцам. Гэты архітэктурны стыль другой паловы 18 ст. досыць блізкі да ракако і на нашых землях займеў шэраг архітэктурна значных артэфактаў: Сафійскі сабор у Полацку, касцёл жаночага бернардынскага манастыра ў Менску, і інш.

Між іншым, такая этнакультурная своеасаблівасць маецца ў нас у рамках адно некалькіх стыляў. Асобныя рысы мясцовай архітэктуры. праглядаюцца ў візантыйскім стылі (раманская планіроўка храмаў, адвольная кампазіцыя фрэсак), у готыцы (храмы ў Ішкальдзі, Маламажэйкаве, інш.), некаторыя адметныя рысы ўтрымліваюць і беларускі рэнесанс з пратэстантызмам. У пазнейшыя часы мы можам казаць хіба што аб беларускім рэалізме 2-й паловы 19 ст., беларускім неарамантызме (і тое, і другое - у літаратуры), беларускім мадэрнізму (архітэктура канструктывізму 30-х гг., феномен Віцебскай мастацкай школы, творчасць Я. Драздовіча). Але гэтыя мастацкія з'явы не ахоплівалі культуру цалкам, а тычыліся асобных, хай сабе і яскравых падзеяў. А ў выпадку з барока мы маем справу сапраўды з усеахопным стылем, які даў шэраг адметных артэфактаў мастацкай культуры.

Акрамя архітэктуры гэта выяўленчае мастацтва, а таксама пластыка. Перыядызацыя гэтых відаў мастацтва адпавядае асноўным этапам іх дынамікі ў еўрапейскай культуры. Ранняе барока: канец 16 - першая палова 17 стст.; сталае барока: сярэдзіна 17 - другая палова 17 ст.; позняе барока: 18 ст. Этнакультурная спецыфіка жывапісу і пластыкі на Беларусі бярэ вытокі ў адметным характары апрацоўкі еўрапейскіх барочных стылістычных формаў, сінкрэтызме стылёвых артэфактаў захаду і ўсходу, арыгінальных мясцовых артэфактах, што не ўпісваюцца ў дакладныя межы канкрэтнага стылю. Усе гэта найбольш выразна праявілася ў жывапісу і ў прыватнасці ў такім яго відзе, як ікона.

Іканапіс - адзін з самых старажытных відаў хрысціянскага мастацтва - меў на Беларусі даўняю гісторыю. Аднак, на жаль, іконаў з самых старажытных часу не захавалася. Асноўная іх маса датуецца 16 ст., калі ў Еўропе ікона ў класічным выглядзе знікла, саступіўшы месца станкавай карціне з лінейнай перспектывай, прасторавай глыбінёй і рэалізмам персанажаў. На нашых землях у 17-18 стст. ікона фактычна ўзяла на сябе функцыі рэпрэзентацыі бытавога жанру, нацюрморта, краявіду, - тых жанраў, якія былі слаба прадстаўлены ў сармацкім партрэце, што надае беларускай іконе самабытную эстэтычную спецыфіку.

З гэтага гледзішча мы і будзем далей аналізаваць беларускую іканапісную школу - адзін з асноўных мастацкіх топасаў, які можа рэпрэзентаваць спецыфіку беларускага мастацкага жыцця ўвогуле. Яе эстэтыка ўяўляе сабой адмысловы сінтэз візантыйскай кананічнай іконы, еўрапейскага станкавага жывапісу і мясцовых жывапісных традыцый, запачаткаваных фрэскамі полацкіх Спаса-Еўфрасінъеўскага храма і Сафійскага сабора з іх імкненнем да парушэння кананічна замацаванага пісьма.

Беларуская ікона - гэта досыць арыгінальная сістэма, якая сумяшчае несумяшчальнае: кананічны погляд на ікону як на адбітак сакральнага свету (дзе ўсе ірэальнае, сімвалічнае, містычнае), і, адначасна, як адбітак свету рэальнага, з жывымі чалавечымі постацямі, аб'ёмам, нават глыбінёй і перспектывай. Досыць складана нам, цяперашнім, уявіць, што адчуваў чалавек у храме, калі маліўся на абраз з рэалістычнымі выявамі. Магчыма, з гэтага адбывалася дадатковая сакралізацыя рэчаіснасці, што, увогуле, уласціва беларускаму менталітэту, які схільны абагаўляць "родны кут", "зазямляць" багоў і культавыя забудовы.

Чым жа канкрэтна адрознівалася беларуская іканапісная школа? Перш-наперш рэалістычнымі выявамі - людзей, прадметаў побыту, краявіду. Тут мы бачым апранутых па тагачаснай модзе і з характэрнымі, індывідуальнымі тварамі месцічаў, пабытовыя сцэнкі, сюжэты, не прадугледжаныя канонам іканапісу. Постаці малююцца аб'ёмна, з светаценявой мадэліроўкай, што парушае асноўны прынцып, адпаведна якому фігуры павінны быць падкрэслена бесцялесыя, выцягнутыя і, апранутыя ў кананічную грэка-візантыйскую вопратку. Асабліва цікава адзначыць наяўнасць рэальна-бытавых прадметаў: накрытыя столікі з кветкамі ў збанках, лыжкі, відэльцы, нажы, ежа, мэбля, драпіроўка інтэр'ера.

Асобна трэба спыніцца на фоне. Згодна з іканапісным канонам ён павінен быць цалкам абстрактным, пажадана залатога колеру. Будынкі на гэтым фоне мусілі выяўляцца зарыентаванымі на класічную ордэрную сістэму, імкнуцца да абстракцыі і як бы вісець у паветры. Зусім іншае мы бачым на нашай іконе. Тут у сюжэт уведзеныя рэальныя архітэктурныя артэфакты, хай іх і не заўсёды можна ідэнтыфікаваць. Да таго ж беларуская ікона нагружаная прасторавай глыбінёй, перададзеную перспектывай і фарбамі кампазіцыю з трох планаў, дзе апошні (другі ці трэці) адзначаецца сфуматычнай тэхнікай. На шэрагу іконаў мы бачым і лінейную перспектыву, недапушчальную ў кананічным іканапісе. А яшчэ назіраецца парушэння іерархіі выяваў святых - іх памеры суадносіцца не з кананічным статусам, а з месцам у прасторы. Цікава, што лінейная перспектыва і прасторавая глыбіня сустракаюцца ў беларускіх іконах яшчэ да пачатку 20 ст. (св. Панцеляймон), што робіць гэтыя жывапісныя прыёмы традыцыйна-спецыфічнымі, топаснымі.

На кананічнай іконе, як адзначалася вышэй, фон павінны быць чыстым. А фон беларускіх іконаў - раслінна-арнаментаваны, упрыгожаны ляпным ці ціснёным пазалочаным арнаментам (гэты прыём мае італьянскае паходжанне). На шэрагу іконаў арнаментаваны нават німб. Цікава, што гэты арнаментаваны фон паступова выцясняецца з поля іконы выявамі другога плана - архітэктурнымі краявідамі, драпіроўкамі, і ў 19 ст. пачынае знікаць увогуле.

Адсутнасць чыстага фону падрывае асновы іконы як мадэлі звышнатуральнага свету. Рэльефны фон - фактычна спроба дэканструкцыі абстрактнай прасторы, імкненне да глыбіні жывапіснай, а не духоўнай, якая з'яўляецца асноўнай у кананічным іканапісе.

Яшчэ адно адрозненне беларускай іконы - наяўнасць рамкі, што выступае за межы іканапіснай плоскасці. Гэтая накладная рамка ўпрыгожвалася ў нас каштоўнымі камянямі. Такая рамка і кананічная ікона - рэчы несумяшчальныя, бо ікона - гэта тое, што дэманструе ўсеагульнасць, татальную неабсяжнасць Боскай прысутнасці ў гэтым свеце. Семантыка рамкі як яна склалася ў еўрапейскім жывапісу, звязаная з вылучэннем карціны менавіта як часткі свету, якую мы разглядаем асобна, у адрыве ад космасу.

Беларускія іконы набліжае да станкавага жывапісу і наяўнасць подпісу, першы з якіх належаў П.Яўсеевічу. Ікона - па азначэнню ананімны твор. Яго аўтар - толькі пасрэднік, медыятар паміж сакральным і прафанным светам. Аўтар іконы - гэта той, хто праз сваё максімальнае адлучэнне ад усяго мірскога (пост і медытацыю) перадае вобразы, што бачылі ў сваіх відзежах святыя людзі. А подпіс - сведчанне індывідуальнай мастацкай адметнасці, рэпрэзентацыя свайго Я, што дыяметральна супярэчыць іканапіснаму этасу. Паказальна, што беларуская падпісная ікона семантычна тоесніцца з творчасцю Ф.Скарыны, які змясціў у самай святарнай кнізе (Бібліі) свой аўтапартрэт, засведчыўшы тым сваё аўтарскае Я ў кантэксце Боскай прысутнасці.

Такім чынам, беларуская ікона, застаючыся іконай у грамадскай свядомасці, утрымлівала шэраг рысаў, што набліжалі яе да еўрапейскага станкавага жывапісу на рэлігійныя тэмы. Стылёва яна знаходзілася паміж традыцыямі візантыйскага кананічнага іканапісу і еўрапейскага рэлігійнага жывапісу. Гэта адпавядае агульнай этнакультурнай сітуацыі на Беларусі, калі значная большасць спецыфічных артэфактаў ўзнікала як вынік сінтэзу ўсходу і захаду.

Што да канкрэтных артэфактаў, дык рысы беларускай іканапіснай школы мы бачым ужо ў 16 ст., калі на іконах "Маці Боская Адзігітрыя" (канец 15 - пач. 16 стст.), "Параскева" з'яўляюцца аб'ёмныя мадэліроўкі, рэалістычныя твары, раслінны арнамент. У 17 ст. ("Богамацер Адзігітрыя", "Хрыстос Усетрымацель" з Жыткавічаў) яны зрабіліся тэндэнцыяй. Шэдэўр гэтага перыяду - ікона "Раство Богамацеры" Пятра Еўсяевіча 1649 г. Далейшага развіцця беларуская іканапісная школа дасягнула ў другой палове 17 ст.: "Параскева з жыццём", "Богамацер Адзігітрыя Баркалабаўская", "Сашэсце ў пекла". У 18 ст. традыцыі мясцовага іканапісу цесна ўзаемадзейнічалі з дасягненнямі культур барока і ракако - "Аўрамій і Меркурый Смаленскія", "Целаванне Іоакіма і Ганны" "Пакланенне вешчуноў"...

Цікавай з'явай беларускага іканапісу гэтага часу з'яўляўся феномен прымітыўнага мастацтва, які з сучаснага пункту гледжання не можа не прыцягваць увагі (ікона М.С.Сазша "Святое сямейства", "Цуд Георгія аб змеі").

Традыцыі беларускай іканапіснай школы не перарываліся да пачатку 20 ст., хаця пасля другой паловы 19 ст. шэдэўраў, падобных на створаныя ў "залаты час" (17-18 стст.), мы ўжо не бачым.

Акрамя іконы спецыфічныя рысы мае і беларускі партрэтны жывапіс абранай намі эпохі. На Беларусі працавалі выхадцы і прадстаўнікі розных краін і школ. Але мы адзначым адно артэфакты, што звязаныя з мясцовай мастацкай аўтэнтыкай. Тут, перш-наперш, увагу прыцягваюць гарадзенскія партрэты - Крыштафа Весялоўскага і Грызельды Сапегі; нясвіжскі партрэт Януша Антонія; галерэі партрэтаў выкладчыкаў Езуіцкага калегіуму (акадэміі) Полацка, мінскі партрэт (верагодна) Ігнаця Завішы. У гэтых працах мы бачым спецыфічныя мясцовыя рысы - шляхецкі сарматызм, рэалістычную непасрэднасць, іканапісны мастацкі канон (плоскаснасць, зваротная перспектыва).

Такім чынам, аналіз шэрагу відаў мастацкай культуры старажытнай Беларусі 17-18 стст. дае падставу сцвярджаць, што ў гэтую пару заўважна праявіліся этнакультурныя працэсы - інтэграцыйныя і этнаспецыфічныя. Першыя звязаны з найбольшай за ўсю культурную гісторыю Беларусі ступенню інтэграцыі яе культуры ў еўрапейскую метакультурную супольнасць. Другія сведчаць аб наяўнасці моцнай сістэмаўтваральнай плыні старабеларускага мастацтва. Этнаспецыфічныя артэфакты перадусім утварыліся на аснове мясцовай перапрацоўкі заходніх і ўсходніх культурных кампанентаў і традыцый.

Літаратура:
  1. Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
  2. Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 2, Мн., 1989.
  3. Іканапіс Беларусі ХV-ХVІІІ стст. Мн., 2000.
  4. Жывапіс Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Мн., 1989.
  5. Пластыка Беларусі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Мн., 1990.
  6. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Мн., 1991.
       
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.