Археалогія Беларусі. Уводзіны

Археалагічнае вывучэнне старажытнасцей Беларусі пачалося ў 2-й палове 18 ст. У 1-й чвэрці 19 ст. Т.Нарбут даследаваў курганы паміж Магілёвам і Рагачовам і ў маёнтку Шаўры Лідскага пав., вызначыў пахавальны абрад - інгумацыя на грунце пад насыпам. З.Я.Даленга-Хадакоўскі склаў 4-томны "Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў", які змяшчае дадзеныя пра некалькі тысяч археалагічных помнікаў, з іх каля 200 зафіксавана на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У 1855 Я.П.Тышкевіч, які вывучаў курганы на Міншчыне, стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археалагічную камісію. Яна збірала і вывучала старажытнасці, арганізоўвала раскопкі, выдавала на іх дазвол. Надрукавана некалькі тамоў "Запісак археалагічнай камісіі" і шэраг краязнаўчых прац. Першым сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак К.П.Тышкевіч. Ён даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў іх тапаграфічныя планы. А.Г.К. Кіркор раскопваў курганы ў Ашмянскім, Барысаўскім, Вілейскім, Навагрудскім, Мінскім паветах, класіфікаваў і датаваў археалагічныя помнікі, паводле пахавальнага абраду вызначаў этнічную прыналежнасць нябожчыкаў. На Полаччыне курганы раскопваў К.А.Гаворскі, на Лепельшчыне - М.Ф.Кусцінскі (ім даследавана каля 100 курганоў).

Асноўнымі прыёмамі вывучэння курганоў у сярэдзіне 19 ст. і пазней былі раскопкі вузкай ямай ("калодзежам") ці траншэяй. У 1886-94 археалагічныя раскопкі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях праводзіў Е.Р.Раманаў. Ён сабраў звесткі пра 1 тыс. помнікаў археалогіі, склаў шэраг археалагічных карт, выявіў стаянкі каменнага веку, выказаў меркаванне, што тэрыторыя Беларусі заселена чалавекам з эпохі палеаліту. Курганы даследавалі М.М.Турбін (у Ашмянскім, Быхаўскім, Мсціслаўскім паветах, каля г. Заслаўе), Р.Г.Ігнацьеў, Г.Х.Татур (у Мінскай губ.) і інш. У.З.Завітневіч раскапаў каля 670 курганоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім і Рэчыцкім паветах, паводле этна вызначальных прадметаў (металічныя зярнёныя пацеркі) абазначыў межы рассялення дрыгавічоў. Ф.В.Пакроўскі праводзіў археал. даследаванні на мяжы Літвы і Беларусі, склаў археалагічныя карты Віленскай і Гродзенскай губерняў. В.А.Шукевіч выявіў больш за 130 помнікаў каменнага веку, раскапаў 16 курганоў і 376 каменных магіл 13-14 ст. на Гродзеншчыне. Археалагічныя раскопкі праводзілі М.П.Авенарыус (курганы ў Браслаўскім і Навагрудскім паветах, на Магілёўшчыне), І.І.Далгоў (курганы на Полаччыне), Ф.Вярэнька (гарадзішчы і курганы на Ушаччыне), З.Глогер (помнікі каменнага веку ў Панямонні і курганы каля Ваўкавыска), І.І.Стаброўскі (курганы ў басейне Нёмана), М.Ф. Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі (курганы на Магілёўшчыне) і інш. А.А.Спіцын зрабіў агляд археалагічных даследаванняў беларускіх губерняў, згрупаваў матэрыялы ў храналагічнай паслядоўнасці з каменнага веку да сярэдневякоўя. Вынікі археалагічных даследаванняў у Беларусі падсумаваў 9-ы археалагічны з'езд 1893 у Вільні.

Манетны скарбМанетны скарб з феадальнай сядзібы Лучына (раскопкі М.В.Клімава)

Нягледзячы на пэўныя поспехі, археалагічныя даследаванні на Беларусі ў 19 - пач. 20 ст. праводзіліся без дзяржаўнай падтрымкі, дзякуючы энтузіязму асобных вучоных. Шырока даследаваліся пераважна могільнікі, атрыманыя матэрыялы ацэньваліся з пункту гледжання рэчазнаўства, а курганы не разглядаліся ў якасці гістарычных помнікаў. Найбольш пашыраным спосабам вывучэння курганоў у пач. 20 ст. лічыліся раскопкі 2 траншэямі (накрыж), што пры даследаваннях буйных насыпаў не дазваляла грунтоўна іх вывучаць. Характэрнай рысай археалогіі таго часу быў яе краязнаўчы характар: адсутнічаў нацыянальны цэнтр, які б каардынаваў даследаванні, распрацоўваў перспектыўную навук. праграму і планаваў экспедыцыйныя работы. 25.3.1919 была ўтворана першая на тэрыторыі Беларусі дзяржаўная археалагічная ўстанова - Археалагічная камісія пры Народным камісарыяце асветы Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел), якая акрамя даследчых задач узяла на сябе функцыі ўліку і аховы археалагічных помнікаў. Аднак з прычыны акупацыі тэрыторыі ЛітБела войскамі Польшчы летам 1919 яна не паспела разгарнуць сваю дзейнасць. Створаная ў 1921 Навукова-тэрміналагічная камісія пры Наркамаце асветы БССР правяла значную работу па выяўленні і ўліку археалагічных помнікаў. У 1922 яе функцыі перададзены Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульт). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археалагічная камісія пад кіраўніцтвам А.М.Ляўданскага, якая пачала сістэматычнае вывучэнне археалагічных помнікаў. У 1927 арганізавана кафедра археалогіі, якая ў 1929 пад назвай археалагічная камісіі ўвайшла ў склад ІГ Бел. АН, у 1932 перайменавана ў секцыю археалогіі. У 1920-30-я г. асноўнай задачай беларускіх даследчыкаў было выяўленне новых помнікаў і папярэдняе вызначэнне іх археалагічнай прыналежнасці. К.М.Палікарповіч выявіў і даследаваў палеалітычныя стаянкі ў Бердыжы, Падлужжы, Юравічах, помнікі мезаліту, неаліту і бронзавага веку на Дняпры, Сажы, Беседзі, Зах. Дзвіне, абгрунтаваў думку, што чалавек на тэрыторыі Беларусі з'явіўся ў палеаліце. А.М.Ляўданскі класіфікаваў гарадзішчы ранняга жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць, акрэсліў рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і патрыярхальнага ладу плямён жалезнага веку, раскопваў курганы ў Мінскай, Полацкай і Аршанскай акругах, даследаваў старажытны Полацк, Заслаўе, Оршу. Ён выказаў меркаванне, што курганныя могільнікі ў раёне Полацка, Віцебска ў 8-9 ст. належалі крывічам і паводле культуры блізкія да курганоў Смаленшчыны. А.М.Ляўданскі стварыў выдатны калектыў археолагаў, які зрабіў значны ўклад у вывучэнне старажытнасцей Беларусі. С.А.Дубінскі даследаваў гарадзішчы жалезнага веку і курганы 11 - 13 ст. на Міншчыне, Магілёўшчыне, Віцебшчыне. Значны ўклад у развіццё археалогіі зрабілі А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў, М.М. Улашчык і інш. Большая частка беларускіх археолагаў была рэпрэсіравана ў 1930-я г. У Заходняй Беларусі, якая ў 1921-39 знаходзілася ў складзе Польшчы, археалагічныя даследаванні ажыццявілі У.Антаневіч, У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, Я.Савіцкі, С.Крукоўскі, Ю.Ядкоўскі, З.Шміт, З.Дурчэўскі, М.Федароўскі, Р.Якімовіч і інш. У Панямонні каля г.п. Краснасельскі былі выяўлены крэменездабыўныя шахты, зроблены першыя спробы вылучэння археалагічных культур, у тым ліку найбольш ранняй - свідэрскай. Польскімі археолагамі праводзіліся выратавальныя археалагічныя работы на Замкавай гары ў Гродне, разведкі ў Ваўкавыску, Давыд-Гарадку, раскопкі курганных могільнікаў (Засвір, Наўры ў Мядзельскім, Падрось ў Ваўкавыскім раёнах). Пасля Вялікай Айчыннай вайны археалагічныя даследаванні ў Беларусі вяліся супрацоўнікамі сектара археалогіі, утворанага ў 1944 у ІГ АН БССР. Кіравалі гэтым падраздзяленнем К.М.Палікарповіч (1943-61), В.Р.Тарасенка (1961-65), В.Д.Будзько (1965-70), ЛД.Побаль (1970-80). З 1980 сектар пераўтвораны ў аддзел, у складзе якога працуюць 2 сектары: першабытнай і сярэдневяковай археалогіі. У 1981 утвораны 3-і сектар - археалогіі зон новабудоўляў. З 1986 гэтыя сектары становяцца аддзеламі, якія ўзначальваюць Л.Д.Побаль, П.Ф. Лысенка, Г.В.Штыхаў.

Жаночы пахавальны інвентар
Жаночы пахавальны інвентар 11ст. з курганнага магільніка Ізбішча Лагойскага р-на (раскопкі В.У.Казея).

Было выяўлена каля 640 помнікаў каменнага і 670 помнікаў бронзавага вякоў на Палессі, у Пасожжы і Панямонні. Працягвалася вывучэнне верхнепалеалітычных стаянак Бердыж, Падлужжа (раскапана 400 м2) і Юравічы (260 м2). Даследаваны 30 мезалітычных помнікаў (6,5 тыс. м2), 78 неалітычных паселішчаў (28 тыс. м ). У Падняпроўі вывучаны 18 могільнікаў бронзавага веку, на паселішчах раскапана 5,6 тыс. м2, сабраны буйныя калекцыі (больш за 150 тыс. каменных прылад, да 1200 вырабаў з рога і косці, 90 рэчаў з бронзы, фр-ты соцень арнаментаваных гаршкоў). Устаноўлена, што на тэрыторыі Беларусі існавала 12-15 культур каменнага веку і 9 - бронзавага. Значны ўклад у вывучэнне помнікаў і культур каменнага і бронзавага вякоў унеслі К.М.Палікарповіч, У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксянзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін, В.Л.Ліпніцкая, М.М.Крывальцэвіч і інш. Праводзіліся метанакіраваныя даследаванні помнікаў жалезнаг веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.Б.Караткевіч, В.І. Шадыра, В.С.Вяргей, А.А.Егарэйчанка, М.І.Лашанкоў і інш.). Вылучаны трывалыя этнічныя ўтварэнні гэтага часу і археалагічныя культуры (мілаградская, паморская, штрыхаванай керамікі, днепрадзвінская, зарубінецкая, вельбарская, кіеўская, пражская, банцараўская, калочынская). Для кожнай культуры характэрны пэўныя рысы, што праяўляліся ў спецыфіцы паселішчаў і жытлаў, формах і арнаменце глінянага посуду і інш.

У 1950-70-я г. археалагічныя помнікі Беларусі вывучалі таксама супрацоўнікі Інстытута археалогіі СССР (цяпер Інстытут археалогіі РАН) і ЛАІА (цяпер Інстытут гісторыі матэрыяльнай культуры РАН). Імі даследаваліся помнікі эпохі неаліту і бронзавага веку (І.І.Арцёменка, Н.М.Гурына), мілаградскай (В.М.Мельнікоўская) і зарубінецкай культур (К.В.Каспарава), першабытныя і сярэдневяковыя помнікі Палесся (Ю.В.Кухарэнка), помнікі жалезнага веку і ранняга сярэдневякоўя зах. і паўн.-зах. Беларусі (Ф.Д.Гурэвіч, М.У.Малеўская, К.В.Паўлава), гісторыя славян (І.П.Русанава, Б.А.Рыбакоў, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, П.М.Траццякоў), гісторыя ўсх.-слав. плямёнаў і гарадоў паўночнай Беларусі (Л.В.Аляксееў, З.М.Сяргеева), помнікі манументальнай архітэктуры (В.А.Булкін, М.М.Варонін, М.К.Каргер, П.А.Рапапорт і інш.). В.В.Сядоў прапанаваўтэорыю субстратнага паходжання беларусаў, паводле якой элементы бел. народнасці склаліся ў выніку славянізацыі балцкага насельніцтва Верхняга Падняпроўя і Падзвіння і змешвання славян, якія прыйшлі сюды, з балтамі (адбывалася з 7-8 да 13 ст.).

Раскопкі У.Дз.Будзько
Раскопкі У.Дз.Будзько на стаянцы-1 Бердыж.

Спецыялісты вывучалі археалагічныя матэрыялы метадамі дэндрахраналогіі (Б.А.Колчын, Н.Б.Чарных), металаграфіі (С.А.Каднікаў, Г.В.Купчанка, М.Ф.Гурын), спектральнага і хімічнага аналізу (Ю.Л.Шчапава, Д.У.Навумаў, Т.С.Скрыпчанка). Выкарыстоўваліся метады сумежных навук: палеабатанікі (А.В.Кір'янаў, Н.А.Кір'янава, З.Л.Дземіловіч, М.І.Лашанкоў, П.М.Траццякоў), палеазаалогіі (В.І.Цалкін, Е.А.Цэпкін, В.В.Шчаглова і інш.), палеапаталогіі (Л.М.Казей), антрапалогіі (Т.І.Аляксеева, В.В.Бунак, І.І.Салівон, І.У.Чаквін).

З 1960-х г. археолагі вывучаюць старажытныя беларускія гарады 9-13 ст., якіх вядома каля 40. Выяўлены прыкметы, якія адрознівалі горад ад сельскага паселішча. Вызначаны дакладная лакалізацыя шэрагу гарадоў, тапаграфія, тыпалогія ўмацаванняў і планіроўкі, храналогія старажытнасцей, атрыманы дадзеныя пра гаспадарчае жыццё і матэрыяльную культуру, памеры гарадоў і абарончых збудаванняў, даследаваны гар. некропалі (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, В.М.Ляўко, Я.Г.Звяруга, Ю.А.Заяц, А.А. Макушнікаў, І.А.Марзалюк, Л.У.Калядзінскі, Т.С.Бубенька, Д.У.Дук). Пры даследаваннях выкарыстоўваецца пераважна метад раскопак вял. плошчамі. На помніках, дзе культ. пласт утрымлівае дрэва, па рэштках драўляных канструкцый вызначаны буд. гарызонты (ярусы), комплексы сінхронных пабудоў. Буйныя раскопкі праведзены ў Віцебску, Мінску, Полацку, Друцку, Заслаўі, Гомелі, Брэсце, Тураве, Навагрудку, Ваўкавыску, Мсціславе, Гродне. Вывучаліся і іншыя старажытныя гарады (усяго каля 25). Дасягненнем 1980-х г. з'явілася вывучэнне Г.В.Штыхавым археалагічнага комплексу на б. р. Менка (пад Мінскам), які папярэднічаў Менску на Свіслачы і па сваіх памерах і значэнні не саступаў вядомаму Гняздоўскаму комплексу на Смаленшчыне. У 1982 на аснове матэрыялаў, атрыманых у выніку даследавання П.Ф.Лысенкам дзяцінца старажытнага Бярэсця, быў створаны унікальны музей драўлянай забудовы 13 ст. "Бярэсце".

Косці мамантаКосці маманта на стаянцы-1 Бердыж (раскопкі У.Дз.Будзько).

З сярэдзіны 1970-х г. навукоўцамі ІГ пачалося даследаванне матэрыяльнай кулыуры гарадоў 14- 18 ст., што адкрыла новы навук. напрамак ў археалогіі Беларусі. Помнікі позняга сярэдневякоўя ў 1970-90-я г. даследаваліся таксама археолагамі НДІ "Белрэстаўрацыя". Значны матэрыял выяўлены ў старажытных гарадах Віцебск, Гродна, Друцк (цяпер вёска), Заслаўе, Капыль, Копысь (цяпер гар. пасёлак), Магілёў, Мінск, Мсціслаў, Орша, Полацк, Слонім, Слуцк (В.М.Ляўко, М.А.Ткачоў, Ю.А.Заяц, І.А.Марзалюк, В.Е.Собаль, С.В. Тарасаў і інш.). Для абгрунтавання датавання і характарыстыкі пластоў 14-18 ст. В.М.Ляўко на прыкладзе Віцебска распрацавала тыпалагічную і храналагічную шкалу развіцця бытавой і архітэктуреа-дэкаратыўнай керамікі, вылучыла інш. катэгорыі рэчаў, што датуюць гэты перыяд. Пры інтэрпрэтацыі выяў на кафлі і інш. сярэдневяковых вырабах даследчыкі выкарыстоўваюць матэрыялы геральдыкі, цесна звязанай з археалогіяй, нумізматыкай, сфрагістыкай. Вывучаюцца мястэчкі і замкі, якія актыўна развіваліся ў 14-18 ст.; праведзены даследававанні ў Ашмянах, Гальшанах, Глуску, Глыбокім, Дзісне, Друі, Дуброўне, Езярышчы, Крэве, Лепелі, Лідзе, Лоску, Любчы, Мазыры, Маладзечне, Міры, Мядзеле, Нясвіжы, Смалянах, Шклове і інш. (В.М.Ляўко. А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, І.М.Чарняўскі, Ю.М.Бохан, Г.М.Сагановіч, І.У.Ганецкая і інш.).

З 1970-80-х г. надаецца ўвага вывучэнню сярэдневяковых курганных могільнікаў і вясковых паселішчаў (Г.В.Штыхаў, Л.У.Дучыц, Т.М.Каробушкіна, У.У.Багамольнікаў, А.М.Плавінскі, Я.Р. Рыер, Ю.АЗаяц, В.У.Шаблюк, А.В.Іоў, М.В.Клімаў і інш.), каменных магіл (А.В.Квяткоўская). Атрыманыя вынікі дазваляюць вызначыць матэрыяльную культуру феадальнай вёскі, асвятліць этнічную гісторыю насельніцтва Беларусі.

З 2006 існуюць 3 аддзелы археалогіі: першабытнага грамадства, археалогіі сярэдневяковага перыяду, захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны (заг. адпаведна В.Л.Лакіза, А.М.Мядзведзеў, В.МЛяўко), якія ўваходзяцьусклад Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства (заг. В.М. Ляўко) ІГ НАН Беларусі. У структуры аддзелаў сектары бронзавага і жал. вякоў (заг. В.І.Шадыра), навук. археал. фондаў (заг. І.М.Язэпенка), навук. рукапісны архіў (больш за 4500 адз. захоўвання) і бібліятэку (звыш 6 тыс. адз.). У памяшканнях часовага і фондавага захоўвання змешчаны сотні тысяч артэфактаў розных эпох з больш чым 1500 археал. помнікаў. Усяго па Беларусі сабраны і ўведзены ў базу дадзеных звесткі пра 3 тыс. археал. аб'ектаў.

Пры археалагічных аддзелах у ІГ з 1993 працуе Палявы к-т, які згодна з інструкцыяй (зацверджана ў маі 2006 Прэзідыумам НАН Беларусі) аб палявых даследаваннях ажыццяўляе выдачу дазволаў на правядзенне археалагічных раскопак, каардынацыю даследаванняў на тэр. Беларусі, экспертызу навук. палявых справаздач, забяспечвае выкананне норм дзеючага заканадаўства ў галіне археалагічнай навукі.

Да 2009 па археалогіі ў IГ было абаронена 67 кандыдацкіх і 11 доктарскіх дысертацый. У аспірантуры па спецыяльнасці "археалогія" падрыхтавана звыш 45 чал. 3 1991 да 2009 у археалагічных падраздзяленнях ІГ працуе 40-45 штатных супрацоўнікаў. Набор у аспірантуру і суіскальнікі складае 3-5 чал. у год. Сярод супрацоўнікаў археалагічных падраздзяленняў 3 лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (Г.В.Штыхаў, 1990; П.Ф.Лысенка і Т.М.Каробушкіна, 2002), 1 узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі" (В.М.Ляўко, 2008), 2 ганаровыя грамадзяніны - г. Заслаўе (Ю.А.Заяц, 1996) і г. Тураў (П.Ф.Лысенка, 2005).

Старажытныя помнікі на Беларусі вывучаюць выкладчыкі БДУ, Гомельскага, Гродзенскага, Магілёўскага. Віцебскага, Брэсцкага дзяржаўных універсітэтаў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка, Полацкага дзяржаўнага універсітэта, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнага музея і шэрагу абласных і раённых краязнаўчых музеяў. У сістэме ВНУ дзейнічаюць 3 кафедры, на якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў па археалогіі. Гэта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычных факультэтаў БДУ (з 1973; заг. - Э.М.Загарульскі ў 1973-97, А.А.Егарэйчанка з 1997), Магілёўскага дзярж. ун-та імя А.А.Куляшова (з 1999; заг. - М.Ф.Капыцін у 1999-2002, І.А.Марзалюк з 2003), Гродзенскага дзярж. ун-та імя Я.Купалы (з 2001; заг. С.А.Піваварчык). Дасягненні бел. археолагаў у вывучэнні мінулага Беларусі абагульнены ў 3 тамах "Прац" (1927-30), калектыўных працах "Нарысы па археалогіі Беларусі" (ч. 1-2, 1970-72), "Беларуская археалогія" (1987), 4-томнай "Археалогіі Беларусі" (1997- 2001). На матэрыялах, сабраных больш чым за 100 гадоў распрацовак у галіне бел. археалогіі, прадстаўлена цэласная карціна развіцця першабытнага і сярэдневяковага грамадства.

Сотні тысяч каменных, гліняных, металічных, касцяных, драўляных і шкляных вырабаў, адзінак зброі, твораў мастацтва, сярод якіх сапраўды унікальныя знаходкі, сталі асновай экспазіцый шэрагу музеяў краіны. У 2007 у ІГ адкрыта археал. навук.-музейная экспазіцыя, якая з'яўляецца навук. і інфармацыйна-адукацыйным цэнтрам рэспублікі.

Выпрацавана храналагічная шкала гістарычных працэсаў і развіцця матэрыяльнай кулыуры на землях Беларусі, якая ўпісана ў агульнаеўрапкйскі кантэкст. Устаноўлена, што першапачатковыя спробы неандэртальскага чалавека пранікнуць на тэрыторыі Беларусі прыпадаюць на ранні (мусцьерскі) перыяд каменнага веку (100-40/35 тыс. г. назад). З'яўленне доўгачасовых паселішчаў паляўнічых на мамантаў датуецца перыядам 26- 24 тыс. г. назад. Яно было звязана з пранікненнем на нашу тэр. людзей сучаснага антрапалагічнага тыпу - краманьёнцаў. Пры гэтым з-за суровых умоў ледавіковай эпохі айкуменізацыя закранала толькі поўдзень Беларусі.

Археалагічныя даследаванні паўднёва-заходняй Беларусі сведчаць аб тым, што жал. век тут пачынаецца на мяжы 1-га тыс. дан.э. - 1-га тыс. н.э. Гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі суадносяцца з познім бронзавым векам. Знаходкі старажытных печаў-домніц (Лабеншчына Мінскага, Канькі Віцебскага, Урагава Верхнядзвінскага, Новы Болецк Гарадоцкага раёнаў і інш.), аналіз структуры крычнага жалеза і стараж. рэчаў паказаў, што з'яўленне жалеза ў старажытных плямёнаў на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах Еўропы, стварыла магчымасці для ажыццяўлення новых тэхналагічных ідэй, прагрэсу ў галіне вытворчасці.

Насельніцтва Беларусі жыло не ізалявана, мела цесныя кантакты і сувязі з іншымі народамі, адчувала і ўспрымала культ. імпульсы, якія зыходзілі з боку Прыбалтыкі, Паволжа. Прычарнамор'я і Скіфіі, а таксама ад гальштацка-латэнскіх, правінцыяльна-рымскіх культур. Матэрыялы археалагічных раскопак з'яўляюцца базай для рэканструкцыі гэтых працэсаў, вызначэння часу і накірунку засялення славянамі тэр. Беларусі. На новы ўзровень даследаванасці выйшлі такія культуры, як кіеўская, вельбарская, пражская і лукарайкавецкая. Эталонныя помнікі кіеўскай культуры (Адаменка, Тайманава, Новы Быхаў, Чырвоная Зорка Быхаўскага р-на) 2-5 ст. дапоўнены новымі помнікамі, якія сведчаць аб прасоўванні носьбітаў гэтай культуры на Пн (Клішына Крупскага р-на Мінскай вобл., Гарадок Віцебскай вобл.). Прадстаўлены ў сістэматызаваным выглядзе старажытнасці вельбарскай і пражскай культур у Заходнім Палессі, што дазволіла больш поўна выявіць кантакты насельніцтва Беларусі з готамі, а таксама вылучыць старажытны пласт пражскай культуры, які сведчыць пра дачыненне тэрыторыі Беларусі да прарадзімы славян. Спрэчнай застаецца этнічная прыналежнасць помнікаў калочынскай культуры, арэал яе распаўсюджання значна ўдакладнены помнікамі, даследаванымі ў Магілёўскім і Аршанскім Падняпроўі (Нікадзімава Горацкага, Вежкі Дубровенскага р-наў). Удакладнены этнічныя межы рассялення асобных усх.-слав. плямёнаў, вызначаны буферныя зоны сумеснага пражывання крывічоў з дрыгавічамі (г. Заслаўе) і з радзімічамі (Магілёўшчына). Высветлены шляхі і час пранікнення крывічоў з Пскоўшчыны ў Полацкае і Віцебскае Падзвінне.

Прасочаны шляхі ўзнікнення гарадоў у Беларусі, іх сувязь з прылеглымі сельскімі акругамі. Падведзены вынікі даследаванняў розных тыпаў умацаваных і неўмацаваных сельскіх паселішчаў, дадзена характарыстыка матэрыяльнай культуры і сацыяльнага аблічча іх насельніцтва. Вылучаны асноўныя прыкметы мястэчак і неўмацаваных феадальных сядзіб. Устаноўлены этапы развіцця замкавага будаўніцтва Беларусі - ад велікакняжацкіх рэзідэнцый і фартэцый да сеньёральных рэзідэнцый і ўмацаваных сядзіб феадалаў на працягу 14- 17 ст., бастыённых замкаў, якія потым саступаюць месца палацава-паркавым ансамблям (18 ст.). Матэрыялы археалагічнага вывучэння перыяду 14-18 ст. сведчаць пра высокую ступень развіцця горадабудаўніцтва, фартыфікацыі, манументальнага дойлідства, удасканаленне традыцыйных славянскіх навыкаў у спалучэнні з найноўшымі еўрапейскімі запазычаннямі ў розных галінах вытворчасці.

В. М.Ляўко, Г. В. Штыхаў